Мінск 11:19

Новая старая прапаганда. Улады адкрылі свой відэапартал, каб “не застацца без інструментаў інфармацыйнага ўздзеяння”

Скрыншот сайта videobel.by

У Беларусі 12 верасня пачаў працу праўладны мультымедыйны партал, які “не будзе абавязаны падпарадкоўвацца жаданням замежных палітыкаў і бізнэсоўцаў”. Аднак выглядае videobel.by як звычайны агрэгатар прапагандысцкіх каналаў, адметнасцю якога можна назваць толькі поўную адсутнасць ўзаемадзеяння з патэнцыйнай аўдыторыяй.

Як паведамляюць дзяржСМІ, адна з мэтаў праекта — “забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі і суверэнітэту” Беларусі на фоне “шматлікіх нападаў” і “ціску на інфармацыйную прастору”.

Стварыць праект ім было важна таму, што “апаненты робяць усё, каб перакрыць каналы паступлення праўдзівай інфармацыі пра Беларусь”, іх “выразаюць” з “Фэйсбука”, “ЦікТока”, у любы момант “могуць перакрыць” ютуб-каналы. “Мы не кантралюем гэтую прастору”, — заявіла кіраўнік дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА Ірына Акуловіч, тлумачачы неабходнасць стварэння праекта.

Міністр інфармацыі, які раней кіраваў тэлеканалам АНТ, Марат Маркаў на прэзентацыі партала заявіў, што Беларусь “увесь час адчувае ціск” праз закрыццё інфармацыйных рэсурсаў, якія “кажуць нязручную праўду”.

“Гэта практыка, з якой сутыкнуліся нашы саюзнікі, расіяне. І тое ж самае адбываецца ў дачыненні да нашых каналаў, платформаў, рэсурсаў, з якімі мы працуем”, — заявіў Маркаў. Партал ён назваў інструментам, “які не будзе знаходзіцца ў руках у нашых апанентаў”.

Пры гэтым міністр падкрэсліў, што ў краіне не плануюць забараняць “Ютуб”.

“Мы будзем выкарыстоўваць усе інструменты, якія на сённяшні дзень працуюць нам на карысць, пакуль яны працуюць нам на карысць. Як толькі мы адчуем пагрозу з боку любога пастаўшчыка паслугі, мы будзем адэкватна дзейнічаць. Адэкватна, суразмерна, дыпламатычна дакладна. Але сёння не стаіць задача нешта закрываць самім”, — падкрэсліў Маркаў.

Паводле яго слоў, videobel.by стварылі не для таго, каб нешта ім замяніць, “а для таго, каб, калі нас “абрэжуць”, не застацца без інструментаў інфармацыйнага ўздзеяння, вось гэта галоўная мэта”. Таксама ўлады ставяць сабе задачу “данесці вонкі” сваю “праўдзівую інфармацыю”.

Старт праекту быў дадзены на фоне навін з Расіі, дзе пасля выдалення ў траўні–чэрвені з “Ютуба” рэкорднай колькасці акаўнтаў, якія распаўсюджвалі крамлёўскую прапаганду (каля 3,6 тыс.), пачалі запавольваць працу сэрвісу.

Некаторыя расійскія СМІ летам пісалі пра магчымае поўнае блакаванне відэахостынгу на тэрыторыі РФ, чаго так і не адбылося. Цяпер у РФ ён працуе нестабільна, многія блогеры і каналы пачалі пераносіць кантэнт на расійскія аналагі.

Агрэгатар прапаганды, які карыстальнікі могуць толькі глядзець

Аналіз новага сайта, які правёў “Позірк”, паказаў: запушчаны мультымедыйны партал створаны не для карыстальнікаў, а, хутчэй, для тых, хто яго запусціў.

У вочы кідаецца немагчымасць каментаваць кантэнт, ставіць “лайкі”, адсутнічае нават лічыльнік колькасці праглядаў відэаролікаў. Не прадугледжвае мультымедыйны партал і стварэння на ім профілю карыстальніка.

На сайце прадстаўлены кантэнт ад праўладных крыніц: АНТ, “Беларусь-1”, БелТА, СТБ, РТР-Беларусь, “СБ. Беларусь сегодня” і “Мір” (міждзяржаўная тэлерадыёкампанія для вяшчання на СНД).

Тут можна знайсці некалькі рубрык, сярод іншых ёсць і “шортсы”, па аналогіі з “ютубам”, якія пакуль працуюць нестабільна.

На галоўнай старонцы — сюжэты пра Аляксандра Лукашэнку, Украіну і іншыя тэмы, што часта выкарыстоўваюцца дзяржпрапагандай, напрыклад сюжэт пад назвай “Як збеглыя рыхтуюцца да выбараў-2025”, на застаўцы якога чамусьці Дональд Трамп і Камала Харыс.

Фактычна партал проста паўтарае кантэнт прапагандысцкіх СМІ.

Эксперт: Новы праект наўрад ці паўплывае на перадвыбарчую кампанію

Як заявіў “Позірку” старэйшы аналітык праекта Media IQ медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, стварэнне videobel.by дае магчымасць дзяржСМІ не звяртаць увагі на правілы размяшчэння і распаўсюджвання кантэнту, якія ёсць на “Ютубе”. Там ім даводзілася “выразаць мову варожасці”, якая прысутнічала ў відэароліках, маглі ўзнікнуць праблемы праз скаргі на кантэнт, адзначыў экспэрт.

Адсутнасць лічыльнікаў колькасці праглядаў, мяркуе Быкоўскі, дае магчымасць даваць справаздачу перад начальствам, называючы любыя лічбы і ахопы.

“Немагчымасць каментаваць — гэта вяртанне ў перыяд да 2000-х, калі быў Web 1 (першая версія інтэрнэта, набор статычных HTML-старонак, прызначаных толькі для чытання. — “Позірк”.) і медыя былі рупарам, а аўдыторыя — выключна атрымальнікам інфармацыі. Цяпер ужо даўно ёсць інтэрактыўнасць, зваротная сувязь, ёсць магчымасць, каб аўдыторыя сама стварала кантэнт і ўплывала на той кантэнт, які ствараюць медыя”, — адзначыў аналітык.

Паводле яго слоў, у дзяржпрапаганды ўсё яшчэ застаюцца ўяўленні аб СМІ як “рупары інфармацыі, а не партнёра па стварэнні кантэнту”.

Акрамя партала 17 верасня з’явіцца “Першы інфармацыйны” канал, які будзе ўключаны ў абавязковы агульнадаступны пакет тэлепраграм.

На думку Быкоўскага, “стаць інструментам падчас перадвыбарнай кампаніі 2025 года ў падобнага праекта вельмі мала шанцаў, таму што ён, зыходзячы з умоў, у якіх ствараецца, наўрад ці будзе папулярным і масавым”.

“Аўдыторыі трэба не тое, што яны знаходзяць у гэтых відэа — выключна прапагандысцкія матэрыялы і навіны. Аўдыторыі патрэбны больш шырокі спектр, гэта тое, за чым яны прыходзяць на відэахостынгі”, — адзначыў эксперт, зноў звярнуўшы ўвагу на існуючую сёння паўсюдна магчымасць рабіць кантэнт самімі карыстальнікамі, тады як праекты накшталт videobel.by — гэта тое, што “робіць толькі сама дзяржава”.

Гаворачы аб патэнцыйных праглядах і ахопах, Быкоўскі, спасылаючыся на звесткі, якія апублікавала ініцыятыва ананімных хакераў “Кіберпартызаны”, адзначыў: запускаючы праект, прапагандысты разлічваюць на ахопы ў некалькі тысяч (у першы год — максімум 3 тыс. наведвальнікаў адначасова, не больш за 20 тыс. адначасовых наведванняў у другі год, не больш за 50 тыс. падчас грамадска значных падзей, вынікае са звестак хакераў. — “Позірк”.), што адпавядае не вельмі папулярным відэапраектам на “Ютубе”, дзе, наадварот, раскручаныя праекты могуць збіраць сотні тысяч і мільёны праглядаў.

“З улікам таго, што ў Беларусі па спісах каля сямі мільёнаў выбаршчыкаў, праект, які не ахоплівае іх значнай часткі, наўрад ці паўплывае на перадвыбарчую кампанію”, — рэзюмаваў медыяэксперт.

Даведка “Позірку”:

Пра намер стварыць у Беларусі відэахостынг, на якім будуць размяшчацца матэрыялы дзяржСМІ, паведаміла ў ліпені дырэктар дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА Ірына Акуловіч. Адкрыццё “Першага інфармацыйнага” канала на базе Белтэлерадыёкампаніі анансавала прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант.

Тым часам у Беларусі не спыняецца пераслед незалежных журналістаў і блогераў. Па стане на 12 верасня ў турмах утрымліваецца 34 супрацоўнікі СМІ. Пераважная большасць незалежных СМІ пазбаўленая магчымасці працаваць у краіне, іх дзейнасць, а таксама любое супрацоўніцтва з імі дэ-факта крыміналізаваныя пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам. Многія рэдакцыі за мяжой акрамя маральнага ціску з-за неадэкватных умоў працы маюць матэрыяльныя цяжкасці.

Падзяліцца: