Паводле беларускіх лякал. Грузінскі тэлеканал абвінаваціў “рэжым Іванішвілі” ў выкарыстанні паслуг “інструктараў Лукашэнкі”
Грузінскія сілавікі выкарыстоўваюць беларускі досвед падаўлення пратэстаў. З такой заявай выступіў апазіцыйны тэлеканал TV Pirveli ў сюжэце па выніках расследавання дзеянняў мясцовай паліцыі ў Тбілісі, дзе 28 лістапада пасля заявы прэм’ер-міністра Іраклія Кабахідзэ аб замарожванні на чатыры гады перамоваў па ўступленні ў Еўрасаюз аднавіліся масавыя акцыі пратэсту. Маніфестацыі пачаліся пасля парламенцкіх выбараў 26 кастрычніка, якія апазіцыя і прэзідэнт Саламэ Зурабішвілі лічаць сфальшаванымі.
Відэаматэрыял атрымаў назву “Хто інструктаваў карнікаў* Гамелауры — інструктары Лукашэнкі на службе рэжыму Іванішвілі” (*другі варыянт перакладу — “мяснікоў”).
Паводле TV Pirveli, летам 2024 года, пасля таго як кіруючая 12 гадоў партыя прарасійскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі “Грузінская мара”, нягледзячы на масавыя пратэсты і пазіцыю прэзідэнта, прыняла ў парламенце закон “аб замежных агентах”, міністр унутраных спраў Вахтанг Гамелауры запрасіў “інструктараў Лукашэнкі” для “кансультацый” перад восеньскімі парламенцкімі выбарамі на фоне хуткага астуджэння адносін з Захадам.
“Позірк” вывучыў паралелі, якія правялі грузінскія журналісты, і дадаткова даследаваў гісторыю пытання.
Хто такі Вахтанг Гамелауры
Ураджэнец грузінскай сталіцы Вахтанг Гамелауры якраз сёння, 24 снежня, адзначае дзень нараджэння. Былы начальнік аховы Іванішвілі святкуе 49 гадоў.
Гамелауры кіруе МУС Грузіі з верасня 2019 года. Гэта яго другі заход на пасаду кіраўніка ведамства. У 2013–2015 гадах ён займаў пасаду намесніка, першага намесніка міністра, а потым і міністра.
У прамежку паміж працай у МУС Гамелауры быў кіраўніком Службы дзяржаўнай бяспекі Грузіі — пераемніцы КДБ Грузінскай ССР. Менавіта гэты перыяд адзначаны публічнымі сувязямі Гамелауры з беларускім КДБ, на што звярнулі ўвагу і расследавальнікі TV Pirveli.
Тры пагадненні і адзін скандал
У красавіку 2015 года Аляксандр Лукашэнка ўпершыню наведаў Грузію. У складзе дэлегацыі быў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. На той момант Гамелауры займаў аналагічную пасаду ў Грузіі. Кіраўнікі ведамстваў падпісалі міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў барацьбе са злачыннасцю, пагадненне аб рэадмісіі і пратакол аб імплементацыі пагаднення аб рэадмісіі. Паведамлялася, што Гамелауры і Шуневіч сустрэліся сам-насам і абмеркавалі “важныя аспекты супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі”.
У жніўні 2016 года ў Грузію прыбыла дэлегацыя беларускага КДБ. Яго тагачасны старшыня Валерый Вакульчык падпісаў з Гамелауры, які кіраваў ужо Службай дзяржаўнай бяспекі, пагадненне аб супрацоўніцтве ў барацьбе з тэрарызмам і злачыннасцю. “Пагадненне прадугледжвае цеснае супрацоўніцтва бакоў у барацьбе супраць тэрарызму, карупцыі і іншых арганізаваных транснацыянальных і міжнародных злачынстваў”, — цытавалі заяву СДБ мясцовыя СМІ.
Ратыфікацыйныя працэдуры зацягнуліся: дакумент набыў моц толькі праз пяць гадоў. Калі б гэта адбылося двума гадамі або яшчэ раней, то, напэўна, прайшло б незаўважаным, а ў жніўні 2021 года ў Грузіі ўжо знаходзіліся тысячы беларусаў, якія збеглі з радзімы ад рэпрэсій.
У сацсетках падняўся шум: сваіх апанентаў рэжым Лукашэнкі масава залічваў у экстрэмісты і тэрарысты, а гэта значыць, што існуе пагроза іх выдачы грузінскімі ўладамі на запыт. Актывісты выказвалі неразуменне, як Грузія, якая імкнецца ў ЕС, можа падпісваць такія пагадненні з краінай, дзе масава парушаюцца правы чалавека. У Батумі сябры беларускай дыяспары выйшлі на пікет з плакатамі “Не перамовам з дыктатарам” і “Грузія, не стань памагатым крывавага рэжыму”. Яны запатрабавалі прыпыніць дзеянне пагаднення, заявіўшы, што перасталі пачувацца ў бяспецы.
Улады Грузіі пратэстныя галасы пачулі і паспрабавалі патлумачыць сваю пазіцыю. “У сувязі з шырокай грамадскай цікавасцю” СДБ выпусціла прэс-рэліз, у якім усклала адказнасць за скандал на беларускі бок: “Пасля падпісання пагаднення ўрад Грузіі зрабіў усе крокі ў вызначаныя тэрміны дзеля таго, каб дакумент набыў моц, а Рэспубліка Беларусь увяла ў дзеянне дакумент, падпісаны ў 2016 годзе, у жніўні бягучага года і зрабіла гэтую інфармацыю даступнай праз медыя”.
Падкрэслівалася, што падобныя пагадненні Грузія мае з ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй, Літвой, іншымі краінамі — членамі НАТО і ЕС. Вось толькі падпісваў дамову беларускі аўтарытарны рэжым, а ўводзіў у дзеянне ўжо таталітарны.
Паміж радкоў СДБ дала зразумець, што выдача беларусаў Мінску — і нават само дапушчэнне гэтай магчымасці — не ў інтарэсах Грузіі: “Выкарыстанне міжнароднай дамовы падчас кампаніі па дыскрэдытацыі органаў бяспекі і праваахоўных органаў краіны выклікае асаблівую занепакоенасць, паколькі гэта можа нанесці шкоду дзяржаўным інтарэсам. Грузіі”. Дзяржава “ў адпаведнасці са сваімі інтарэсамі добраахвотна абменьваецца інфармацыяй у кірунку барацьбы са злачыннасцю, такім чынам, цяперашняе пагадненне не абавязвае бакі здзяйсняць дзеянні, якія супярэчаць іх дзяржаўным інтарэсам”.
Іншымі словамі, Грузія апасродкавана запэўніла беларусаў, што не будзе паведамляць пра іх на патрабаванне Мінска альбо па змаўчанні пасля іх прыбыцця на яе тэрыторыю. І сапраўды, нікога з палітуцекачоў Тбілісі пакуль не выдаў. Але тут ключавое слова — “пакуль”, усё залежыць ад трактоўкі вось гэтага пункта пагаднення: “У рамках супрацоўніцтва, прадугледжанага гэтым пагадненнем, і на падставе запыту бакі садзейничаюць адно аднаму ў перадачы персанальных даных”.
Быў і яшчэ адзін супольны дакумент. У снежні 2017 года Гамелауры прыбыў у беларускую сталіцу на святкаванне 100-годдзя КДБ і падпісаў з Вакульчыкам пагадненне “Аб абмене і ўзаемнай абароне сакрэтнай інфармацыі”. СДБ паведаміла, што дзякуючы дакументу “будзе створаная трывалая прававая аснова для абмену сакрэтнай інфармацыяй паміж дзвюма краінамі ў сферы бяспекі і праваахоўнай дзейнасці, а таксама ў сферы міжнародных адносін і іншых галінах”.
“Добрыя парады” на ўзаемнай аснове
У сакавіку 2018 года Лукашэнка наведаў Грузію другі раз. “Не было таго выпадку, каб Грузія не стаяла побач з Беларуссю ў самыя цяжкія часы. І [ранейшы прэзідэнт] Міхаіл Саакашвілі, і цяперашняя ўлада заўсёды падтрымлівалі беларускі народ”, — заявіў Лукашэнка ў Тбілісі.
Саакашвілі, які цяпер знаходзіцца пад следствам у Грузіі, абараняў мінскі рэжым на міжнароднай арэне, адказваючы ўзаемнасцю за непрызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Але за словамі Лукашэнкі аб падтрымцы могуць хавацца “дадатковыя опцыі”. У лістападзе 2021 года былы прэзідэнт Грузіі заявіў, што ў 2007-м той дапамог раскрыць яму “антыгрузінскую змову” Масквы, якая нібыта стаяла за выступамі апазіцыі і жадала прывесці на пасаду кіраўніка дзяржавы свайго стаўленіка.
А ў канцы лістапада 2010 года, менш чым за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, людзі з атачэння Саакашвілі, як сцвярджаў сайт прыхільнікаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі са спасылкай на “аднаго з еўрапейскіх дыпламатаў” і “крыніцу ў адміністрацыі беларускага кіраўніка”, нібыта прапанавалі Лукашэнку кансультацыйныя паслугі па падаўленні вулічных пратэстаў — і таксама на знак падзякі за непрызнанне сепаратысцкіх рэгіёнаў Грузіі. “Сапраўды ад вялікага да агіднага дыстанцыя невялікая. Калі няма прынцыпаў і каштоўнасцяў — тады кіруе баль беспрынцыповасць і прагматызм, які дрэнна пахне”, — заявіў тады лідар АГП Анатоль Лябедзька.
Скандальнае “Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і Службай дзяржаўнай бяспекі Грузіі”, якое праляжала пад сукном пяць гадоў і набыло моц праз год пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, утрымлівае шэраг палажэнняў, якія як мінімум ускосна пацвярджаюць версію TV Pirveli аб выкарыстанні грузінскімі сілавікамі беларускіх метадаў барацьбы з іншадумцамі.
Напрыклад, артыкул 2 “Сферы супрацоўніцтва”, пункт 2: “Наданне аператыўнага, тэхнічнага і іншага садзейнічання ў барацьбе з наступнымі злачынствамі: а) злачынствы супраць канстытуцыйнага ладу, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў бакоў…”
На трэці дзень пасля пачатку маштабных пратэстаў супраць замарозкі працэсу еўраінтэграцыі, 30 лістапада, СДБ паведаміла пра узбуджэнне крымінальнай справы паводле арт. 315 КК (змова ці мяцеж у мэтах гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу), а гэта якраз і падпадае пад працытаваны пункт.
У арт. 3 “Формы супрацоўніцтва” ідзе адсылка на папярэдні артыкул: “Бакі надаюць адзін аднаму садзейнічанне ў прадухіленні, выяўленні, расследаванні і спыненні злачынстваў, пазначаных у артыкуле 2 гэтага пагаднення”.
Больш за тое, “бакі могуць узгадніць магчымасць прысутнасці прадстаўнікоў другога боку ў статусе назіральніка падчас ажыццяўлення гэтых мерапрыемстваў”, а таксама “ажыццяўляюць узгодненыя мерапрыемствы”.
Пагадненне прадугледжвае навучальныя курсы, семінары, “навучальныя візіты”, трэнінгі, “наданне дапамогі тэхнічнымі сродкамі, прыладамі і іншым абсталяваннем”.
А каб не было непаразуменняў, асобна агаворваецца, што “пры ажыццяўленні супрацоўніцтва, прадугледжанага гэтым пагадненнем, выкарыстоўваецца руская мова, калі бакамі не абумоўлена іншае ў кожным канкрэтным выпадку”.
Кадры “дежа вю”
“Шмат якія рэчы трыгераць, шмат што падобна. (…) Мы бачым гэтых “рабакопаў”, машыны, аўтобусы і мікрааўтобусы з паліцыяй — знаёмыя карцінкі”, — так каментаваў у інтэрв’ю “Позірку“ падзеі на вуліцах Тбілісі беларускі праваабаронца Раман Кісляк, які пакуль беспаспяхова спрабуе атрымаць у Грузіі міжнародную абарону.
Журналісты TV Pirveli, супаставіўшы дзясяткі відэазапісаў і сведчанняў, правялі паралелі паміж дзеяннямі мясцовых і беларускіх сілавікоў. Цалкам сыходзяцца не толькі дзеянні на вуліцах, але і характар цялесных пашкоджанняў, нанесеных дэманстрантам, а таксама стыль зносін з імі, уключаючы пагрозы сэксуальнага гвалту і патрабаванні славасловіць сілавікоў. Розніца толькі ў пары-тройцы дэталяў, хоць і істотных: у Грузіі пакуль не страляюць з агнястрэльнай зброі (пры гэтым досвед вулічных баёў багаты), і абодва лагеры верныя адной сімволіцы, таму паліцыянты не топчуць сцягі, а згортваюць і забіраюць з сабой. Але пры гэтым чалавек са сцягам на спіне — маркер для паліцыі, што гэта ўдзельнік пратэстаў.
Ну і пакуль яшчэ паліцыянты, у адрозненне ад беларускіх сілавікоў у 2020-м, не б’юць машыны, на якіх прыязджаюць пратэстоўцы (акцыі часта сканчаюцца глыбокай ноччу, а грамадскі транспарт, у тым ліку метро, спыняе працу каля апоўначы). Агрэсія накіроўваецца ў іншае рэчышча: з рупараў спецназ мацюкаецца, правакуючы мітынгоўцаў на дзеянні ў адказ, каб знайсці падставу збіць. Мясцовая спецыфіка.
У сюжэце звяртаецца ўвага на наступныя метады паліцыі ў барацьбе з дэманстрантамі, якія, як сцвярджаюць журналісты, яна пераняла ў беларускіх калег. Кароткі змест:
— выхопліванне людзей з натоўпу па адным групай паліцыянтаў;
— паказальнае затрыманне грамадзян, якія спакойна стаяць, у тым ліку ў баку ад асноўных падзей;
— пераслед грамадзян на суседніх вуліцах, у крамах, аптэках (прамая паралель з уварваннем тагачаснага начальніка ГУБАЗіК МУС Мікалая Карпенкова ў мінскую кавярню O’Petit, дзе хаваліся пратэстоўцы);
— прыцягненне да аблаваў невядомых у цывільным (“цітушак” — гэтае слова з украінскай за апошнія месяцы прыжылося і ў грузінскай мове; у Беларусі такіх клічуць “ціхарамі” або “гіцалямі”), якія насамрэч маюць дачыненне да сілавых структур альбо з’яўляюцца іх супрацоўнікамі;
— адсутнасць ідэнтыфікацыйных нумароў на касках сілавікоў;
— выкарыстанне для аблаў спецназу, які павінен быць задзейнічаны толькі пры масавых беспарадках;
— збіццё ляжачых;
— наўмыснае нанясенне пашкоджанняў на бачных месцах, каб пасеяць страх і паніку ў астатніх; калі стамляліся збіваць адны, ім на змену прыходзілі іншыя; тыя, хто ў той момант не ўдзельнічаў у збіцці, стаялі побач і смяяліся;
— указанне ў паліцэйскіх пратаколах, што пратэстоўца быў збіты невядомымі яшчэ да затрымання, г.зн. паліцыя нібыта ўвогуле не мае да гэтага дачынення (у Беларусі пабоі — практычна “джэнтльменскі набор” затрыманага);
— пагрозы згвалтавання на адрас затрыманых (практыка шырока распаўсюджаная і ў Расіі, якая ў сюжэце таксама згадваецца, але ў меншай ступені);
— патрабаванне ад затрыманых хваліць дырэктара дэпартамента спецыяльных задач МУС Звіяда Харазішвілі па мянушцы Харэба (Благавешчанне) (у Беларусі — відэазапісы з “пакаяннем”);
— марадзёрства (у затрыманых адбіраюць не толькі тэлефоны і ноўтбукі, але і грошы, упрыгожванні, навушнікі, якія не вяртаюць пасля вызвалення).
Мясцовыя эксперты параўноўваюць жорсткасць паліцыі, рэфармаваннем якой у свой час так ганарыўся Саакашвілі, з жорсткасцю савецкай арміі, якая падаўляла антысавецкую дэманстрацыю ў Тбілісі ў красавіку 1989 года (“ноч сапёрных лапатак”). Тады загінула каля 20 чалавек, большасць ахвяр — жанчыны.
Больш за тое, абапіраючыся на статыстыку, мясцовыя журналісты прыходзяць да высновы, што ў Грузіі сілавікі працавалі з асаблівай стараннасцю: з 6 тыс. затрыманых у Беларусі (за першыя тры дні пратэстаў, 9—11 жніўня 2020-га) вельмі моцна збіта было 450, у Грузіі з 500 затрыманых — 300.
Выканаўчы дырэктар тбіліскага Цэнтра псіхасацыяльнай і медыцынскай рэабілітацыі ахвяр катаванняў Лела Цыскарышвілі паведаміла ў інтэрв’ю TV Pirveli, што разам з калегамі з іншых краін параўноўвала метады гвалту ў дачыненні да пратэстуючых у Беларусі і Грузіі і пацвярджае ідэнтычнасць прыёмаў фізічнага і псіхалагічнага ўздзеяння.
Некаторыя затрыманыя ў Тбілісі сцвярджалі, што ў склад групаў “цітушак” уваходзілі рускамоўныя. Да такой высновы іх падштурхоўвала поўная адсутнасць рэакцыі часткі тых, хто нападаў на грузінскую мову. Дакументальнага пацверджання гэтаму няма, тым больш што не рэагаваць ні на што ў школах спецслужбаў таксама вучаць.
Апошнія дзесяць дзён у сталіцы Грузіі стала яшчэ гучней: да пратэсту далучаюцца ўсё новыя сацыяльныя групы, аднак паліцыя практычна знікла, і вулічныя акцыі больш падобныя на карнавал. Пры гэтым спецыяльна абсталяваныя мэрыяй “навагоднія вёскі” практычна пустыя.
Усе чакаюць 29 снежня, калі “Грузінская мара” плануе правесці цырымонію інаўгурацыі абранага ёю ў парламенце прэзідэнта Міхеіла Кавелашвілі — былога футбаліста без вышэйшай адукацыі, адсутнасць якой у 2015 годзе перашкодзіла яму балатавацца на пасаду кіраўніка Федэрацыі футбола Грузіі. Саламэ Зурабішвілі заявіла, што не збіраецца пакідаць пасаду, і разам з апазіцыяй працягвае патрабаваць новых выбараў. Прэм’ер-міністр Кабахідзэ публічна прыгразіў ёй турмой.
Каментар праваабаронцы
Перад публікацыяй з гэтым матэрыялам азнаёміўся праваабаронца Раман Кісляк. Яго кароткі каментар: “На жаль, якой інфармацыяй абменьваюцца грузінскі СДБ з беларускім КДБ, мы, беларускія праваабаронцы, не ведаем, можам толькі меркаваць. Але ўжо відавочна, што на акцыях пратэсту ў моманты сутыкнення з тымі, хто пратэстуе, паводзіны грузінскіх сілавікоў усё больш нагадваюць дзеянні беларускага спецназу”.