Перад адстаўкай кіраўніка Мінсельгасхарча Барташа Кубракоў далажыў Галоўчанку аб “сістэмных парушэннях” пры пасяўной — дакумент
Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 17 снежня 2024 года ў 09:29.
Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў сёлета 22 траўня далажыў кіраўніку ўрада Раману Галоўчанку аб “сістэмных парушэннях”, выяўленых на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу (АПК) падчас пасяўной кампаніі.
Праз месяц быў адпраўлены ў адстаўку міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ, які не прапрацаваў на пасадзе і года.
Кубракоў накіраваў Галоўчанку ліст за сваім подпісам, копію якога прадаставіла “Позірку“ аб’яднанне былых сілавікоў BelPol.
“Не выкараненыя выпадкі абыякавага стаўлення да даручанай маёмасці”
Кіраўнік МУС паведаміў прэм’еру аб правядзенні супрацоўнікамі ведамства “мерапрыемстваў”, накіраваных “на выяўленне злачынстваў і правапарушэнняў на аб’ектах АПК”. Рэйды былі праведзеныя “ў мэтах недапушчэння зрыву запланаваных тэрмінаў правядзення пасяўной кампаніі 2024 года”.
У лісце гаворыцца, што органамі ўнутраных спраў “праведзены 4.261 маніторынг аб’ектаў захоўвання таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў” (ТМК). У выніку праверак, дакладвае Кубракоў, “у мэтах аператыўнай ліквідацыі выяўленых недахопаў службовым асобам сельскагаспадарчых арганізацый накіравана 1.697 прадстаўленняў”.
“Асноўныя недахопы звязаныя з неналежнай тэхнічнай умацаванасцю аб’ектаў АПК, безгаспадарчасцю, парушэннем правілаў эксплуатацыі транспарту, адсутнасцю вартавой аховы і кантролю за яе працай з боку кіраўніцтва прадпрыемстваў”, — адзначае кіраўнік МУС.
Пры гэтым, паводле яго слоў, “асобнымі кіраўнікамі праігнараваныя патрабаванні АУС, што паказвае на адсутнасць належнага парадку і захавання працоўнай дысцыпліны”.
“Тыповым прыкладам безгаспадарчасці” міністр называе арганізацыю працы ў ААТ “Агра-Відзы” Браслаўскага раёна (Віцебская вобласць), кіраўнік якога некалькі разоў быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за “выяўленыя шматлікія парушэнні ўмоў захоўвання ТМК”.
Аналагічныя меры неаднаразова былі прынятыя ў дачыненні да кіраўніка ААТ “Абідавічы” Быхаўскага раёна (Магілёўская вобласць), бо на прадпрыемстве былі створаны “перадумовы да крадзяжу таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў”, вынікае з дакумента.
Усяго падчас пасяўной кампаніі, як паведамляе міністр, за “непрыняцце належных мер рэагавання” ў дачыненні да службовых асоб сельгаспрадпрыемстваў складзена 418 адміністрацыйных пратаколаў.
“Да цяперашняга часу не выкараненыя выпадкі абыякавага і нядбалага стаўлення да даручанай маёмасці, а таксама неналежнага забеспячэння захаванасці таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў”, — дакладвае кіраўнік ведамства.
“Абуральным фактам”, паводле слоў Кубракова, з’яўляецца” непрыняцце мер “супрацоўнікамі ААТ “Племзавод Мухавец” Брэсцкага раёна па “забеспячэнні належных умоў захоўвання 173 тон карбамідна-аміячнай сумесі”. “Гэта прывяло да яе знішчэння і прычынення шкоды гаспадарцы на суму больш за 113 тыс. рублёў”, — гаворыцца ў лісце.
У дачыненні да галоўнага агранома і кладаўшчыка згаданага прадпрыемства распачатая крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 428 КК (службовая халатнасць), адзначае кіраўнік МУС.
“Задакументаваны шэраг фактаў сістэмнай дзелавой карупцыі”
“Па выніках праведзеных мерапрыемстваў у перыяд пасяўной кампаніі супрацоўнікамі органаў унутраных спраў выяўлена 142 злачынствы, у тым ліку 104 крадзяжы ТМК”, — паведамляе Кубракоў.
Ён удакладняе, што “традыцыйна асноўным аб’ектам злачынных замахаў застаюцца гаруча-змазачныя матэрыялы” (ГЗМ).
“Так, 11 красавіка гэтага года <…> распачатая крымінальная справа <…> у дачыненні да загадчыцы цэнтральнага склада і кладаўшчыка КСУП “Брылёва” Гомельскага раёна, якія шляхам недазапраўкі сельскагаспадарчай тэхнікі сфарміравалі лішкі 18 тон дызельнага паліва на суму 32,6 тыс. рублёў для яго наступнага крадзяжу”, — гаворыцца ў дакуменце.
Усяго ў рамках маніторынгу органамі ўнутраных спраў канфіскавана 50,6 тоны ГЗМ, якія “па выніках разглядаў пастаўленыя на баланс гаспадарак”.
Кубракоў таксама звяртае ўвагу на “шэраг задакументаваных фактаў сістэмнай дзелавой карупцыі ў сферы АПК”.
“Напрыклад, у красавіку — траўні бягучага года па матэрыялах МУС распачата 13 крымінальных спраў паводле ч. 1 арт. 430 КК (атрыманне хабару) у дачыненні да службовых асоб прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу, якія за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, звязаных з праводзімымі закупкамі абсталявання і яго рамонтам, атрымалі ў якасці хабараў ад прадстаўнікоў камерцыйнай структуры звыш 10 тыс. рублёў”, — падкрэслівае чыноўнік.
Усяго, паводле яго даных, у перыяд пасяўной кампаніі ўстаноўлена 29 фактаў атрымання хабараў службовымі асобамі прадпрыемстваў АПК.
“Нягледзячы на прынятыя арганізацыйна-прафілактычныя меры, працягваюць мець месца факты дробных крадзяжоў сельгаспрадукцыі”, — канстатуе міністр. Паводле яго слоў, выяўлена 668 адміністрацыйных правапарушэнняў, прадугледжаных арт. 11.1 КаАП (дробны крадзеж), 525 з якіх здзейсненыя работнікамі сельгаспрадпрыемстваў.
“Актуальным застаецца пытанне п’янства за рулём”
Па-ранейшаму актуальным Кубракоў называе “пытанне п’янства за рулём”.
“Падчас нагляду за дарожным рухам супрацоўнікамі ДАІ спынена 48 фактаў кіравання транспартнымі сродкамі кіроўцамі прадпрыемстваў АПК, якія знаходзіліся ў стане ап’янення (арт. 18.15 КаАП)”, — прыводзіць лічбы кіраўнік МУС.
Найбольшая колькасць нецвярозых вадзіцеляў выяўлена ў Віцебскай (18) і Магілёўскай (9) абласцях.
“За допуск да ўдзелу ў дарожным руху асоб у стане алкагольнага ап’янення складзены 21 адміністрацыйны пратакол (арт. 18.22 КаАП) у дачыненні да кіраўнікоў і службовых асоб сельгаспрадпрыемстваў, а за парушэнне парадку правядзення перадрэйсавага кантролю — 102”, — удакладняецца ў лісце.
Кубракоў дакладвае Галоўчанку, што “аб сістэмных парушэннях, якія мелі месца ў перыяд пасяўной кампаніі” паведамлена кіраўнікам абласных і раённых выканаўчых камітэтаў.
“Трэба ўладу даць такую, якую Сталін у гады вайны не меў”
Аб неабходнасці завяршыць да 9 траўня ўсе пасяўныя работы заявіў Аляксандр Лукашэнка 30 красавіка падчас паездкі ў Касцюковіцкі раён (Магілёўская вобласць).
“Цяпер трэба па-вайсковаму сеяць, — сказаў ён. — Па-вайсковаму. Дзень і ноч. Трэба зараз ўкінуць зерне ў глебу. Надвор’е будзе цёплае, вільгаць сыходзіць, таму трэба своечасова кінуць зерне”. Паводле яго слоў, “дзесьці трэба папрасіць механізатараў”, а дзесьці — “трэба ўладу даць такую, якую Сталін у гады вайны не меў”.
Барташ тады далажыў, што ў Беларусі працягваецца сяўба яравых. Паводле яго слоў, на той момант ужо было засеяна звыш 1 млн га, або 45% ад плана і 105% да ўзроўню мінулага года (у Магілёўскай вобласці — 43% ад плана і 116% да леташняга ўзроўню). Аднак па асобных культурах “ёсць адставанне”.
27 чэрвеня Лукашэнка звольніў Барташа з пасады кіраўніка Мінсельгасхарча, прызначыўшы новым міністрам Анатоля Ліневіча (раней той працаваў першым намеснікам Віцебскага аблвыканкама). Барташ не прапрацаваў кіраўніком ведамства і года (прызначаны 8 жніўня 2023-га).
2 жніўня Барташ быў прызначаны старшынёй Шклоўскага райвыканкама (Магілёўская вобласць).