Мінск 18:38

Ціханоўская: Сёння ніхто ў Беларусі не можа адчуваць сябе ў бяспецы

Фота: unsplash.com / niu niu

23 студзеня, Позірк. “Сумная рэальнасць” такая, што цяпер ніхто ў Беларусі не можа адчуваць сябе ў бяспецы, напісала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў “Твітары”, каментуючы масавыя ператрусы і затрыманні 23 студзеня.

“Бандыты рэжыму нацэліліся на былых палітвязняў і сем’і тых, хто цяпер знаходзіцца пад вартай”, — адзначыла палітык.

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка ў сваю чаргу заявіў, што “падобныя дзеянні з’яўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасці ў форме палітычна матываванага пераследу”.

Паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, у рамках распачатага сілавымі структурамі рэйду 23 студзеня пераслед зазналі не менш за 60 чалавек, дакладная колькасць затрыманых не паведамляецца.

Частка затрыманняў, паводле інфармацыі праваабаронцаў, звязаная з арганізацыяй INeedHelpBY — ініцыятывай па аказанні харчовай дапамогі рэпрэсаваным. 23 студзеня КДБ прызнаў яе “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

“Позірку” вядома мінімум пра сем затрыманняў: у Віцебскай вобласці затрымана не менш за пяць чалавек — тры ў Наваполацку, два ў Полацку, яшчэ два — у іншых рэгіёнах.

Праваабаронцы паведамілі, што затрыманні працягваліся ўвесь дзень.

Падзяліцца: