Мінск 06:16

Крайнія меры. Праваабаронцы звернуцца ў Камітэт ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі, каб папярэдзіць высылку беларусаў з Грузіі

Зала пасяджэнняў у Апеляцыйным судзе Тбілісі. Надпіс на шыльдзе: "Клянуся казаць праўду, толькі праўду і нічога акрамя праўды"
Фота: Раман Кісляк для "Позірку"

У Грузіі працягваецца глыбокі палітычны крызіс. Ён пачаўся вясной, калі кіроўная партыя прарасійскага мільярдэра Бідзіны (Барыса) Іванішвілі “Грузінская мара” з другой спробы правяла праз парламент закон “аб замежных агентах” (афіцыйная назва “Аб празрыстасці замежнага ўплыву”). Першая спроба была здзейсненая годам раней, але згорнутая на фоне масавых пратэстаў. Цяпер пратэсты партыя, якую многія апаненты называюць “Рускай марай”, альбо душыць сіламі падкантрольнай паліцыі, альбо ігнаруе.

26 кастрычніка ў краіне адбыліся парламенцкія выбары, на якіх, паводле звестак Цэнтрвыбаркама, “Грузінская мара” атрымала больш за палову галасоў. Вынікі аспрэчваюць апазіцыя, якая адмовілася ад мандатаў, і прэзідэнт Саламэ Зурабішвілі, якая паводле цяперашняй Канстытуцыі не мае сур’ёзных паўнамоцтваў. Новае абвастрэнне пачалося 28 лістапада, калі прэм’ер-міністр Іраклі Кабахідзэ заявіў аб замарожванні на чатыры гады пытання аб уступленні ў Еўрасаюз.

14 снежня ў краіне ўпершыню прайшлі не прамыя выбары прэзідэнта. Калегія выбаршчыкаў, куды ўвайшлі дэпутаты розных узроўняў, прагаласавала за Міхеіла Кавелашвілі, былога футбаліста без вышэйшай адукацыі, кандыдатуру якога ўхваліў Іванішвілі.

На 29 снежня прызначаная інаўгурацыя Кавелашвілі. Зурабішвілі, якая часта з’яўляецца на мітынгах апазіцыі, заявіла, што не збіраецца пакідаць сваю пасаду.

Акцыі пратэсту супраць “Грузінскай мары” працягваюцца ў Тбілісі і іншых гарадах трэці тыдзень. За гэты час было затрымана больш за 350 дэманстрантаў, задакументаваныя шматлікія факты іх збіцця, аднак, як і ў Беларусі ў 2020 годзе, ніхто з сілавікоў не панёс пакарання.

За ўсімі гэтымі падзеямі ўважліва назіраюць беларусы, якія абралі Грузію як прытулак ад палітычнага пераследу на радзіме. Прытулак дэ-факта, але не дэ-юрэ: яшчэ ніводзін з іх не атрымаў у краіне міжнародную абарону (рэальны толькі дазвол на жыхарства). Больш за тое, некаторых публічных актывістаў дыяспары, якія выязджаюць за мяжу па справах і/або на візаран (абнуленне тэрміну знаходжання — не больш за 364 дзён запар), не пусцілі назад. “Позірк” падрабязна пісаў пра нядопуск у краіну актывіста і журналіста Андрэя Мялешкі, які тры гады з сям’ёй пражыў у Батумі.

На адной з акцый раніцай 30 лістапада быў затрыманы грамадзянін Беларусі Яўген Муравіцкі. Праз двое сутак яго адпусцілі з загадам прыбыць на наступны дзень у дэпартамент міграцыі МУС. Каб пазбегнуць высылкі з краіны (добраахвотнай або прымусовай), Муравіцкі з дапамогай беларускага праваабаронцы Рамана Кісляка падаў хадайніцтва аб міжнароднай абароне. Гэта дазволіла выйграць час, за які Муравіцкі атрымаў шэнгенскую візу і ўляцеў у Літву.

Сам Раман Кісляк атрымаў адмову ў міжнароднай абароне і цяпер яго аспрэчвае. Чарговае пасяджэнне суда прызначанае на 18 снежня. У інтэрв’ю “Позірку” напярэдадні парламенцкіх выбараў ён прадказаў доўгае ўнутрыпалітычнае супрацьстаянне ў Грузіі. У новай размове Кісляк прапануе суайчыннікам алгарытмы дзеянняў, а таксама дзеліцца планамі праваабарончай супольнасці, каб падзеі не пайшлі па найгоршым для беларусаў сцэнары.

“Многія рэчы трыгераць”

Якія адчуванні ад таго, што адбываецца на вуліцах Тбілісі і іншых гарадоў?

— Шмат якія рэчы трыгераць, шмат падобнага. Што тычыцца ментальнага здароўя беларусаў, то я і мае калегі назіраюць яго пагаршэнне. Гэтая сітуацыя не можа не ўплываць. Мы бачым гэтых “рабакопаў”, машыны, аўтобусы і мікрааўтобусы з паліцыяй — знаёмыя карцінкі.

Што тычыцца юрыдычнага боку, то, вядома, трэба чакаць, не панікаваць. Гэта гульня ўдоўгую, і зразумела, што яна будзе вырашацца ў нейкі бок. Але нават калі і ў дрэнны, у нас ёсць люфт — магчыма, паўгода, пакуль за нас, так бы мовіць, возьмуцца. Усё ж такі да нас, беларусаў, пакуль ставяцца мякка. Не пускалі — так. Але нікога не дэпартавалі, не экстрадавалі, і гэта добра. У нас няма цяжкіх выпадкаў, як, напрыклад, у азербайджанцаў.

Нам адмаўляюць у судах, але мы спрабуем адстойваць свае інтарэсы. Гэта дазваляе выйграць час. Вядома, калі хтосьці не бачыць магчымасці жыць у Грузіі далей, трэба атрымліваць візу і з’язджаць у Еўрасаюз. Мы працуем над тым, каб еўрапейскія дзяржавы адкрыліся для беларусаў, якія знаходзяцца ў Грузіі.

Агулам сітуацыя такая, што пэўнасць можа з’явіцца няхутка, не ў снежні і не ў студзені. Як праваабаронца, юрыст я б раіў назіраць, каб прыняць патрэбнае рашэнне ў залежнасці ад развіцця падзей.

Калі ўдзельнічаць у акцыях пратэсту, то быць асцярожнымі, не трапляцца. Калі затрымаюць, стаўленне будзе зусім іншае. Беларус, які проста жыве, і беларус, які ўдзельнічае ў пратэстах, — для ўладаў гэта розныя катэгорыі. Другіх улады будуць імкнуцца неяк прэсаваць. Адмова ва ўездзе пасля визарана — гэта яшчэ мяккі варыянт. Проста затрыманне — таксама не найгоршае. Могуць быць і збіцці. Гэта ўжо сыходзіць у шэрую зону, калі могуць схапіць, кудысьці вывезці, збіць, як гэта было ў Беларусі. Спецслужбы таксама на эмоцыях. Такіх рэчаў трэба засцерагацца.

— Мясцовыя кажуць пра пагрозу грамадзянскай вайны, калі кіроўная партыя не прыслухаецца да народа і будзе гнуць сваю лінію, ціснуць пратэст. У новай гісторыі Грузіі супрацьстаянне такога ўзроўню ўжо было. Што рабіць беларусам, калі да гэтага дойдзе?

— Спадзяюся, што ўсё ж такі не дойдзе. Вядома, трэба трымацца далей ад гэтай сітуацыі. Калі гэта здарыцца ў Тбілісі, трэба кудысьці выязджаць, таму што ва ўмовах грамадзянскай вайны абараніцца немагчыма. Законы не працуюць, нічога не працуе. Аднойчы мы гаварылі з вядомым расійскім мультыплікатарам, які з’ехаў у Ізраіль. Мы прасілі яго зрабіць мультфільм аб правах чалавека. І калі ў 2016 годзе ён згаджаўся, то паўтара гады таму, калі і Расія вяла вайну, і ў Ізраілі было неспакойна, ён сказаў: “Бітву за правы чалавека мы прайгралі”. Я не згаджаюся з гэтым, правы чалавека ёсць і ў часы канфліктаў, але звычайна з імі, вядома, вельмі дрэнна.

Беларусы Раман Кісляк і былая спартсменка Марына Зялёная (Калініна) аспрэчваюць у грузінскіх судах адмову ў прытулку
Фота: Раман Кісляк для "Позірку"

“Мы зафіксуем момант, калі адмова ва ўездзе стане масавай”

— Ці дапускаеце вы сітуацыю, калі грузінскія ўлады прапануюць беларусам разам з рускімі, уцекачамі ад мабілізацыі на вайну з Украінай, пакінуць краіну?

— Цалкам. Гэта можа быць расцягнута па часе. Можа, гэты момант ужо надыходзіць. Ужо ёсць выпадкі, калі пры візаране кажуць, што ў наступны раз не пусцяць. Мы зафіксуем момант, калі адмова ва ўездзе стане масавай. Зразумела, што будзе люфт. Адразу выслаць 12 тыс. беларусаў — гэта вельмі сур’ёзная праблема.

Мы рыхтуем ліст у Камітэт ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі, як раз прагназуючы, што такое магчыма. Гэты камітэт сочыць за выкананнем Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі. Там ёсць працэдура тэрміновых мер, і ў рамках гэтай працэдуры рыхтуем ліст, баючыся, што альбо будзе дэпартацыя, альбо выправаджэнне ў іншыя краіны. Калі гэта закране 12 тыс. беларусаў — гэта будзе жудасная гуманітарная сітуацыя. Цяпер гаворка ідзе пра просьбітаў прытулку, якія нязменна атрымліваюць адмову, але мы хочам апярэдзіць магчымае развіццё падзей па самым негатыўным сцэнары.

Нешта загадваць цяжка, магчыма ўсё.

— Дэпартаваць адразу 12 тыс. чалавек — задача вельмі цяжкая. Лягчэй не пускаць на візаране.

— Безумоўна. Могуць ануляваць ДНЖ (яго ёсць шанец атрымаць, напрыклад, па эканамічнай лініі пры выкананні шэрагу ўмоваў. — “Позірк”.), не пускаць, на думку грузінскіх уладаў, нядобранадзейных, што цяпер перыядычна назіраецца, альбо наогул усіх. Паводле маіх назіранняў, і не толькі ў Грузіі, у падобных рашэннях вялікі эмацыйны складнік. У лютым 2022 года Расія пры падтрымцы беларускіх уладаў пачала вайну супраць Украіны — літаральна праз два дні беларусам сталі адмаўляць у прытулку. Тут тое ж самае: раз — і справы беларусаў, што не разглядаліся паўтара, два, тры гады, прыйшлі ў рух, суды пачалі масава адмаўляць у прытулку.

Думаю, што крызіс у Грузіі працягнецца і пасля абрання “Грузінскай марай” свайго прэзідэнта 14 снежня, і пасля яго інаўгурацыі 29 снежня. Кіроўнай партыі здаецца, што яна зможа паладзіць з адміністрацыяй Трампа, які прыйдзе да ўлады ў ЗША 20 студзеня. Грузінская апазіцыя таксама разлічвае на падтрымку новых амерыканскіх уладаў. Так што напружанасць будзе захоўвацца яшчэ доўга.

“Трывожны нумар” — на паперы, а не ў тэлефоне

— Яўген Муравіцкі быў першым і, магчыма, не апошнім грамадзянінам Беларусі, затрыманым на акцыі пратэсту ў Грузіі. Што рабіць суайчыннікам, якія трапілі ў рукі паліцыі, якая ўсё больш становіцца падобнай на беларускую міліцыю?

— Паведамляць у мясцовых чатах беларусаў. Калі забралі тэлефон — патрабаваць даць магчымасць паведаміць пра сваё затрыманне знаёмым, сваякам. Патрабаваць адваката. Я ведаю, што пакуль даюць магчымасць патэлефанаваць. У Муравіцкага яе не было, таму што тэлефон пры затрыманні выпаў і дзесьці згубіўся. Спадзяюся, што не будуць, як у нас, ствараць рэжым інкамунікада або закрываць у лагерах. Пакуль працэдуры працуюць. Калі затрымлівае патрульная паліцыя, яна трымае чалавека не больш за 48 гадзін, афармляе, запрашае адваката (ex officio — паводле прызначэння), перакладчыка. У Муравіцкага быў і адвакат, і перакладчык. Адвакат, праўда, не пайшла на кантакт са мной, але Яўгена ўжо выпусцілі, мы самі высветлім неабходныя дэталі яго справы.

У найгоршым выпадку — перадаваць інфармацыю праз сукамернікаў, якія выходзяць на волю. Часам перакладчыкі бяруць нумар і тэлефануюць. Уласна, менавіта перакладчыкі нярэдка паведамляюць дыяспары, што нейкага беларуса затрымалі, калі нашы суайчыннікі трапляюцца на крымінале.

— Былі паведамленні, што ў раёне правядзення акцый і паліцэйскіх аблаў на мітынгоўцаў затрымлівалі выпадковых людзей, у тым ліку замежнікаў. Ці азначае гэта, што цяпер беларусам у Грузіі заўсёды трэба мець пры сабе “трывожны нумар” — умоўнага Кісляка, яшчэ кагосьці?

— Не абавязкова Кісляка, але нумары нейкіх знаёмых — так, каб яны потым ужо знаходзілі неабходныя кантакты, выходзілі на адвакатаў, праваабаронцаў. Нумар тэлефона на экстраны выпадак трэба абавязкова мець на акцыях і візаране, таму што візаран — гэта ўжо як спецаперацыя, бо невядома, ці пусцяць назад. Вы павінны камусьці паведаміць, што выязджаеце з краіны абнуліць тэрмін знаходжання. І лепш мець нумар, запісаны на паперы: тэлефон можа разрадзіцца, згубіцца, яго могуць забраць, цяпер мясцовая паліцыя гэта таксама практыкуе.

Гл. таксама па тэме:

“Ёсць рызыка зацяжнога канфлікту”. Як выбары ў Грузіі могуць адбіцца на беларусах

У Грузіі першая беларуская сям’я вычарпала судовыя варыянты абскарджання адмовы ў прытулку

Журналіст Мялешка: Справа з выдварэннем мяне з Грузіі была толькі пачаткам — цяпер такіх выпадкаў ужо каля дзясятка

Падзяліцца: