Мінск 18:26

Ордар МКС у дзеянні. Як звязаны з Беларуссю арышт былога прэзідэнта Філіпін

Каля Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе
Фота: "Позірк"

11 сакавіка 2025 года на запыт Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) у сталіцы Філіпін Маніле быў арыштаваны 79-гадовы былы прэзідэнт краіны Радрыга Дутэртэ.

У дачыненні да яго расследуецца справа аб злачынствах, учыненых у межах барацьбы з наркагандлем. Размова, у прыватнасці, аб пазасудовых расправах, ахвярамі якіх сталі тысячы людзей.

Філіпіны выйшлі з МКС у 2019 годзе падчас праўлення Дутэртэ (2016—2022), аднак размова ідзе пра злачынствы, учыненыя да гэтага.

Былы прэзідэнт краіны ўжо дастаўлены ў Гаагу і знаходзіцца ў турэмнай камэры.

Тым часам на разглядзе МКС з 30 верасня 2024 года знаходзяцца матэрыялы, перададзеныя ўрадам Літвы, аб “трансгранічных злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі ў дачыненні да беларусаў” (вымушаная эміграцыя з-за палітычнага пераследу). Вільнюс патлумачыў сваё рашэнне тым, што больш не можа бяздзейнічаць.

У звароце ў МКС літоўскі ўрад адзначаў: “Ёсць дастатковыя падставы меркаваць, што з 1 траўня 2020 года і да гэтага часу супраць грамадзянскага насельніцтва Беларусі на загад высокапастаўленых беларускіх палітычных, праваахоўных і ваенных чыноўнікаў здзяйсняюцца злачынствы супраць чалавечнасці”. Пад імі маюцца на ўвазе дэпартацыя, пераследы і “іншыя бесчалавечныя акты”.

Пра тое, на якой стадыі зараз МКС, “Позірк“ пацікавіўся ў кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намесніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Паўла Латушкі, які актыўна займаецца гэтай тэмай.

— Па ордары МКС у Маніле быў арыштаваны былы прэзідэнт Філіпін. Арышт адбыўся пасля прэцэдэнту, калі краіна — удзельнік МКС не арыштоўвала некаторых дзеячаў, якія знаходзіліся на яе тэрыторыі, альбо заяўляла, што не будзе арыштоўваць, нягледзячы на ордар. Пра што гэта можа сведчыць, калі глядзець на сітуацыю праз беларускую прызму, да якіх высноў падштурхоўвае?

— Па-першае, за некалькі гадоў вядома ўсяго аб адным прыкладзе невыканання абавязацельстваў краінай — удзельніцай Рымскага статута. Гэты выпадак звязаны з Манголіяй, які варта разглядаць як выключэнне (не быў арыштаваны прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, які наведваў краіну ў верасні 2024 года. — “Позірк“.). Пры гэтым няма іншых прыкладаў невыканання абавязацельстваў краінамі — удзельніцамі Рымскага статута.

Па-другое, пры ацэнцы такіх дзеянняў трэба ўлічваць толькі паводзіны краін, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі Рымскага статута, а не тых, хто да яго не далучыўся.

Калі перакласці гэта на беларускую сітуацыю, можна сказаць, што краіны, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі Рымскага статута, у любым выпадку выканаюць свае абавязацельствы. Упэўнены, што ордар на арышт вінаватых у здзяйсненні злачынстваў будзе выдадзены, і, калі гэтыя асобы апынуцца на тэрыторыі краіны — удзельніцы Рымскага статута, ордар будзе выкананы.

— На якой стадыі разгляду знаходзіцца ў МКС заява Літвы?

— Літва перадала дакументы паводле пэўнай працэдуры, якая дазволіла Офісу пракурора МКС абысці шэраг працэдурных абмежаванняў. Літва сабрала факты ўчынення злачынстваў супраць чалавечнасці трансгранічнага характару і перадала іх у Офіс пракурора. Каманда НАУ і праваабарончыя арганізацыі садзейнічалі збору гэтых фактаў і доказаў.

Офіс пракурора неадкладна пачаў працэдуру папярэдняга расследавання па гэтых абставінах. Цяпер няўрадавыя арганізацыі маюць магчымасць перадаваць матэрыялы па фактах здзяйснення злачынстваў супраць чалавечнасці трансгранічнага характару па беларускай сітуацыі. Офіс пракурора праводзіць адпаведную ацэнку перададзеных матэрыялаў. Па выніках гэтай ацэнкі будзе прынятае рашэнне пра пераход да расследавання па сутнасці. Каб прыняць такое рашэнне, Офіс пракурора павінен прыйсці да высновы, што выконваюцца тры крытэрыі: у суда ёсць юрысдыкцыя, сітуацыя прымальная, расследаванне будзе адпавядаць інтарэсам правасуддзя.

З улікам таго, што Літва задзейнічала працэдуру па артыкуле 14 Рымскага статута, Офісу пракурора не патрабуецца ўзгадненне з Палатай папярэдняй вытворчасці для пераходу да расследавання па сутнасці, што паскарае разгляд гэтай справы.

Калі Офіс пракурора пераходзіць да стадыі расследавання сітуацыі па сутнасці, то ў межах гэтай стадыі пачынаецца фармаванне доказаў аб здзяйсненні меркаваных злачынстваў канкрэтнымі асобамі. Як толькі такія доказы будуць сабраныя, Офіс пракурора можа перадаць сабраныя матэрыялы ў Палату папярэдняй вытворчасці з просьбай аб выдачы ордара на арышт у дачыненні да канкрэтнай асобы (асоб). У сваю чаргу, Палата папярэдняй вытворчасці ў разумны тэрмін павінна прыняць адпаведнае рашэнне.

— У лютым прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў аб увядзенні санкцый супраць МКС, абвінаваціўшы суд у пераследзе Злучаных Штатаў і іх саюзнікаў, перш за ўсё Ізраіля. Ці паўплывала гэта неяк на падтрымку заявы Літвы ці/і на актыўнасць самой Літвы ў гэтым пытанні?

— ЗША не з’яўляюцца ўдзельнікамі Рымскага статута. Міжнародны крымінальны суд як працаваў, гэтак і працягвае працаваць. Толькі дзяржавы — удзельнікі Рымскага статута могуць непасрэдна ўплываць на функцыянаванне МКС.

Літва заняла цвёрдую пазіцыю, перадаўшы беларускую сітуацыю на разгляд у МКС. Яна не можа больш нічога зрабіць ці якім-небудзь чынам паўплываць на сітуацыю, напрыклад адклікаць рэферал. У Літвы на цяперашнім этапе няма якіх-небудзь дадатковых інструментаў. Зараз усё залежыць ад Офіса пракурора МКС.

Наша задача зараз — дапамагчы ў зборы інфармацыі і перадаць яе ў Офіс пракурора. Гэтым займаюцца праваабарончыя арганізацыі, а таксама Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.

— Ці можна разлічваць на падтрымку літоўскага рэферала Германіяй пасля фарміравання ў гэтай краіне новага ўрада?

— У Германіі, як і ў любой іншай краіны — удзельніцы МКС, ёсць магчымасць сабраць матэрыялы і факты, якія датычацца здзяйснення такіх злачынстваў, і перадаць іх у Офіс пракурора МКС.

На тэрыторыі Германіі знаходзіцца не менш за сотню ахвяр гэтых злачынстваў. Улады Германіі тэарэтычна могуць сабраць гэтую інфармацыю і перадаць яе ў дадатак да матэрыялаў, ужо накіраваных Літвой, трымаючыся працэдуры артыкула 14 Рымскага статута.

Акрамя таго, улады Германіі могуць увогуле не праводзіць збор інфармацыі, а проста далучыцца да рэферала Літвы. Мы будзем ініцыяваць абмеркаванне гэтага пытання перад новым урадам Германіі пасля яго фармавання.

Падзяліцца: