Вынікі-2024 ад Паўла Латушкі: адказнасць рэжыму, дапамога палітвязням, міжнароднае прызнанне дэмсілаў
Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, член Каардынацыйнай рады, надзвычайны і паўнамоцны амбасадар — спецыяльна для “Позірку“
Узурпатар на шляху ў Гаагу
Упершыню ў гісторыі нашай краіны афіцыйна адкрытая магчымасць перадачы ў офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда матэрыялаў аб учыненых прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі злачынствах супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа. Мэта — пачатак следства, выдача ордара на арышт Лукашэнкі і ягоных саўдзельнікаў, а таксама прыцягненне іх да адказнасці за злачынствы супраць беларусаў.
З усіх санкцыйных рашэнняў я б асабліва вылучыў тых, каго можна назваць “пярэваратнямі ў мантыях“. На аснове матэрыялаў, падрыхтаваных і перададзеных камандай НАУ, Еўрапейскі саюз увёў санкцыі супраць 24 суддзяў рэжыму, а таксама 10 супрацоўнікаў пенітэнцыярнай сістэмы і трох прапагандыстаў. Мы будзем дэманстраваць так званым суддзям, што, валодаючы вышэйшай юрыдычнай адукацыяй, яны выдатна ведаюць, што здзяйсняюць злачынствы. Унясенне іх у санкцыйныя спісы — першы крок на шляху іх прыцягнення да крымінальнай адказнасці.
Сярод санкцый асаблівую ўвагу варта надаць абмежаванню выкарыстання самалётаў Лукашэнкі. 9 жніўня прапановы і абгрунтаванні каманды НАУ знайшлі адлюстраванне ў санкцыях ЗША супраць борта дыктатара № 1 — Boeing 767, што завяршыла нашу працу па ўвядзенні санкцый на ўсе паветраныя судны Лукашэнкі. Сёння пад санкцыямі знаходзяцца чатыры самалёты і адзін верталёт дыктатара. Нам было важна накіраваць яму персанальны сігнал, які падкрэслівае яго асабістую адказнасць за тое, што адбываецца. Лукашэнка будзе ўсё складаней працягваць карыстацца выгодамі і прывілеямі, якія ён незаконна стварыў для сябе і сваёй сям’і.
Асобна варта адзначыць важнасць значнай гарманізацыі санкцый супраць Расіі і рэжыму Лукашэнкі, практычна на 60%. Гэта скарачае магчымасці абыходу ў інтарэсах Расіі раней накладзеных абмежаванняў і ўзмацняе ціск на рэжым Лукашэнкі.
Істотным крокам стала абмежаванне транзіту санкцыйных тавараў праз Беларусь. НАУ сумесна з іншымі беларускімі ініцыятывамі, у тым ліку BelPol і Беларускім расследавальніцкім цэнтрам, дакументальна зафіксавала злоўжыванні транзітнымі схемамі, якія выкарыстоўвае рэжым для абыходу санкцый. Нашы доказы знайшлі адлюстраванне ў прававых нормах, замацаваных рашэннем Савета ЕС ад 29 чэрвеня 2024 года, якое істотна ўскладніла выкарыстанне ілжывых транзітных маршрутаў.
Таксама прынцыпова важнымі сталі санкцыі супраць сістэмы перадачы фінансавых паведамленняў Банка Расіі (СПФП). Нашае абгрунтаванне, перададзенае яшчэ ў снежні 2023 года ў Брусэль аб неабходнасці санкцый супраць СПФП — сістэмы, якая выкарыстоўваецца для абыходу ўведзеных фінансавых санкцый і аплаты санкцыйных тавараў, неабходных для ВПК РФ у агрэсіі супраць Украіны, — было ўлічана ў 14-м пакеце санкцый ЕС супраць Расіі ад 24 чэрвеня 2024 года.
Падтрымка палітвязняў і барацьба за іх вызваленне
У працы Офіса Святланы Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) важным дасягненнем стала стварэнне Міжнароднага гуманітарнага фонду для дапамогі палітычным зняволеным і іх сем’ям, а таксама правядзенне міжнароднай кампаніі за вызваленне палітычных зняволеных, перш за ўсё з гуманітарнага спісу; правядзенне міжнародных дзён салідарнасці.
Вызвалена больш за 200 палітзняволеных, але гэта толькі маленькая частка вязняў. Адначасова мы разумеем, што нашая барацьба — гэта спрынтамарафон з перманентнымі перашкодамі, якія стварае сам рэжым. У цяперашняй сітуацыі галоўная праблема — прынцып умоўнай ратацыі, які рэалізуе рэжым, вызваляючы адных і адначасова кідаючы ў засценкі новых ні ў чым не вінаватых беларусаў.
У снежні 2024 года былі арганізаваныя беспрэцэдэнтныя Дні Беларусі ў Бруселі, у рамках якіх прайшла канферэнцыя высокага ўзроўню Еўрапейскага парламента ў падтрымку народа Беларусі. На канферэнцыі, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі дэмакратычных інстытутаў Беларусі і беларускай грамадзянскай супольнасці, а таксама прэзідэнт Еўрапейскага парламента Раберта Метсола і еўрадэпутаты, шэраг еўракамісараў, была падкрэсленая прынцыповая падтрымка Еўрасаюзам дэмакратычных памкненняў беларусаў.
Устойлівасць інстытутаў дэмакратычных сіл
На пачатку жніўня 2024 года адбылася канферэнцыя “Новая Беларусь“, у рамках якой былі падпісаныя важныя стратэгічныя дакументы: Пратакол узаемадзеяння, Дэкларацыя аб адказнасці і аднаўленні справядлівасці, Дэкларацыя аб знешнепалітычных прыярытэтах дэмакратычнай Беларусі. Таксама прынятая “Платформа 2025”, якая аб’ядноўвае падыход усіх дэмакратычных сіл Беларусі да так званых выбараў у 2025 годзе.
Важна, што для рэалізацыі агульнай стратэгіі мы здолелі прадэманстраваць устойлівасць інстытутаў дэмакратычных сіл. Гэта беспрэцэдэнтнае дасягненне для гісторыі Еўропы: нягледзячы на вымушанае выгнанне, існуюць і дзейнічаюць інстытуты абранага прэзідэнта (прэзідэнт-элект), Аб’яднаны пераходны кабінет як выканаўчы орган, а таксама Каардынацыйная рада як прадстаўнічы орган. Нас успрымаюць у якасці паўнапраўных партнёраў, менавіта таму праведзеныя стратэгічныя дыялогі са Злучанымі Штатамі Амерыкі і Еўрапейскай камісіяй, аналагічныя тым, якія ЗША і Еўрасаюз вядуць з урадамі іншых краін. У дадзеным выпадку — з прадстаўнікамі дэмакратычных інстытутаў Беларусі.
Мы таксама пачалі стратэгічны дыялог з Канадай і плануем запусціць аналагічны працэс з Вялікабрытаніяй.
Першыя рэальныя выбары прадстаўнічага органа
Мы ўпершыню абралі прадстаўнічы орган Беларусі. Для Каардынацыйнай рады гэта, безумоўна, гістарычны момант. На жаль, удзел у галасаванні узяла адносна невялікая колькасць беларусаў. Гэта звязана як з аб’ектыўнымі, так і з суб’ектыўнымі прычынамі. Адным з фактараў, якія перашкаджаюць удзелу ў выбарах, стаў недавер сістэме падліку галасоў. Але сам факт, што ніхто з тых, хто узяў удзел у самім галасаванні, не быў ідэнтыфікаваны і прыцягнуты да адказнасці, дэманструе, што сістэма працуе і мы ўпершыню атрымалі прадстаўнічы орган. Для мяне і нашай кааліцыі ў КР гэта азначае, што мы прадстаўляем пазіцыю каля 2.400 выбаршчыкаў, якія падтрымалі нашу праграму. Мы атрымалі 35% мандатаў. І гэта прадстаўнічы орган, упершыню за дзесяцігоддзі сфармаваны дэмакратычным шляхам.
Асабліва важна, што найбуйнейшая міжнародная парламенцкая арганізацыя — Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ) — прызнала статус прадстаўнічага органа Каардынацыйнай рады. І ўпершыню ў гісторыі запрасіла афіцыйную дэлегацыю КР узяць удзел у сесіі ПАСЕ ў студзені 2025 года. Гэта беспрэцэдэнтна. Кажу як былы амбасадар, які адказваў за працу місіі Беларусі пры СЕ да 2019 года.
Дапамога беларусам за мяжой
Мы здолелі аднавіць дзейнасць рабочай групы па пытаннях, звязаных са знаходжаннем грамадзян Беларусі ў Польшчы, паміж Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы і прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл. У склад групы ўключаная мая кандыдатура, а таксама Віталь Малчанаў ад прадстаўніцтва АПК па сацыяльных пытаннях.
Акрамя таго, створана рабочая група па пытаннях супрацоўніцтва з няўрадавымі арганізацыямі, заснаваная міжведамаснай рабочай групай Польшчы па пытаннях міграцыі. У яе склад увойдуць прадстаўнікі розных арганізацый дыяспары, а ў якасці прадстаўніка АПК — Арцём Праскаловіч.
Гэтая дзейнасць фактычна накіраваная на штодзённае развязанне пытанняў, звязаных з легалізацыяй беларусаў за мяжой. Асобна мы сумесна з асацыяцыяй “Да Волі” надалі падтрымку ў атрыманні 126 віз, у тым ліку 117 гуманітарных віз для беларусаў, якіх пераследуе рэжым Лукашэнкі; і пры неабходнасці — эвакуацыяй беларусаў з тэрыторыі краіны.
На жаль, легалізацыя дагэтуль застаецца праблемай. Мы адстойваем інтарэсы беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, але іншыя краіны абмяжоўваюць магчымасць іх легалізацыі, кіруючыся падыходамі нацыянальнай бяспекі.
Пра вечныя каштоўнасці
У 2024 годзе працягнуў дзейнасць праект каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення — Музей вольнай Беларусі. За год праведзена больш за 100 культурна-адукацыйных мерапрыемстваў, удзельнікамі якіх стала больш за 8,5 тыс. чалавек, аб’ём фонду музея перавысіў 300 арыгінальных экспанатаў з найноўшай гісторыі беларускага пратэсту. Умацаваліся міжнародныя сувязі музея — устаноўленыя партнёрскія адносіны з прадстаўнікамі амбасадаў больш за 20 краін свету, а таксама з Сеймам, Сенатам, Міністэрствам замежных спраў, Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, мэрыяй Варшавы.
У другой частцы артыкула, якая будзе апублікаваная 4 студзеня, Павел Латушка распавядзе аб планах і прагнозах на 2025 год.