
11 красавіка 2011 года ў 17 гадзін 55 хвілін на станцыі метро “Кастрычніцкая“ ў Мінску адбыўся выбух самаробнай радыёкіраванай выбуховай прылады.
Паводле афіцыйнай версіі, яна было закладзена пад лаўку насупраць прыпынку другога і трэцяга вагонаў цягнікоў, што ідуць у бок станцыі “Плошча Леніна“. Прылада была начыненая паражальнымі элементамі. У выніку тэракту на месцы загінула 11 чалавек, яшчэ чацвёра памерлі пазней, пацярпела амаль 200.
Праз некалькі гадзін на месца надзвычайнага здарэння прыбыў Аляксандр Лукашэнка з сынам Мікалаем, якому на той момант было шэсць гадоў.
Раніцай 12 красавіка КДБ даў справаздачу аб устанаўленні асобы выканаўцы тэракту, яго абвясцілі ў вышук.
На наступны дзень Лукашэнка заявіў, што тэракт раскрыты, пазней яго арганізатарамі былі названыя Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. 30 лістапада 2011 года суд прыгаварыў абодвух да расстрэлу.
Расследаванне здарэння неаднаразова выклікала крытыку з боку незалежных СМІ. Журналісты звярталі ўвагу на шматлікія нестыкоўкі, занадта хуткае расследаванне і кароткі тэрмін ад вынясення прысуду да прывядзення яго ў выкананне (3,5 месяца).
Тэракт адбыўся на фоне фінансавага крызісу ў Беларусі, які суправаджаўся рэзкай дэвальвацыяй рубля і напружанасцю ў грамадстве. 12 красавіка Еўрасаюз павінен быў разгледзець пытанне новых пра санкцыі супраць беларускіх уладаў. Выбух у метро здарыўся напярэдадні. Санкцыі ўведзеныя не былі.
“Дзяржабвінавачанне вяло справу да таго, каб Кавалёва прызналі вінаватым паводле тых жа артыкулаў, што і Канавалава“
Аўтар кнігі “Хто узарваў мінскае метро?” журналіст Алег Груздзіловіч падзяліўся з “Позіркам” успамінамі пра суд і сваімі здагадкамі.
“Асаблівага напружання падчас пасяджэнняў не было, — адзначыў суразмоўца. — Калі на пачатку працэсу на пасяджэнні прыходзіла шмат людзей, то ў канцы іх станавілася ўсё менш і менш. І журналісты мелі магчымасць знаходзіцца ля самай сцэны”.
Паводле слоў Груздзіловіча, у адзін з дзён ён сядзеў так блізка, што мог бачыць дэталі. Яму запомніўся такі момант: “Некаторыя матэрыялы справы былі напісаныя на паперах, з адваротнага боку якіх была палітычная карта Еўропы. Потым даведаўся, што следчым не хапала паперы і яны вымушаныя былі пісаць на гэтых самых картах”.
Яшчэ журналісту кінулася ў вочы, як некамфортна і балюча было падсудным, калі іх заводзілі ў позе “ластаўкі” ў залу, у гэтыя жалезныя клеткі.
“Дастаткова лаяльным” ён назваў стаўленне міліцыі да прэсы: былі рамкі металашукальнікаў, правяралі дакументы, але “ніхто не перашкаджаў працаваць”.
Адзіным інцыдэнтам стала тое, што падчас абвяшчэння прысуду ў яго забралі тэлефон, на які вёўся запіс. “І толькі праз амаль гадзіну тэлефон аддалі. Мяне запрасілі ў асобны пакой, дзе працавалі людзі ў цывільным. Уразіла, як шмат там было рознай апаратуры. Толькі тады зразумеў, што ўвесь працэс мы былі “пад каўпаком“. Тэлефон мне вярнулі, але, вядома, без відэазапісу прысуду”.
З усіх матэрыялах справы выходзіла, што галоўным арганізатарам быў Канавалаў, кажа Груздзіловіч. Гэты абвінавачаны вырашыў не даваць паказанні. А вось Кавалёў змагаўся за жыццё: адказваў на пытанні, распавядаў сваю версію таго, што адбылося, падкрэсліваючы, што не ведаў сапраўдных намераў Канавалава.
“Разам з тым было відаць, што дзяржабвінавачанне не падзяляе падсудных і вядзе справу да таго, каб яго таксама прызнаць вінаватым паводле тых жа артыкулаў. Мне здаецца, што і Кавалёў гэта ўсведамляў: па яго паводзінах было відаць, што ён вельмі баіцца”, — лічыць суразмоўца “Позірку”.
Таксама Груздзіловіч звярнуў увагу на момант, калі ў суд выклікалі бацькоў Канавалава, якія былі сведкамі па справе.
“Канавалаў да гэтага паводзіў сябе дастаткова самаўпэўнена, я б сказаў, нават дзёрзка, але калі ў праходзе з’явіўся ягоны бацька, то стаў зусім іншым чалавекам, — адзначыў журналіст. — Па твары было бачна: глядзеў на бацьку, нібыта вінаватае дзіця, якое прынесла са школы дзённік поўны нездавальняючых адзнак. А вось калі прыйшла маці, то ён вельмі расчуліўся. Было бачна, што яму вельмі шкада яе. Я не бачыў твару бацькоў, бо яны стаялі спіной да залы. Але па твары Дзмітрыя я зразумеў, што ён пачуваецца“.
Затрыманая разам з Канавалавым і Кавалёвым Яна Пачыцкая, якая выступіла на судзе, “блытаючыся ў паказаннях, казала, што Уладзіслаў ведаў пра змесціва сумкі”. “Упэўнена яна казала толькі тое, што патрабаваў ад яе дзяржабвінаваўца. Яе паказанні спрацавалі менавіта супраць Кавалёва, маўляў, ён усё бачыў і ведаў. Склалася такое ўражанне, што яе паказанні пракуратуры патрэбныя былі перш за ўсё для гэтага”, — мяркуе журналіст.

“Здалося, што пытанне матыву злачынства суд спецыяльна абмінаў бокам“
Пасля завяршэння працэсу выявіліся шматлікія супярэчнасці ў ходзе разбору, якія афіцыйна пазней ніхто не патлумачыў.
“Важнае пытанне: а навошта яны гэта зрабілі? На працэсе яго абыходзілі і пракурор, і суддзя — яны не запытвалі абвінавачаных, дзеля чаго ім спатрэбілася падрываць бомбу ў метро. Так, у абвінаваўчым заключэнні прагучала фраза пра “дэстабілізацыю“ і потым паўтарылася ў прысудзе. А абвінавачаныя, можа, і кіўнулі, але іх асабліва не распытвалі, таму яны нічога пра свой матыў і не казалі. Мне падалося, што гэтае пытанне суд спецыяльна абмінаў бокам. Але для гэтых хлопцаў, якія былі далёкія ад палітыкі, “дэстабілізацыя” — гэта нейкая недасяжная мэта”, — мяркуе аўтар кнігі.
Груздзіловіч узгадвае, што для сябе тады зрабіў выснову: абодва былі антылукашыстамі, але “не дурнямі, якім захацелася нешта проста так падарваць”. “Нейкая мэта ў іх была, але следства рабіла ўсё, каб схаваць гэтую сапраўдную мэту, а суд не стаў капацца“, — лічыць ён.
Для журналіста вынесены прысуд не стаў нечаканым: “Падчас працэсу было бачна, што абодвух зробяць вінаватымі. Да Кавалёва, на мой погляд, нават больш жорсткае стаўленне было падчас суда: на яго ціснулі больш, чым на Канавалава, таму што ён не прызнаваўся і заявіў у судзе, што даў паказанні падчас следства пад ціскам. Абсалютна не было відаць, што суд пашкадуе Кавалёва і не вынесе яму смяротны прыгавор”.
На думку Груздзіловіча, Кавалёў такога суровага прысуду не заслужыў, ягоная роля ў гэтай справе “выглядае вельмі дзіўна”: “Ён быў цалкам кіраваным, лідарам жа быў, вядома, Канавалаў”.
“Я думаю, што гэтае злачынства здзейсніў Канавалаў, а роля Кавалёва — саўдзельнік. Але думаю, што за імі мог хтосьці стаяць, што іх да гэтага кроку маглі падштурхоўваць беларускія спецслужбы”, — мяркуе Груздзіловіч.
На карысць гэтай версіі, на яго думку, кажа той факт, што тэракт здарыўся менавіта ў той момант, калі ў грамадстве ўслед за разгонам Плошчы-2010, палітычнымі рэпрэсіямі абвастрылася эканамічная сітуацыя.
“Відавочна, што падзеі 11 красавіка змянілі настроі людзей, паменшылі іх незадаволенасць рэжымам. Раскрыццё гэтай справы дазволіла ўладзе сказаць, што дзяржава будзе людзей абараняць, што ўлада адкажа на тэрарыстычныя выклікі. Варта разумець, што “сітуацыя тэрарыстычнай пагрозы” заўсёды дапамагае дыктатарам, дае, на іх думку, права яшчэ больш закруціць гайкі і абмежаваць правы і свабоды. Таму я і не выключаю гэтай версіі, хоць, зразумела, у мяне і няма доказных пацверджанняў гэтаму“, — сказаў суразмоўца.
“За тэрактам стаяць спецслужбы Лукашэнкі ці іх расійскія калегі“
“Улічваючы магчымасці органаў таго часу, а таксама адсутнасць досведу раскрыцця падобнага роду злачынстваў, такое хуткае раскрыццё злачынства выглядае вельмі незвычайным“, — адзначыў у каментары “Позірку“ былы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку, а цяпер удзельнік аб’яднання BelPol Уладзімір Жыгар.
Ён лічыць, што дзівацтваў было дастаткова шмат, у прыватнасці, “вокамгненная рэакцыя сістэмы і ўстанаўленне асоб і затрыманне злачынцаў на працягу сутак“.
Але “найбольшым дзівацтвам” Жыгар назваў “наступствы выбуху”. “Іншымі словамі — пашкоджанні вагонаў. Як мне казалі мае калегі, яны больш характэрныя для выбуху не на паверхні, дзе нібыта была пакінутая торба, а як калі б выбуховае прыстасаванне было ўстаноўлена ўнутры чагосьці-або пад падлогай, або ў скрыні. Але тады выбуховае прыстасаванне трэба было б прыводзіць у дзеянне ледзь не ўручную”.
Суразмоўца нагадаў пра відэаролік, які з’явіўся ў інтэрнэце адразу ж пасля выбуху. У кадр трапілі чатыры чалавекі, якія выносілі з падземкі падрыўную машынку КПМ-ЗУ1, катушку сапёрнага кабеля і вялікую, цяжкую сумку.
Падчас судовага працэсу адвакат Кавалёва Станіслаў Абразей адзначыў, што асобы гэтых людзей не высвятляліся, іх апытанне не праводзілася. Гэтая акалічнасць спарадзіла ў тым ліку чуткі пра датычнасць да тэракту беларускіх спецслужбаў.
“Калі зыходзіць з таго, што гэта ўсё было спланавана спецслужбамі, то хуткае знішчэнне доказаў не выклікае здзіўлення. Гэта — замятанне слядоў”, — падкрэсліў прадстаўнік BelPol.
Яшчэ адным дзіўным эпізодам таго трагічнага дня стаў візіт на станцыю Лукашэнкі з сынам Мікалаем, якому не было яшчэ і сямі гадоў.
На думку Жыгара, гэта выглядала “па-вар’яцку дзіўна і жудасна“: “Целы загінулых не прыбралі, ці наўрад была праведзеная праверка на наяўнасць другой выбуховай прылады, а ён ужо быў там”.
Жыгар лічыць, што Лукашэнка “дакладна ведаў, што другой выбуховай прылады на станцыі няма”.
“У кантэксце падзей таго перыяду (дэвальвацыя рубля, рэзкі скачок коштаў, дэфіцыт некаторых тавараў, маўклівыя акцыі пратэсту), беручы пад увагу крыважэрнасць сістэмы, дзівацтвы, пра якія я ўжо сказаў, больш чым упэўнены: за тэрактам стаяць спецслужбы Лукашэнкі ці іх расійскія калегі”, — падкрэсліў суразмоўца “Позірку”, дадаўшы, што ў новай Беларусі, пасля падзення рэжыму Лукашэнкі, “неабходна будзе правесці абсалютна новае расследаванне справы”.

***
Звяртае на сябе ўвагу персона цяперашняга генеральнага пракурора Андрэя Шведа, які быў кіраўніком следчай брыгады па справе аб тэракце ў метро. Сёння яго называюць адным з найбольш адданых Лукашэнку чыноўнікаў.
Менавіта з яго падачы наглядны орган заплюшчвае вочы на тысячы злачынстваў, якія рэжым здзейсніў з 2020 года.
Замест расследавання цяперашніх злачынстваў ён захоплена капаецца ў гісторыі з адзінай рэальнай мэтай: ствараць штучную сувязь паміж апанентамі цяперашняга рэжыму і нацысцкімі злачынцамі.
Вось і сённяшні дзень, 11 красавіка 2025 года, тэлеграм-канал Генпракуратуры пачаў не з гадавіны тэракту ў метро, а з напамінку, што “расследаванне крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва БССР працягваецца“. Нагода абраная зручная: Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.
Абодва суразмоўцы “Позірку” не выключылі, што ў тэракце ў мінскім метро замяшаныя спецслужбы, але публічных доказаў пакуль няма. Магчыма, яны чакаюць наступлення эпохі, калі праваахоўны блок будзе служыць закону, а не аднаму чалавеку.