Мінск 18:38

Ціханоўская абмеркавала з кіраўніком МЗС Германіі пытанні спрашчэння легалізацыі беларускіх эмігрантаў

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

26 лістапада, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская абмеркавала з міністрам замежных спраў Германіі Аналенай Бербак пытанні спрашчэння легалізацыі ў гэтай краіне беларускіх эмігрантаў.

Сустрэча адбылася 25 лістапада ў Карлсруэ, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, у гэтым горадзе праходзіў кангрэс нямецкай партыі “Саюз 90/Зялёныя”, сябрам якой з’яўляецца Бербак.

Адзначаецца, што на сустрэчы палітыкі абмеркавалі атрыманне беларусамі пашпартоў замежніка, а таксама выдачу дакументаў беларускім дзецям, якія нарадзіліся ў Германіі.

“Міністр паведаміла, што нямецкі ўрад ужо разаслаў інструкцыі па выдачы беларусам усіх неабходных дакументаў, уключаючы пашпарты замежніка, ва ўсе дзяржаўныя інстытуты. Беларускі лідар распавяла аб праекце новага беларускага пашпарта”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Ціханоўскай.

Акрамя гэтага, бакі абмеркавалі неабходнасць прыцягненне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці “праз міжнародны трыбунал за вываз украінскіх дзяцей і злачынствы супраць чалавечнасці”.

Таксама на сустрэчы ўзнімаліся пытанні супрацоўніцтва дэмакратычных сіл у рамках G7 (“Вялікая сямёрка”) і ААН, спосабы падтрымкі беларускіх палітвязняў.

“Ціханоўская распавяла пра жудасную сітуацыю з палітвязнямі, пра Сяргея Ціханоўскага, Марыю Калеснікаву і іншых палітвязняў, пра якіх цягам доўгага часу няма інфармацыі”, — удакладняецца ў прэс-рэлізе.

27–28 лістапада Ціханоўская наведае Латвію, дзе сустрэнецца з прэзідэнтам, прэм’ер-міністрам, міністрам замежных спраў, спікерам парламента, дэпутацкай групай “За дэмакратычную Беларусь”, мэрам Рыгі.

Гл. таксама:

Ціханоўская заклікала нямецкіх “Зялёных” падтрымаць еўрапейскую перспектыву для Беларусі

Падзяліцца: