Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 20 сакавіка 2025 года ў 10:51

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2024 годзе ў “лячэбна-працоўныя прафілакторыі“ было накіравана 10,9 тыс. беларусаў — на 1,3 тыс. больш, чым годам раней. Гэта параўнальна з насельніцтвам такіх раённых цэнтраў, як Валожын, Талачын або Петрыкаў.
“Позірк” разбіраўся з прычынамі і наступствамі.
Затрыманне “за п’янку” — кожныя 15 хвілін
Дзяржаўныя СМІ няспынна запэўніваюць чытачоў, што краіна квітнее, народ пагалоўна шчаслівы, а сацыяльная абарона ў Беларусі значна лепш, чым у “недружалюбных“ краінах, дзе людзі нібыта не маюць такога кшталту гарантый.
“Позірк” прааналізаваў судовую статыстыку апошніх гадоў. Вынік: стала больш фактаў накіравання грамадзян у ЛПП, пазбаўлення бацькоўскіх правоў, высялення з жылля.
Паводле статыстыкі, 32 тыс. беларусаў трапіліся летась у рукі міліцыі за з’яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане або распіццё алкаголю ў грамадскім месцы. У сярэднім 87 чалавек у суткі, 1 чалавек кожныя 15 хвілін.
Наступствы п’янства — злачынствы ў нецвярозым стане, хатні гвалт, сацыяльныя сіроты (дзеці, якія ўтрымліваюцца ў прытулках і дзіцячых дамах). У 2024 годзе асуджана 6.212 бацькоў, якія ўхіляліся ад утрымання дзяцей або не вярталі дзяржаве сродкі на іх утрыманне. Гэта на 583 больш, чым у 2023-м, і на 806 больш, чым у 2021-м.
Летась суды задаволілі 2.558 пазоваў аб пазбаўленні грамадзян бацькоўскіх правоў (+246 да 2023-га і +292 да 2022-га), 8.254 пазовы аб спагнанні аліментаў на непаўналетніх дзяцей у парадку загаднай вытворчасці (паводле спрошчанай працэдуры). Апошняя лічба, дзеля аб’ектыўнасці, няўхільна падае. Напрыклад, у 2018 годзе суды задаволілі 12.606 такіх пазоваў (у 1,5 раза больш). Аднак колькасць даўжнікоў па аліментах па-ранейшаму вялікая: больш за 70 тыс. 15 гадоў таму свае фінансавыя абавязацельствы ігнаравалі 6 тыс., праўда, гэта толькі тыя, хто ўжо знаходзіўся ў вышуку. Тэма аліментаў — адна з галоўных у справаздачах чыноўнікаў і членаў парламента па выніках “прамых ліній“ з насельніцтвам.
Бацькі — у вінны аддзел, дзеці — у прытулак
У 2024 годзе былі змененыя крытэры вызначэння сем’яў як тых, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС). Цяпер, каб трапіць пад назіранне педагогаў і сацыяльнай службы, дастаткова не працаваць тры месяцы (стаць “дармаедам“, згодна з рэжымным лексіконам) або быць затрыманым і пакараным штрафам або арыштам за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў“.
Паводле афіцыйных даных, у сем’ях, якія чыноўнікі прылічылі да тых, што знаходзяцца ў СНС, жыве 22 тыс. дзяцей.
Як адзначыла ў каментары “Позірку“ педагог з 30-гадовым стажам Алёна (імя змененае з меркаванняў бяспекі), крытэры вызначэння СНС даволі размытыя, дастаткова паверхневых высноў камісій, што бацькі не забяспечваюць асноўныя патрэбы дзяцей. Напрыклад, надзяліць статусам СНС могуць з фармулёўкай пра “неспрыяльныя гігіенічныя ўмовы“. У той жа час беларускае заканадаўства не ўстанаўлівае санітарна-гігіенічныя нормы для жылых кватэр або дамоў, адзначае суразмоўца.
“Палічыць сям’ю, якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, могуць за актыўнае адстойванне бацькамі сваіх правоў або правоў дзіцяці, за скаргі — ад суседзяў ці сваякоў, былі і такія выпадкі ў маёй практыцы. Калі гэта алкаголікі, але на іх ніхто не піша скаргаў, калі ўсё “ціха і мірна“, то і чапаць іх асабліва не будуць. Хоць, вядома, пры цяжкіх выпадках — калі дзеці прыходзяць у школу неахайныя, галодныя, іх у прытулак забяруць“, — кажа Алёна.
Паводле яе слоў, “нязручных“, асабліва небагатых бацькоў могуць папракаць тым, што яны не забяспечваюць асноўныя патрэбы дзяцей: “Скажам, кожнаму — асобны стол, ложак, некалькі камплектаў пасцельнай бялізны. Ёгурты ў халадзільніку, запас адзення на ўсе сезоны, пяць прасцін на кожнае дзіця“.
Больш ЛПП, больш пастаяльцаў
У 2024 годзе суды вынеслі 10.852 станоўчыя рашэнні па справах аб накіраванні грамадзян у ЛПП — рост на 1.311, або на 13,7%, у параўнанні з 2023-м.
Летась у студзені набылі моц змены ў закон “Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх”. Уведзеная спрошчаная працэдура змяшчэння ў ЛПП: дастаткова двух правапарушэнняў, каб атрымаць туды накіраванне.
У Беларусі становіцца больш як людзей, што трапляюць на прымусовае лячэнне ў ЛПП, так і саміх гэтых устаноў. У 2014 годзе было 6 ЛПП, цяпер — 9. Дзясяты “прафілакторый” плануецца адкрыць на месцы папраўчай калоніі ў Івацэвічах.
І ЛПП, як сведчаць прыведзеныя вышэй лічбы, далёка не пустуюць. За апошнія амаль два дзесяцігоддзі колькасць накіраваных туды грамадзян вырасла ў 2,5 раза. У 2006 годзе такіх было 3.998, у 2008-м — 5.035, у 2010-м — 5.950, у 2018-м — 7.375. Затым статыстыка палепшылася, асабліва ў кавідна-пратэстным 2020 годзе, калі судам было “не да таго“, але потым усё “наладзілася“. Лічба 2019 года — 6.961, 2020-га — 4.494, 2021-га — 6.925, 2022-га — 9.522, 2023-га — 9.541.
На ўліку ў нарколагаў стаіць 160 тыс. чалавек — супастаўна з насельніцтвам Баранавічаў. Усе яны патэнцыйна могуць трапіць у ЛПП, калі атрымаюць пратаколы за з’яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым выглядзе або п’яныя скандалы са сваякамі.
У п’яніцы — па разнарадцы?
“Позірк” ананімна пагутарыў з Аляксеем (імя змененае), які доўгі час працаваў у Беларусі нарколагам. Лекар звярнуў увагу, што павелічэнне колькасці пацыентаў у ЛПП можа быць звязанае не толькі з ростам п’янства, але і з планам, які давялі да міліцыянтаў, і са зменамі ў заканадаўстве: “Раней трэба было сем-восем прыводаў у міліцыю ў нецвярозым стане, улік у нарколага і г.д. Цяпер гэта проста: два пратаколы — і едзеш у ЛПП“.
Паводле назіранняў спецыяліста, тэндэнцыя да павелічэння колькасці хранічных алкаголікаў мацней адчуваецца ў правінцыі, чым у горадзе. “Я працаваў у тым ліку і ў райцэнтры. Міліцыянты лавілі маладых людзей пасля дыскатэкі і давай складаць пратаколы за п’янку. Потым іх цягнулі да нарколага. Але я бачу, што тут няма гаворкі пра хранічны алкагалізм. Дзесяць гадоў таму такое немагчыма было ўявіць, каб пасля танцаў лавіць тых, хто выпіў, і запісваць у алкаголікі“, — адзначае нарколаг.
Яшчэ адна ўразлівая катэгорыя, з ягоных слоў, — людзі з рэгіёнаў, якія працуюць у Расіі, пасля вяртання некалькі дзён “святкуюць“, і іх таксама ловіць міліцыя. “Гэта могуць быць цалкам нармальныя людзі, не хранічныя алкаголікі. Мабыць, міліцыянты проста выконваюць план”, — мяркуе Аляксей.
Уладзімір Жыгар, прадстаўнік арганізацыі BelPol, у каментары “Позірку“ адзначыў, што да спрашчэння працэдуры накіравання ў “прафілакторый“ гэтае пытанне было для міліцыянтаў вялікай праблемай. Бо трэба было скласці некалькі пратаколаў на чалавека, атрымаць згоду яго сваякоў на перавод у ЛПП. Зараз працэдуру значна спрасцілі.
Паводле слоў Жыгара, участковыя інспектары заўсёды мелі план па накіраванні людзей у ЛПП і за яго невыкананне атрымлівалі спагнанні. Ён не сумняваецца, што планы даводзяцца і сёння.
Аднак, падкрэслівае суразмоўца, карысці ад змяшчэння чалавека ў ЛПП няма: “Гэта нарматывы, яны проста павінны выконвацца. Таму што ў нашай краіне захавалася саўковая сістэма, тыя ж ЛПП, якія захаваліся толькі ў Беларусі пасля развалу СССР. Пасля 2020 года вялікая колькасць людзей з’ехала з краіны, новыя туды не прыехалі, таму ўладам нешта трэба рабіць са “старымі“, неяк іх выкарыстоўваць, хоць нейкую частку“.