Ёй заўсёды будзе 45. Далікатная жанчына — з нязломнай воляй і добрым сэрцам. 20 гадоў таму, 20 кастрычніка 2004-га, у сваёй мінскай кватэры была забітая вядомая беларуская журналістка Вераніка Чаркасава. Жорсткае злачынства — на целе загінулай налічылі 43 нажавыя раненні — так і не было раскрыта.
Карэспандэнт “Позірку” паспеў папрацаваць з Веранікай Чаркасавай у “Беларускай газеце” (пазней “БелГазета”) і “Салідарнасці”, куды тая прыкладна за год да гібелі перайшла пасля спрэчкі з галоўным рэдактарам “БГ”. 20 кастрычніка 2004-га — здаецца, тады накрапваў дождж — здаваўся чарговы нумар штотыднёвіка, але журналістка, ад якой чакалі артыкул, нечакана на цэлы дзень “знікла з радараў”. Усе ў рэдакцыі на мінскай вуліцы Кульман былі на іголках, бо Чаркасава не падводзіла ніколі. Тым больш напярэдадні яна вярнулася з камандзіроўкі ў Мядзельскі раён. Увечары ў яе кватэру на Някрасава (зусім блізка ад Кульман па сталічных мерках) прыехалі занепакоеныя айчым Уладзімір Мялешка і сын (15-гадовы Антон Філімонаў жыў у бабулі, Дыяны Чаркасавай, у мінулым таксама журналісткі, як, уласна, і муж). Вераніка Чаркасава да таго моманту ўжо прыкладна палову суток была нежывой.
Галоўны падазраваны — сын
“Почырк забойства сведчыць, што злачынства здзейсніў чалавек з глыбокім крымінальным мінулым”, — заявілі тады ў следчых органах. Аляксандр Лукашэнка публічна адвёў на раскрыццё забойства пяць дзён. А праз месяц сын і айчым са сведак былі пераведзеныя ў падазраваныя — бытавая версія забойства адпрацоўвалася найбольш актыўна.
Зачапіліся за тое, што дзверы кватэры Чаркасавай не былі пашкоджаныя, яна была ў хатнім халаце, а сігнал тэлефона Антона быў зафіксаваны ў радыусе дзеяння базавай станцыі, бліжэйшай да дома, дзе жыла журналістка. Акрамя таго, ён адсутнічаў на ўроку фізкультуры і нібыта тэлефанаваў маці за некалькі хвілін да меркаванага часу злачынства.
Допыты, следчыя эксперыменты — за падлетка ўзяліся шчыльна. Настолькі шчыльна, што нават у асобных калегаў Чаркасавай мільганула думка: “Можа, не ўсё так і проста з Антонам?” Дзіця было пастаўлена на ўлік у гарадскім дзіцяча-падлеткавым псіханеўралагічным дыспансеры, лячылася ў стацыянары Рэспубліканскай клінічнай псіхіятрычнай бальніцы.
Падазрэнні з сына і айчыма журналісткі былі знятыя 18 красавіка 2005 года “за адсутнасцю ў іх дзеяннях складу злачынства”. У пастанове сталічнай пракуратуры гаварылася, што “не здабыта дастатковых доказаў” датычнасці абодвух да здзяйснення злачынства, а “ўсе магчымасці для збору дадатковых доказаў вычарпаныя”.
27 снежня 2005 года Антон быў затрыманы па падазрэнні ў вырабе фальшывых беларускіх рублёў групай падлеткаў, 13 сакавіка 2006-га — вызвалены пад заклад. Праз месяц суд прызначыў яму 2,5 года пазбаўлення волі з адтэрміноўкай, пры гэтым пракурор прасіў 4 гады.
У кастрычніку 2008-га ў кватэры бацькоў забітай журналісткі быў праведзены ператрус, цікавіліся Антонам, які да таго часу пакінуў краіну. “Ён вымушаны быў з’ехаць, бо было відавочна, што следства ўвесь час вяртаецца да яго як да галоўнага кандыдата ў падазраваныя. Чатыры гады яны не шукалі сапраўдных злачынцаў, а рыхтавалі глебу для таго, каб звязаць з Антонам забойства Веранікі”, — заявіла тады Дыяна Чаркасава.
Сын Чаркасавай з’ехаў з краіны, але і праз 10 гадоў ім цікавілася міліцыя, наносячы візіты альбо рана раніцай, альбо позна ўвечары. 12 сакавіка 2015 года да Дыяны Чаркасавай і Уладзіміра Мялешкі заявіліся а палове сёмай раніцы, 15 сакавіка 2017-га — каля сямі. “Чым больш думаю, тым выразней разумею, што мы ім перашкаджаем. Проста перашкаджаем сваім існаваннем, як замінала ім наша дачка, якая была сумленным журналістам, мела свой уласны погляд на ўсё, што адбывалася ў краіне. Усе сённяшнія дзеянні нашых прадстаўнікоў доблесных праваахоўных органаў супраць двух адзінокіх хворых састарэлых людзей нявартыя і бессэнсоўныя сваёй жорсткасцю”, — сказала маці забітай.
Зброя? Віно? КДБ?
Чаркасава нячаста пісала пра палітыку — яе больш цікавілі гісторыі “простага чалавека”, майстра ў сваёй справе: “Адзіны ў свеце драўляны гадзіннік зрабіў беларус”, “Ён грае на пахаваннях і вяселлях”, “Абат сабраў усіх камуністаў і пакідаў у рэчку на абед кракадзілам”. Менавіта ў Чаркасавай па-новаму раскрыліся мастакі Артур Клінаў і Алесь Пушкін (“Ай да сукін сын!”).
Яна валодала рэдкім уменнем падаць гісторыю так, быццам чытач знаёмы з героем матэрыялу тысячу гадоў. Аднак вострых тэм не пазбягала, капалася ў іх глыбока і сістэмна. Прафесійную дзейнасць калегі разглядалі сярод галоўных матываў забойства. У 2002 годзе журналістка ў складзе групы калегаў пабывала ў Іраку, якім тады яшчэ кіраваў Садам Хусэйн. Паездку аплаціў “Інфабанк”, які спецыялізаваўся на гандлёвых аперацыях з арабскім светам. У жніўні 2004-га, праз год пасля звяржэння Хусэйна і за два месяцы да забойства Чаркасавай, ЗША абвінавацілі “Інфабанк” у адмыванні грошай для багдадскага рэжыму. Журналістка магла расследаваць фінансаванне паставак зброі праз “Інфабанк”, для чаго быццам бы ўстанавіла кантакт з адным з супрацоўнікаў.
Акрамя таго, Чаркасава міжволі магла стаць адной з ахвяр барацьбы кланаў за кантроль гомельскага вінаробнага завода ТАА BST Ltd. Гэтую версію высоўваў журналіст-расследавальнік Сяргей Сацук (у кастрычніку 2022 года прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў атрыманні хабару, распальванні варожасці і перавышэнні службовых паўнамоцтваў; прызнаны палітвязнем).
Вясной 2004 года Чаркасава апублікавала ў “Салідарнасці” серыю артыкулаў “КДБ усё яшчэ сочыць за табой”. А ў 2002-м у “Беларускай газеце” яна з медыцынскай скрупулёзнасцю вывучыла знешні выгляд і манеры Лукашэнкі, назваўшы сваё даследаванне “Чалавек у чорным”. Яно чытаецца свежа і праз два дзясяткі гадоў. Напрыклад: “Аляксандр Рыгоравіч умудрыўся апынуцца заканадаўцам і ў армейскай модзе. Чаго вартая адна яго фуражка, пашытая з камуфляжнай тканіны! А пагоны з вялікім гербам і раскошная парадная форма навяваюць ўспаміны аб багатых аксельбантах Кадафі і афрыканскіх генералах, якія абажаюць бліскучае”.
Памяць: у тэкстах і думках
У верасні 2005 года, напярэдадні гадавіны забойства, калегі Чаркасавай выдалі 262-старонкавы зборнік яе матэрыялаў “Чырвоным па белым” — менавіта так называўся артыкул журналісткі, прысвечаны нацыянальнаму бел-чырвона-беламу і афіцыйнаму чырвона-зялёнаму сцягам.
У 2006-м з’явіўся сайт veronikacherkasova.org з англамоўнай першай старонкай, спасылкамі на асобныя публікацыі, ходам расследавання. Сайт усё яшчэ даступны, але не абнаўляўся вельмі даўно: большасць спасылак недаступная. Многія з іх вялі на інтэрнэт-газету інфармацыйнай кампаніі БелаПАН naviny.by, якую ў жніўні 2021 года разграмілі, прыхапіўшы сервер, улады.
“Матэрыялы Чаркасавай чакаў заўсёды з нецярпеннем, — кажа былы калега Чаркасавай. — У “Беларускай газеце” менавіта яе і Віктара Марціновіча, які стаў на пісьменніцкую сцежку, практычна не трэба было рэдагаваць. Можна было пагрузіцца ў тэкст і атрымліваць асалоду ад напісанага. Яна заўсёды адкопвала шмат новага”.
З журналісткай калегу звязвае сямейная гісторыя: “Менавіта яна дапамагла прывезці маё дзіця з радзільні. У той лістападаўскі дзень 2001 года, на які была прызначаная выпіска, прайшоў ледзяны дождж, дарогі ператварыліся ў каток. “Не абяцаю”, — сказала Вераніка, з якой дамовіліся напярэдадні. Але яна прыехала, зняла на пазычаную мною ў таварыша відэакамеру, як мне ўручаюць “канверт” з дзіцем, селі ў яе машыну і паволі дабраліся. Падняцца трошкі пасядзець за накрытым сталом яна катэгарычна адмовілася”.
“З жахам успамінаю той дзень, — падзялілася з “Позіркам” калега Чаркасавай па “Беларускай газеце”. — Уласна, мы не часта размаўлялі, але я ставілася да яе з вялікай павагай. Тады на ўсіх не хапала кампутараў. Памятаю, прыйшла, а яна сядзіць на маім месцы. Я была захопленая: такі чалавек за маім кампутарам! Яна спытала: “Саступіць?” — “Я пачакаю”.
“Вельмі шкадую, што мы не паспелі зблізіцца. Я чытала яе тэксты. Можа, гэта гендарны стэрэатып, але я лічыла, што аналітыка — гэта больш мужчынскае, у жанчын больш эмоцый. Вераніка пісала “па-мужчынску”, — кажа суразмоўца. І яшчэ, працягвае яна, Чаркасава была вельмі хуткай. “У нашай прафесіі хуткасць важная. Вераніка вокамгненна перамыкалася з аднаго на іншае. Можна сказаць, яна спяшалася жыць. Я памятаю вочы, з якімі яна гэта рабіла: асэнсавана, з веданнем прадмета”.
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец у размове з “Позіркам” адзначыў, што не быў асабіста знаёмы з Чаркасавай. “Ужо пасля яе гібелі я пазнаёміўся з яе мамай, айчымам. Следства першапачаткова пайшло па самым простым шляху: паводле падазрэння ў забойстве былі арыштаваныя яе сын Антон Філімонаў і айчым Уладзімір Мялешка, якія знайшлі яе цела. Тады мы з калегамі пісалі хадайніцтва аб вызваленні іх пад даручальніцтва — і, як ні дзіўна, іх вызвалілі. Пасля падазрэнні з блізкіх Веранікі былі знятыя, але іншыя версіі, якія абмяркоўваліся ў СМІ, падобна, асабліва не расследаваліся”, — сказаў Бастунец.
“Кожны год мы ездзілі на могілкі (недалёка ад пасёлка Калодзішчы. — “Позірк”.), кожны год казалі, што справа будзе раскрытая. Але, падобна, не пры цяперашняй уладзе. Сёлета памерла мама Веранікі Дыяна Цімафееўна, некалькі год таму — яе айчым Уладзімір Мялешка. А многія з тых, хто штогод прыязджалі да магілы Веранікі, вымушаныя былі пакінуць краіну”, — канстатаваў кіраўнік журналісцкага аб’яднання, якое працуе за мяжой праз пераслед беларускімі ўладамі.
Хто пераследаваў і забіў Вераніку Чаркасаву — адказу няма ўжо 20 год.