Мінск 01:49

90% для Лукашэнкі, 5% для Гайдукевіча — прагноз гісторыка

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 14 студзеня 2025 года ў 20:39

Аляксандр Фрыдман
Фота: "Позірк"

Асаблівасць цяперашняй электаральнай кампаніі ў адсутнасці па-сапраўднаму апазіцыйных кандыдатаў. У сучаснай, блізкай да таталітарызму Беларусі ніхто не адважыўся адкрыта заявіць пра намер змяніць Аляксандра Лукашэнку.

Нясмелыя, а хутчэй баязлівыя заявы зарэгістраванай чацвёркі, як паказалі іх першыя публічныя выступы на радыё і ТБ, далёкія ад сапраўднай канкурэнцыі. Мэта — не выбары, а сам працэс, дакладней яго імітацыя з загадзя вызначаным вынікам. Паралельна ідзе нястрымнае раздзіманне культу асобы 70-гадовага кіраўніка. У рамках прапагандысцкай акцыі “Марафон адзінства. Час выбраў нас” (гэта значыць не выбаршчыкі на выбарах) ужо не саромеюцца вазіць па краіне выставу падарункаў яму пад назвай “З любоўю і ўдзячнасцю”.

Перараджэнне Лукашэнкі з “народнага прэзідэнта” ў “манарха”, паказную стомленасць ад улады з “дэлегаваннем паўнамоцтваў прэзідэнта на месцы”, а таксама выніковы расклад, які будзе даручана абвясціць ЦВК, аглядальнік “Позірку” абмеркаваў з гісторыкам, палітычным аналітыкам Аляксандрам Фрыдманам.

“Выпрабаванне ўладай Лукашэнка не прайшоў”

— У 1994-м Лукашэнка прыйшоў да ўлады на хвалі цалкам шчырага народнай любові. Ён пазіцыянаваўся як усенародны прэзідэнт. Але праз кароткі час пачаў ператварацца ў манарха. Навошта, бо ў гісторыю можна было ўвайсці інакш?

— Уся гэтая трансфармацыя адбывалася на нашых вачах. Сапраўды, Лукашэнка стаў прэзідэнтам як “чалавек з народа”.

Аднак наступіла выпрабаванне уладай, якое ён не прайшоў. Калі гаспадарыць спадабалася — выбудаваў сістэму максімальна не абмежаваных сваіх паўнамоцтваў. А потым аддаленне ад “народнасці” адбывалася ўжо само сабой. Калі ёсць уся паўната ўлады, ты сам можаш вырашаць лёс любога чалавека — і пакараць смерцю, і мілаваць.

За кошт гэтага і адбылася трансфармацыя з “чалавека з народа” ў “чалавека, які знаходзіцца на вяршыні”.

— Перад рэферэндумам 1996 года Лукашэнка казаў: дайце мне гэтую Канстытуцыю (прэзідэнцкі варыянт), і я змяню вашае жыццё да лепшага. Пасля рыторыка змянілася: забярыце ад мяне гэтыя паўнамоцтвы, раённыя начальнікі павінны ўсё вырашаць на месцах. Ён сапраўды “наеўся” улады, як увесь час сцвярджае?

— Лукашэнка какетнічае, калі кажа, што чыноўнікі павінны браць на сябе больш паўнамоцтваў. Фразы тыпу “я не адзіны”, “вы павінны таксама браць на сябе адказнасць” абсалютна нічога не значаць.

Уся выбудаваная сістэма ўлады мае на ўвазе, што над ёй пануе адзін чалавек. Змены, што адбываюцца, касметычныя, неістотныя.

— Здавалася б, любы кіраўнік павінен толькі радавацца таму, што хай не ва ўсіх, але ў пэўных пытаннях не трэба ні на каго азірацца. Аднак гэта не тычыцца беларускага бюракратычнага апарату.

— Наменклатура Лукашэнкі прызвычаілася да таго, што ў краіне на ўсё воля аднаго чалавека, паводле якой правілы гульні могуць змяніцца ў кожны момант.

За гэтыя гады ў іх атрафавалася пачуццё самастойнасці. Яны прызвычаііліся быць выканаўцамі волі, таму што выбудаваная патэрналісцкая сістэма.

Калі ў 2024 годзе прапаганда распавядала пра 30-гадовае кіраванне “правадыра”, то канцэнтравалася толькі на заслугах, не называючы і не ставячы з ім у адзін шэраг кагосьці яшчэ.

Лукашэнка стаў закладнікам ім жа створанай сістэмы, заточанай на аднаго чалавека — пры яе рэфармаванні існуе вялікая небяспека абсыпання. Ён гэта адчувае і баіцца.

— Здаецца, упершыню сур’ёзная паніка на Карла Маркса, 38 паўстала пасля вылучэння Аляксандра Мілінкевіча адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сіл у прэзідэнцкай кампаніі-2006. Тады ўлада абвясціла выбары на паўгода раней: рэйтынг прадстаўніка дэмакратаў пачаў імкліва расці.

— Кампанія-2006, на мой погляд, для Лукашэнкі была найбольш стрэсавай. Зрэшты, калі вынесці за дужкі выбары-2015, усе электаральныя кампаніі не былі для яго простымі. У 2006-м у Лукашэнкі было два галоўных саперніка — Аляксандр Мілінкевіч і былы рэктар Белдзяржуніверсітэта Аляксандр Казулін, выхадзец з наменклатуры, якога ведалі.

Уласна, Лукашэнка хвалюецца перад кожнымі выбарамі, нават калі няма сур’ёзнай пагрозы, як у 2015 годзе.

Ён забываецца на ўсё, калі ўлада пачынае хістацца, калі ўзнікае нават найменшая пагроза яго паўнамоцтвам.

“Макею шмат у чым удалося згладзіць перад Захадам брутальнасць разгону Плошчы-2010”

— Наступная кампанія ў 2010 годзе з масай кандыдатаў, якая праходзіла на фоне некаторай адлігі ў адносінах з Захадам, скончылася жорсткім разгонам Плошчы і наступнай пасадкай некаторых кандыдатаў у прэзідэнты.

— Пасля кожных выбараў улада аналізавала іх вынікі і выпрацоўвала рэакцыю. У 2001 годзе пры альтэрнатыўным Уладзіміры Ганчарыку (на той момант кіраўнік яшчэ адносна незалежнай Федэрацыі прафсаюзаў. — “Позірк”.) улада дзейнічала вельмі акуратна, і Лукашэнка атрымаў найбольш сціплы вынік на выбарах, якія праходзілі пад яго кантролем.

У 2010-м, памятаючы пра дзве папярэднія кампаніі, улада вырашыла раздрабіць пратэстны электарат: зарэгістраваць як мага больш кандыдатаў і паглядзець, што з гэтага выйдзе.

Не варта, вядома, забываць, што ў тым годзе Мінск вёў кансультацыі з Захадам. І мы памятаем, што былі канкрэтныя прапановы міністраў замежных спраў Германіі Гіда Вестэрвеле і Польшчы Радаслава Сікорскага: Беларусь атрымае шанец на збліжэнне з Захадам у выпадку правядзення дэмакратычных выбараў.

— Як вы ацэньваеце тую кампанію і яе наступствы?

— Кампанія-2010 стала для Лукашэнкі няўдалай: было шмат харызматычных кандыдатаў. Мне здаецца, улада спалохалася джына, якога выпусціла, і таму не толькі брутальна разагнала Плошчу, але і з дапамогай рэпрэсій паспрабавала гэтага джына загнаць назад пад корак.

Закручванне гаек, рэпрэсіі суправаджаюць усю гісторыю рэжыму Лукашэнкі.

Але, нягледзячы на жорсткасць улады ў 2010-х, тагачаснаму міністру замежных спраў Уладзіміру Макею ўдалося ўрэгуляваць сітуацыю на заходнім кірунку.

Улады змаглі прадаць Захаду карцінку, што, маўляў, быў гэты жудасны 2010-ы, але як выключэнне з правілаў, а ў цэлым жа мы рухаемся да цывілізаванага аўтарытарнага рэжыму. Прыкладна такі вобраз Беларусі Макеем і прасоўваўся тады на Захадзе.

Аднак 2020 год паказаў, што сапраўдны твар рэжыму быў паказаны не ў другой палове 2010-х, а менавіта падчас разгону Плошчы ў паслявыбарчы вечар 19 снежня 2010 года. Мне здаецца, Лукашэнка лічыць, што карані падзей 2020-га знаходзяцца якраз у гадах “лібералізацыі” другой паловы 2010-х.

Беларускія выбары і кейс Асада

— Што можаце сказаць пра цяперашнія выбары?

— Гэта найбольш нецікавая прэзідэнцкая выбарчая кампанія. Думаю, многія людзі, якія жывуць у Беларусі, толкам і не заўважылі, што ў краіне адбываюцца нейкія выбары.

Гэта ідэальная кампанія для Лукашэнкі. Актыўнай палітычнай працы ніхто з кандыдатаў не вядзе. Усё ціха, вонкава ўсё спакойна.

Па гэтых выбарах можна ацаніць ступень свабоды, таму што ўсё, што кажуць кандыдаты, пэўна зацверджана ў Адміністрацыі прэзідэнта.

Я вось паглядзеў 9 студзеня выступ Ганны Канапацкай, там у чалавека на твары напісана: як бы не сказаць такога, чаго не зацвердзілі ў адміністрацыі.

— Калі ў краіне чвэрць стагоддзя не лічаць галасы, можна толькі гадаць, які адсотак намалююць таму ці іншаму кандыдату. Хоць парадак лічбаў прыкладна аднолькавы. Ці можаце даць свой прагноз?

— Мне здаецца, канчаткова яшчэ не вырашана, які адсотак абвясціць — пад 90 або вышэй.

Калі вы пытаецеся мой прагноз, то мінімум 87%, таму што гэта вынік прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна на апошніх выбарах. Але не выключаю, што ўсё ж вырашацца абвясціць 90+. З пункту гледжання ўлады гэта было б цалкам лагічна. Калі б я быў на месцы Лукашэнкі, то якраз за гэта і выступаў бы.

Калі на секунду ўявіць, што гэта апошнія яго выбары (у сілу розных прычын, у тым ліку ўзросту), то павінен быць трыумф, вынік яго “выбітнага 30-гадовага кіравання”. А якім павінен быць вынік для яго?

Вынік на ўзроўні 80% — так сабе, нічога выбітнага. А вось 90 і больш — цалкам. Удзячны народ, так бы мовіць, ацаніў гады яго праўлення і глыбока ўдзячны за ўсё зробленае.

Хто ці што можа перашкодзіць гэта зрабіць? Ніхто і нішто. Улада перагнула палку ў 2020-м, калі напісала яму 80,1%. Ёсць меркаванне, што, калі б напісалі 55%, можа, і не было б такіх пратэстаў.

— Пасля звяржэння ў Сірыі рэжыму Башара Асада ў интэрнэце з’явілася мноства смешных мемаў на тэму, што за яго яшчэ зусім нядаўна “галасавала” больш за 90%, а цяпер ён вымушаны быў збегчы ў Расію. Ці не стане і Лукашэнка ахвярай такой творчасці?

— Кейс Башара Асада сапраўды можа стаць тым фактарам, які можа ў апошні момант спыніць уладу.

Я сачу за прапагандай і магу зрабіць выснову: ёй заўсёды важна ў розных сітуацыях заявіць, што “збеглыя” не ведаюць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, што ў іх няма крыніц, як гэта прапаганда рабіла ў сітуацыі з датай выбараў.

Не я адзін кажу пра магчымасць напісання 90 і больш адсоткаў галасоў. Таму ўлада можа вырашыць, што нельга маляваць 92% ці 95%, каб потым гэтыя “збеглыя” напісалі: “У Лукашэнкі такі ж рэйтынг, як у Асада. Мы казалі, што яму зробяць больш за 90%, значыць, і скончыць ён як былы прэзідэнт Сірыі”. Таму я не выключаю, што гэты маленькі фактар і прымусіць іх прытармазіць.

— Якія “поспехі” намалююць чацвёрцы спойлераў?

— Думаю, што Алега Гайдукевіча не пакрыўдзяць і ўзнагародзяць за шматгадовую службу рэжыму — паставяць на другое месца і напішуць 4,8-4,9%.

На трэцяе месца вызначаць Канапацкую. На якія месцы — чацвёртае або пятае — паставяць Сяргея Сыранкова і Аляксандра Хіжняка, цяжка сказаць, але ў іх будуць прыблізна роўныя выніковыя афіцыйныя лічбы.

Даведка “Позірку”:

Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, Аляксандр Лукашэнка атрымаў на выбарах прэзідэнта:

у 1994 годзе (другі тур) — 80,34% (4.241.026 галасоў);

у 2001-м (першы тур) — 75,65% (4.666.680);

у 2006-м (першы тур) — 82,97% (5.501.249);

у 2010-м (першы тур) — 79,65% (5.130.557);

у 2015-м (першы тур) — 83,47% (5.102.478);

у 2020-м (першы тур) — 80,10% (4.661.075).

Падзяліцца: