На прадпрыемстве ў Горках назапасілася больш за 100 тон грэчкі, аблвыканкам прапаноўваў выдаваць яе ў кошт заробку — дакументы
3 студзеня, Позірк. Выдаваць у кошт заработнай платы грачаныя крупы прапаноўваў сельскагаспадарчым арганізацыям Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, вынікае з адпаведнай службовай перапіскі чыноўнікаў.
Копіі пацвярджальных дакументаў перадало “Позірку” аб’яднанне былых сілавікоў BelPol.
Гаворка ідзе пра грачаныя крупы, назапашаныя на складах камунальнага ўнітарнага прадпрыемства (КУП) “Горацкі элеватар” — дзяржарганізацыі па прыёмцы, дапрацоўцы і захоўванні збожжа сельскагаспадарчых культур.
19 ліпеня 2024 года да першага намесніка старшыні аблвыканкама Сяргея Савіцкага звярнуўся з гэтай нагоды Андрэй Саланінка, першы намеснік старшыні Горацкага райвыканкама — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні.
У лісце паведамляецца, што КУП “Горацкі элеватар” у 2022 годзе “з’яўлялася нарыхтоўшчыкам збожжа грэчкі ў рамках дагавораў пастаўкі для дзяржаўных патрэб”.
“На працягу 2023 года на давальніцкіх умовах ажыццяўлялася перапрацоўка нарыхтаванай грэчкі на філіяле Гомельскі камбінат хлебапрадуктаў ААТ “Гомельхлебапрадукт”, пасля якой гатовая прадукцыя рэалізоўвалася спажыўцам. У сувязі з тым, што гандлёвыя сеткі і арганізацыі Белкаапсаюза аддавалі перавагу закупцы фасаваных грачаных круп, прадпрыемства адчувала непераадольныя цяжкасці з рэалізацыяй крупы грачанай вагавой”, — гаворыцца ў дакуменце.
Саланінка звяртае ўвагу, што “ў цяперашні час” на складах “Горацкага элеватара” сабралася “166 тон 531 кг вагавой крупы грачанай ядрыцы ў мяшках па 50 кг, выпрацаванай у студзені — лютым 2023 года, да заканчэння тэрміну дзеяння якой застаецца не больш за 2,5 месяца”.
“Перапрацоўка астатняй грэчкі, нарыхтаванай у 2022 годзе, цалкам прыпыненая”, — адзначае чыноўнік.
Паводле яго слоў, прадпрыемства “прымае ўсе магчымыя меры для зніжэння складскіх запасаў грачанай крупы, рассылае камерцыйныя прапановы з мэтай пошуку новых контрагентаў”. Аднак, паведамляе ён, “гандлёвыя сеткі і іншыя прадпрыемствы гандлю і грамадскага харчавання не гатовыя браць на рэалізацыю крупы з такімі тэрмінамі прыдатнасці”.
“У сувязі з гэтым пераканаўча просім вас аказаць садзейнічанне па пытанні рэалізацыі крупы грачанай вагавой сельскагаспадарчым арганізацыям Магілёўскай вобласці для арганізацыі харчавання работнікаў, а таксама для выдачы ў кошт заработнай платы работнікам гэтых арганізацый”, — гаворыцца ў дакуменце.
Да яго намеснік старшыні райвыканкама прыклаў прапанову аб размеркаванні грэчкі паміж раёнамі вобласці. З гэтых даных вынікае, што больш за ўсё крупы трэба накіраваць сельгаспрадпрыемствам Магілёўскага раёна (29 тон 860 кг), менш за ўсё — Краснапольскага раёна (2 тоны 87 кг).
4 кастрычніка 2024 года ліст падобнага зместу (некаторыя фармулёўкі цалкам супадаюць) накіраваў Савіцкаму галоўны інжынер “Горацкага элеватара” Аляксандр Лёўкін.
Ён інфармуе “паважанага Сяргея Канстанцінавіча”, што ў 2023 годзе на прадпрыемства “паступіла 402 тоны крупы грачанай вагавой”, 278 тон рэалізавана са студзеня таго года па верасень 2024-га. Аднак “непераадольныя цяжкасці” з продажамі застаюцца, бо гандлёвыя сеткі і арганізацыі Белкаапсаюза аддаюць перавагу закупцы фасаванай грэчкі.
“У выніку гэтага па стане на сённяшні дзень на складах прадпрыемства застаецца 124 тоны вагавой крупы грачанай ядрыцы ў мяшках па 50 кг, выпрацаванай у студзені — лютым 2023 года, да заканчэння тэрміну дзеяння якой застаецца менш за месяц”, — падкрэслівае галоўны інжынер.
У дакуменце адзначаецца, што “Горацкі элеватар” “прымае ўсе магчымыя меры для зніжэння складскіх запасаў” і, у прыватнасці, звярнуўся “ва ўсе раённыя выканаўчыя камітэты вобласці з просьбай аказаць садзейнічанне ў рэалізацыі крупы грачанай вагавой праз сустрэчную пастаўку збожжа сельскагаспадарчым арганізацыям Магілёўскай вобласці для арганізацыі харчавання работнікаў, а таксама для выдачы ў кошт заработнай платы работнікам арганізацый”.
“Аднак, — канстатуе Лёўкін, — на ўсе нашы звароты паступаюць адказы ад упраўленняў па сельскай гаспадарцы і харчаванні, што сельскагаспадарчыя арганізацыі раёнаў не маюць патрэбы ў набыцці крупы грачанай вагавой”.
Як і Саланінка, прадстаўнік прадпрыемства “пераканаўча просіць” Савіцкага садзейнічаць “рэалізацыі крупы грачанай вагавой” шляхам яе пастаўкі сельгасарганізацыям “для арганізацыі харчавання работнікаў, а таксама для выдачы ў кошт заработнай платы або матэрыяльнай дапамогі работнікам гэтых арганізацый”.
Якім быў адказ Савіцкага, невядома. Пры гэтым у распараджэнні “Позірку“ маецца копія ліста першага намесніка старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Іллі Мальчэўскага. У дакуменце ад 16 жніўня 2023 года чыноўнік рэагуе, верагодна, на папярэднія просьбы з Горацкага раёна садзейнічаць рэалізацыі грачанай крупы.
Ліст Мальчэўскага адрасаваны “кіруючым кампаніям, арганізацыям, прадпрыемствам, упраўленням па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкамаў”.
“У сувязі з наяўнасцю на захоўванні КУП “Горацкі элеватар” вагавой крупы грачанай ядрыцы ў мяшках па 50 кг, выпрацаванай у лістападзе — снежні 2022 года камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама просіць разгледзець пытанне аб закупцы круп падведамным і сельскагаспадарчым арганізацыям для арганізацыі харчавання супрацоўнікаў або выдачы ў кошт заработнай платы ў адпаведнасці з заканадаўствам”, — гаворыцца ў дакуменце.
Адметна, што 17 ліпеня 2024 года раённая газета “Горацкі веснік” паведаміла аб прызначэнні дырэктарам “Горацкага элеватара” Юрыя Блахіна, які раней працаваў кіраўніком мсціслаўскага філіяла ААТ “Бабушкіна крынка”.
У публікацыі адзначалася, што працоўнаму калектыву Блахіна прадставіў першы намеснік старшыні аблвыканкама Савіцкі.
“Сяргей Канстанцінавіч даў нездавальняючую ацэнку вынікам дзейнасці [прадпрыемства] у першым паўгоддзі. Выручка элеватара паднялася на 112%. Кошт застаўся на ўзроўні даходаў. “Мінусуе” прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі. На 5 млн рублёў узраслі страты, на 4 млн рублёў — крэдыторская запазычанасць”, — заяўлялася ў рэпартажы дзяржвыдання.
Раней з 2014 года “Горацкім элеватарам” кіраваў Пётр Панасюга.