Мінск 20:51

“…Ёй казалі: на вас усе забыліся”. Чатыры гады таму была пазбаўленая волі Марыя Калеснікава

Дзве сястры: Марыя Калеснікава (справа) і Таццяна Хоміч
Фота: архіў Таццяны Хоміч

Чатыры гады таму, 7 верасня 2020-га, у цэнтры Мінска была затрыманая Марыя Калеснікава, спікер і кіраўніца выбарчага штаба Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, сябра каманды Святланы Ціханоўскай, да якой далучылася пасля затрымання былога банкіра.

Паводле выканання затрыманне нагадвала выкраданне. Разам яшчэ з двума членамі прэзідыума Каардынацыйнай рады Антонам Раднянковым і Іванам Краўцовым Калеснікава была гвалтоўна дастаўленая на беларуска-ўкраінскую мяжу для выправаджэння з краіны. Аднак, парваўшы свой пашпарт на памежным пераходзе і выскачыўшы з аўтамабіля, Калеснікава перашкодзіла спецаперацыі. Была затрыманая, а 6 верасня 2021-га асуджаная на 11 гадоў пазбаўлення волі.

Паўтара года Калеснікаву трымаюць у інфармацыйнай ізаляцыі (рэжым інкамунікада). Што-небудзь даведацца пра яе можна толькі са слоў былых вязняў гомельскай жаночай калоніі № 4. Апошнія звесткі выклікалі шок у міжнароднай супольнасці: пры росце 175 см Калеснікава важыць усяго 45 кг.

Напярэдадні чацвёртай гадавіны пазбаўлення Калеснікавай волі “Позірк” паразмаўляў з яе сястрой Таццянай Хоміч: пра ўмовы ў калоніі, магчымыя шляхі вызвалення палітвязняў і чаму па іх можна рухацца толькі невялікімі крокамі.

“Маша скардзілася на здароўе, і на гэта ніяк не рэагавалі”

— Мы палічылі, што ў чацвёртую гадавіну затрымання Машы будзе 570 дзён без лістоў ад яе. Фармальна ўдакладнім: нічога не памянялася, вестак ад яе няма па-ранейшаму?

— Не, нічога не атрымліваем. Я чула пра тое, што Машы быццам бы прыносілі нейкія лісты і проста перад ёй ірвалі. Раніцамі прыходзіць супрацоўнік адміністрацыі і пытаецца [у асуджаных], якія маюцца скаргі, і перадае іх далей. Маша скардзілася на здароўе, і на гэта ніяк не рэагавалі. Яна пыталася пра лісты і перадачы, а ёй казалі: на вас усе забыліся.

— У канцы жніўня “Новы час” са спасылкай на свае крыніцы апублікаваў вельмі трывожныя навіны пра стан Марыі і ўмовы, у якіх яе ўтрымліваюць. Ці атрымалася ў вас нешта па слядах гэтай інфармацыі даведацца дадаткова?

— Апошнія месяцы інфармацыя паступае літаральна драбкамі — ад людзей, якія выходзілі з гэтай калоніі. Што Маша важыць 45 кг, што яна фактычна галадае там, таму што яна ізаляваная, знаходзіцца ў ПКТ і што яе перыядычна змяшчаюць у ШІЗА паміж тэрмінамі ў ПКТ (штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу адпаведна. — “Позірк”.). Там таксама розная інфармацыя: нехта кажа, што на тры месяцы, нехта — што на шэсць. Але ў любым выпадку гэта працяглыя тэрміны. Паміж імі, згодна з заканадаўствам, павінны рабіць паўзы, таму ў перапынках Машу змяшчаюць у ШІЗА, а потым зноў пераводзяць у ПКТ. Праз такую ізаляцыю мы і не маем з ёй камунікацыі.

У ПКТ для яе не прадугледжаныя перадачы, але яна быццам бы мае доступ да грашовых пераводаў. Максімальная сума, паводле рознай інфармацыі, — альбо адна, альбо дзве базавыя [велічыні], гэта значыць альбо 40, альбо 80 рублёў у месяц.

Яна не можа есці ежу, якую даюць у калоніі, яна занадта непрыдатная з яе дыягназамі. Ёй трэба неяк выжываць і харчавацца за тыя максімум 80 рублёў, што ёй даступныя, нешта набываць у краме. І на гэтыя ж грошы трэба купляць мінімальныя гігіенічныя сродкі — тампоны, пракладкі…

— Сродкі гігіены там жанчынам не выдаюць?

— Не, не выдаюць, ты альбо гэта атрымліваеш у перадачах, альбо можаш набываць нешта ў мясцовай краме.

Ці вядома, за што Марыю пастаянна змяшчаюць у ПКТ і ШІЗА? Ці гэта проста такі элемент ціску і ўсе падставы фармальныя?

— Дэталяў мы не ведаем. Раней, калі з Машай яшчэ была нейкая сувязь, мы, у прынцыпе, разумелі, што яны знайшлі нейкую зачэпку, каб змясціць у ШІЗА. Маша нібыта некаму грубіла з адміністрацыі, некага перабівала. З яе зрабілі злоснага парушальніка, каб мець падставу змясціць у ПКТ.

Маша худнее не толькі таму, што не можа нармальна харчавацца. Праблема ў саміх умовах знаходжання ў ПКТ. Гэта старая, брудная клетка з унітазам-дзіркай, які знаходзіцца за нізкай — можа, сантыметраў 70 — перагародкай. Пастаянна вельмі моцна смярдзіць каналізацыяй, усімі спаражненнямі, і ў гэтых умовах Маша знаходзіцца 24/7 ўжо паўтара года.

Калі яна знаходзіцца ў ПКТ, там прадугледжаныя прагулкі, і яе выводзяць. Паводле інфармацыі ад тых, хто выйшаў, яе выводзілі з 8:30 да 9:00 — на паўгадзіны. Але гэта не нейкі дворык, напрыклад, а фактычна вельмі маленькі “стакан”, паўтара на паўтара метра. “Стакан” у чатырох сценах, проста звонку. Там нават няма доступу сонцу, у 8:30 тым больш.

“Патрэбная палітычная воля краін”

— Калі з’явілася інфармацыя пра тое, што Лукашэнка памілаваў першую групу палітвязняў, вы мелі нейкую надзею, што Маша можа выйсці, ці вы разумееце, што гэта зусім іншая ліга, так бы мовіць, і ён не выпусціць такіх людзей?

— Я, вядома, мела надзею, і цяпер я таксама маю надзею, што Маша можа быць вызваленая. Я ўвесь час на гэта спадзяюся. І тое ж самае было 1 жніўня, калі з’явілася інфармацыя пра абмен паміж краінамі Захаду і Расіяй. Разлічвала, што, магчыма, Марыя будзе ў спісе, асабліва ўлічваючы, што там удзельнічала і Германія, грамадзянін якой быў асуджаны ў Беларусі на смяротнае пакаранне.

Я лічу, што ў гэтай сітуацыі рашэнне, вядома, прымае беларускі бок. Напэўна, немагчыма не ўлічваць крытычны стан Машы. Але, вядома, тут патрэбная і палітычная воля краін. Калі нехта вядзе перамовы пра вызваленне, неабходна, каб гаварылі і пра Машу.

— Трэба разумець, што пра гэты “вялікі абмен” вы таксама даведаліся па факце, як, увогуле, мы ўсе. Ці вы мелі нейкія кантакты з некім?

— Пра магчымасць абмену стала вядома пасля смерці [у лютым 2024 года расійскага апазіцыянера Аляксея] Навальнага. Але тады ў ім Беларусь наогул не фігуравала, ніякім чынам, бо не было публічна вядома, што ў Беларусі ўжо затрыманы грамадзянін Германіі [асуджаны да смяротнага пакарання, але памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам Рыка] Крыгер. Гэта значыць, калі памёр Навальны, пра абмен казалі шмат, але не было інфармацыі, што Беларусь можа быць задзейнічаная ў перамовах. Я бачыла, многія журналісты чакалі, што нехта з беларускіх палітвязняў можа быць уключаны ў абменны спіс, але выявілася, што не.

— Васкрасенскі, які распавядае пра сваё дачыненне да вызвалення палітвязняў, пра тое, што абтэлефаноўвае іх родных з прапановай пісаць прашэнне аб памілаванні, на сувязь з вашай сям’ёй выходзіў?

— Не, не выходзіў.

— У той час, калі вы яшчэ мелі сувязь з Машай — ці, можа, цяпер вы нешта ведаеце — ад яе патрабавалі, прасілі, ціснулі на яе, каб яна пісала прашэнне на імя Лукашэнкі? Мяркуючы з той інфармацыі, якая пранікае ў публічнае поле, яму абавязкова трэба, каб яму чалабітную напісалі і ён тады падумае, мілаваць ці не. Магчыма, у гэтым ён бачыць прызнанне яго легітымнасці.

— Я не памятаю, каб ад Машы патрабавалі пісаць такое прашэнне. Памятаю, што перыядычна прыходзілі да яе размаўляць з розных структур, у тым ліку, здаецца, з пракуратуры. Але я не ведаю пра факты ціску, пагроз або ўгавораў напісаць прашэнне.

“Рабіць упор на вызваленне з гуманітарных прычын”

— Агулам, як вы лічыце, з улікам гэтага “вялікага абмену”, як цяпер прасоўваць пытанне вызвалення беларускіх палітвязняў далей? Можа быць, вы пасля гэтага абмену звязваліся з нямецкім бокам, ставілі нейкія пытанні?

— Для нас гэта быў своеасаблівы момант праверкі. Гэта значыць стала зразумела, што без нашых дадатковых намаганняў сітуацыя з вызваленнем палітвязняў не зрушыцца з мёртвай кропкі. У любой камунікацыі, у любых перамовах у першую чаргу павінна гучаць пытанне вызвалення палітвязняў як асобны гуманітарны кірунак, гуманітарны трэк. Напрыклад, мы бачым сярод вызваленых расійскіх палітвязняў Уладзіміра Кара-Мурзу, які мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. Мы таксама маем вялікую колькасць людзей, якія доўгі час утрымліваюцца ў турмах у крытычным стане. Мы ведаем, што маюцца прадстаўнікі розных уразлівых груп, не толькі людзі з захворваннямі, але і шматдзетныя бацькі, а таксама сем’і, дзе абодва бацькі ў няволі. І трэба ставіць пытанне, што гэта таксама падстава для вызвалення, бо заключэнне ўплывае не толькі на іх жыццё, але і на далейшае жыццё і лёс іх дзяцей.

Маюцца людзі з інваліднасцю, сталага веку, непаўналетнія. У апошнія гады гэта стала маштабнай праблемай.

Калі гаворка ідзе больш чым пра 200 грамадзян, якім неабходна вызваленне з гуманітарных прычын, менавіта на гэта трэба рабіць упор, не звязваць гэта з палітычным трэкам, з палітычнымі патрабаваннямі да рэжыму. Менавіта так павінна будавацца наша стратэгія ў камунікацыі з заходнімі краінамі.

— Калі прыбраць палітычны складнік, у любым выпадку гандаль — гэта заўсёды абмен нечага на нешта. І што тады Захад можа прапанаваць? Напрыклад, Андрэй Ягораў прапануе часткова прызнаць легітымнасць Лукашэнкі, вярнуць амбасадараў у Мінск у абмен на вызваленне часткі людзей. То бок, гэта ўсё адно так ці інакш перасякаецца з палітыкай. Вы згодныя часткова прызнаць легітымнасць Лукашэнкі ці зняць з яго санкцыі?

— Я думаю, што агулам цяпер сітуацыя такая, што размову пра скасаванне санкцый, напрыклад, весці рана. Пакуль пададзеныя толькі першыя сігналы аб гатоўнасці да дыялогу, да вызвалення людзей.

Мне здаецца, яшчэ рана казаць пра тое, наколькі шырокім можа быць дыялог і маштаб вызвалення. Але я думаю, што гэта пачатак, і цяпер важна, каб працэс не спыняўся. Калі магчыма рабіць нейкія невялікія крокі насустрач, то гэта трэба рабіць.

Якія?

— Я згодная з тым, што вяртанне некага з амбасадараў можа быць таксама нейкім крокам. Калі гэта прывядзе да вызвалення і выратавання жыццяў, я лічу, гэта тое, на што павінны ісці заходнія краіны і мы павінны ў гэтым іх падтрымліваць. Таму што гэта наш абавязак, наша адказнасць у тым ліку. Мне здаецца, што маюцца іншыя невялікія крокі, якія могуць быць важнымі, напрыклад, допуск беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў. Па-ранейшаму стаіць пытанне, напрыклад, аднаўлення чыгуначных зносін, адкрыцця пунктаў пропуску. Маюцца такія рэчы, якія вельмі моцна ўплываюць, мне здаецца, больш нават на беларусаў і будуць пазітыўным сігналам не столькі для Лукашэнкі, колькі для людзей унутры і могуць прывесці да вызвалення ў тым ліку.

“Камунікацыя на дыпламатычным узроўні вялася з 2020 года”

На вашу думку, ён цяпер чакае нейкіх крокаў у адказ ад Захаду, выпусціўшы людзей?

— Думаю, што так.

— Якімі могуць быць цяпер гэтыя крокі? Напрыклад, Польшча даўно і ўвесь час кажа пра тое, што адкрые мяжу, толькі калі выйдзе Пачобут. Але Анджэй сядзіць, і ніякіх зрухаў няма. Што павінна здарыцца, каб Лукашэнка ўбачыў, што яго сігнал ацанілі?

— Лічу, што як мінімум гэта павінна быць ацэнена станоўча, але стрымана, з указаннем на тое, што маюцца яшчэ тысячы палітвязняў, вызваленне якіх неабходнае.

— Ці вы абмяркоўваеце гэта неяк з еўрапейскімі партнёрамі? Якая наогул рэакцыя на памілаванне?

— Агулам магу сказаць, што так, кантакты былі і ў цэлым гэта разглядаецца як невялікія сігналы, невялікія крокі.

Неабходна ўлічваць, скажам так, геапалітычны кантэкст, вайну ва Украіне, а таксама стасункі паміж Расіяй і Беларуссю, якія, як мне здаецца, становяцца больш напружанымі. Гэта дазволіць зразумець, чаму крокі бакоў могуць быць толькі невялікімі.

І трэба разумець, што камунікацыя на дыпламатычным узроўні так ці інакш вядзецца, яна вялася ўвесь гэты час з 2020 года. Але доўгі час сітуацыя з вызваленнямі была ў тупіку — такія выпадкі памілавання, нават невялікімі групамі, здаваліся немагчымымі яшчэ некалькі месяцаў таму. І, як паказаў гэты абмен паміж Захадам і Расіяй, камунікацыя вядзецца нават у сітуацыі вайны. Таму мне здаецца, што з гэтага пункту гледжання камунікацыя з Лукашэнкам у пытанні вызвалення палітвязняў для заходніх краін менш таксічная, чым з Пуціным.

Гл. таксама:

Сястра Калеснікавай: Вестак ад Машы няма 434 дні

Падзяліцца: