be
Arrow
Мінск 16:19

Прадстаўнік АГП: Палітвязень Мікалай Казлоў пераабраны старшынём партыі на безальтэрнатыўнай аснове на знак салідарнасці

7 лістапада, BPN. Палітвязень Мікалай Казлоў напярэдадні пераабраны старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) аднагалосна, “іншых кандыдатур на гэтую пасаду не было”, паведаміў BPN на ўмовах ананімнасці адзін з прадстаўнікоў АГП.

“Яго пераабралі, таму што мы не лічым яго вінаватым. Гэта салідарнасць і з Казловым, і іншымі палітвязнямі”, — патлумачыў сябра партыі.

На пытанне, як будзе ажыццяўляцца дзейнасці АГП ва ўмовах заключэння яе лідара, ён адказаў: “Выбраны два намеснікі. Нагрузка будзе размеркавана паміж імі, але асноўная частка ляжа на [намесніка старшыні Уладзіміра].Шанцава, які знаходзіцца ў Беларусі”.

“Мы захаваем партыю. Важная задача — бяспека нашых аднапартыйцаў. Будзем працаваць у рамках статутнай дзейнасці і ўмовах рэальнасці”, — падкрэсліў суразмоўца BPN.

Ён таксама паведаміў, што АГП сёння налічвае каля 3.500 сябраў, пры гэтым “ёсць невялікі прыток людзей [у партыю]”.

У АГП, паводле слоў крыніцы, не выключаюць сцэнарыя, што ў рамках барацьбы з усялякай грамадска-палітычнай альтэрнатывай улады “знойдуць нагоду” арганізацыю ліквідаваць: “Але мы гатовы да любых паваротаў. І паколькі з’яўляемся палітычнымі аптымістамі, у нас ёсць свой праект закона аб палітычных партыях, па якім ліквідаваць дзейную АГП з больш чым дваццацігадовым стажам будзе няпроста”.

Палітвязень Мікалай Казлоў пераабраны на пасаду старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі дэлегатамі XXI з’езд АГП, які адбыўся ў Мінску 6 лістапада.

Яго намеснікамі сталі Уладзімір Шанцаў і прэс-сакратар беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.

Казлоў узначальвае партыю з 2018 года. Абраны на трэці двухгадовы тэрмін.

3 лістапада суд Першамайскага раёна Мінска прыгаварыў Казлова да 2,5 года калоніі, кіраўніка мінскай гарадской партыйнай арганізацыі Аксану Аляксееву — да 1,5 года, былога намесніка старшыні партыі Антаніну Кавалёву — да 1 года.

Лідараў партыі судзілі па арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Усяго пад вартай знаходзіцца 13 сябраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Падзяліцца: