Мінск 16:25

У сейме і сенаце Польшчы плануецца стварыць асобныя групы “За дэмакратычную Беларусь” — Лябедзька

Пасяджэнне ў сейме Польшчы (фота мае ілюстрацыйны характар)
Крыніца: сейм Польшчы / Marta Marchlewska

4 студзеня, Позірк. У бліжэйшыя дні абедзве палаты заканадаўчага органа Польшчы могуць заявіць пра стварэнне асобных груп “За дэмакратычную Беларусь”, паведамляе “Парламенцкі канал” са спасылкай на дарадцу Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоля Лябедзьку.

Новы склад польскага парламента быў абраны ў кастрычніку 2023 года, першыя сесіі ніжняй і верхняй палаты — сейма і сената адпаведна — прайшлі 13 лістапада.

Разам з тым, паводле слоў Лябедзькі, рэгулярныя сесіі сейма і сената праходзяць у розны час, а для дэмакратычных сіл важна, каб парламентарыі, “заражаныя вірусам беларускасці, <…> абавязкова працавалі па беларускім парадку дня”.

Дарадца Ціханоўскай падкрэсліў, што Польшча з’яўляецца “адным з найважнейшых складнікаў міжнароднай кааліцыі па Беларусі”. “Чым больш польскіх палітыкаў будуць займацца беларускім кейсам, тым больш эфектыўнай будзе наша сумесная праца”, — адзначыў ён.

Агульная група “За дэмакратычную Беларусь” у парламенце Польшчы была створаная ў ліпені 2020 года.

Паводле даных дэмсіл, цяпер такія групы функцыянуюць у 23 нацыянальных парламентах. У сакавіку 2023 года было абвешчана пра стварэнне альянсу гэтых груп. Першая сустрэча прадстаўнікоў альянсу адбылася ў лістападзе.

Падзяліцца: