Мінск 20:25

На тэрыторыі аэрапорта ў Вільнюсе ўпаў метэазонд з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі

Фота: tuda-suda.by

29 верасня, Позірк. На тэрыторыю аэрапорта ў Вільнюсе 28 верасня а 23:45 упаў “невялікі некіравальны паветраны шар”, які пераносіў кантрабандныя беларускія цыгарэты, паведамляе партал lrt.lt.

Адзначаецца, што аб выяўленым аб’екце праінфармаваныя службы аэрапорта і паліцыя.

Дэпутат Сейма Літвы Дайнюс Гайжаўскас паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”, што метэазонд пераносіў груз вагой 20 кг.

“Метэаралагічныя шары не навінка. <…> Аказваецца, з Беларусі ў Літву ўжо год лётаюць сотні паветраных шароў, якія пераносяць грузы. Сёння нам вядома, што паветраныя шары выкарыстоўваюцца для кантрабанды. На паветраным шары можна перавезці каля 1.000 пачкаў цыгарэт”, — заявіў парламентарый.

Толькі на гэтым тыдні на тэрыторыю Літвы прыляцела каля 150 зондаў.

“Чатыры з іх прызямліліся ў чацвер у Алітусе, адзін — на чыгуначных шляхах у Варэне”, — удакладніў дэпутат.

Прадстаўнік паліцыі Вільнюса Ларэта Кайрэнэ паведаміла агенцтву BNS, што, паводле папярэдняй інфармацыі, “над аэрапортам пралятаў паветраны шар, які выбухнуў, і на тэрыторыю ўпала чорная скрынка”.

Скрынка, як адзначаецца, “была абцягнутая чорнай плёнкай, скрозь шчыліны якой віднеліся пачкі цыгарэт “Мінск”.

Паведамляецца, што прадмет, які ўпаў, дастаўлены паліцэйскімі для далейшага даследавання.

Інцыдэнт не паўплываў на працу аэрапорта, гаворыцца ў публікацыі.

Гл. таксама:

Літоўскія памежнікі перахапілі беспілотнік з тысячай пачкаў беларускіх цыгарэт

Падзяліцца: