Мінск 11:23

Праз год пасля зачысткі палітычнага поля дэмпартыі адбудоўваюцца за мяжой

Дзмітрый Мікалаевіч
Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

Крыху больш за год таму, 29 верасня 2023-га, Вярхоўны суд ліквідаваў апошнюю апазіцыйную партыю — Беларускую партыю левых “Справядлівы свет”. На палітычным полі засталіся толькі лаяльныя Аляксандру Лукашэнку чатыры партыйныя структуры: “Белая Русь”, Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі, Камуністычная партыя Беларусі і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Іх роля — з той ці іншай ступенню захаплення падтрымліваць палітыку, што праводзіцца ўладамі, і ствараць бачнасць наяўнасці шматпартыйнай сістэмы.

У канцы 2022 года Лукашэнка заявіў, што “на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і знешняй палітыкі”. У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які зрабіў больш жорсткімі патрабаванні да палітычных сілаў і абавязаў усе існуючыя партыі прайсці працэдуру перарэгістрацыі. У канцы таго ж месяца Сяргей Хаменка — міністр юстыцыі, перакладзены на гэтую пасаду з пасады намесніка міністра ўнутраных спраў, спрагназаваў, што колькасць партый пасля перарэгістрацыі паменшыцца да “трох-чатырох”. Дэ-факта гэта і быў сцэнар стэрылізацыі палітычнага поля.

Некаторыя апазіцыйныя партыйныя структуры працягваюць дзейнасць за мяжой. Пра цяперашнюю дзейнасць і планы з іх прадстаўнікамі пагаварыў “Позірк”.

АГП: Прасоўванне агульнай стратэгіі дэмсілаў на выбарах-2025

“Пасля незаконнай ліквідацыі партыі летась мы заявілі, што АГП не згортвае сваю працу”, — паведаміў “Позірку” выконваючы абавязкі яе старшыні Уладзімір Шанцаў.

Паводле яго слоў, у партыю ідуць людзі, якія праяўлялі актыўнасць у 2020 годзе: “У нас цяпер створаныя структуры ў рэгіёнах Польшчы, Украіны, Бельгіі… Улада выціснула партыю з Беларусі і раскідала нашых людзей па розных краінах. Цяпер іх даводзіцца збіраць”.

Важнай часткай дзейнасці палітык назваў працу з дыяспарамі. “Запланаваны сустрэчы, рыхтуемся да іх правядзення. Гэта важна і для мяне як намесніка старшыні сацыяльнай камісіі Каардынацыйнай рады (Шанцаў абраны ў КР трэцяга склікання па спісе “Еўрапейскі выбар”. — “Позірк”.). Будзем разам думаць, як вырашаць праблемы, што ўзнікаюць у людзей, якія вымушана пакінулі Беларусь. Многія засталіся ні з чым, жыццё даводзіцца пачынаць з нуля”, — адзначыў суразмоўца.

Шанцаў падкрэсліў, што АГП падчас маючых адбыцца ў 2025 годзе прэзідэнцкіх выбараў “будзе прытрымлівацца агульнай стратэгіі дэмакратычных сіл, у прыватнасці тых прынцыпаў, якія былі выпрацаваныя на канферэнцыі “Новая Беларусь” сёлета ў жніўні”.

“Праз татальныя рэпрэсіі ў выбарчых бюлетэнях не будзе дэмакратычных кандыдатаў, таму і дэмакратычных выбараў у краіне не будзе, — перакананы палітык. — Гэтыя выбары незаконныя, і Аляксандр Лукашэнка не мае права іх праводзіць, а нашыя патрабаванні з 2020 года не змяніліся: неабходна вызваліць палітвязняў, пакараць тых, хто вінаваты ў масавых рэпрэсіях, і правесці свабодныя выбары”.

Рух “За Свабоду”: Праца ўнутры краіны і за мяжой

“Нягледзячы на фармальнае пазбаўленне рэгістрацыі, Рух “За Свабоду” захоўвае сваю структуру і органы прыняцця рашэнняў. Адбываюцца рэгулярныя пасяджэнні рады, на якім прысутнічаюць сябры арганізацыі, якія пакінулі Беларусь”, — паведаміў “Позірку” яе лідар Юрась Губарэвіч.

Галоўнай сёлетняй падзеяй для арганізацыі ён назваў удзел у выбарах у Каардынацыйную раду трэцяга складу ў блоку з камандай Паўла Латушкі: “Мы атрымалі добры вынік: выбарчы спіс з велізарным адрывам атрымаў першае месца паводле вынікаў галасавання, восем сябраў руху сталі сябрамі КР”.

“За Свабоду”, паводле слоў Губарэвіча, працягвае працу з супольнасцямі беларусаў як унутры краіны, так і за яе межамі. Акрамя таго, прадстаўнікі структуры “займаюцца адміністраваннем кампаніі “Кадравы рэзерв”, вядуць працу ў сацсетках і мас-медыя, развіваюць міжнароднае супрацоўніцтва”.

Важным Губарэвіч назваў “удзел у выпрацоўцы сумеснай стратэгіі дэмакратычных сіл адносна “выбараў-2025”.

БСДП (Грамада): Галасаванне супраць усіх кандыдатаў

Сёння інтарэсы Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) выказваюць прадстаўнікі, якія выехалі за мяжу, паведаміў “Позірку” адзін з яе актывістаў, які пажадаў адказаць на пытанні ананімна.

Асноўнымі напрамкамі працы суразмоўца назваў “міжнародныя камунікацыі, партыйную адукацыю, распрацоўку праектаў рэформаў, вядзенне інфармацыйных кампаній”.

Паводле яго слоў, партыя плануе аднавіць дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, як толькі для гэтага з’явіцца спрыяльнае асяроддзе.

“У выбарах [2025 года] удзельнічаць не будзем, бо ўлада ў канцы 2023 года пазбавіла нас умоўнай суб’ектнасці ў выглядзе рэгістрацыі, якая давала магчымасць удзельнічаць у выбарчых кампаніях”, — адзначыў прадстаўнік БСДП (Грамада).

Партыя заклікае выбаршчыкаў “галасаваць у асноўны дзень супраць усіх кандыдатаў”, міжнародную супольнасць, у тым ліку замежных дэпутатаў і амбасадараў, — “устрымацца ад назірання за выбарамі ў Беларусі”, улады — “спыніць палітычны пераслед і вызваліць усіх палітвязняў, аднавіць дзейнасць закона і Канстытуцыі, палітычных партый, правесці пазачарговыя выбары на ўсіх узроўнях”.

Хронікі ліквідацыі

На працягу 2023 года ўлады ліквідавалі 12 партый, не толькі апазіцыйных: Кансерватыўна-хрысціянскую партыю — БНФ, Беларускую патрыятычную партыю, Беларускую партыю “Зялёныя”, партыю “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”, Рэспубліканскую партыю, Сацыял-дэмакратычную партыю народнай згоды, Партыю БНФ, Аб’яднаную грамадзянскую партыю, Беларускую сацыяльна-спартыўную партыю, Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада), Беларускую партыю левых “Справядлівы свет”. Яшчэ адна — Беларуская аграрная партыя — самаліквідавалася.

Сёння за кратамі знаходзяцца лідары трох партый: з 2020 года — асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі Мікалай Статкевіч (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада); не мела рэгістрацыі) і Павел Севярынец, які адбывае сямігадовы тэрмін (сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, якая, нягледзячы на шматлікія спробы, не была зарэгістраваная на падставе прамога ўказання Лукашэнкі, у чым той прызнаўся ў 2011 годзе ў інтэрв’ю Washington Post), з лютага 2024 года — Дзмітрый Кучук (Беларуская партыя “Зялёныя”; быў затрыманы па дарозе да амбасады РФ у Мінску, каля якога хацеў ускласці кветкі і запаліць лампадкі ў памяць пра памерлага ў калоніі расійскага палітыка Аляксея Навальнага). Кучук беспаспяхова спрабаваў зарэгістраваць ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

У жніўні пасля цяжкай, працяглай хваробы ва ўзросце 72 гадоў памёр лідар партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін, які з паплечнікамі ствараў новую марксісцкую партыю.

Падзяліцца: