Мінск 07:42

Прахадны двор. Як украінскія ўхілісты праклалі водна-балотны шлях у Еўропу праз Беларусь

Аглядальнік "Позірку"

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 7 красавіка 2025 года ў 15:36

Тры гады ва Украіне ідзе поўнамаштабная вайна. Пакуль адны ўкраінцы змагаюцца на фронце, іншыя бягуць з краіны. “Ухілянты” (ухілісты) выбіраюць нелегальны шлях у Румынію, Славакію і нават Прыднястроўе — частка Малдовы, што абвесціла незалежнасць. Некаторыя рызыкуюць пайсці па “беларускай сцежцы” і пераадольваюць рэкі, балоты і лясныя гушчары.

Паводле інфармацыі на ліпень 2024 года, ва Украіне з 24 лютага 2022 года шукалі каля 400 тыс. ухілістаў.

Згодна звестак платформы Opendatabot, у сакавіку 2025 года ва ўкраінскіх судах было прынята 1.427 рашэнняў па справах аб ухіленні ад мабілізацыі. Гаворка ідзе як пра адміністрацыйныя пратаколы, так і пра крымінальныя справы.

На матрацы і лодцы праз раку, пешшу па балотах

Маршрут у Еўропу праз Беларусь не новы для тых, хто бяжыць з Украіны. Ухілісты прыплывалі ў Беларусь праз Днепр у Гомельскай вобласці — на матрацы і лодцы. Да прыкладу, у чэрвені 2024 года ў Гомельскую вобласць прыплыў на матрацы ўкраінец Міхаіл. Ён здаўся беларускім памежнікам, якія затым, калі набралася група такіх жа “турыстаў“, адвезлі яго на мяжу з Польшчай. За знаходжанне ў ізалятары часовага ўтрымання і паездку да мяжы Міхаіл заплаціў 800 і 1.300 рублёў адпаведна.

Яшчэ адзін украінец — Сяргей — прыплыў у Беларусь на лодцы. Яго таксама адправілі ў Польшчу. Сяргей распавёў блогеру, свайму цёзцы Сяргею Харольскаму пра тое, як зайшоў у Беларусь з Ровенскай вобласці праз балоты. Дарэчы, яшчэ ў 2011 годзе Аляксандр Лукашэнка сваім указам дазволіў украінцам з Ровенскай вобласці ў сезон збіраць ягады на тэрыторыі Беларусі, у асноўным на Альманскіх балотах.

У 2022 годзе, калі ва Украіне ішла поўнамаштабная вайна, Лукашэнка як быццам насмешку зноў дазволіў суседзям прыходзіць па ягады. Тагачасны кіраўнік Ровенскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Коваль назваў такое рашэнне правакацыяй. Ён заклікаў не перасякаць дзяржаўную мяжу, бо з Беларуссю яна афіцыйна закрытая.

“Цудоўныя людзі“

“Позірк” вывучыў дзясяткі відэазапісаў з гісторыямі ўхілістаў, якія беглі праз Беларусь, і зафіксаваў агульныя тэндэнцыі.

Усе ўцекачы вельмі хваляць беларускіх памежнікаў. Маўляў, тыя і цыгарэт дадуць, і прадукты за свае грошы купяць, і “братаюцца з намі, кажуць, што яны за нас“.

Відэаролік украінца Сяргея “Вясновы выхад у Беларусь” быў размешчаны 13 сакавіка. Ён распавёў, што з Кіева з двума таварышамі дабіраўся на таксі бліжэй да беларускай мяжы. Яны ішлі па замерзлым балоце, прабіраліся праз гушчар і такім чынам праніклі на беларускую тэрыторыю. Са слоў Сяргея, добра, што яны забралі з сабой смецце: “Калі хтосьці пакідае смецце, то беларускія памежнікі потым вязуць назад і прымушаюць збіраць”.

У выніку ўкраінцы трапілі ў ІЧУ, памежнікі сабралі групу з дзесяці такіх жа ўцекачоў і павезлі на мяжу з Польшчай. Перад гэтым украінцы прайшлі “фільтрацыю” ў КДБ. Пытанні былі пра тое, ці не працуюць яны на ўкраінскія спецслужбы — СБУ або ГУР, ці не працуюць у іх там сваякі. А таксама: “Што вы рабілі ў 2014 годзе?” У той год пасля звяржэння рэжыму Віктара Януковіча Расія анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым і з дапамогай мясцовых “проксі“ ўзяла пад кантроль частку тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей (“днр“, “лнр“).

Сяргей адзначыў, што беларускія памежнікі вельмі дапамагалі ім парадамі: як прайсці польскую мяжу, што казаць на “тым“ баку (лепш менш), колькі трэба мець з сабой грошай.

Украінцы заплацілі штраф за незаконны пераход мяжы — прыкладна 120 долараў. Сума ўзрастае з павелічэннем тэрміну ўтрымання ў ІЧУ.

Яшчэ адзін украінец, Кірыл, распавёў блогеру пра “выхад у Беларусь” два месяцы таму. Прабіраўся балотамі, піў ваду з рова, начаваў у лесе, спаў пад калодай, хаваўся ад дронаў украінскіх памежнікаў. Маршрут пабудаваў з дапамогай парадаў у закрытай телеграм-групе, куды “ўваход“ каштуе 1.500 грыўняў (36 долараў) плюс верыфікацыя — праверка, ці рэальны гэта чалавек. Паводле слоў Кірыла, “надзейныя людзі“ могуць падвезці з украінскага боку нават “за 10 метраў ад плота”, толькі гэта каштуе вельмі дорага. Танней — ісці самому.

Кірыл сцвярджае, што ніякіх мін і іншых сур’ёзных перашкод, каб трапіць у Беларусь, няма. Месца для пераходу — балоты і непраходныя лясныя гушчары. Допыты ў беларускім КДБ украінец назваў “лаяльнымі“ і “лайтовымі”. Ён заплаціў штраф 120 долараў і трапіў спачатку ў Польшчу, затым — у Канаду.

Мікіта трапіў у Беларусь праз балоты. Яму вельмі дапамаглі беларускія памежнікі — і парадамі, і стаўленнем: “Калі везлі да мяжы з Польшчай, то сказалі, што, калі не атрымаецца трапіць у Польшчу, адвязуць на мяжу з Літвой, калі і там не — адвязуць у Мінск і пасадзяць на самалёт у Грузію“. Паводле слоў Мікіты, на допыце ў яго цікавіліся, што ён рабіў у 2014 годзе. “А мне 19 гадоў, я ў 2014 у трэці клас хадзіў”.

Ён назваў беларускіх памежнікаў “цудоўнымі людзьмі“, якія нават адвезлі ўкраінцаў у краму, каб яны купілі вопратку і лепей выглядалі — “як турысты”.

Але шанцуе не ўсім: у сакавіку ў балотах Ровенскай вобласці памежнікі знайшлі жыхара Крэменчуга. Ён заблукаў і абмарозіў ногі.

Стоп-кадр відэазапісу Дзяржпагранслужбы Украіны: "Позірк"

Бізнэс на ўцекачах

У Ровенскай і Жытомірскай абласцях паліцыя і памежнікі неаднаразова затрымлівалі прадпрыемлівых грамадзян, якія арганізавалі бізнэс на ўхілістах. Так, у Жытомірскай вобласці жанчына прапаноўвала нелегальную пераправу праз мяжу за 120 тыс. грыўняў з чалавека (прыкладна 2.900 долараў). Яна спрабавала пераправіць праз мяжу восем чалавек.

У Ровенскай вобласці “памочнікі” бралі з ухілістаў па 5 тыс. долараў. Праўда, абяцалі пераправіць іх у ЕС.

За 2024 год байцы Чарнігаўскага памежнага атрада затрымалі некалькі дзясяткаў суайчыннікаў, якія спрабавалі трапіць у Беларусь праз Дняпро.

Сёлета ў студзені Дзяснянскі раённы суд Чарнігава пачаў разглядаць крымінальную справу за “здраду дзяржаве” ў дачыненні да 53-гадовага жыхара Жытомірскай вобласці. Паводле інфармацыі следства, ён супрацоўнічаў з расейскімі спецслужбамі, а яшчэ прадаваў у тэлеграме “бяспечныя маршруты“ выхаду ў Беларусь. Паслугі каштавалі 2 тыс. долараў.

Дарэчы, трапіўся ён пры спробе трапіць у Беларусь па сваім жа “бяспечным” маршруце. Пры ператрусе і аглядзе тэхнікі паліцыя даведалася, што ўкраінец перапісваўся з нейкай беларускай журналісткай і абяцаў пасля нелегальнага пераходу мяжы даць ёй інтэрв’ю. Ён выхваляўся ў перапісцы, што ведае “тысячу месцаў” пераходу ў Беларусь, што дапамог ужо 300 чалавекам і што “расіяне нам браты“.

Калі правадніка злавілі на беразе Дняпра, ён сцвярджаў, што прафесійна займаецца падводным плаваннем, таму мае з сабой ласты і збіраўся тут плаваць.

Не “да нас”, а “да іх”

Пётр (імя змененае з меркаванняў бяспекі) 20 гадоў служыў у памежных органах Беларусі на гомельскім кірунку. У размове з “Позіркам” адзначыў, што да поўнамаштабнай вайны беларускія памежнікі часта затрымлівалі ўкраінцаў, якія нелегальна перайшлі мяжу. Часта гэта было “па дурасці”, гэта значыць трапляліся рыбакі або зборшчыкі ягад і грыбоў. “Маглі нават не даваць ім штраф, выпісаць папярэджанне — і ўсё. Часта гаворка ішла нават не аб дэпартацыі — парушальнікаў проста перадавалі ўкраінскаму боку. Але былі, вядома, выпадкі і са штрафамі, і з дэпартацыяй“, — узгадвае Пётр.

Ён назваў “даволі дзіўным”, што памежнікі займаюцца перавозкай нелегалаў па Беларусі да мяжы з ЕС. Але разам з тым, кажа былы памежнік, “незразумела, як ва ўмовах вайны ва Украіне і закрытай мяжы дэпартаваць нелегалаў“.

У Беларусі застаўся адзін дзейны пункт пропуску на мяжы з Украінай — Макраны. Выкарыстоўваецца ён толькі для выхаду грамадзян Украіны з Беларусі, а таксама пры перадачы ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый на “вялікую зямлю”.

Абмен украінскімі і расійскімі ваеннапалоннымі ўжо традыцыйна праходзіць праз закрыты пункт пропуску Новая Гута — Новыя Ярылавічы.

19 сакавіка тут адбыўся абмен палоннымі паводле формулы “175 на 175”, анансаванай напярэдадні Уладзімірам Пуціным у размове з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.

Беларускія памежнікі не хаваюць, што дапамагаюць украінскім ухілістам. 27 сакавіка ў эфіры тэлеканала СТБ начальнік упраўлення аховы дзяржаўнай мяжы Мазырскага памежнага атрада Сяргей Саўчук заявіў: “Парушальнікі з боку Украіны як ішлі, так і ідуць на розных участках нашай дзяржаўнай мяжы”. “І гэта ўласціва не толькі Мазырскаму памежнаму атраду — у прынцыпе ўсяму ўкраінскаму кірунку. Людзі ратуюць сябе, свае жыцці, ідуць да нас, парушаючы дзяржаўную мяжу“, — сказаў памежнік.

Аднак Саўчук не ўдакладніў, што ўсё ж не “да нас“, а ў краіны Еўропы імкнуцца трапіць украінскія ўхілісты, і беларускія памежнікі ахвотна ім у гэтым дапамагаюць.

“Позірку” пакуль не вядомыя выпадкі, калі ўхілісты хацелі застацца ў Беларусі.

Падзяліцца: