Мінск 14:07

БНР-100 у Мінску. Той усплёск беларускага духу не згас

Фота: tut.by/zerkalo.io

Гэтымі днямі беларусы адзначаюць Дзень Волі, 107-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Публічна гэта цяпер магчыма толькі па-за межамі Беларусі.

Але ў памяці застаецца гучнае, маштабнае святкаванне 100-годдзя БНР у цэнтры Мінска, санкцыяванае ўладамі. З нацыянальнай сімволікай, з музыкамі, паэтамі. Наўрад ці хто мог тады ўявіць, што застаецца ўсяго два гады да пачатку масавых рэпрэсій, калі бел-чырвона-белы сцяг ізноў будзе прылічаны да нацысцкай сімволікі, а Генеральная пракуратура паказальна пачне расследаваць справу пра генацыд беларускага народа ў часы Другой сусветнай вайны і ў першыя пасляваенныя гады — маючы сапраўднай мэтай прыраўняць апанентаў рэжыму да нашчадкаў нацыстаў.

Адным з арганізатараў “БНР-100” быў Франак Вячорка, цяперашні галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай. “Позірк” паразмаўляў з ім пра падзеі тых дзён і іх гістарычныя наступствы. А таксама пра Алеся Ліпая, дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, які стаў галоўным спонсарам свята, пасля трапіў пад пераслед уладаў і заўчасна памёр у тым жа 2018 годзе ад абвастрэння цяжкай хваробы ў 52 гады.

“Не было ніякай дэмакратыі, але рэжым не бачыў пагрозы ў культурных ініцыятывах”

— У 2018 годзе быў адзіны на сёння Дзень Волі ў Беларусі, калі атрымалася не проста выказаць сваю палітычную пазіцыю, але і адсвяткаваць. Што помніцца пра той дзень праз сем год?

— Тыя часы як з мінулага жыцця. 2017-ы, 2018-ы, нават 2019-ы — гады “адлігі”. Канешне, не было ніякай дэмакратыі, але рэжым не бачыў пагрозы ў культурных ініцыятывах, пашырэнні прасторы выкарыстання беларускай мовы. Гэта пачалося, напэўна, пасля 2014 года. Моду на вышыванкі, на ўсё беларускае рэжым імкнуўся асядлаць.

У 2018 годзе шырокае святкаванне юбілею БНР стала магчымым дзякуючы найперш крэатыўнасці моладзі, якая стаяла за гэтым святам: [Павел] Белавус, [Эдуард] Пальчыс, [Антон] Матолька, іншыя (першыя двое за кратамі, трэці ў вымушанай эміграцыі, абвінавачаны завочна па палітычнай справе. — “Позірк”.). Але таксама дзякуючы і таму, што з боку сістэмы было шмат людзей, якія спрыялі, падтрымлівалі тое, што мы тады рабілі. Там жа з “Арт Сядзібай” (вымушана спыніла дзейнасць на пачатку 2022 года. — “Позірк”.) мы арганізоўвалі шмат розных культурных мерапрыемстваў, якія нават фінансавалі дзяржаўныя банкі. Цяпер гэта ўявіць немагчыма.

— Якая была тады задача-максімум па арганізацыі і на перамовах з уладамі па месцы правядзення? Як увогуле адбываўся дыялог? Узгадваецца, што ва ўлады было патрабаванне не выкарыстоўваць сімволіку па-за межамі ўзгодненай пляцоўкі.

— Сама акцыя адбылася ля Опернага тэатра. Ясна, што розныя месцы разглядаліся, але гэтае — досыць сымбалічнае і вельмі добрае для такога мерапрыемства. Рэжым таксама нібыта тэставаў, правяраў: можна было да Опернага прыносіць сцягі, але як толькі выходзіш за тэрыторыю, за агароджу, адразу людзей забіралі за бел-чырвона-белыя сцягі. Але вось у гэтым загончыку дазволілі беларусам выступіць. І выявілася, што гэтага дастаткова, бо тая энергія, якую згенеравалі натоўп, музыкі, выступоўцы, зарадзіла вельмі многіх. Свята паказала, што ў цэнтры аўтарытарнага Мінска можа быць іншая Беларусь. Яно адыграла вельмі важную ролю і было, сярод іншага, пралогам да падзей 2020 года.

Цікава, што ля Опернага дазволілі, бо не было такога строга палітычнага месэджу, а паралельна адбывалася палітычная акцыя да Дня Волі на плошчы Якуба Коласа, дзе людзей затрымлівалі. І ў гэтым парадокс сітуацыі, што адна рука нібы дазваляе нешта культурнае беларускае, а іншая рука забараняе палітычнае. То бок культура тады яшчэ не была пад забаронай. Рэжым толькі потым усвядоміў, што культура мае часам уплыў большы за палітыку. Тады ён гэтага не разумеў.

Я б не хацеў называць людзей, якія вялі перамовы, і распавядаць, як яны вялі перамовы, бо людзі знаходзяцца ў тым ліку ў турмах. Але тады з боку многіх у сістэме было спрыянне. Многія з іх ужо больш не працуюць там, многія падтрымалі падзеі 2020 года. А многія засталіся там працаваць і працуюць дагэтуль. Калі з’яўляецца трошачкі свабоды, то ініцыятыва грамадства прабіваецца вонкі.

Ужо не памятаю, як там дакладна было на перамовах па месцы акцыі, але памятаю, што гэта было няпроста. Няпроста было арганізаваць, і няпроста было сабраць рэсурсы. Акцыю праводзілі ў складчыну. Скідваліся простыя людзі, бізнэсоўцы. Такія, як дырэктар інфармацыйнай агенцыі БелаПАН Алесь Ліпай, які падтрымаў гэтую акцыю.

“Алесь Ліпай гарэў беларушчынай”

Дарэчы, як узнікла ідэя, што БелаПАН будзе галоўным партнёрам свята? Як адбываліся перамовы?

— Тое, што БелаПАН стаў галоўным партнёрам, было выключна ініцыятывай Алеся Ліпая. Ён гарэў беларушчынай, падтрымліваў Беларусь, верыў у гэтую справу. Ён верыў, што Беларусь можна змяніць знутры, хаця не меў ілюзій наконт рэжыму Лукашэнкі. І ён гэтай ідэяй заразіў многіх іншых. Ён захацеў панесці гэтую матэрыяльную нагрузку пры арганізацыі мерапрыемства. І стаў галоўным спонсарам, і выступіў на свяце. На такіх людзях, якія, нягледзячы на магчымыя рызыкі і наступствы, укладваюцца ў беларускую справу, яна і трымаецца.

— Як ты ўспрыняў тое, што неўзабаве пасля свята Ліпая пачалі пераследваць? Маўляў, калі такі багаты, паглядзім, што там у цябе. Абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў. У той год ён памёр, бо стрэс — а Алесь заўсёды ўсё, у тым ліку інфармацыю пра сваю цяжкую хваробу, трымаў у сабе — толькі абцяжарыў яго стан.

— Думаю, што Алесь разумеў магчымыя наступствы, але такія людзі ў крытычны момант гатовыя браць на сябе рызыкі, рабіць моцныя ўчынкі. Ён, напэўна, адчуў, што гэта вось той момант, калі нельга заставацца збоку. Гэта юбілей, 100 гадоў, і ён бывае раз на 100 гадоў. І, напэўна, яму асабіста хацелася паўдзельнічаць. Тое, што рэжым потым помсціў, — гэта вельмі подла. Але я думаю, што рэжым вельмі запознена асэнсаваў сілу гэтага мерапрыемства і тую энергію, якая там генеравалася. І ён пачаў ужо постфактум зноў закручваць гайкі і знішчаць. А таксама правяраць усіх тых, хто дапамагаў. Але тады такое шырокае кола людзей было ангажаванае, што цяжка было адпомсціць усім.

Алесь Ліпай

“Свята вывела беларускую справу з гета”

— Што, на твой погляд, было найбольш важным з таго, што атрымалася ў 2018-м?

— Думаю, найбольш важным было абазначэнне прысутнасці. Калі грамадства многія дзесяцігоддзі жыло ў падполлі, калі беларушчына, беларуская справа была заўсёды ў межах Сядзібы БНФ ці “Арт Сядзібы”, у нейкім падвальчыку, не была мэйнстрымам, а тут раптам трапіла ў mainstream agenda (галоўнае на парадку дня. — “Позірк”.). Думаю, гэтае свята, а таксама падзеі перад ім і пасля вывелі беларушчыну, беларускую справу з гета.

Другое — візуальны бок. Вось гэтая колькасць, гэтае мора людзей і сцягоў. Я не скажу, што сцягі легалізаваліся тады, але яны з’явіліся ў публічнай прасторы праз многія гады фактычнай забароны.

Потым — культурная частка. Выступілі сапраўды найлепшыя музыкі Беларусі. Было прадэманстравана багацце беларускай культуры, якая развівалася не дзякуючы, а насуперак. І трэба памятаць, колькі ўсяго было да Дня Волі і пасля. Ясна, што былі такія прыцягальнікі-магніты, ініцыятывы, як “Арт Сядзіба”, але колькі ўсяго ў тыя гады нарадзілася, асабліва ў рэгіёнах!

Разумееце, калі ты ствараеш прэцэдэнт — маю на ўвазе тую групу людзей, якія арганізоўвалі свята, гэта іхняя заслуга, — то іншыя бачаць і кажуць: “О! Значыць, можна”, — і таксама пачынаюць рабіць. Калі нават людзі ў рэжыме, блізкія да сыстэмы бачаць, што нешта не забараняецца, яны пачынаюць гэта падтрымліваць. Цяпер, у 2025 годзе, калі Беларусь перайшла ад аўтакратыі да таталітарызму, такое арганізаваць немагчыма. Але я думаю, што такія моманты яшчэ будуць.

Тое свята стала яшчэ прыкладам, як хутка ўсё можа памяняцца. Уявіце сабе, што ў Беларусі месяц не будзе рэпрэсій і раптам усё дазволяць, і дазволяць вярнуцца. Як хутка ўсё забуяе і ажыве. Кветкі і трава прарастаюць праз асфальт імгненна. Дастаткова толькі ў правільны клімат і ў правільную глебу гэта змясціць.

“Дзень Волі ўвасабляе ўсё тое, з чым рэжым змагаецца”

— Чаму беларускія ўлады адмаўляюць у магчымасці святкаваць Дзень Волі ў Беларусі? Чаму найбольш хваравітая рэакцыя была заўсёды на гэтую дату ў традыцыйным вулічным апазіцыйным календары, які дзейнічаў да 2020 года?

— Дзень Волі ўвасабляе ўсё тое, з чым рэжым змагаецца, усё тое, чаго баіцца. Гэта сувязь з Еўропай, гэта свабода, дэмакратыя, гэта паўстанцы Каліноўскага, гэта супраціў савецкай сістэме. Дзень Волі — гэта супрацьвага усяму таму савецкаму наратыву, які рэжым узяў на ўзбраенне. І менавіта таму на працягу трох дзесяцігоддзяў рэжым спрабаваў Дзень Волі ігнараваць, за выключэннем некалькіх гадоў адноснай “адлігі”.

Цяпер нават прызначэнне гэтай “інаугурацыі” на Дзень Волі — спроба Лукашэнкі прадэманстраваць сваю “эфектную перамогу” над апанентамі і перамогу над альтэрнатыўнай Беларуссю. Беларуссю дэмакратычнай і еўрапейскай. Маўляў, ну, усё, мы вас скарылі, вытурылі з краіны, пасадзілі, і вашае свята мы адмяняем, у гэты дзень мы будзем праводзіць сваю “каранацыю”.

Многія кажуць, што гэта толькі сымбаль. Але менавіта на сымбалях у вялікай ступені будуецца палітыка. І гэтыя сымбалі для такога рэжыму, як лукашэнкаўскі, нясуць вялікую пагрозу. Дзень Волі, бел-чырвона-белы сцяг, “Пагоня” і нават беларуская мова — гэта ўсё адна парадыгма сымбаляў.

Франак Вячорка на святкаванні ў 2018 годзе
Фота: архіў Франака Вячоркі

— У якім стане мы падышлі да святкавання Дня Волі ў 2025-м? Якія найвялікшыя дасягненні? Якія недахопы, страты?

— Дзень Волі-2025 — гэта Дзень Волі ва ўмовах таталітарызму. Такога тэрору і рэпрэсій не было ніколі ў Беларусі за тры дэкады лукашэнкаўскага кіравання. Ва ўмовах, калі немагчыма нічога публічна зрабіць. Калі забаронена ўсё, што не дазволена, — гэта якраз прыкмета таталітарызму.

Ясна, што людзі ўсё роўна адзначаюць, і мы гэта бачым па праглядах у медыя, па рэакцыях на відэа. Ведаем, што многія сем’і збіраюцца па ўсёй Беларусі і таксама адзначаюць, раскідваюць нейкія матэрыялы. Але ўсё роўна гэта не шэсці, не мітынгі ў цэнтры горада. Таму мы адзначаем за мяжой, таму мы разам з беларускімі суполкамі, дыяспарамі спрабуем арганізаваць, пікеты, канцэрты, іншыя акцыі, нават застоллі ў грамадскіх месцах — каб абазначыць, што сымбаль нікуды не падзеўся. Калі Лукашэнка спадзяваўся сваёй “інаўгурацыяй” гэты сымбаль, Дзень Волі, перабіць, то ў яго гэта не атрымалася.

“Цяпер той час, які трэба годна прайсці, праўда ўсё роўна на нашым баку”

— Што рабіць беларусам, калі немагчыма публічна святкаваць Дзень Волі ў Беларусі?

— Думаю, самае простае — адзначаць з сям’ёй і блізкімі. Распавесці дзецям пра гісторыю БНР і Дня Волі, паказаць ролік кампаніі “Будзьма беларусамі” пра нашую гісторыю, ёсць вельмі шмат кантэнту анлайн; размаўляць у гэты дзень па-беларуску. Сёння не той момант, каб выходзіць на вуліцы і падстаўляцца пад арышты. Але важна захаваць у сабе нейкую прынцыповасць. Гэта ж традыцыя. Мы з гісторыі ведаем, што былі эпохі, калі многія беларускія традыцыі былі забароненыя, у тым ліку ў савецкія часы. І не толькі Дзень Волі, але і хрысціянскія святы, Каляды. Мы гэта ўсё праходзілі. Галоўнае — традыцыю зберагчы ў коле блізкіх, не ігнараваць яе, не станавіцца абыякавымі.

А за мяжой? Мы трохі ўжо гэта закранулі.

— Ёсць цэлы спіс мерапрыемстваў, якія пачаліся 20 сакавіка і працягнуцца да 30-га па ўсім свеце: у Ізраілі, ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, краінах Еўрасаюза… Можна далучыцца або арганізаваць свае.

Як святкуе Дзень Волі Франак Вячорка? Ці ёсць нешта, што хацелася б сказаць з нагоды свята беларусам?

— Я адзначаю ў Вільнюсе, у нас цэлы дзень мерапрыемствы. Канешне, хацелася б адзначыць свята ў Менску. Няма большага шчасця, чым адзначаць Дзень Волі з аднадумцамі на радзіме. Натуральна, не хапае тых часоў. Але я ведаю, што мы яшчэ гэта зробім, мы яшчэ вернемся дадому. Проста цяпер той час, які трэба годна прайсці, перажыць, выстаяць. Гісторыя ўсё роўна на нашым баку. І праўда на нашым баку. Не бачу прычын для адчаю. Беларусам зычу цярплівасці, моцы. Калі абвяшчалі незалежнасць, ніхто таксама не мог паверыць. Цікава, што менавіта тыя беларусы, якія прыехалі з Вільні ў 1917-18 годзе, Луцкевічы і іншыя, прапанавалі абвесціць БНР. Могуць сказаць, што тыя, хто за мяжой цяпер, нічога не вырашаюць. Але наша гісторыя паказвае, што беларусы — і тыя, што за мяжой, у выгнанні, і тыя, што ў краіне — адно аднаго дапаўнялі. Падчас савецкай акупацыі беларуская дыяспара змагла шмат што захаваць і вярнуць у Беларусь. Так і цяпер.

Мы частка аднаго цэлага беларускага грамадства незалежна ад таго, дзе мы ёсць. У эпоху інтэрнэту і сацыяльных сетак межы граюць меншую ролю, чым раней. Галоўнае, у якой прасторы мы жывем, якія святы адзначаем, на якой мове гаворым, кім лічым сябе. У гэты дзень згадайце, што вы — Беларусь, падумайце, што мы зрабілі і зробім для Беларусі. Трэба набрацца цярпення, падтрымаць блізкіх. І падтрымаць палітвязняў.

Падзяліцца: