
У 1999 годзе на 30-й сесіі ЮНЕСКО па прапанове Бангладэш 21 лютага было абвешчана Міжнародным днём роднай ці матчынай мовы. У гэты дзень у 1952 годзе загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане.
У Беларусі родная мова з’яўляецца адной з дзвюх афіцыйных, але, згодна з вынікамі апошніх даследаванняў, прынамсі ў гарадах яе лёс вызывае рэальную заклапочанасць. Пра праблему “Позірк” паразмаўляў з выканаўцам абавязкаў прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Паўлам Баркоўскім.
“Доля школ з беларускай мовай выкладання ў 2,5 раза меншая, чым пры камуністах”
— 19 лютага выйшлі несуцяшальныя вынікі даследавання сацыёлагаў Біканава і Несцяровіча аб беларускай ідэнтычнасці ў 2024 годзе сярод гарадскіх жыхароў. Толькі 11% з іх выкарыстоўваюць беларускую мову часцей за ўсё (год таму 7%, але ўсё роўна мала). Толькі для 21% беларуская мова — маркер самаідэнтыфікацыі і для 4% — нацыянальнай ідэнтыфікацыі іншых беларусаў. Доля апытаных, якія адносяць сябе да нацыянальна свядомых, знізілася з 13% да 11%, абыякавых — узрасла з 27% да 32%, русіфікаваных — з 4% да 7%. Як гэта можна пракаментаваць? Што трэба і магчыма зрабіць для паляпшэння становішча? У якасці суцяшэння можна прывесці нядаўнія словы прадстаўніка Мінюста, што 70% шлюбных цырымоній заказваецца на беларускай мове. Але наколькі гэта рэлевантна ва ўмовах дэ-факта панавання “рускага свету”?
— Гэтыя лічбы не выклікаюць асаблівага здзіўлення для насельніцтва краіны, дзе адбываецца адна з самых жорсткіх русіфікацый за апошнія некалькі стагоддзяў. Дзе колькасць школ на беларускай мове выкладання скарачаецца амаль на 1% штогод і цяпер дасягае менш за 10%, што ў 2,5 раза горш, чым пры камуністах.
Вынішчэнне беларускай мовы з усіх публічных пляцовак, а цяпер нават з грамадскага транспарта і ўказальнікаў прыводзіць да таго, што родная мова робіцца нечым экзатычным для жыхароў самой Беларусі. Як нейкая мова карэнных народаў Поўначы. Гэтаму спрыяюць таксама рускамоўныя актывісты-рэваншысты, якія мараць ператварыць Беларусь ў Паўночна-заходні край “рускага свету”.
На жаль, той рэвалюцыйны ўздым 2020 года і агрэсіўная вайна супраць Украіны, хаця і змянілі стаўленне і паводзіны многіх беларусаў, асабліва сярод публічных асоб, не зрабілі веданне і вывучэнне мовы агульнанацыянальным трэндам.
Безумоўна, мы назіраем, як многія дзеячы культуры, медыя, спорта пераходзяць на родную мову, пачынаюць пісаць на ёй кніжкі, спяваць песні, ужываць у перадачах, але гэтага пакуль недастаткова, каб памяняць звычайныя практыкі людзей.
Толькі калі кожны з нас усвядоміць, што сёння трэба кожнаму асабіста супрацьстаяць палітыцы нацыянальнага выраджэння, якую цяпер вядзе мінскі рэжым пад націскам куратараў з Масквы: самім дбаць пра тое, каб дзеці чыталі больш кніжак па-беларуску, ведалі мову не толькі на пасіўным узроўні, ужывалі яе хаця б у дамашняй камунікацыі, хаця б у паасобныя дні… Тады толькі можна будзе казаць пра зусім іншыя трэнды.
Але, натуральна, без шырокай нацыянальнай дзяржаўнай палітыкі і пераасэнсавання сваёй ідэнтычнасці беларусы не змогуць адрадзіцца як нацыя, што яшчэ ў большай ступені падкрэслівае важнасць і неабходнасць дэмакратычных перамен у краіне і кардынальнай змены дзяржаўных прыярытэтаў з паўзучай русіфікацыі пад маркай дзяржаўнага двухмоўя.
“Развіццё праектаў на беларускай мове — наш безумоўны прыярытэт”
— Што зроблена прадстаўніцтвам па нацыянальным адраджэнні ў плане прасоўвання беларускай культуры, неад’емнай часткай якой з’яўляецца беларуская мова? Планы на будучыню?
— Вось, напрыклад, для азнаямлення поўны тэкст справаздачы аб дзейнасці прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні за 2024 год.
Хачу падкрэсліць, што падтрымка роднай мовы займае важнае месца ў стратэгіі нацыянальнага адраджэння і развіцця, якой кіруецца наша арганізацыя. Сярод шматлікіх падзей, прама ці ўскосна звязаных з падтрымкай беларускай мовы, магу ўзгадаць агульнацыянальную дыктоўку, якую мы рыхтавалі летась і да якой прапануем далучацца ў гэтым годзе. А таксама форум па моўнай палітыцы, які адбыўся 17 снежня 2024 года ў Варшаве з удзелам спікераў з такіх краін як Ірландыя, Вялікабрытанія (Уэльс), Украіна, а таксама беларускіх моўных экспертаў.
Цікавыя і карысныя ідэі з тых выступаў ёсць на нашым акаўнце ў інстаграме, выкладзеныя асобнымі публікацыямі. Мы таксама падтрымліваем ініцыятывы, звязаныя з пашырэннем выкарыстання беларускай мовы ў глабальных сервісах, напрыклад ініцыятыву Марыі Грыц са зваротам да Amazon KDP.
Мы намагаемся дапамагаць арганізацыям, якія займаюцца развіццём нацыянальнай культуры, роднай мовы, а таксама знаходзімся на сувязі з усімі зацікаўленымі бакамі ў гэтым пытанні. Пры падтрымцы прадстаўніцтва ў Вільні напрыканцы лютага 2025 года адбудзецца круглы стол, прысвечаны пытанням упарадкавання ўрбанімічнай прасторы Беларусі і працэсам дэкамунізацыі і дэкаланізацыі нашай гарадской прасторы. Безумоўна, праца над падтрымкай і развіццём праектаў на беларускай мове з’яўляецца нашым безумоўным прыярытэтам. Напрыклад, у межах нашай праграмы “Стыпендыі Адраджэння” — яркія асобы і праекты, што ствараюць выдатныя прадукты па-беларуску. Спадзяюся, мы зможам гэты праект працягнуць сёлета таксама.
“Трэба пазбягаць змяншэння цікаўнасці да Беларусі, асабліва сярод бліжэйшых суседзяў”
— Інтэграцыя беларускай культуры ў еўрапейскую — гэта ў тым ліку вывучэнне беларускай культуры ў еўрапейскіх ВНУ. Якая сітуацыя зараз з кафедрамі беларусістыкі, ці ёсць спецдысцыпліны?
— Адзіная профільная кафедра беларусістыкі, якая сістэматычна рыхтуе спецыялістаў беларускай мовы і культуры — гэта кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, якой цяпер кіруе прафесар Андрэй Масквін. Мы знаходзімся з імі ў добрым кантакце і нават плануем сумесныя праекты. Безумоўна, застаюцца асобныя кірункі і спецыялізацыі ў межах іншых кафедр славянскіх моваў, напрыклад кірунак “беларуская філалогія” ва ўніверсітэце Міцкевіча ў Познані. Нядаўна ў Кіеўскім нацыянальным універсітэце імя Т. Шаўчэнкі аднавілася праграма па вывучэнні беларускай мовы, а таксама дзейнасць цэнтра беларускай мовы і культуры імя У. Караткевіча.
З іншага боку, больш няма профільных цэнтраў і кафедр у Віленскім універсітэце і ўніверсітэце Беластока. Таму гэтаму натуральна трэба садзейнічаць як мага болей і пазбягаць змяншэння цікаўнасці да Беларусі, асабліва сярод бліжэйшых суседзяў.
Істотным і важным кірункам для нас павінна стаць стварэнне не толькі сеткі цэнтраў вывучэння беларускай мовы і культуры ў краінах Еўропы дзеля лепшага разумення нашай гісторыі, традыцый і народа замежнікамі, але агулам стварэнне цэнтраў беларускіх даследаванняў, якія б выводзілі нас з-пад уплыву расійскіх і ўсходнееўрапейскіх даследаванняў і давалі менавіта беларускі навуковы погляд на падзеі і культуру рэгіёна.