Мінск 01:15

“Рызыка экстрадыцыі вельмі высокая, расслабляцца нельга — юрыст пра справу Андрэя Гнёта

Дзмітрый Мікалаевіч
Крыніца: інстаграм-акаўнт Андрэя Гнёта

11 верасня стала вядома, што Апеляцыйны суд Сербіі накіраваў на дапрацоўку справу аб экстрадыцыі беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта.

Ці можна гэта лічыць перамогай і якія далейшыя дзеянні абароны, “Позірк” даведаўся ў юрыста юрыдычнай фірмы WKB Lawyers (Польшча), сузаснавальніцы ініцыятывы Partyzanka (інфадапамога для беларусаў і ўкраінцаў, якія вымушана пакінулі радзіму і знаходзяцца ў Польшчы) Ганны Маціеўскай.

“Нарэшце суд пачуў нашы аргументы”

— Гэтую навіну толькі часткова можна назваць станоўчай. Нарэшце суд пачуў нашы аргументы. Мабыць, гэта самы галоўны пазітыў, бо Андрэй застаецца пад хатнім арыштам.

Варта адзначыць, што Апеляцыйны суд мог самастойна прыняць рашэнне як аб экстрадыцыі, так і аб яе адмене.

— Хто сёння абараняе Андрэя Гнёта?

— Мы працуем вялікай камандай: я і Марыя Колесава-Гудзіліна, а таксама чатыры адвакаты з Сербіі. Усе мы працавалі толькі па сербскім трэку. І ўсё, што нам удалося выбіць, — перагляд рашэння суда першай інстанцыі.

Усё гэта гаворыць аб тым, наколькі ў Сербіі складана прадбачыць зыход справы.

Трэба таксама разумець, што на сербскі бок цісне палітычны лобінг — з Беларусі і Расіі. Таму на сённяшні момант магчымыя ўсе сцэнары, у тым ліку экстрадыцыя.

— Чым будзе далей займацца ваша каманда?

— Вядома, мы будзем сачыць за ходам справы ў судзе першай інстанцыі. Мы працягнем лабіяваць збор сродкаў для Андрэя, прасоўваць у СМІ інфармацыю пра справу, каб яна ўвесь час знаходзілася ў фокусе ўвагі.

Цяпер мы не плануем звяртацца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ. — “Позірк”.), бо гэта не мае сэнсу да новага рашэння суда.

Ганна Маціеўская
Крыніца: WKB Lawyers

“Выйграная бітва, але пакуль не выйграная вайна”

— Якое меркаванне ў вас склалася пра сербскае правасуддзе?

— Калі аналізаваць з пункту гледжання правоў чалавека і выканання рашэнняў ЕСПЧ па экстрадыцыі, то ацэнка будзе вельмі нізкай.

Што тычыцца справы Андрэя, то Сербія магла ўжо даўно яе разгледзець. І, паўтаруся, ужо цяпер магло быць рашэнне не экстрадаваць Андрэя ў Беларусь, адмяніць меру стрымання, і ён ужо мог бы выязджаць з Сербіі згодна са сваімі далейшымі планамі.

Аднак суд гэта не зрабіў. У мяне ёсць сур’ёзныя пытанні, чаму. Сёння выйграная бітва, але пакуль не выйграная вайна.

— На вашу думку, ці быў суд бесстароннім?

— Вельмі складана сказаць, што рухае сербскім судом. Мяне больш хвалюе становішча Андрэя, які плаціць вялікую цану за тое, што сербскае правасуддзе не можа вызначыцца і прыняць рашэнне, каб яго не экстрадаваць, і закрыць гэтае пытанне. Толькі на паслугі адвакатаў і жыллё ён ужо выдаткаваў больш за 50 тыс. еўра. Мы не разумеем, навошта трэба гэтае дадатковае следства.

— Падчас разгляду гэтай справы ці быў момант адчаю, калі здавалася, што выратаваць сітуацыю не атрымаецца?

— Наша каманда рыхтуе Андрэя да ўсіх сцэнарыяў. І вельмі важна, каб ён быў да іх гатовы. Расслабляцца, як гэта робяць некаторыя палітыкі, якія заяўлялі, што Сербія не выдасць Гнёта, таму што хоча ў Еўрасаюз, нельга. Пакуль мы не атрымаем на рукі канчатковае судовае рашэнне аб адмове ў экстрадыцыі, рызыка яе вельмі высокая.

Апошняе слова паводле сербскага заканадаўства ў выпадку, калі Апеляцыйны суд падтрымлівае рашэнне аб экстрадыцыі, належыць міністру юстыцыі. Тут, на мой погляд, на станоўчае рашэнне наўрад ці можна разлічваць.

***

У адмысловай заяве для СМІ рэжысёр адзначыў, што, “з аднаго боку, добра”, што яго цяпер не экстрадуюць, а з другога — яму “не даюць свабоды”.

Паводле слоў Гнёта, цяпер трэба знайсці грошы, каб заплаціць за кватэру, купіць ежу, лекі і “нават ваду”.

27 жніўня ў Апеляцыйным судзе Сербіі прайшло пасяджэнне па справе Гнёта, і цяпер, як паведамлялася, “у суда маецца законны тэрмін у 30 дзён для прыняцця рашэння аб яго экстрадыцыі ў Беларусь”.

Апеляцыйны суд разглядаў скаргу на рашэнне Вышэйшага суда ў Бялградзе, які 31 траўня пастанавіў выдаць Гнёта беларускім уладам. Рэжысёр утрымліваецца пад хатнім арыштам з пачатку лета.

Беларускія ўлады дамагаюцца экстрадыцыі Гнёта з Сербіі, абвінавачваючы яго паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў).

) на рашэнне Вышэйшага суда ў Бялградзе, які 31 траўня пастанавіў выдаць Гнёта беларускім уладам. Рэжысёр утрымліваецца пад хатнім арыштам з пачатку лета.

Беларускія ўлады дамагаюцца экстрадыцыі Гнёта з Сербіі, абвінавачваючы яго паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў).

Увесну актывіста было вырашана выдаць Беларусі, але рашэнне ўдалося паспяхова абскардзіць, справу адправілі на перагляд.

42-гадовы Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст і сузаснавальнік аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі пасля прылёту ў Бялград і перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на падставе запыту Беларускага бюро Інтэрпола. Ведамства прасіла экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

Мінск сцвярджае, што справа носіць эканамічны характар, абарона Гнёта настойвае, што яго пераследуюць з палітычных матываў.

За Гнёта заступіліся дэмакратычныя сілы, прадстаўнікі дыяспар, беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, дзеячы культуры, Еўрасаюз, сітуацыя абмяркоўвалася з уладамі ЗША.

Гл. таксама па тэме:

Еўракамісія “давяла” кіраўніцтву Сербіі пазіцыю і чаканні па справе Гнёта

Падзяліцца: