21 студзеня ў Беларусі пачалося пяцідзённае датэрміновае галасаванне ў рамках працэсу, які ўлады называюць“выбарамі прэзідэнта”.
Падчас папярэдніх выбарчых кампаній праваабаронцы фіксавалі шматлікія факты прымусу да датэрміновага галасавання, перш за ўсё студэнтаў і работнікаў дзяржаўнага сектара эканомікі.
Тым не менш афіцыйная выніковая яўка на апошняе галасаванне — за дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў у лютым 2024 года — выявілася найбольш нізкай пасля 2000 года (73,09%).
Пры гэтым зацверджаны Цэнтрвыбаркамам працэнт датэрміновага галасавання на гэтых жа выбарах аказаўся самым высокім (41,71) за ўсю гісторыю правядзення выбарчых кампаній. Больш было толькі на канстытуцыйным рэферэндуме 2022 года (42,93%).
На прэзідэнцкіх выбарах яўка традыцыйна вышэйшая. Лічбы апошніх пяці кампаній: 2001 года — 83,86%, 2006-га — 92,94%, 2010-га — 90,65%, 2015-га — 86,75%, 2020-га — 84,38%.
Дакладнасць электаральнай статыстыкі, якую публікуе ЦВК, праверыць немагчыма: пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі незалежнае назіранне пачало планамерна знішчацца.
З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.
Асноўны дзень цяперашняга галасавання — 26 студзеня.