Мінск 08:52

На мяжы людзі ходзяць панура. Як выезд з Беларусі ператварыўся ў галаўны боль

Фота: "Белсат"

Вялізныя чэргі на нешматлікіх пагранпераходах, якія засталіся адкрытымі для выезду з Беларусі ў Еўрасаюз, сталі адной з характэрных прыкмет мінулага лета. Да пачатку навучальнага года, заканчэння сезона водпускаў колькасць аўтатранспарту, які чакае афармлення на мяжы, чакана зменшылася, аднак сітуацыя не толькі стварыла адразу некалькі гучных прэцэдэнтаў, але і рызыкуе надоўга стаць для беларусаў новай рэальнасцю.

Гісторыя пытання

Першапачаткова чэргі на граніцы Беларусі з ЕС сталі вынікам закрыцця часткі пунктаў пропуску з-за абвастрэння адносін з Мінскам пасля падзей 2020 года.

Пазней еўрапейскія суседзі Беларусі сталі прымаць рашэнні аб частковым закрыцці мяжы ў сувязі з міграцыйным крызісам, які працягваецца з вясны 2021 года. Улады еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Пасля вынясення ў Беларусі палітычна матываванага прысуду журналісту Анджэю Пачобуту 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца). Улады Польшчы наўпрост заяўлялі, што менавіта з вызваленнем палітвязня можа быць звязанае адкрыццё пераходу.

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пагранпераходы Шумскас (з беларускага боку Лоша) і Твярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай і Шальчынінкай.

19 верасня 2023 года з-за ўзрослай плыні нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Да сур’ёзных цяжкасцей з выездам з Беларусі прывялі і нядаўнія санкцыі ЕС. 29 чэрвеня Савет Еўрасаюза прыняў новыя абмежавальныя меры эканамічнага характару ў дачыненні да Беларусі ў сувязі з удзелам рэжыму Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Сярод іншага была пашыраная забарона на перавозку грузаў аўтатранспартам па тэрыторыі ЕС прычэпамі і паўпрычэпамі з беларускай рэгістрацыяй, у тым ліку пры перавозцы грузавікамі, зарэгістраванымі не ў Беларусі.

З 16 ліпеня асобам на легкавых аўтамабілях з беларускімі нумарамі забаронена ўязджаць у ЕС праз пункты пропуску на мяжы Латвіі з Беларуссю і Расіяй, з 18 ліпеня — праз Літву (праўда, для прыватных асоб, якія не выкарыстоўваюць аўтамабіль у камерцыйных мэтах, да 16 жніўня дзейнічала адтэрміноўка, а калі яна скончылася, Вільнюс паведаміў пра паслабленні). Аналагічную забарону ўвяла Эстонія.

Паляцець з Беларусі ў ЕС немагчыма ўжо тры гады: 23 траўня 2021 года ў выніку дзеянняў беларускіх уладаў у мінскім аэрапорце здзейсніў вымушаную пасадку самалёт ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс. На борце былі на той момант апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч і яго сяброўка, расіянка Сафія Сапега. Яны былі затрыманыя, асуджаныя, але пасля памілаваныя.

Пасля інцыдэнту беларускай нацыянальнай авіякампаніі “Белавія” забаронена лятаць у краіны Еўрасаюза. 2 снежня 2021 года Вялікабрытанія, Канада, ЗША і ЕС адобрылі чарговыя санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх фізічных асоб і арганізацый. Як было адзначана ў сумеснай заяве з гэтай нагоды, санкцыйныя меры прыняты “ў адказ на працягвалыя нападкі на правы чалавека і асноўныя свабоды ў Беларусі, ігнараванне міжнародных нормаў і неаднаразовыя акты рэпрэсій”. Сярод арганізацый, якія трапілі ў “чорны спіс”, значылася і “Белавія”.

Чыгуначных зносін з Еўропай у Беларусі таксама няма.

Бізнэс на чэргах

Асобная праблема для беларусаў — атрыманне шэнгенскіх віз. Часцяком гэта сапраўднае выпрабаванне: чаканне можа цягнуцца месяцамі, а тэрміны, на якія візу можна адкрыць пасля такога чакання, іншы раз прывязаныя да аднаго выезду. Сам доўгачаканы выезд з Беларусі пры гэтым азмрочваецца чэргамі, у якіх можна прастаяць 40 гадзін.

Пытанне перасячэння мяжы паўстала для беларусаў настолькі востра, што створаны ў жніўні дзяржаўным прадпрыемствам “Мінсктранс” тэлеграм-канал, які апавяшчае аб спазненні аўтобусаў, што выязджаюць з Варшавы і Вільнюса ў Мінск, за лічаныя дні набраў больш за 13 тыс. падпісчыкаў. Яшчэ больш падпісчыкаў, у два разы, у чата, дзе беларусы абмяркоўваюць сітуацыю на мяжы.

Цяжкасці з выездам даволі хутка прывялі да таго, што на мяжы актывізаваліся людзі, якія прадаюць у месцы ў чэргах. Кошт месца “бліжэй да шлагбаўма” даходзіла да 400 еўра. У тэлеграм-чатах, дзе абмяркоўваецца сітуацыя на мяжы, а таксама ў розных сацсетках беларусы распавядалі пра тое, што часцяком першыя 10 машын, якія стаялі адразу перад шлагбаўмам, — гэта менавіта прадаўцы месцаў у чарзе. Беларусы, якія стаялі ў чэргах, спрабавалі змагацца з гэтым самастойна, фіксавалі нумары такіх машын і паведамлялі ў ДАІ.

29 жніўня прэс-служба Міністэрства ўнутраных справаў паведаміла, што за продаж месцаў у чарзе на выезд з Беларусі ў Польшчу было затрымана 10 чалавек. Усе выпадкі “супрацьпраўных дзеянняў” зафіксаваныя паблізу пункта пропуску “Брэст” (ведамства выкарыстоўвае назву “Варшаўскі мост”, так называецца пункт мытнага афармлення, які знаходзіцца там).

На відэазапісе сілавікоў мужчыны прызнаюцца, што займаліся “продажам чаргі ў памежным пераходзе “Брэст” і на сваім аўтамабілі мяняліся ў чарзе “з людзьмі за ўзнагароду ў памеры 200-300 рублёў”.

Паводле інфармацыі МУС, супрацоўнікі ГУБАЗіК і ГУБЭЗ, міліцыі грамадскай бяспекі, падатковых органаў “праводзяць сумесныя рэйды па выяўленні правапарушэнняў, у тым ліку фактаў незаконнага продажу месцаў у чэргах на ўезд у сумежную краіну”. У раёне згаданага пункта пропуску таксама нясуць службу супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі.

Зрэшты, на прадпрымальных грамадзян, якія скарысталіся сітуацыяй на мяжы, дзеянні сілавікоў асаблівага ўражання не зрабілі. “Выдаткі вытворчасці”, — сказаў адзін з іх у каментары “Позірку”. Месца ў чарзе, паводле слоў суразмоўцы, прадаецца за 100 еўра, а максімальны штраф за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць складае 1.600 рублёў. Пяць продажаў — штраф “адбіты”.

Фота: Польская памежная служба

Рэнтген-кантроль і праверкі на “экстрэмізм”

Як распавялі “Позірку” людзі, якія апошнімі днямі перасякалі мяжу Беларусі з Літвой, хуткасць прасоўвання чаргі шмат у чым залежыць ад чалавечага фактару. Так, пры адносна невялікай чарзе ў адзін з будніх дзён на мінулым тыдні сям’я беларусаў прастаяла на мяжы больш за 12 гадзін, хаця чарга там была ў разы меншая, чым на польскай мяжы.

Паводле інфармацыі суайчыннікаў, яны перасякалі мяжу на мікрааўтобусе з еўрапейскімі нумарамі, за рулём быў кіроўца з пашпартам адной з еўрапейскіх краін, аднак у салоне былі таксама людзі з беларускімі пашпартамі. Літоўскі бок раптам праявіў прынцыповасць і адправіў аўтамабіль на рэнтген, “нягледзячы на тое, што ў салоне было трое маленькіх дзяцей”.

Сваім досведам перасячэння мяжы падзяліўся з “Позіркам” яшчэ адзін суайчыннік, які ехаў з беларускай сталіцы аўтобусам “Мінсктранса” ў адзін з дзён, калі чэргі на мяжы білі рэкорды. Паводле яго слоў, вадзіцелі, каб максімальна скараціць знаходжанне людзей у чэргах, распрацавалі схему, падобную на тую, што выкарыстоўваюць перакупшчыкі месцаў: аўтобус, які выходзіць з Мінска раней, чакае бліжэй да шлагбаўма паўпустым, у яго перагружаюцца людзі з аўтобуса, які прыбыў пазней, і гэта скарачае час чакання на многія гадзіны.

Абкатана таксама схема з цягніком да Брэста, каб потым падсаджвацца на мяжы ў аўтобусы бліжэй да шлагбаўма, калі ў іх ёсць месцы.

І апытаныя “Позіркам” беларусы, і ўдзельнікі “памежных” чатаў адзначаюць: пры ўездзе ў Беларусь увесь час ажыццяўляецца кантроль з боку спецслужбаў. “На размову” забіраюць грамадзян Украіны і “самі ведаеце, каго” — менавіта так кажуць кіроўцы аўтобусаў, калі прыбываюць на мяжу і рыхтуюць пасажыраў да таго, што адбываецца. Сістэма адпрацаваная і ўжо мала каго дзівіць, аднак апытанні часам займаюць некалькі гадзін, што затрымоўвае транспарт на ўездзе. Пасля “гутарак” у аўтобус вяртаюцца не ўсе.

Праведзены “Позіркам“ аналіз тэматычных чатаў і форумаў сведчыць, што цэнзура і самацэнзура, якімі ахутаная беларуская медыяпрастора з 2020 года, чакана пранікла і туды.

На адным з папулярных форумаў карыстальнік адзначыў, што ніхто з пасажыраў аўтобуса Мінск — Вільнюс, які рухаўся яшчэ 13 жніўня, “ні слова не напісаў аб тым, што літоўцы знайшлі кантрабанду, пасажыраў высадзілі, аўтобус канфіскавалі, а вадзіцеля арыштавалі”. Пра гэты інцыдэнт “Позірк” паведамляў са спасылкай на літоўскі бок, тады як беларускі яго так і не пракамэнтаваў.

Рэкорд колькасці аўтобусаў, якія чакаюць афармлення на выезд, быў зафіксаваны 22 жніўня — 108 на беларуска-польскай мяжы. Цяпер абстаноўка там прыкметна разрадзілася: дзевяць аўтобусаў (роўна ў 12 разоў менш за рэкорд) на 14 гадзін 3 верасня. Чарга легкавых аўтамабіляў у Брэсце таксама зменшылася — з 550 удзень і познім вечарам 1 верасня да 90 зараз.

На літоўскім напрамку (Каменны Лог — Мядзінінкай) днём 3 верасня не было чэргаў з легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў, затое афармлення чакала 580 грузавікоў.

Новыя пікі — на Каляды?

На думку суразмоўцы “Позірку”, які зарабляе продажам чаргі, абстаноўка адносна разрадзілася да калядных свят. “Цяпер бізнес “прылёг”. А акрамя таго, трэба ўлічваць фактар узмацнення жорсткасці правіл вывазу тавараў з ЕС у Беларусь у межах санкцый, гэта таксама садзейнічае скарачэнню чэргаў”, — падкрэсліў ён.

Крызіс, які ўзнік летам на мяжы, стаў для беларусаў другім выпрабаваннем на шляху ў ЕС. Раней галоўнай праблемай было атрыманне віз — уласна, яна застаецца і цяпер. Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, суграмадзяне не гатовыя цалкам адмовіцца ад наведвання заходніх краін і прамяняць іх на вандроўкі па краінах “далёкай дугі”, з якімі актыўна наладжвае адносіны рэжым Лукашэнкі, або Расію, куды з Беларусі з’ехаць і паляцець становіцца ўсё прасцей.

* Загаловак “На мяжы людзі ходзяць панура” — пераклад з рускай “На границе люди ходят хмуро” (аснова першы радок савецкай вайсковай песні “Три танкиста” з першым радком “На границе тучи ходят хмуро”, які стаў крылатым выразам)

Падзяліцца: