Беларускі лічаць харасмент (англ. harassment, прыставанне, дамаганне) распаўсюджанай з’явай у эмігранцкім асяроддзі. Такая выснова ўтрымліваецца ў справаздачы “Сексуалізаваны харасмент у беларускай грамадзянскай супольнасці за мяжой”, якую падрыхтавалі “Прававая ініцыятыва” і актывістка Наста Базар.
Тэма сексуалізаванага харасмента ў беларускай эмігранцкай супольнасці ўзнікла пасля маршу “Яе звалі Ліза”, прысвечанага памяці згвалтаванай і забітай у Варшаве беларускі Лізаветы Герцэн. Суайчынніцы пачалі дзяліцца ў сацсетках сваімі гісторыямі аб фізічным і сексуалізаваным гвалце, у тым ліку за мяжой.
“Ціск традыцыйных сацыяльных нормаў саслабеў”
“На наш погляд, абмеркаванне тэмы харасмента стала актуальным з-за трансфармацыі сацыяльных і гендарных роляў у беларускім грамадстве пасля масавай эміграцыі. Беларуская супольнасць за мяжой апынулася ў новай рэальнасці, дзе ціск традыцыйных сацыяльных нормаў саслабеў, а глабальны парадак дня аб правах чалавека і гендарнай роўнасці стаў бліжэй за кошт таго, што большасць беларусак і беларусаў знаходзіцца ў еўрапейскіх краінах, дзе правы чалавека выконваюцца ў большай ступені, чым у Беларусі да 2020 года”, — адзначаюць аўтары справаздачы.
У ананімным апытанні ўзяло ўдзел 39 чалавек, праведзена восем глыбінных інтэрв’ю. Акрамя таго, узята чатыры інтэрв’ю ў жанчын-экспертаў па харасменце і абароне правоў жанчын.
Больш за палову рэспандэнтак (53,6%) былі ва ўзроставай катэгорыі 25-34 гады, далей — 18-24 гады (29,2%), 35-44 і 45-55 (па 7,3%), 56 і старэйшыя (2,4%).
61,5% тых, хто ўзяў удзел у апытанні на момант збору звестак, пражывалі ў Польшчы, 15,4% — у Літве, 10,3% — у Грузіі, 5,1% — у Германіі, 2,6% — у ЗША, Нідэрландах.
25,6% рэспандэнтак занятыя ў сферы адукацыі, 28,2% — у НКА (уключаючы праваабарончы сектар), 17,9% — ІТ, 10,3% — журналістыцы, 5,1% — бізнэсе, 5,1% — у сферы культуры, 7,7% — іншых (называліся палітыка, тэлебачанне, гастраномія, індустрыя прыгажосці).
Харасмент хаваецца ў дэталях
“Таксама харасмент ёсць і ў палітыцы: і ў офісе Святланы Ціханоўскай, і ў Каардынацыйнай радзе ён ёсць”, — сцвярджае Наста Базар.
Харасмент, паводле звестак аўтараў, распаўсюджваецца на работнікаў усіх катэгорый, у тым ліку жанчын-стажораў, валанцёраў, тых, хто шукае працу, і нават тых, чые працоўныя адносіны ўжо завершаныя. Праблема актуальная для ўсіх сектараў эканомікі (фармальнай і нефармальнай) і ўсіх умоў працы, уключаючы дыстанцыйныя формы.
Пры гэтым на пытанне “Ці сутыкаліся вы з харасментам у вашым прафесійным асяроддзі: дыскрымінацыяй, маральным ціскам (булінгам), дзеяннямі сексуалізаванага характару?” 43,9% рэспандэнтак адказалі адмоўна. 56,1% паведамілі аб наяўнасці падобнага досведу.
“Аднак у далейшым, адказваючы на ўдакладняючыя пытанні, высветлілася, што 79% усіх рэспандэнтак хоць бы раз у жыцці цярпелі ад таго ці іншага віду харасменту. Гэта сведчыць пра тое, што жанчыны не заўсёды асацыююць дзеянні, якія здзяйсняюцца ў дачыненні да іх, як харасмент”, — адзначаюць аўтары.
На пытанне “Ці сутыкаліся dы з сексуалізаваным дамаганнем?” адносная большасць — 26,9% — выбрала адказ “сексуалізаваныя каментары ў адносінах да вас і/або пра вашыя асабістыя стасункі”;
19,2% — “фізічны кантакт без вашай згоды (абдымкі, спроба пацалаваць, дотык да інтымных месцаў, іншае)”;
17,3% — “дакучлівая ўвага (пытанні асабістага характару, якія не датычацца работы, павышаная ўвага да вас)”;
11,5% — “асабістыя запрашэнні ў рэстаран, нумар гатэля ці месца, дзе вы будзеце ўдваіх”;
9,6% — “выпадкі сексуалізаваных жэстаў або мімікі ў дачыненні да вас”;
7,7% — “сэкс без вашай выказанай згоды”;
5,8% — “сэксуалізаваныя паведамленні або фатаграфіі”;
1,9% — “прапанова сэксу (на сумоўі, у камандзіроўцы, на працы і г.д.)”.
Пры гэтым толькі 65% рэспандэнтак змаглі назваць асобу, якая гэтым займалася. У 69% выпадкаў гэта быў кіраўнік, у 31% — калегі па працы.
З пацярпелых ад харасменту толькі 44% жанчын казалі камусьці пра перажытае, а 6% у моманце не лічылі праблему сур’ёзнай.
Рэакцыя кіраўніцтва на паведамленне пра харасмент таксама была рознай: прынялі меры, але гэта нічога не змяніла — 33%, праігнаравалі — 23%, прынялі меры, сітуацыя змянілася — 17%, сказалі, што гэта не вартае ўвагі — 5%, здзейснілі ціск — 5%.
72% апытаных назвалі харасмент распаўсюджанай з’явай у беларускай эміграцыі.
СМІ бяда не абыйшла
Пытанне харасменту закраналася і ў нядаўнім даследаванні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) аб праблемах і патрэбах медыясектара. Агулам усё не так дрэнна: з прыставаннем сутыкалася кумулятыўна 16,6% апытаных жанчын і мужчын (7,6% — з боку калегаў, 4,7% — з боку герояў матэрыялаў, 4,3% — з боку кіраўніцтва СМІ). У асобных інтэрв’ю згадваліся недапушчальны тон размовы, нецэнзурная лексіка, нездаровая атмасфера ў прафесійных анлайн-супольнасцях.
БАЖ прызнае, што праблема харасменту ў глыбінных інтэрв’ю не была раскрытая ў дастатковай ступені, аднак “запыт на размову” ёсць у прадстаўнікоў абодвух полаў.
“Падаецца, у нас увогуле ёсць праблемы з крытыкай адзін аднаго. Штосьці дзесьці ўсплыве, хтосьці, замест таго каб пачаць абмяркоўваць, пачынае з нейкіх наездаў. І гэта зноў ператвараецца ў, прабачце за слова, бульбасрач (гарачыя спрэчкі беларусаў без выбару выразаў. — “Позірк”.), без канструктыўнага дыялогу і канструктыўнага прыняцця нейкіх рашэнняў і прыходу да кансенсусу”, — напісала адна ўдзельніца апытання БАЖ.
Устаноўка “не выносіць смецце з хаты”
“Паводле справаздачы, многія жанчыны працягваюць сутыкацца з праявамі харасменту ў працоўных і звязаных з імі адносінах. Праявы харасменту маюць шырокі спектр формаў: ад псіхалагічнага ціску ў выглядзе абраз да сэксуализаванага гвалту. Жанчыны, якия вымушана эмігравалі і ў дачыненні да якіх здзейснены харасмент, сутыкаюцца з вялікай колькасцю цяжкасцяў у выглядзе адсутнасці прафсаюза, няведання на дастатковым узроўні мясцовай мовы, адсутнасці разумення сваіх правоў і арганізацый, дзе можна запытаць кваліфікаваную дапамогу, а таксама прысутнічае ціск у выглядзе дасягнення “агульнай мэты”. Устаноўка “не выносіць смецце з хаты” становіцца яшчэ больш актуальнай, а таксама распаўсюджваецца на больш шырокія сферы (раней — больш прысутнічала ў сітуацыях хатняга гвалту, цяпер — у працоўных стасунках, валанцёрстве, актывізме і інш.)”, — падсумоўваюць аўтары справаздачы.
Яны лічаць неабходным прыняць пэўныя меры для барацьбы з харасментам. Сярод іх — прызнанне структурнасці праблемы, стварэнне механізмаў падтрымкі пацярпелым у выглядзе юрыдычных і псіхалагічных паслуг, стварэнне камітэтаў па этыцы ў кампаніях, інфармаванне грамадскасці праз СМІ.
Каментар Офіса Святланы Ціханоўскай
Сцвярджэнне Насты Базар пра харасмент у Офісе Святланы Ціханоўскай пракаментаваў “Позірку” дарадца дэмакратычнага лідара ў прававых пытаннях Леанід Марозаў.
“У офісе Святланы Ціханоўскай дзейнічае Этычны кодэкс, абавязковы для ўсіх супрацоўнікаў. За яго выкананнем сочыць этычная камісія, якая ў тым ліку прымае ананімныя звароты. Мы не маем інфармацыі аб прадмеце гэтай заявы, аднак, калі нешта сапраўды адбылося і гэта патрабуе ўвагі, мы абавязкова вывучым сітуацыю ў адпаведнасці з усталяванымі працэдурамі”, — заявіў Марозаў.