Мінск 16:31

Абхазскі вытворца чакае “буйны кантракт” на пастаўку алкаголю ў Беларусь

Вінаграднік у Абхазіі Фота: "Віны і воды Абхазіі"

1 лістапада, Позірк. Кіраўніцтва кампаніі “Віны і воды Абхазіі” спадзяецца на падпісанне “буйнога кантракту” з Беларуссю ў 2024 годзе, паведаміў радыё “Sputnik Абхазія” начальнік службы забеспячэння і збыту прадпрыемства Ібрагім Начкебія.

Паводле яго слоў, нядаўна ў Беларусь адпраўлена першая партыя (9,5 тыс. бутэлек) пеністага віна, для чаго былі вырабленыя “спецыяльныя этыкеткі”, на чарзе — пастаўка партый чырвоных вінаў (15,5 тыс.бутэлек) і каньяку.

Начкебія звярнуў увагу, што Беларусь стала другой (пасля Расіі) краінай, якая выдала адпаведны сертыфікат на прадукцыю завода, яе экспарт у іншыя краіны пакуль немагчымы.

Адзначыўшы, што ў Беларусі “ўжо цяпер адчуваецца зацікаўленасць у абхазскай прадукцыі”, прадстаўнік “Віны і воды Абхазіі” заявіў, што кампанія арыентуецца на пастаўкі ў краіну каля аднаго мільёна бутэлек у год. Пры гэтым Расія, паводле яго слоў, штогод набывае 22 мільёны бутэлек прадукцыі завода.

Абхазія — самаабвешчаная дзяржава на тэрыторыі Грузіі. Яе незалежнасць прызнаюць Расія, Нікарагуа, Венесуэла, Науру і Сірыя. Пасля ўзброенага канфлікту 2008 года, у якім Абхазію актыўна падтрымала Расія, Тбілісі дэ-факта страціў кантроль над гэтай тэрыторыяй.

Юрыдычна Беларусь не прызнала незалежнасць Абхазіі.

28 верасня 2022 года Аляксандр Лукашэнка пасля працяглага знаходжання ў Сочы і перамоваў з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным раптам наведаў Піцунду і сустрэўся з кіраўніком самаабвешчанага ўтварэння Асланам Бжаніяй. Прэзідэнт Грузіі Саломэ Зурабішвілі і МЗС краіны асудзілі гэты крок.

21 лютага гэтага года Лукашэнка прыняў Бжанію ў Мінску. Кіраўнік грузінскай дзяржавы і знешнепалітычнае ведамства зноў раскрытыкавалі беларускія ўлады за падобныя кантакты ў абыход Тбілісі. Праз тыдзень пасля той сустрэчы стала вядома, што Абхазія плануе пастаўляць у Беларусь віны і іншыя тавары, а наўзамен хоча атрымліваць малочную прадукцыю.

Падзяліцца: