Мінск 21:55

“Левіяфан пажырае сваіх дзяцей”. Спецдакладчык ААН Марэн пра шэсць гадоў працы з Беларуссю

Анаіс Марэн прадстаўляе даклад пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі 3 ліпеня 2024 года
Крыніца: UN Human Rights Coiuncil

Апошнія шэсць гадоў ураджэнка Францыі палітолаг Анаіс Марэн інфармавала сусветную грамадскасць аб становішчы спраў з правамі чалавека ў Беларусі ў якасці спецыяльнага дакладчыка ААН. Пасля завяршэння кадэнцыі “Позірк” пагутарыў з незалежным экспертам пра тое, з якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца за гэты час, у якой сітуацыі апынуліся беларусы і што можна параіць пераемніку.

Інтэрв’ю атрымалася вялікім — у адпаведнасці з маштабам праблем у сферы правоў чалавека ў Беларусі.

Даведка “Позірку”. 28 чэрвеня 2012 года Савет па правах чалавека (СПЧ) ААН заснаваў мандат спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Анаіс Марэн пераняла гэтую пасаду 1 лістапада 2018 года ў венгерскага праваабаронцы Міклаша Харасці, а 1 лістапада 2024-га перадала эстафету прадстаўніку Латвіі Нілсу Муйжніексу.

“У стане рэпарцёра на вайне”

— Калі параўноўваць абставіны, у якіх вы пачыналі працаваць у 2018 годзе, і цяперашнія, што, на ваш погляд, кардынальна змянілася?

— Не змянілася тое, што мяне ў Беларусь не пускаюць. З самага пачатку я ведала, што наўрад ці змагу паехаць у Беларусь. Але вось такі парадокс: Беларусь прыехала да мяне. У плане рэпрэсій сітуацыя настолькі пагоршылася, што прымусіла з’ехаць з краіны сотні тысяч людзей. У Вільнюсе, куды я даволі часта прыязджаю, у Варшаве, дзе я цяпер жыву, ёсць магчымасць сустрэцца з людзьмі — ахвярамі парушэнняў правоў чалавека, прадстаўнікамі палітвязняў, праваабаронцамі, журналістамі, дзеячамі культуры. Уся грамадзянская супольнасць перабралася за мяжу — гэта лепш, чым сядзець у турме.

Я вельмі паважаю, цаню, мне падабаецца мець магчымасць знаёміцца з беларускай культурай. Яна цяпер усюды, можна сказаць, па ўсёй Еўропе: у розных хабах, на фестывалях, дзе знаходзяцца самыя разумныя і адкрытыя людзі, прадстаўнікі беларускай культуры.

Але так не павінна быць. Вядома, усім зразумела, што ў нармальных умовах такія людзі — будучыня краіны, светлыя розумы — не павінны з’язджаць. Уцечка мазгоў — гэта, вядома, дрэнна.

Але я не бачу пакуль, на жаль, калі для вас стане магчымым бяспечна вярнуцца дадому.

— Як змяніліся вашы задачы ў пачатку і канцы кадэнцыі? З якімі мэтамі вы прыходзілі на гэтую пазіцыю, з якімі яе пакінулі?

— У апісанні працы — дарэчы, валанцёрскай — было пазначана, што яна зойме тры месяцы на год. Я тады вярнулася з дэкрэта і працавала ва ўніверсітэце half time (палову працоўнага часу. — “Позірк”.). Паколькі гэта прэстыжна, што на факультэце выкладае незалежны эксперт ААН — мандатар спецпрацэдуры СПЧ, мой працадаўца пагадзіўся, каб я займалася мандатам адзін дзень на тыдзень, па пятніцах. Такая была дамоўленасць. Усіх гэта задаволіла — першыя два гады хаця б.

Але ў 2020 годзе ўсё змянілася, калі наступіла тое, што я называю крызісам, катастрофай з пункту гледжання правоў чалавека. Пасля [прэзідэнцкіх выбараў] 9 жніўня, на жаль, аб’ём працы павялічыўся ў дзесяць, дваццаць разоў. Першыя чатыры месяцы, пакуль былі пратэсты, да мандата паступала вельмі шмат скаргаў, усе СМІ свету прасілі мяне каментаваць — было вельмі шмат працы. Я не магла адцягнуцца ад гэтага, фактычна мінімальна працавала [на ўніверсітэцкай пасадзе], у мяне было пару заняткаў — анлайн-семінараў, астатні час быў цалкам прысвечаны маніторынгу парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Весці палявыя даследаванні тады было немагчыма з-за ковіду, а пісаць навуковыя артыкулы я была ўжо не ў стане, таму што кругласутачна глядзела навіны, чытала тэлеграм-каналы, сачыла за тым, што адбываецца, перажывала за сваіх сяброў, знаёмых, за вас усіх.

Я была ў стане рэпарцёра на вайне, прымала ўцекачоў з Беларусі ў сваім доме. Потым пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, і мы ўсе перайшлі на такі рэжым, але я была ў ім ужо са жніўня 2020 года. Я не разумела, як можна на гэта не рэагаваць, я не лічыла свой час, працавала на 200% — днём, ноччу, па выхадных. Сваякі ахвяр і самі ахвяры дасылалі мне асабіста або мандату ў Жэневе скаргі: “Вось што здарылася, вось доказы, што нам рабіць?”

На гэтым этапе мандат павінен быў фіксаваць парушэнні. Калі сям’я згаджаецца (не заўсёды гэта ў яе інтарэсах, таму што ёсць рызыка рэпрэсій за супрацоўніцтва са структурамі ААН), то мы па нейкіх кейсах пішам паведамленні ўраду. Гэта мы рабілі ў сярэднім раз на месяц. Кожнае паведамленне займае вельмі шмат часу, таму што трэба каардынавацца з іншымі мандатарамі спецпрацэдураў Савета па правах чалавека. Ва ўрада Беларусі прынцыповы падыход не прызнаваць мой мандат, не супрацоўнічаць, таму цалкам ігнаруецца ўсё, што я пішу. Але іншая справа, калі ёсць супадпісчыкі, напрыклад, спецдакладчыкі па свабодзе меркаванняў і іх выказвання, становішчы праваабаронцаў, асацыяцыі і мірных сходаў, незалежнасці суддзяў і адвакатаў часта далучаліся да маіх паведамленняў на адрас урада Беларусі. Вядома, у 2020 годзе яны бачылі па тэлевізары, што адбываецца, перажывалі, яны мяне вельмі падтрымлівалі. У нас была даволі моцная каардынацыя дзеянняў, каб міжнародная ўвага, увага СПЧ і Генеральнай Асамблеі не знізілася.

Такім чынам, мне здаецца, я дамаглася даволі шмат чаго, выступала на экстранай сесіі СПЧ. Два разы ў Нью-Ёрку былі сустрэчы ў фармаце Арыі (парадак нефармальных сустрэч членаў Савета Бяспекі ААН для абмену думкамі ў прыватным парадку; названы ў гонар венесуэльскага дыпламата Дыега Арыі, які першым пачаў практыкаваць падобную камунікацыю ў 1992 годзе. — “Позірк”.), каб абмеркаваць менавіта сітуацыю ў Беларусі. З гэтага нічога не выйшла: у Савеце Бяспекі ёсць дзве краіны з правам вета, якія падтрымліваюць афіцыйны Мінск, якія б не дазволілі потым прыняць рэзалюцыі, каб спыніць бязмежжа і самавольства. Тым не менш у Нью-Ёрку была ўвага, была падтрымка.

Краіны — чальцы СПЧ, а таксама на ўзроўні АБСЕ прынялі рэзалюцыі і стварылі два розныя механізмы, каб фіксаваць парушэнні, якія адбыліся менавіта ў кантэксце выбараў 2020 года, і мяне гэта ў нейкай меры выратавала. У ААН у верасні 2021 года пачаў працаваць дадатковы мандат па адказнасці за тыя парушэнні. Там ёсць тры незалежныя экспэрты, ёсць штаб, іх падтрымліваюць супрацоўнікі офіса вярхоўнага камісара па правах чалавека. Яны атрымалі магчымасць разглядаць скаргі, калі мне ўжо стала занадта цяжка.

Я палітолаг, а не эксперт-крыміналіст. Псіхалагічна было вельмі цяжка атрымліваць столькі інфармацыі, доказаў — фатаграфіі, лісты — ад людзей, якія перажылі катаванні.

Пасля стварэння гэтага дадатковага мандата, прыкладна праз год, мне стала крыху спакайней. Ужо не было [вострай фазы] ковіду, трэба было вяртацца на працу. Тады вярнуўся больш-менш нармальны тэмп, але ўсё роўна працы было дакладна разы ў два больш, чым напачатку.

Дзверы ў Беларусь так і не адчыніліся

— За гэтыя шэсць гадоў ці быў момант, калі вы падумалі, што сітуацыя з правамі чалавека стала паляпшацца?

— Першыя месяцы, калі мяне прызначылі, Беларусь не была пад санкцыямі. 2019 год — да пачатку 2020 года насамрэч улады ўжо неяк былі гатовыя арганізаваць публічнае абмеркаванне пытання адмены смяротнага пакарання ці хаця б мараторый увесці. Гэта адкрыла б магчымасць вярнуцца да супрацоўніцтва з Саветам Еўропы, напрыклад.

У 2019 годзе ў Брусэлі адбыўся Міжнародны кангрэс супраць смяротнага пакарання. Гэта, напэўна, быў адзіны раз, калі я сядзела на дыскусіі разам з прадстаўнікамі МЗС Беларусі, мы нават рукі адзін аднаму паціснулі, каву пілі разам. Там быў Алег Краўчанка, які быў віцэ-міністрам (намеснік кіраўніка МЗС у 2017-2020 гадах, пазней амбасадар у ЗША; памёр 25 снежня 2020 года ва ўзросце 49 гадоў. — “Позірк”.).

Яны не прызнавалі мой мандат, але тым не менш мы нефармальна абмеркавалі магчымасць, каб я прыехала ў Мінск з т.зв. акадэмічным візітам. Гэта не афіцыйны візіт — ён не аплачваецца ААН, праходзіць без аанаўскага асістэнта, без прэс-канферэнцый, дакладу, я б не мела права спасылацца на тое, пра што даведаюся на месцы. Але такія візіты ладзяць вельмі многія краіны, калі не ведаюць, што ўяўляе сабой спецдакладчык (яны ж перажываюць — усе, нават дэмакратыі, калі запрашаюць да сябе мандатарыяў тэматычных спецпрацэдураў). Такія перамовы былі прыкладна да красавіка 2019 года, але яны праваліліся. Потым выявілася, што дух такога часу не вернецца.

У той год я абрала тэмай для дакладу ў СПЧ пытанне правоў “дзяцей-328” — падлеткаў, якія сядзяць за гандаль наркотыкамі і г.д. Я прыняла гэта вельмі блізка да сэрца, паколькі лічу, што сітуацыя зусім несправядлівая. Ёсць Канвенцыя аб правах дзіцяці. У дэлегатаў усіх краін ёсць дзеці, іх любяць нават дыктатуры.

Прыняць тое, што хтосьці можа дазволіць дзіцяці 13-15 гадоў правесці 10 гадоў за кратамі за перадачу грама гашышу, проста, прабачце, невыносна.

Я выступіла з гэтым дакладам у чэрвені 2019 года ў Жэневе. Некаторыя журналісты тэлефанавалі, пыталіся: “Як гэта магчыма, што гэта?” Ляцелі ў Мінск, каб расследаваць гэтыя гісторыі. Адразу я ўбачыла, што ўлады трошкі спалохаліся. І, напэўна, дзякуючы гэтаму праз год, калі адбылася амністыя, большасць гэтых дзяцей атрымала мінус адзін ці два гады. Не вялікае дасягненне, але ўсё ж такі паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека хаця б гэтых зняволеных.

“У Беларусі ўжо даўно сістэмна парушаюцца ўсе правы чалавека”

На вашую думку, якія сёння тры самыя вялікія праблемы з правамі чалавека ў Беларусі?

— Парушаюцца ўсе правы чалавека, а паводле міжнародных канвенцый і стандартаў усе яны важныя і ўзаемазвязаныя. Ёсць асноўныя, напрыклад права на жыццё, годнасць, абарону ад катаванняў. Калі не выконваюць іх, то, на жаль, і ўсе палітычныя, грамадзянскія, культурныя, эканамічныя і сацыяльныя правы таксама не будуць да канца паважацца.

У Беларусі ўжо даўно сістэмна парушаюцца ўсе правы чалавека.

Можна вылучыць тры асноўныя праблемы ў падыходах да міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь у сферы правоў чалавека.

Па-першае, беспакаранасць, бязмежнасць рэпрэсій. Некаторыя людзі, у тым ліку палітолагі, кажуць, што ўжо адбываецца дзяржаўны тэрор супраць уласнага народа — Левіяфан пажырае сваіх дзяцей. Без пакарання, без наступлення адказнасці здзяйсняюцца страшныя, грубыя парушэнні, напрыклад сістэматычныя катаванні.

У гэтым плане важны механізм ААН па адказнасці, які я ўжо згадвала — цяпер ён называецца “Група незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі” (створаны рэзалюцыяй СПЧ 4 красавіка 2024 года. — “Позірк”.).

Офісам вярхоўнага камісара ААН апублікавана ўжо два даклады запар, у высновах якіх гаворыцца, што некаторыя парушэнні правоў чалавека, якія былі дапушчаныя ў кантэксце выбараў 2020 года ў Беларусі, могуць быць ахарактарызаваныя як злачынствы супраць чалавечнасці. Менавіта з-за масавага і наўмыснага ўжывання катаванняў, адвольных затрыманняў, дэпартацыі (тут і далей пад гэтым тэрмінам маецца на ўвазе стварэнне ўмоў, якія вымушаюць грамадзян пакідаць краіну. — “Позірк”.), беспакаранасць з-за адсутнасці нармальнага падзелу ўладаў, незалежных суддзяў і адвакатаў.

Другая важная праблема, як мне здаецца, — дэпартацыя. Цяжка назваць лічбу, але некаторыя кажуць, што паўмільёна, можа, мільён чалавек быў вымушаны з’ехаць з Беларусі з меркаванняў бяспекі. Застаюцца людзі, якія жывуць у страху, у прасторы прапаганды і пад пагрозай адвольнага затрымання і пераследу за рэалізацыю сваіх правоў.

Я ўжо казала, што самыя бліскучыя розумы не ў краіне. Людзей прымусілі з’ехаць, а потым зневажаюць і пераследуюць нават за мяжой. Пасля агрэсіі супраць Украіны [у 2022 годзе] Беларусь — краіна-суагрэсар, і гэта ўскладніла ўмовы жыцця і легалізацыі беларускіх уцекачоў за мяжой. Мець беларускі пашпарт становіцца сорамна, як некаторыя мне казалі.

Але жыць наогул без пашпарта — гэта іншая праблема. Я б сказала, што ў праблеме дэпартацыі самае галоўнае — рызыка, што людзі апынуцца без грамадзянства. У гісторыі чалавецтва вельмі мала краін, якія так рабілі. З пункту гледжання правоў чалавека гэта асабліва страшна думаць, што сваіх уласных грамадзян ўрад свядома гатовы пазбавіць грамадзянства. Але так прапісана ў заканадаўстве: людзі, якія былі прызнаныя [судом] завочна “экстрэмістамі”, могуць быць пазбаўленыя грамадзянства. Мне не паступала скаргаў з гэтай нагоды (наколькі я ведаю, яшчэ не ўжывалі гэтую норму), затое [улады] лёгка захопліваюць уласнасць, пакуль чалавек за мяжой не можа ўдзельнічаць у судовых працэдурах або не паспеў аформіць перад ад’ездам даверанасць, каб яго прадстаўлялі ў працэдурах спадчыны ў Беларусі. З верасня 2023 года афармляць гэтыя дакументы ў консульстве стала наогул немагчыма.

Каб перашкодзіць людзям, якія змаглі з’ехаць з краіны, прымусіць іх вярнуцца, а потым, можа быць, пасадзіць, урад прыняў такія меры, якія насамрэч дыскрымінуюць усіх беларусаў, якія жывуць за мяжой. А іх шмат, як мінімум паўтара мільёна яшчэ да 2020 года з’ехала — апошнія 30 гадоў была даволі вялікая хваля эміграцыі.

Асабліва пакутуюць дзеці, якія нарадзіліся за мяжой у апошнія гады, іх статус пад пытаннем. У бацькоў, якія лічаць небяспечным вяртацца ў Беларусь, праблема, як зрабіць дзецям пашпарты, гэтыя дзеці могуць застацца без грамадзянства.

Трэці праблематычны аспект — злоўжыванне антыэкстрэмісцкім і антытэрарыстычным заканадаўствам, каб пераследваць людзей, якія крытыкуюць урад.

Гэта не проста пытанне парушэння права на свабоду меркаванняў і іх выказвання, гэта падыход урада, які не церпіць ніякай крытыкі.

Усё гэта выклікае шкадаванне, паколькі паляпшэнне сітуацыі залежыць менавіта ад гатоўнасці ўлады ўсведамляць свае праблемы, недахопы, памылкі і мяняць свой курс. Гэта тое, пра што мы просім у ААН ужо шмат гадоў. Яшчэ пры Камісіі па правах чалавека (дзейнічала да 2006 года, наўзамен быў створаны СПЧ. — “Позірк”.) быў спецдакладчык Адрыян Севярын, у яго дакладах ужо былі рэкамендацыі для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Беларускія ўлады часта кажуць, што існаванне майго мандата — знак таго, што на Захадзе падвойныя стандарты. Але я б сказала, што Беларусь, на жаль, заслужыла такую ўвагу міжнароднай супольнасці. Усе рэзалюцыі, якія год за годам прымаюцца ў адносінах да Беларусі, цалкам легітымныя, таму што сітуацыя з правамі чалавека пагаршаецца год за годам, яна катастрафічная па ўсіх напрамках.

“Такі ўзровень цынізму шакуе даволі многіх, у тым ліку ў ААН”

— Што, на вашую думку, павінна адбыцца, каб сітуацыя палепшылася?

— Са сваёй пазіцыі я магу толькі рэкамендаваць, каб улады прымалі да ўвагі рэкамендацыі розных механізмаў ААН, якія сістэматычна накіроўваюцца ўжо шмат-шмат гадоў. Гэта робіць не толькі мой мандат, але і іншыя механізмы аанаўской сям’і, тут я маю на ўвазе ў тым ліку Універсальны перыядычны агляд (УПА), калі кожныя пяць гадоў у СПЧ абмяркоўваецца сітуацыя з правамі чалавека ў адной краіне.

Урады аддаюць перавагу не спецпрацэдурам, а механізму УПА, таму што гэтыя агляды складаюцца іншымі краінамі. Тады, напрыклад, Венесуэла можа рэкамендаваць ЗША адмяніць смяротнае пакаранне. На такой аснове, калі адна краіна — адзін голас, усе роўныя і г.д., Беларусь гатовая прымаць рэкамендацыі сваіх, скажам так, калег. Гэта дало зрух: быў прыняты Нацыянальны план па правах чалавека на 2016-2019 гады. Беларусь прыняла і была гатовая імплементаваць прапанову стварыць пазіцыю амбудсмена па правах чалавека. Але мы ўсё яшчэ гэтага чакаем, бо дагэтуль не зроблена.

У сваім апошнім дакладзе (на Генасамблеі ААН 29 кастрычніка. — “Позірк”.) я вывучала такі аспект, як узровень супрацоўніцтва Беларусі з міжнароднымі механізмамі абароны правоў чалавека, у тым ліку аанаўскімі. І тут бачная тэндэнцыя: замест таго, каб адмовіцца ад некаторых рэкамендацый, урад кажа, што ўжо прыняў іх і ўжывае, а насамрэч робіць супрацьлеглае. Такі ўзровень цынізму шакуе даволі многіх, у тым ліку ў ААН.

Спіс рэкамендацый для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі велізарны і дэталёвы. Ёсць мандатарыі тэматычных мандатаў спецыяльных працэдур СПЧ, якія могуць даць інструкцыі, дапамогуць ураду адразу, калі яно захоча імплементаваць гэтыя рэкамендацыі. Тады палепшыцца сітуацыя, тады не будзе патрэбы ў мандаце [спецдакладчыка па правах чалавека ў Беларусі].

Стварэнне такіх мандатаў — гэта не палітызаванае рашэнне, яно праходзіць галасаванне ў Савеце ААН па правах чалавека, члены якога абіраюцца праз Генасамблею, яны прадстаўляюць розныя рэгіёны свету — прапарцыйна насельніцтву. Заўсёды знаходзіцца большасць галасоў за стварэнне і падаўжэнне такіх мандатаў.

Краінавых мандатаў цяпер чатырнаццаць, мандат па Беларусі — адзін з найстарэйшых, існуе ўжо 12 гадоў.

— У беларускіх уладаў няма палітычнай волі выконваць рэкамендацыі, якія ўтрымліваюцца ў тым ліку ў вашых дакладах. Ці ўплываюць вашы даклады на міжнародную супольнасць, ці пачынае яна лепш разумець сітуацыю ў Беларусі?

— Тое, што ўлады Беларусі ігнаруюць мае рэкамендацыі, вядома, выклікае незадаволенасць. Але зусім іншая справа, калі я раблю публічныя заявы, прэс-рэлізы, публікацыі, адказваю журналістам, з прычыны чаго міжнародная грамадская думка больш даведваецца пра сітуацыю ў Беларусі, не забываецца на яе.

Праз войны ва Украіне, на Блізкім Усходзе ўвага да Беларусі змяншаецца, гэта, вядома, праблематычна. Але нельга забываць пра Беларусь і лёс беларусаў.

Што тычыцца іншых дзяржаў, тут я магу ганарыцца. Я задаволеная тым, што дзякуючы маім — і не толькі — дакладам краіны, што прымаюць людзей, якія перасяляюцца з Беларусі праз рэпрэсіі, імкнуцца лепш разумець, у якой асаблівай сітуацыі з заканадаўчага пункту гледжання знаходзяцца беларусы, якія не могуць вярнуцца дадому.

Самым блізкім краінам, якія гістарычна падтрымліваюць дэмакратызацыю Беларусі, мае парады ў асноўным не патрэбныя, да іх у мяне мала пытанняў. Але да некаторых іншых краін прэтэнзіі ёсць. Я з’ездзіла ў Грузію пару гадоў таму, год таму з’ездзіла ў Вялікабрытанію, сустрэлася там з беларусамі — ахвярамі парушэнняў правоў чалавека, людзьмі, якія з розных прычын з’ехалі, якія мелі велізарныя праблемы з легалізацыяй за мяжой, былі ахвярамі дыскрымінацыі. Вольна ці міжволі краіны, якія прымаюць, неадэкватна ставіліся да іх.

У дакладзе, які я прадставіла ў Генасамблеі ААН у 2022 годзе, былі дакладныя рэкамендацыі менавіта гэтым дзяржавам — чаго пазбягаць, да чаго рыхтавацца. Мы бачылі, што людзі не могуць вярнуцца дадому, каб, напрыклад, абнавіць пашпарт — пасля прыняцця ўказа № 278 ад 4 верасня 2023 года гэта стала асаблівай праблемай. Я папярэдзіла і працягваю адвакатаваць, каб гэтыя краіны адаптавалі да сітуацыі сваё заканадаўства, умовы выдачы віду на жыхарства, гуманітарных віз (на жаль, неяк усё менш і менш выдаюцца) і дакументаў для падарожжаў (т. зв. “пашпарт замежніка”), каб яны разумелі, што ўлады Беларусі стварылі такія праблемы для ўсёй міжнароднай супольнасці, а самі беларусы тут ні пры чым.

Вядома, цалкам гэта не вырашана. Кожны дзень мне паступалі індывідуальныя кейсы: сем’і жывуць асобна, від на жыхарства не падаўжаюць, чалавек жыве даўно ў адной краіне, выязджае, а потым яго не ўпускаюць назад. Такія рэчы, на жаль, будуць працягвацца. Таму рэкамендацыя майму пераемніку: трэба працягваць надаваць неабходную ўвагу менавіта гэтым аспектам і праблемам.

“Сітуацыя ў Беларусі заслугоўвае, каб пра яе больш гучна крычалі”

Якога выніку на ўзроўні Беларусі і міжнародным вы чакаеце ад свайго апошняга дакладу?

— Я не ведаю, як улады [Беларусі] рэагуюць на мае даклады, я не сачу за “хвілінамі нянавісці”, якія час ад часу бываюць па тэлевізары на мой адрас. Наўрад ці будзе афіцыйная або публічная рэакцыя з боку ўлады. Але ў дакладзе зноў жа ёсць выразныя рэкамендацыі.

Для дзяржслужачых у нашых паведамленнях і дакладах ёсць ветлівае згадванне аб тым, што Беларусь добраахвотна падпісала канвенцыі, і гэта не пытанне выбару — ужываць або не ўжываць, гэта ўжо абавязак, паколькі рacta sunt servanda (з лац. “дагаворы павінны выконвацца”; асноватворны прынцып грамадзянскага і міжнароднага права. — “Позірк”.). Я ўпэўненая, што некаторыя — з МЗС, адміністрацыі пенітэнцыярных устаноў, суддзі — даведаюцца ад нас аб гэтых канвенцыях, можа, упершыню бачаць змест канвенцый, якія мы цытуем. У гэтым карысць, паколькі ў беларускіх ВНУ не вучаць міжнароднае права ў галіне правоў чалавека.

Для ўлады, напэўна, даклад будзе непрыемным. Ён, скажам так, развітальны, у ім рэчы названыя сваімі імёнамі. Даклад інфармуе іншыя краіны, што насамрэч улады Беларусі іх падманваюць, што ў вялікай аанаўскай сям’і Беларусь не толькі не выконвае канвенцыі, але і спрабуе абвесці вакол пальца, кажучы, што ўсё ў парадку, хоць з пункту гледжання міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека ўсё катастрафічна.

— Якое значэнне для будучыні мае фіксацыя цяперашняй сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі? Калі наступныя ўлады краіны будуць дэмакратычнымі, ці змогуць яны выкарыстоўваць даклады як дапаможнік па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека?

— Вядома! Я яшчэ ў ліку тых людзей, якія мяркуюць, што ААН — нягледзячы на розныя недахопы — добрая арганізацыя ці хаця б неабходная, таму што незаменная. У тым плане, што мы прымаем, ужываем і прапагандуем універсальнасць прынцыпаў правоў чалавека — не толькі тых, якія прапісаныя ў Хартыі ААН, але і ў розных рэзалюцыях Генасамблеі, рэгіянальных арганізацый, напрыклад Савета Еўропы.

Цяпер ідзе крытыка ААН, але ААН — адлюстраванне таго, што хочуць рабіць дзяржавы, іх урады, і яны захацелі ўсё гэта кадыфікаваць. Пакуль ААН будзе існаваць (усё роўна, да або пасля рэформаў), канвенцыі будуць прымяняцца, не пакідаючы вялікай прасторы для манеўру або інтэрпрэтацыі. Права на жыццё — гэта права на жыццё.

Любы ўрад, абапіраючыся на гэтыя даклады, будзе мець дарожныя карты па скасаванні нормаў заканадаўства, якія несумяшчальныя з канвенцыямі, правесці рэформы, якія неабходныя, каб наблізіцца да ідэальнай сітуацыі, калі нармальна выконваюцца правы чалавека.

Што б вы яшчэ параілі свайму пераемніку?

— Гэтаму чалавеку не патрэбныя мае рэкамендацыі. Я ўпэўненая, што калі яго прызначылі, то ён прафесіянал. Мы ўжо паразмаўлялі. Я ведаю, што гэта чалавек прынцыповы, будзе выконваць Кодэкс паводзінаў спецдакладчыкаў, які патрабуе быць незалежным, бесстароннім, аб’ектыўным. Я ўпэўненая, што мы можам чакаць ад яго гэтага.

На асабістым узроўні я б хацела пажадаць яму ўдачы. У нас як спецдакладчыкаў ёсць даволі шмат абмежаванняў, не ўсе яны нам вядомыя з самага пачатку. Арганізацыя, каб нікога не правакаваць, звычайна раіць нам выконваць умеранасць. Але насамрэч я бачыла гэтыя шэсць гадоў, што трэба ўзмацняць ціск, бо сітуацыя заслугоўвае таго, каб пра яе больш гучна крычалі, больш крытычна ставіліся да таго, што адбываецца. Трэба быць напорыстым.

Напорыстасць важная на гэтай пазіцыі, таму што мандат існуе шмат гадоў і столькі ж часу ігнаруюцца рэкамендацыі.

Пара б ужо выконваць канвенцыі, тады ўсе змогуць нармальна жыць — мандат будзе сакасаваны і ўсе мы зможам займацца больш вясёлымі рэчамі.

— Вы шэсць гадоў былі пагружаныя ў кантэкст Беларусі. Што далей? Ці плануеце падтрымліваць сувязь з беларускай грамадзянскай супольнасцю?

— Вядома, для мяне гэта амаль сям’я. Мяне пазнаюць на вуліцы, усміхаюцца, дзякуюць. Я вучыла беларускую мову, ганаруся, што магу чытаць. Слухаю радыё кожны дзень. Перажываю за сваіх калегаў — палітолагаў, журналістаў, праваабаронцаў, якія сядзяць у турме. Наўрад ці заўтра гэта ўсё скончыцца, забыцца на іх пакуты дакладна не атрымаецца.

Што тычыцца прафесійнага, мне патрэбен перапынак, адпачынак хоць бы пару тыдняў. Пакуль я яшчэ ў працэсе пошуку працы. Да студзеня, напэўна, нешта будзе, чакаю прапановы. Так, у мяне досвед, якім я гатовая падзяліцца з іншымі арганізацыямі. Я павінна застацца ў Варшаве па сямейных абставінах, і там ёсць іншыя міжнародныя арганізацыі або ўніверсітэты, якія могуць ацаніць мой досвед і экспертызу.

Падзяліцца: