Мінск 16:33

Крымінальная справа ў дачыненні да відэааператара Глушкова ўзбуджаная за супрацоўніцтва з медыярэсурсам 6tv.by

Фота: "Позірк"

20 лютага, Позірк. У дачыненні да затрыманага ў пачатку студзеня пазаштатнага відэааператара з Магілёва Яўгена Глушкова распачалі крымінальную справу за супрацоўніцтва з медыярэсурсам 6tv.by, паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў са спасылкай на праўладны інфармацыйны рэсурс.

У відэа, знятым сілавікамі, Глушкоў кажа, што з 2017 года супрацоўнічаў са згаданым медыя. Справа ўзбуджаная паводле арт. 3611 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім)

Рашэннем КДБ ад 29 лістапада 2023 года 6tv.by прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Глушкова ўтрымліваюць у магілёўскай турме № 4, 15 лютага праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Яўген Глушкоў у 1990-я і 2000-я працаваў на гарадскім тэлебачанні, пасля гэтага супрацоўнічаў з некалькімі гарадскімі парталамі.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года беларускія ўлады пачалі кампанію па ліквідацыі і крыміналізацыі незалежных СМІ, якая працягваецца дагэтуль.

Магчымасці працаваць у нацыянальнай юрысдыкцыі былі пазбаўленыя дзясяткі рэспубліканскіх і рэгіянальных медыя. Многія з іх цяпер працуюць у эміграцыі.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер у няволі 34 прадстаўнікі СМІ.

Падзяліцца: