Паміж Чарнобылем і вайной. У чарговую гадавіну катастрофы на ЧАЭС для беларусаў няма аптымістычных сцэнароў

39 гадоў таму, 26 красавіка 1986 года, “мірны атам” сур’ёзна выйшаў з-пад кантролю чалавецтва, абраўшы сваёй асноўнай ахвярай адну з 15 рэспублік таталітарнай дзяржавы СССР. Дзяржава спыніла сваё існаванне праз 68 месяцаў пасля гэтага, пакінуўшы Беларусь сам-насам з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы.
Як сталася, што на тэрыторыі Беларусі з’явіліся дзве асобныя зоны адчужэння, наколькі бяспечная Астравецкая АЭС, навошта было Расіі размяшчаць у Беларусі тактычную ядзерную зброю — пра гэта ды многае іншае “Позірк” паразмаўляў з Вячаславам Сіўчыкам, адным з арганізатараў знакамітых “Чарнобыльскіх шляхаў”, былым актывістам Беларускага народнага фронта, лідарам руху салідарнасці “Разам”, які ў першыя гады пасля аварыі на ЧАЭС прафесійна заняўся чарнобыльскай праблематыкай і працягвае гэтую справу цяпер.
“Мог трапіць у Чарнобыль адразу пасля аварыі”
— Як вы, географ па адукацыі, якога катастрофа на ЧАЭС заспела ў Абхазіі, пачалі займацца чарнобыльскай праблематыкай?
— Усё-такі я хацеў бы пачаць з дня сённяшняга. У Варшаве ў суботу, 26 красавіка, адбудзецца акцыя, прысвечаная 39-й гадавіне Чарнобыльскай катастрофы. Яна пачнецца а 13-й гадзіне каля Нацыянальнага музея тэхналогіі, дзе адбываліся акцыі беларусаў яшчэ ў 2020 годзе.
Спадзяюся, што я там буду выступаць і распавядаць не толькі пра гісторыю “Чарнобыльскіх шляхаў”, але і пра нашую барацьбу супраць расейскай стацыянарнай атамнай бомбы, якой з’яўляецца Астравецкая АЭС, і пра сённяшнюю небяспеку для Беларусі, таму што ёсць вялікая верагоднасць, што нашая постчарнобыльская краіна яшчэ зведае ядзерныя ўдары, што беларусы зробяцца ахвярамі, як гэта ўжо было падчас першай і другой імперыялістычных войнаў.
Ахвярамі беларусаў зрабіла і Чарнобыльская катастрофа. Тое, што ўсё вельмі кепска, я зразумеў, ужо калі пайшла інфармацыя ў праграме “Время”, не 26 красавіка, а пазней, калі абвясцілі ўсяму Савецкаму Саюзу, што “дрэнны Захад” нібыта “раздзьмювае” чарнобыльскую праблему.
Калі казаць асабіста пра мяне, то справа яшчэ ў тым, што мая вайсковая спецыяльнасць “радыяцыйная і хімічная разведка”, вайсковая кафедра ў БДУ на геаграфічным факультэце была ўнікальная. Наколькі я ведаю, такіх спецыялістаў рыхтавалі вельмі мала.
Так атрымалася, што я мог трапіць у Чарнобыль адразу пасля аварыі, але мяне ўратавала тое, што афіцэр-беларус, які фармаваў каманду для працы на ЧАЭС у ваенкамаце, калі ўбачыў, што я таксама беларус, сказаў проста, што нашых там і так вельмі шмат. Калі б ён гэтага не зрабіў, магчыма, мы б зараз не размаўлялі.
Пасля вяртання ў Беларусь з Абхазіі ў 1988 годзе, я прафесійна займаўся пытаннямі экалогіі. Быў такі праект, аўтарам якога я з’яўляюся — “Эколага-геалагічнае картаванне тэрыторыі Беларусі маштабам 1:500.000”.
Я працаваў у Беларускай гідрагеалагічнай экспедыцыі ВА “Беларусгеалогія”. Мог і не займацца чарнобыльскай праблематыкай, але не хапала людзей, таму я прафесійна займаўся і маніторынгам наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Наша структура была дзяржаўным манапалістам па пытаннях, якія датычыліся вады, і асноўны ўпор рабіўся, натуральна, на пробы вады, хаця мы рабілі і пробы глебы, і ўсяго астатняга, у нас была свая методыка.
Якраз у асноўным маімі высілкамі была створана электронная база даных усіх нашых чарнобыльскіх проб. Уся гэтая інфармацыя засталася незапатрабаванай, таму што тыя, хто прыйшоў да ўлады разам з Лукашэнкам, думалі толькі пра хуткія грошы. Думаць на перспектыву яны ніколі не маглі і не будуць.
“Чаго вы лезеце са сваім Чарнобылем? У нас “перестройка”
— Гэта вы рабілі як спецыяліст, а як заняліся палітычнай барацьбой?
— Натуральна, я браў удзел як эксперт у барацьбе за праўду пра Чарнобыль, удзельнічаў у Чарнобыльскім трыбунале* 25 лістапада 1989 года, прычым ад свайго прадпрыемства. Мы ўсе былі вельмі абураныя той хлуснёй, якую неслі камуністы.
Гэта вельмі падобна на сённяшні час, калі ад уладаў ідзе шмат хлусні. Тады не аднойчы гучала: “Чаго вы лезеце са сваім Чарнобылем, у нас у краіне “перестройка”…
Як чалавек, які займаўся маніторынгам, магу сказаць, што Чарнобыль мусіў бы беларускую нацыю навучыць двум рэчам. І гэта не праблема “мірнага атаму”: яна, на жаль, сусветная, і чаму адбылася катастрофа, на гэты час дакладна ніхто не ведае. Ёсць некалькі версій, але большасць схіляецца да таго, што быў эксперымент, прысвечаны чарговаму камуністычнаму святу.
Але далей здарылася яшчэ больш страшная рэч, таму што так шмат радыёнуклідаў выпала на тэрыторыю БССР не толькі таму, што быў адпаведны напрамак ветру.
На самой справе ў нас два сляды: прыпяцкі, ён лагічны, гэтыя радыёнукліды былі выкінутыя каля самой станцыі. Але ж мы маем і сожскі след — за Гомелем, паўночна-ўсходнія раёны Гомельшчыны і паўднёва-ўсходнія раёны Магілёўшчыны, і заходні раён Бранскай вобласці Расіі.
Гэты след утварыўся толькі таму, што тыя хмары, якія шлі ў кірунку Масквы, нават тэарэтычна маглі туды трапіць, жорстка асаджваліся авіяцыяй. Розніца паміж двума слядамі была толькі ў суадносінах стронцыю і цэзію, прапорцыя першага ў сожскім следзе была меншай. І нават у ім прысутнічаў плутоній, хаця ў меншай колькасці, чым у прыпяцкім следзе. Вельмі добра, што ўлады паспелі зрабіць 30-кіламетровы запаведнік, але ўсё астатняе было вельмі кепска.
Дык вось, вяртаючыся да дзвюх рэчаў. Першае, чаму мусіў навучыць Чарнобыль беларусаў, — таму, што чужая ўлада вельмі небяспечная, у дадзеным выпадку гэта былі камуністы, якім было ўсё роўна, што адбываецца з людзьмі. Другое: ворагам беларусаў з’яўляецца Масква, і вялікая колькасць пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы беларусаў звязаная ў тым ліку з тым, што за наш кошт абаранялі Маскву.
Беларускі народны фронт “Адраджэньне” быў здольны прабіць плаціну камуністычнай хлусні. Актыўна дапамагалі спецыялісты, якія працавалі ў гэтай сферы. Напрыклад, у мяне на працы казалі, што можна па-рознаму ставіцца да БНФ, але тое, што ён зрабіў па Чарнобылі, вельмі каштоўна для ўсёй Беларусі. Гэта і “Чарнобыльскія шляхі”, і “Чарнобыльскі трыбунал”, які я згадваў. Ён не толькі асудзіў тыя злачынствы, якія прывялі да катастрофы, але і вымусіў тагачасныя ўлады змяніць стаўленне да яе наступстваў.

Якраз тады, праз тры з паловай гады пасля катастрофы, звесткі пра яе былі рассакрэчаныя, але карты былі яшчэ сакрэтнымі. Пасля выбараў 1990 года, калі быў сфармаваны Вярхоўны Савет 12-га склікання і туды трапіла хаця і невялікая, але ж актыўная група дэпутатаў ад БНФ, быў прыняты закон аб мінімізацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, які быў аптымальным і зняў усе пытанні на той час.
Хацеў бы таксама падкрэсліць, што свет тады дапамагаў Беларусі: вельмі шмат беларускіх дзяцей ездзілі на аздараўленне за мяжу. Асабліва трэба адзначыць фонд “Дзецям Чарнобыля”, які быў створаны ў БНФ Генадзем Грушавым. Вялікую працу праводзіла беларуская дыяспара, у тым ліку і асабіста сённяшняя старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.
“У беларусаў дзве катастрофы — Чарнобыль і Лукашэнка”
— На акцыі “Чарнобыльскі шлях-1996” быў лозунг, што ў беларусаў дзве катастрофы — Чарнобыль і Лукашэнка. Прыход да ўлады Лукашэнкі знівеляваў практычна ўсё, што Беларускі народны фронт паспеў зрабіць для беларускага народа. Лукашэнку і яго бандзе было мала тых грошай, якія яны кралі з бюджэту, а там “распільваліся” вельмі значныя сродкі. Але пакуль яшчэ ў Беларусі быў дзейны парламент, за гэтым можна было яшчэ неяк сачыць: я думаю, што вы памятаеце і даклад Сяргея Антончыка пра карупцыю, калі газеты выйшлі з “белымі плямамі” (у снежні 1994 года. — “Позірк”.).
Ну а калі Лукашэнка здзейсніў антыканстытуцыйны пераварот, разагнаў парламент, адпаведны кантроль знік. Але простага распілу бюджэту гэтай бандзе было мала, і яны абрабавалі людзей, адабраўшы ў ліквідатараў і пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы выплаты, якія ў іх былі згодна з законам.
— Распавядзіце пра бадай што самы вядомы з “Чарнобыльскіх шляхаў”, які адбыўся ў 1996 годзе.
— Так, адзіны раз, калі на “Чарнобыльскім шляху” былі вельмі жорсткія сутыкненні з сілавікамі Лукашэнкі, — гэта як раз 1996 год, “Менская вясна-1996”, якая рыхтавалася БНФ з кастрычніка 1995 года, калі мы сталі пазапарламенцкай апазіцыяй. Я ў той час быў кіраўніком выканаўчай структуры БНФ — адказным сакратаром Управы.
Дык вось мы загадзя пачалі рыхтаваць дзве акцыі: “Дзень волі” і “Чарнобыльскі шлях”. Як раз была 10-я гадавіна катастрофы, і “Чарнобыльскі шлях” стаў самай масавай акцыяй “Менскай вясны”. Ён быў цалкам антылукашэнкаўскім, антыімперскім і прымусіў Маскву зразумець, што беларусы не здадуцца.
У маёй крымінальнай справе 1996 года было напісана, што ў “Чарнобыльскім шляху-1996” узялі ўдзел 100 тыс. чалавек. Там адбываліся эпічныя падзеі, як раз тады і з’явіліся першыя палітвязні: акрамя мяне і намесніка старшыні БНФ “Адраджэнне” прафесара Юрыя Хадыкі — яшчэ вядомы беларускі паэт Славамір Адамовіч, які быў арыштаваны за верш (можна правесці аналогію з сённяшнім часам), і лідар тагачаснай Партыі аматараў піва Андрэй Рамашэўскі, арыштаваны за акцыю моладзі супраць незаконнага лукашэнкаўскага рэферэндума 1995 года. Тады яшчэ сілавікам не хапіла моцы ці смеласці яго арыштаваць, але падчас “Менскай вясны” яны зрабілі гэта.

Вельмі шмат было пацярпелых на “Чарнобыльскім шляху” ў 1996 годзе, дзе сутычкі былі справакаваныя ўладамі. Гэта я ведаю дакладна, бо ўсё ж такі былі матэрыялы крымінальнай справы.
Можа, вашы чытачы памятаюць здымкі і відэа людзей з акрываўленымі перавязанымі галовамі, якія стаялі перад шчытамі мінскага АМАПа і крычалі: “Што ж вы, бандзюкі, нарабілі?!”
Нагадаю, што крымінальная справа ў 1996 годзе была распачата супраць усяго краўніцтва БНФ “Адраджэньне” у Дзень волі, і падзеі “Чарнобыльскага шляха” проста дадалі да матэрыялаў справы.
Я быў арыштаваны адразу пасля заканчэння “Чарнобыльскага шляха”, хаця яшчэ паспеў па заканчэнні мітынга правесці эвакуацыю старшыні БНФ “Адраджэньне” Зянона Пазьняка, а сам не паспеў з’ехаць: мяне захапілі вельмі жорстка.
“У той час не ведаў, што ў Менску ёсць завулак Акрэсціна”
— Першыя трое сутак я правёў на Акрэсціна. Зараз гэта гучыць крыху дзіўна, але ў той час я не ведаў, што ў Менску ёсць такі завулак, хаця вельмі добра ведаю горад. Зараз пра Акрэсціна ведаюць усе.
Удзельнікі “Чарнобыльскага шляха” ў нашай камеры чамусьці былі ўпэўненыя, што мы сядзім толькі да панядзелка, 29 красавіка. Але ў панядзелак нікога не вызвалілі, а мяне “выдзернулі” першага і праз яшчэ стары ІЧУ перакінулі ў СІЗА. І яшчэ мне вельмі пашанцавала, таму што, калі адбываліся гэтыя падзеі, мяне абсалютна выпадкова ўбачыў у пракуратуры вялікі беларускі мастак Аляксей Марачкін. Ён напісаў “Чарнобыльскі абраз”, і яго маглі проста пакалечыць на “Чарнобыльскім шляху”: амапаўскі кіёк тады прайшоў у нейкіх міліметрах ад яго вока.
Людзі параілі яму звяртацца ў пракуратуру, бо тады яшчэ многія думалі, што ёсць закон. Але ў выніку гэта дазволіла Марачкіну пабачыць, як мяне валакуць (Вячаслаў Сіўчык пасля арышту трымаў 21-дзённую галадоўку. — “Позірк”.). Ён адразу паведаміў пра гэта на волю, і, калі мяне цягнулі з пракуратуры, людзі ўжо сабраліся і пабачылі гэта, бо інакш ніхто б не даведаўся, што я сяджу па крымінальнай справе.
Я галадаў за ўсіх сябраў БНФ, бо разумеў, што, калі мне зламаюць, будуць масавыя рэпрэсіі. Кшталту такіх, якія мы можам бачыць сёння.
“Адбыўся рэдкі выпадак, калі “зламаўся” сам Лукашэнка”
— Але тут здарыўся такі рэдкі выпадак, калі “зламаўся” сам Лукашэнка і быў вымушаны адступіць. Прылюдна ён не аднойчы казаў, што супраць Сіўчыка нічога не мае, а калі захацеў чалавек памерці ад галадоўкі — хай памірае. Але ён — маскоўскі халуй, нікому ў Маскве яго меркаванне нецікавае. Так склаліся абставіны, што ў Маскве загадалі, каб палітвзняў у Беларусі не было, бо ў Расіі тады былі прэзідэнцкія выбары (16 чэрвеня першы тур і 3 ліпеня другі. — “Позірк”.), ну і Лукашэнка вымушаны быў нас з Юрыем Хадыкам вызваліць.
І далей, пасля 1996 года, “Чарнобыльскі шлях” быў самай масавай акцыяй. Лукашэнка ўжо баяўся яго разганяць, у тым ліку і з-за адпору яго сілавым структурам у той год. Я ведаю, што шмат карнікаў тады атрымалі траўмы. Хаця іх Лукашэнка пасля і ўзнагародзіў за тое, што яны змагаліся з людзьмі. Таму, хаця “Чарнобыльскія шляхі” шмат разоў забараняліся і ў 1990-х гадах, мы ўсё роўна іх праводзілі, і я быў іх асноўным арганізатарам.
І ўжо пазней узнікла яшчэ адна тэма, бо мы не толькі не здолелі дамагчыся вяртання закона аб мінімізацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, хаця імкнуліся гэта зрабіць. Мы не здолелі дасягнуць яшчэ адной мэты: каб быў пададзены пазоў супраць Расеі як правапераемніцы СССР аб кампенсацыі стратаў беларускага народа ў выніку катастрофы.
“Літва вельмі позна падключылася да барацьбы супраць Астравецкай АЭС”
— А хутка ўзнікла яшчэ адна жахлівая тэма — Астравецкая АЭС. Адразу скажу, што эканамічнай праграмай партыі БНФ “Адраджэньне” прадугледжвалася будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Усе іншыя варыянты — значна горшыя для эканомікі і нацыянальнай бяспекі Беларусі. Але, натуральна, АЭС нельга было будаваць па расейскай тэхналогіі і за расейскі крэдыт.
— Што не так з Астравецкай АЭС?
— Праблема Астравецкай АЭС у тым, што гэтая пляцоўка была выбрана яўна пад дыктоўку Генштаба Расейскай Федэрацыі, перш за ўсё — для вайсковых мэтаў. Як раз наша прадпрыемства, ВА “Беларусгеалогія”, займалася пытаннем выбару пляцоўкі пад магчымае будаўніцтва атамных электрастанцый у Беларусі. Яшчэ задоўга да Лукашэнкі, у 1980-х гадах.
І было вызнана, што Астравецкая пляцоўка не можа быць выкарыстаная з геалагічных прычын. Таму АЭС будавалі з палітычных мэтаў, на мяжы з Еўрасаюзам, з Літвой.
І рух салідарнасці “Разам” абсалютна слушна першым заявіў, што гэта — стацыянарная ядзерная бомба, якую Расея паставіла на мяжы з ЕС і можа таксама прынесці Беларусі катастрофу.
Нам, беларусам, тут таксама вельмі не пашчасціла, таму што Літва вельмі позна падключылася да барацьбы супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС. Хацеў бы яшчэ нагадаць, што публічнае рашэнне аб тым, што будзе будавацца АЭС, было даведзена на прэс-канферэнцыі Лукашэнкі і Пуціна ў 2011 годзе, якраз на фоне катастрофы на АЭС у японскай Фукусіме.
Дык вось Літва ў той час вельмі хацела пабудаваць АЭС паводле заходніх тэхналогій, і ў Вільні былі глыбока перакананыя, што ў іх гэта атрымаецца. Але расейскай агентуры хапае ва ўсіх постсавецкіх краінах, нечакана для эліты ў 2012 годзе адбыўся рэферэндум, які забараніў будаваць у краіне атамную электрастанцыю.
І пакуль усё гэта адбывалася, час быў згублены. Тады яшчэ можна было б падключаць да гэтага пытання нейкія сур’ёзныя структуры: гэта быў час, калі Пуцін яшчэ быў саюзнікам Захаду — не трэба забываць, што, калі Пуцін прыйшоў да ўлады, прэса называла гэта вялікай перамогай Злучаных Штатаў.
Дарэчы, наконт грошай. Адным з момантаў, чаму Лукашэнку была патрэбная менавіта расейская АЭС, было тое, што гэта дазваляе “піліць бюджэт”, бо будаўніцтва АЭС — гэта вельмі сур’ёзныя грошы.
Літоўскія эколагі цудоўна разумелі небяспеку будаўніцтва Астравецкай АЭС, я таксама намагаўся выкарыстаць нейкія свае прафесійныя сувязі, але ж літоўская палітычная эліта тады была зусім іншай думкі, і яшчэ раз паўтару, што расейскай агентуры там хапае. Гэта якраз пацвярджаецца тым, што тая ж самая агентура зараз раздула штучную праблему “ліцвінізму”, папярэдне падрыхтаваўшы глебу ў Беларусі. Імперскія структуры актыўна працуюць па ўсёй постсавецкай прасторы.
Так “Чарнобыльскі шлях” з моманту абвяшчэння аб будаўніцтве Астравецкай АЭС набыў яшчэ адну мэту — пратэст супраць гэтай атамнай станцыі.
І быў парадаксальны момант, калі мы вымушаны былі адмовіцца ад легальнага правядзення “Чарнобыльскага шляха”, таму што ўлады пачалі “гуляцца” з дазволамі (гаворка пра 2019 год, калі ўлады ў рэшце рэшт дазволілі шэсце, але выставілі непад’ёмныя кошты за паслугі міліцыі. — “Позірк”.).
А ў 2020 годзе ў Беларусі здарылася крывавая нядзеля 9 жніўня, якая прывяла да перамогі Пекіна і Масквы.
“У Беларусі рыхтуецца новая катастрофа”
— Што скажаце пра сённяшні статус Беларусі як ядзернай дзяржавы?
— Скажу, што ў Беларусі рыхтуецца новая катастрофа — афіцыйна абвешчана аб размяшчэнні расейскай тактычнай ядзернай зброі.
Два гады таму я рабіў даклад на тэму “Як узрастала расейская ядзерная пагроза Еўропе: вяртанне ядзернай зброі ў Беларусь на фоне Чарнобыля і Астраўца” падчас панэльнай дыскусіі “Расейская ядзерная экспансія ў цені Чарнобыля — новы выклік для Еўропы” ў Варшаве. На вялікі жаль, незалежная прэса не праявіла асаблівай цікавасці да гэтай тэмы. Асноўнай тэзай майго даклада было тое, што Расея паслядоўна і доўга рыхтуецца да ядзернай вайны. Цяпер гэта, думаю, відавочна.
Хацеў бы нагадаць, што ёсць Будапешцкі мемарандум па Беларусі, пра які ўсе чамусьці забыліся і думаюць, што ён ёсць толькі па Украіне. У гэтым дакуменце вялікія краіны — Велікабрытанія і ЗША — давалі нам гарантыі бяспекі, незалежнасці і дэмакратыі ў абмен на бяз’ядзерны статус. Чамусьці многія хочуць, каб подпісы гэтых краін, асабліва зараз, калі прэзідэнтам ЗША стаў Дональд Трамп, сталі нікчэмнымі. Асабіста я б гэтага не хацеў.
Дарэчы, найлепшым спецыялістам у Беларусі па Будапешцкім мемарандуме быў Ігар Леднік, якога ўлады забілі ў турме. Думаю, што яго забойста не было выпадковым.
Лукашэнка з Пуціным рыхтуюць ядзерную вайну, у якой Беларусь чарговы раз буде ахвярай. Вельмі страшна, што няма ніякай адэкватнай рэакцыі.
Дарэчы, у дакладзе я тлумачыў, чаму гаворка ідзе менавіта пра тактычную ядзерную зброю. Бо па ёй Расея мае вялікую перавагу над астатнім светам. Гэта як раз зброя франтавая, яна мусіць паражаць вайсковыя злучэнні, камунікацыі, вузлы сувязі.
Была пагроза, што Расея скарыстаецца такой зброяй ва Украіне ў 2022 і 2023 годзе. Амерыканцы да гэтага ставіліся сур’ёзна і правільна рабілі. На вялікі жаль, яны несур’ёзна ставяцца да Беларусі, таму што, як я разумею, усе згодныя, каб Беларусь стала ахвярай.
Праблема ў тым, што біць па Расеі, калі яна ўжыве тактычную ядзерную зброю, будуць баяцца, а тут якраз “завялі” такую зброю ў Беларусь, па якой можна біць, не чакаючы адказу.
Мы жывем у перадваеннай Еўропе
— На вялікі жаль, я не бачу, як можна спыніць гэты працэс. Бо верагоднасць вялікай вайны павялічваецца з кожным годам. Дарэчы, усе, напэўна, акрамя беларусаў, разумеюць, што мы жывем у перадваеннай Еўропе і рыхтуюцца да страшнай вайны.
І тое, што ніхто не робіць мінімальных высілкаў па вывадзе расейскай тактычнай ядзернай зброі з Беларусі, — гэта праца на будучую катастрофу. Гэта такое маўклівае пагдненне наконт таго, што Беларусь у чарговы раз будзе ахвярай.
Спадзяюся на тое, што падчас сёлетняга “Чарнобыльскага шляха” ў Варшаве ў мяне будзе магчымасць пра гэта сказаць. Яшчэ я абавязаны сказаць пра тых беларускіх лідараў, якія сёння ў незаконным лукашэнкаўскім зняволенні і якія год за годам арганізоўвалі “Чарнобыльскі шлях” у Менску. У першую чаргу гэта адзін лідараў апазіцыі Павел Севярынец, старшыня Партыі зялёных (ліквідаваная ўладамі разам з іншымі апазіцыйнымі партыямі. — “Позірк”.) Зміцер Кучук. Лічу, што ў гэтую сумную гадавіну трэба назваць імены тых людзей, якія змагаліся за беларускую нацыю ад самога пачатку, яшчэ ад тых часоў, якія я прыгадваў у пачатку нашай размовы: Іван Нікітчанка, Генадзь Грушавы, Юрый Хадыка і іншыя, хто ўжо ў Нябеснай Беларусі, хто ў той час здзейснілі сапраўдны подзвіг дзеля ўратавання беларускага народа.
І не трэба забывацца, што заяўнікам першага “Чарнобыльскага шляха” быў нобелеўскі лаўрэат, сённяшні палітвязень Алесь Бяляцкі і што можна яшчэ ўзяць інтэрв’ю ў кіраўніка БНФ “Адраджэньне” таго часу Зянона Пазьняка…
Яшчэ раз запрашаю беларусаў Варшавы на мітынг 26 красавіка а 13-й гадзіне.
* Чарнобыльскі трыбунал — мерапрыемства, арганізаванае з ініцыятывы БНФ у Чырвоным касцёле Мінска з удзелам сведкаў катастрофы, навукоўцаў з Прыбалтыкі, Украіны, Малдовы. Яго рашэннямі кіравалася апазіцыйная фракцыя БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання (1990-1995).