“Пераход да беззаконня ў Беларусі адбыўся за адну ноч”. 30 год таму збілі дэпутатаў Вярхоўнага Савета, што трымалі галадоўку

30 гадоў таму на загад Аляксандра Лукашэнкі сілавікі збілі дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання, якія трымалі галадоўку ў Авальнай зале, — і брутальна выкінулі з яе. Так “малады прэзідэнт” змагаўся з супрацівам свайму першаму рэферэндуму, афіцыйныя вынікі якога вярнулі дэ-факта савецкую сімволіку і развязалі рукі для цеснай эканамічнай і палітычнай прывязкі да Масквы (увядзенне двухмоўя — з гэтай жа оперы).
Сам віноўнік і ініцыятар нападу тут жа ўсё, натуральна, адмаўляў і казаў, што “ніхто нікога не біў”. А ў 2019-м узгадаў, як ён “перажываў” з-за таго, што дэпутаты “валяліся”. Гэта так ён апісаў сядзячы пратэст.
З 19 удзельнікаў галадоўкі на сёння ў жывых засталіся 12.
“Позірк” паразмаўляў пра тыя трывожныя і паваротныя падзеі з каардынатарам апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання, шматгадовым журналістам “Радыё Свабода” Сяргеем Навумчыкам.
— У вашай кнізе “Дзевяноста пяты” гучаць тагачасныя ацэнкі падзей 11–12 красавіка — дзяржаўны пераварот. Ці змянялася яна нейкім чынам з улікам пазнейшых падзей 96-га (роспуск легітымнага парламента. — “Позірк”.)? Ці, на вашую думку, справядліва казаць, што парламентарызм у Беларусі быў знішчаны ўжо 30 год таму?
— Не, ацэнка не памянялася. Тое, што адбылося ў Авальнай залі ўначы 12 красавіка 1995-га, — дзяржаўны пераварот. Бо з гэтага моманту Канстытуцыя перастала мець абавязковы характар. І пра які парламентарызм можна казаць, калі парламентарыяў збіваюць у залі парламента на загад кіраўніка выканаўчай улады?
Рашэнні Вярхоўнага Савета наступнага, 13-га склікання ужо не былі абавязковымі для выканання, зрэшты, як і рашэнні Канстытуцыйнага суда. Ну і калі ўзгадваць роспуск ВС Лукашэнкам ўвосень 96-га, дык, нагадаю, што ён апраўдваў гэта правам, нібыта дадзеным яму народам на рэфэрэндуме [14 траўня] 1995-га. Хаця рэфэрэндум той быў прызначаны з парушэннем Канстытуцыі і праз збіццё дэпутатаў.
Звычайна пераход ад канстытуцыяналізму да беззаконня займае працяглы час, здараецца, нават гады. Тут жа ён адбыўся ў канкрэтны дзень, дакладней ноч — 12 красавіка 1995 года.
— Ці можна казаць, што менавіта з гэтых падзей пачаўся сілавы захоп улады Лукашэнкам, альбо яго прыкметы былі зафіксаваныя раней?
— Калі казаць пра сілавы захоп улады — так. Але сілу супраць палітычных апанентаў улады прымянілі ўжо праз некалькі тыдняў пасля абрання Лукашэнкі, у пачатку верасня 1994-га, калі АМАП спрабаваў разагнаць ўдзельнікаў святкавання Дня беларускай вайсковай славы [у Мінску] (8 верасня, у гонар Аршанскай бітвы 1514 года. — “Позірк”.).

— Следства па крымінальнай справе аб збіцці вас і паплечнікаў было прыпынена ў кастрычніку 95-га. Тады, здаецца, Генпракуратура яшчэ не была пад поўным кантролем Адміністрацыі прэзідэнта. Як вы тады гэта ўспрынялі і як ацэньваеце цяпер?
— Лукашэнка незаконна ліквідаваў дэпутацкі імунітэт. У час страйку ў мінскім метро (17–21 жніўня 1995 года. — “Позірк”.) быў схоплены і ўтрымліваўся некалькі дзён пад вартай лідар рабочага руху, дэпутат Сяргей Антончык.
Першы намеснік генпракурора [Уладзімір] Кандрацьеў заявіў мне і дэпутату [Валянціну] Голубеву, што будзе выконваць распаражэнні Лукашэнкі, а не Канстытуцыю. І тады, і цяпер я ацэньваю гэта як узурпацыю ўлады.
— Ці была рэальная магчымасць ініцыяваць працэдуру імпічменту яшчэ ў 95-м (неўдалая спроба адбылася ў лістападзе 96-га. — “Позірк”.)?
— Ініцыяваць — так, была. Тут шмат што залежала ад палітычнай волі членаў прэзідыума Вярхоўнага Савета і яго старшыні Мечыслава Грыба, а таксама старшыні КС Валерыя Ціхіні. І нават калі б імпічмент не адбыўся, ужо сама па сабе такая працэдура магла спыніць скатванне краіны ў дыктатуру.
— Што, на вашую думку, адыграла ва ўмацаванні аўтарытарызму ў Беларусі ў той перыяд больш значную ролю: гатоўнасць ужываць сілу “людзьмі Лукашэнкі” альбо бяздзеянне з боку тых, хто са сваіх пазіцый мог гэтаму процідзейнічаць?
— І першае, і другое [важнае], але яшчэ больш — палітычная апатыя большасьці насельніцтва.
Самі па сабе 19 дэпутатаў змяніць нічога не могуць, яны толькі могуць уратаваць гонар нацыі. Але калі б тады людзі выйшлі на плошчу падтрымаць дэпутатаў, як гэта было ў дні Сесіі Незалежнасці ў жніўні 1991-га — беларусы б сёння жылі ў іншай краіне.
***
Пра збіццё дэпутатаў у парламенце 30 гадоў таму “Позірк” паразмаўляў таксама з дэпутатам ВС 12-га склікання, былым сябрам каманды Лукашэнкі Анатолем Лябедзькам. Інтэрв’ю з ім будзе апублікавана неўзабаве.