be
Arrow
Мінск 22:58

Умовы для мовы. Цi свецiць нам новая беларусiзацыя?

Ілюстрацыйнае фота: vsu.by

Наяўнасць 8 Сакавіка не азначае, што на ўвагу жанчыны маюць разлічваць толькі раз на год. Тое самае і мова, якой трэба апеквацца не толькі 21 лютага, ў Мiжнародны дзень роднай мовы.

Чытач “Позірку” Дзмітрый Аўчыннікаў даслаў у рэдакцыю свае развагі пра актуальны стан і будучыню беларускай мовы. Яны публікуюцца сёння ў межах традыцыйнай беларускамоўнай нядзелі ў тэлеграм-канале “Позірку”.

Бангладэш і беларускі кантэкст

Дата 21 лютага для адзначэння Міжнароднага дня роднай мовы абраная не выпадкова. У гэты дзень ў 1952 годзе ў Бангладэш, якi тады быў часткай Пакiстана, пачалiся масавыя акцыi пратэсту мясцовага насельнiцтва. У той час адзiнай афiцыйнай мовай Пакiстану быў урду, тады як жыхары Бангладэш размаўлялi на бенгальскай мове, якую, аднак, было забаронена выкарыстоўваць ў дзяржаўных органах, установах адукацыi ды iншых месцах. Натуральна, падобны стан рэчаў не задавальняў бенгальцаў. Гэты народ, якi складаў амаль ўсё насельнiцтва Бангладэш, патрабаваў надання сваёй мове афiцыйнага статусу, i урэшце рэшт, пасля доўгай барацьбы, дабiўся свайго, калi ў 1971 годзе была абвешчаная незалежнасць Бангладэш.

Канечне, я зусiм не проста так прыгадаў тыя далёкiя падзеi. На жаль, яны выклiкаюць пэўныя аналогii з той сытуацыяй, якую мы сёння маем ў Беларусi.

У нашай краiне свята роднай мовы прайшло бадай незаўважна, што не павiнна надта моцна здзiўляць. Беларуская мова, як ні прыкра, не карыстаецца асаблiвай любоўю анi з боку ўладаў, анi з боку пераважнай большасцi беларусаў. Так, паводле даных перапiсаў насельнiцтва ды сацыялагiчных апытанняў, досыць значная частка беларусаў называе роднай менавiта беларускую мову, але на практыцы, у штодзённым жыццi, на ёй размаўляюць калi не адзiнкi, то зусiм малая доля жыхароў краiны.

Беларусы збольшага паважна ставяцца да мовы, лiчаць яе адным з сымбаляў дзяржаўнага суверэнiтэту, аднак па сутнасцi разглядаюць яе як нейкі музейны экспанат, якi проста стаiць i пылiцца на палiцы, бо не мае практычнага ўжывання.

За абуджэннем — засынанне

Шмат хто з працiўнiкаў Аляксандра Лукашэнкі менавіта на яго ўскладае адказнасць за гаротны стан матчынай мовы. Падобныя абвiнавачаннi цяжка назваць неабгрунтаванымi. Тут можна прыгадаць, што сёлета спаўняецца 30 год рэферэндуму, паводле вынiкаў якога руская мова атрымала статус другой дзяржаўнай, а de facto, натуральна, гэта азначала, што менавiта руская мова цяпер атрымае вядучыя ролi. Мабыць, сёння ужо не ўсе памятаюць, аднак з 1991 па 1995 гады адзiнай дзяржаўнай мовай Беларусi была беларуская, i нехта называе тыя часы другой хваляй беларусiзацыi, разумеючы пад першай перыяд 1920-х гадоў. Паклаўшы руку на сэрца, нават тады, напачатку 90-х, шэраговыя беларусы больш размаўлялi па-расейску, але мова тым не менш мела непараўнальна больш высокi статус, чым сёння, бо яна ўжывалася ў працы органаў ўлады, гучала па тэлебачаннi. У той час значна павялiчылася колькасць класаў з беларускай мовай навучання. Ну i, канечне, ў цэлым пачатак 1990-х — гэта час абуджэння грамадства, калi фармавалася нацыянальная свядомасць беларусаў, iх запыт на дэмакратычныя змены ў розных сферах жыцця. І беларуская мова натуральным чынам адпавядала гэтым грамадскiм настроям, была сродкам iх выразу. Словам, беларуская мова тады асацыявалася з прагрэсам, надзеямi на лепшую будучыню, памкненнямi людзей адкiнуць змрочнае мiнулае, перагарнуць яго благiя старонкi.

Разам з тым, па стане на лета 1994 года, калi ў краiне адбылiся першыя прэзiдэнцкiя выбары, карцiна была ужо зусiм iншай. Беларусы ў масе сваёй расчаравалiся ў дэмакратычных iдэалах — наадварот, рос запыт на “моцную руку”, якая павiнна была адным махам вырашыць ўcе эканамiчныя ды iншыя праблемы. Таксама заўважна ўзмацнялася настальгiя па савецкiх часах, якая ў сваю чаргу стварала ў грамадстве запыт на зблiжэнне з Расiяй ў той цi iншай форме. Гэтыя тэндэнцыi цудоўна праявiлiся на выбарах 1994 года, калі ў другi тур выйшлi Аляксандр Лукашэнка i тагачасны прэм’ер Вячеслаў Кебiч. Абодва выступалi за шчыльны хаўрус з усходняй суседкай. Рэферендум 1995 года стаў папросту заканамерным працягам тых сумных трэндаў.

Васалы гавораць на мове гаспадара

Асабiста пра Лукашэнку i ягоную адмоўную, змрочную ролю ў гiсторыi Беларусi можна разважаць доўга. У гэтым кантэксце трэба падкрэслiць, што яго нiколi не цiкавiў гiстарычны лёс Беларусi, яе нацыянальныя сымбалi ды культура ў цэлым. Галоўная i адзiная каштоўнасць для яго — улада, i дзеля яе захавання ён гатовы на ўсё. Падзеi 2020 года не пакiнулi ў гэтым нiякiх сумневаў. Калi ж вяртацца ў 1995 год, то, вiдавочна, iнiцыюючы падвышэнне статуса рускай мовы, Лукашэнка пераследваў некалькi мэтаў. Па-першае, дагадзiць свайму электарату, пераважная большасць якого складалася з людзей, якiх прынята называць homo soveticus i для якiх беларуская мова была абсалютна чужой, непатрэбнай. Па-другое, натуральна, трэба было дагадзiць Маскве, прадэманстраваць сваю гатоўнасць грэбаваць нацыянальнай iдэнтычнасцю ўласнай дзяржавы дзеля атрымання ад былой метраполii эканамiчных выгодаў. Апроч таго, сам па сабе Лукашэнка — чалавек абсалютна савецкi паводле сваiх поглядаў i выхавання, а Беларусь ў ягоным ўяўленнi — не асобная незалежная дзяржава, а Паўночна-Заходнi край ў тэрмiналогii манархiстаў царскiх часоў, або частка сучаснага “рускага свету”.

Карацей, Лукашэнка за гады свайго кiравання зрабiў шмат чаго для знiшчэння беларускай мовы. Фармальна, канечне, сёння няма забароны размаўляць па-беларуску. Узгадваецца, як аднойчы, адказваючы на пытанне адносна неабходнасцi падтрымкi мовы, Лукашэнка сказаў нешта кшталту таго, што, калi жадаеце размаўляць па-беларуску, калi ласка, нiхто не перашкаджае. Ну так, сапраўды, фармальна нiхто не перашкаджае, але, як кажуць, д’ябал ў дробязях. У дадзеным выпадку “д’ябал” — гэта татальная русiфiкацыя грамадскага жыцця. Кажучы наўпрост, сытуацыя дайшла да таго, што чалавек, якi недзе зараз пачне размаўляць па-беларуску, будзе успрымацца хiба не як вар’ят, якi размаўляе на нейкай незразумелай мове — латынi або старажытнафранцузскай. Апроч таго, спецыфiка палiтычнай сытуацыi ў Беларусi такая, што мова успрымаецца як маркер апазiцыйнасцi, нацыяналiзму ды нават нацызму.

Агульная абыякавасць грамадства

Варта, аднак, казаць i пра тое, што праблемы беларускай мовы пачалiся зусiм не з Лукашэнкi. Па вялiкiм рахунку, яна заўсёды была падчаркай ва ўласным доме. Можна прыгадваць царскiя часы, калi пра гаротны стан мовы пiсалi такiя выбiтныя дзеячы айчыннай нацыянальнай культуры, як Францiшак Багушэвiч ды Максiм Багдановiч. Доўгi час мова была пад афiцыйнай забаронай, якая была скасаваная толькi ў 1906 годзе. Можна прыгадаць i савецкi перыяд, калi, за выняткам 1920-х гадоў, беларуская мова таксама знаходзiлась ў прыгнечаным стане. Нездарма Якуб Колас быў вымушаны пiсаць лiст ў ЦК Камунiстычнай партыi Беларусi, але заклiк вялiкага пiсьменнiка не быў пачуты партыйнымi чыноўнiкамi. Так што справа тут не асабiста ў Лукашэнку. Калi б на выбарах 1994 года перамог Кебiч, лёс беларускай мовы ў сучаснай Беларусi быў бы не нашмат лепшым, калi казаць далiкатна. Асаблiва улiчваючы, што Кебiч, выглядае на тое, увогуле быў гатовы цалкам здаць Расii Беларусь, а таксама тое, што на тых выбарах рэальныя шансы на перамогу мелi выключна Кебiч i Лукашэнка. Нi Станiслаў Шушкевiч, якога абвiнавачвалi ў развале Савецкага Саюза i ўсiх сацыяльна-эканамiчных нягодах пачатку 90-х, нi Зянон Пазьняк такiх шансаў не мелi. Таму праблема не ў персоне Лукашэнкi, а ў агульным стане беларускага грамадства.

Канечне, за апошнiя 30 год шмат што змянiлася, вырасла новае пакаленне беларусаў, а старое, яшчэ савецкае, часткова сышло, аднак збольшага беларусы па-ранейшаму ставяцца да мовы абыякава, проста як да сымбаля. Логiка такая: мова хай будзе, супраць яе мы нiчога не маем, аднак карыстацца ёй таксама асаблiвага жадання не маем. Гэта такi сваеасаблiвы кансэнсус сярод сённяшнiх беларусаў. Канечне, ён досыць прыкры, аднак збольшага зразумелы. Людзi мысляць рацыянальна: навошта карыстацца мовай, вучыць яе, калi яна амаль не патрэбная нi пры атрыманнi адукацыi, нi на працы, нi ў iншых сферах. Да таго ж iснуе рызыка за выкарыстанне беларускай мовы трапiць ў разрад “крамольнiкаў”.

Перачакаць палярную зіму

З цяперашняй сытуацыяй ўсё зразумела, аднак застаецца пытанне, што будзе далей, цi ёсць шанец на змяненне гэтага змрочнага становiшча. Натуральна, шансы ёсць заўсёды, аднак, думаю, усе разумеюць, што пры Лукашэнку ў гэтым сэнсе лавiць няма чаго, улiчваючы яго татальную залежнасць ад Расii i асабicтае не самае прыязнае стаўленне да мовы, сфармаванае яшчэ ў часы барацьбы з апазыцыяй БНФ напачатку 90-х. Канечне, нават пры Лукашэнку былi кароткiя перыяды палiтычнай адлiгi, нават нешта кшталту мяккай беларусiзацыi, аднак пасля 2020 года спадзявацца хоць на якiя паслабленнi для нацыянальна арыентаванай часткi грамадства наўрад ці выпадае.

На першы погляд можа падацца, што моўнае пытанне ня мае такога уж вялiкага значэння, аднак гэта хiбны пункт гледжання. У Беларусi ёсць цэлы шэраг адметных знакаў ды сымбаляў, якiя фармуюць яе непаўторны вобраз. Адным з iх з’яўляецца мова.

Беларускi народ мае вельмi доўгую i цяжкую гiсторыю, насычаную лёсавызначальнымi, пераважна драматычнымi падзеямi. Чырвонай рысай праз яе праходзiць барацьба супраць прыгнёту з боку розных захопнiкаў, якiя iмкнулiся ўсяляк спляжыць i зацiснуць нашы сымбалi i каштоўнасцi, навязаць нам свае законы i парадкi. Але ўрэшце рэшт беларускi народ здолеў з годнасцю прайсцi праз выпрабаваннi i зберагчы адну са сваiх галоўных каштоўнасцяў — родную мову.

Так, сёння мова перажывае цяжкiя часы, аднак такое жыццё не будзе вечным, раней цi пазней сытуацыя зменiцца. А зараз кожны, каму неабыякавы лёс мовы, павiнен на сваiм месцы рабiць ўсё магчымае для яе захавання ды папулярызацыi. Натуральна, ва ўмовах жорсткiх рэпрэсiй штосьцi рабiць ў падтрымку мовы надзвычай складана, але тым больш важныя асобныя iнiцыятывы па арганiзацыi моўных курсаў, розных фэстаў ды iнш. Зараз галоўная задача — перачакаць цяперашнюю палярную зiму, якая ўсё адно скончыцца. I тады у нас будзе ад чаго адштурхоўвацца пры пабудове свабоднай, беларускамоўнай Беларусi.

Падзяліцца: