
26 красавіка ў Ватыкане пахавалі папу Францішка. Канклаў — выбары новага кіраўніка рыма-каталіцкай царквы — распачнецца паміж 5 і 10 траўня.
“Позірк” распытаў каталіцкіх святароў, актывіста і эксперта, якім быў пантыфікат Францішка для Беларусі, што змянілася ў беларускім касцёле, якія ён мае праблемы, чаго Беларусі чакаць ад новага папы і які першасвятар найбольш пажаданы.
“Папа мае стасункі са ўсім светам, таму не варта яму закідваць, што ён нешта не зрабіў для Беларусі”
Ксёндз Дзмітрый Прыступа пацярпеў ад рэпрэсій пасля падзей 2020 года ў Беларусі і цяпер служыць у польскім Лодзі, у тым ліку праводзіць службы для беларускіх вернікаў-каталікоў. На яго думку, для беларускага касцёла часы пантыфікату Францішка мала чым адрозніваліся ад часоў, калі на чале каталіцкай царквы стаялі Бенедыкт XVI (2005–2013) ці Ян Павел II (1978–2005). “Усё адбывалася ў тым жа тэмпе, як было і да пантыфікату Францішка. Ведаючы, які ўплыў у Беларусі мае праваслаўная царква, у тым ліку ў стасунках са свецкімі ўладамі, папа Францішак меў, як і ягоныя папярэднікі, пэўныя абмежаванні. Папа Францішак казаў, што хацеў бы пабываць у Беларусі, але што стаяла за гэтымі словамі ці ішла нейкая праца, перамовы — невядома, гэта ўсё адбываецца за кулісамі”, — адзначыў святар.
Ён звярнуў увагу, што Ватыкан, як і свецкія ўлады, мае разбудаваную структуру, за пэўныя накірункі адказныя пэўныя людзі. Таму, лічыць ксёндз Дзмітрый, не варта закідваць папу, што ён нешта зрабіў ці не зрабіў для Беларусі. “Бо ён мае стасункі са ўсім светам і не мог бы канцэнтравацца выключна на Беларусі, Украіне, Аргентыне ці іншай краіне”, — падкрэсліў суразмоўца.
Сярод пазытыўных крокаў Ватыкана ён лічыць прыезд у Беларусь арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці ў снежні 2020 года, пасля чаго стала магчымым вяртанне на Радзіму мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які заклікаў уладу спыніць гвалт і сесці за стол перамоваў.
Рэпрэсіі супраць святароў застаюцца праблемай для касцёла. Так, 11 гадоў пазбаўлення волі атрымаў ксёндз Генрых Акалатовіч. Яму інкрымінавалі “здраду дзяржаве” за “шпіянаж на карысць Польшчы і Ватыкана”. Сутнасць абвінавачанняў невядомая, суд быў закрытым. Чакае на прысуд (магчыма, ён ужо вынесены) і ксёндз Анджэй Юхневіч.
Ці робіць нешта Ватыкан у справе вызвалення сваіх людзей? “Я як каталіцкі святар веру, што нейкі рух, перамовы, размовы ў гэтай справе адбываюцца. Не заўсёды гэтыя размовы маюць плён, які б мы хацелі. Але адназначна нельга сказаць, што Ватыкан нічога не робіць. У той жа час Апостальская сталіца моцна абмежаваная ў справе беларускіх святароў праз свецкія беларускія ўлады”, — разважае ксёндз Дзмітрый.
Што на сёння не хапае беларускаму касцёлу — больш гнуткасці ці, наадварот, прынцыповасці? Святар лічыць, што і не таго, і не іншага. Сапраўдная патрэба, на яго думку — “жыццё чыстым Евангеллем, якое дае Хрыстос”. “Хрыстос меў стасункі з кніжнікамі і фарысэямі і таксама часамі выбіраў толькі дыпламатычныя размовы, як было, скажам, з Пілатам. Касцёлу ў Беларусі варта вярнуцца да першапачатковага Евангелля і гэтаму вучыцца, і біскупам, і вернікам — жыць паводле Евангелля”, — выказаўся святар.
“Абранне і Яна Паўла, і Бенэдыкта, і іншых было нечаканае як для касцёла, так і для ўсяго свету”
Што з выбарам новага папы? Хто быў бы “найлепшым варыянтам” для Беларусі? Ксёндз Дзмітрый лічыць, што сёння няма сэнсу гэта абмяркоўваць, калі глядзець на гісторыю касцёла. Бо калі папам быў абраны Ян Павел II, ці Ян Павел XXIII, ці Бенедыкт XVI, і нават папа Францішак — гэты выбар быў нечаканы і для касцёла, і для ўсяго каталіцкага свету. Не было такога, што яны былі загадзя вядомымі “фаварытамі гонкі”. “Мы ў касцёле лічым, што выбарам папы кіруе Святы дух. Таму найлепшы кандыдат на папу сёньня — гэта той, на каго пакажа Святы дух”, — кажа ксёндз Дзмітрый.
Паводле яго, насамрэч лёс беларускіх католікаў залежыць не ад таго, хто менавіта будзе папам. “Беларускім католікам трэба больш маліцца, каб атрымаць тое, што ім падрыхтаваў Бог. Тысячы беларусаў у эміграцыі ў Польшчы пасля падзей 2020 года. Але на імшу прыходзяць дзясяткі. Напрыклад, у горадзе, дзе я служу, жыве каля 700 тыс. чалавек. Чаго тады нам спадзявацца на папу, каб ён за нас нешта вырашыў, калі мы не бяромся за малітву?” — дадаў святар.
Кажучы пра асабістыя чаканні ад новага папы, ксёндз Дзмітрый адзначыў, што чакае на пасадзе пантыфіка чалавека, які жыве чыстым Евангеллем, кіруецца Святым духам і прапаведуе божае слова “паводле таго, што хоча ад нас Хрыстос, а не сучасны свет”.

“Палітыка Ватыкана ў дачыненні да Беларусі — класіка “мяккай сілы”
Палітолаг, філосаф, былы акадэмічны дырэктар Інстытута стратэгічных даследаванняў BISS Пётр Рудкоўскі, гаворачы пра перыяд службы Францішка ў кантэксце Беларусі, нагадаў, як і іншыя суразмоўцы “Позірку”, пра поўнае абнаўленне епіскапата ў Беларусі. “У аснове гэтых прызначэнняў прасочваецца нацэленасць на моцны духоўны хрыбет, укаранёнасць у нацыянальную культуру і адчувальнасць на сацыяльныя выклікі”, — мяркуе Рудкоўскі.
Вострымі праблемамі беларускага касцёла ён таксама лічыць рэпрэсіі супраць святароў і вернікаў, крымінальны пераслед за грамадзянскую пазыцыю. Суразмоўца назваў паказальнымі ў гэтым плане гісторыю ксяндза Акалатовіча, фактычны захоп Чырвонага касцёла ў Мінску — гэты культавы будынак “не даступны, выкарыстоўваецца ўладамі як інструмент шантажу супольнасці”.
Які папа быў бы “найлепшым” для Беларусі? На погляд Рудкоўскага, калі заняць зусім ужо лакальную пазыцыю (“хоць могуць быць сумневы, ці яна апраўданая”), то, бадай, украінскі кардынал Мыкола Бычок. “У яго быў бы не толькі асабісты “інтарэс” у нашым рэгіёне, але і цалкам добры душпастырскі досвед, важны і для паўсюднага касцёла. Праца з моладзю, служба не толькі ва Украіне, але і ў Расіі, у Польшчы — ён ведае кантэкст. Ідэальны “востры голас рэгіёна”. Але шанцы малыя”, — перакананы палітолаг.
Ён лічыць “цалкам рэалістычнай кандыдатурай” італьянскага кардынала П’етра Параліна. Гэта “дыпламат высокага класа, умее трымаць баланс паміж дыялогам і прынцыпамі”. Клаўдыё Гуджэроці, паводле меркавання Рудкоўскага, — кандыдатура вельмі добрая з перспектывы Беларусі і рэгіёна: “Ён Беларусь ведае. Быў нунцыем у Мінску (у 2011–2015 гадах. — “Позірк”.), гаварыў па-беларуску, цытаваў беларускіх класікаў. Размаўляў не толькі з уладамі, але і з вернікамі — і яго слухалі. Не баяўся выказваць суперажыванне палітвязням. Калі гэта было мэтазгодным, то і публічна”.
На думку Рудкоўскага, палітыка Ватыкана ў дачыненні да беларускіх уладаў пры Францішку — класіка “мяккай сілы”. “У публічным вымярэнні не было ні крыку, ні скандалу. Папа Францішак публічна не асуджаў рэпрэсіі, не згадваў палітвязняў па імёнах, не рабіў гучных каментараў. Гэта не адсутнасць пазіцыі, а рэалістычная ацэнка сітуацыі: адкрытая канфрантацыя ніякай палёгкі пацярпелым не прынесла б, затое да іх далучыліся б сотні іншых пацярпелых. Ватыкан працуе не праз мегафон, а іншымі метадамі”, — падкрэсліў эксперт.
Ягоныя асабістыя чаканні ад новага папы “ні вялікія, ні малыя — каб гэта быў вернік, як і яго папярэднікі”.
“Францішак не быў у стане пачуць ані крыку пакутнага беларускага народу, ані маўчання тых, хто паміраў у турме”
Ксёндз Павел (імя змененае рэдакцыяй з прычын бяспекі) заявіў “Позірку”, што 12-гадовы пантыфікат Францішка не мог не паўплываць на беларускі касцёл. За гэты перыяд было высвечана сем новых біскупаў для Беларусі, епіскапат аднавіўся і памаладзеў. На думку святара, было “шмат цікавага”, напрыклад візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан у 2016 годзе.
“Нядаўна мы пачулі з вуснаў ужо былога апостальскага нунцыя ў Беларусі Антэ Ёзіча, што папа Францішак замест “добры дзень” пытаўся ў яго “як там Лукашэнка?”. Апаненты касцёла закідаюць гэта, як і тое, што нунцый піў шампанскае з Лукашэнкам, а папа сустракаўся з ім. Але Францішак быў такім папам, які любіў сустракацца з усімі грэшнікамі. Ён сустракаўся з прастытуткамі, з асобамі з іншай сексуальнасцю. Ды каго ён толькі не прымаў. У такім кантэксце папа дэманстраваў, што здольны сустракацца з кожным чалавекам, якога не прымае свет. Так што ў гэтым плане і візіт Лукашэнкі — нічога дзіўнага”, — патлумачыў ксёндз Павел.
Ён звяртае ўвагу, што Ватыкан з Беларуссю за часы Францішка выбудоўваў цалкам добрыя стасункі. Часта можна пачуць, што “рэжым у Мінску мае добрыя зносіны з Ватыканам”, але гэты рэжым мае вельмі напружаныя зносіны з католікамі ў Беларусі. Паводле слоў святара, чыноўнікі на чале з Лукашэнкам гавораць нават пра любоў да папы Францішка, сам Лукашэнка называе яго ці не найлепшым папам. “Але разам з тым мы добра ведаем, што інстытуты ўлады сустракаюць святароў як зло, як сваіх ворагаў. Насамрэч касцёл, католікі ў Беларусі ўвесь час адчуваюць ціск. Але гэты ціск ніяк не перашкаджаў і не перашкаджае Ватыкану выбудоўваць свае зносіны, будаваць сваю дыпламатыю. Таму што Ватыкан кіруецца прынцыпамі “усходняй палітыкі”, east politics, з дапамогай якой імкнецца выбудаваць тыя зносіны, якія б дазвалялі захаваць дыпламатычныя стасункі. І для Ватыкана гэта добра. Але для мясцовага касцёла — не заўсёды”, — разважае ксёндз Павел.
Ён ўзгадвае, што падчас палітычнага крызысу ў Беларусі з вуснаў папы гучала назва краіны. Але, з жалем канстатуе святар, “мы з упэўненасцю можам казаць, што папа Францішак так і не быў у стане пачуць ані крыку, болю пакутнага беларускага народа, ані таксама маўчанне тых пакутных палітычных вязняў, святароў, якія сядзяць у турмах, якія церпяць, і тых вязняў, якія ў маўчанні сканалі за кратамі. Беларускія святары і вернікі гэта бачаць, разумеюць і адчуваюць пэўнае расчараванне”, — кажа суразмоўца.
Паводле ксёндза, ён усведамляе, што ў свеце больш за мільярд католікаў, а беларусаў мала. То, можа, нічога дзіўнага, што не было праяўленай салідарнасці з народам, які пакутуе? “Але калі папа выказваў спачуванне з нагоды гібелі дачкі расійскага філосафа, аднаго з натхняльнікаў агрэсіўнай вайны супраць Украіны Дугіна, калі ён заўважыў трагедыю гэтага чалавека, то чаго б не заўважыць тады і трагедыю беларускіх вернікаў Алеся Пушкіна, Вітольда Ашурка, іншых добрых хрысціян, якія загінулі ці пакутуюць за кратамі? У публічнай прасторы ніхто з Ватыкана з імі салідарнасці не праявіў”, — канстатуе святар.
“Дзеля аб’ектыўнасці” ён дадае, што, безумоўна, былі нейкія нябачныя, непублічныя дзеянні з боку Ватыкана ў справе беларускіх палітвязняў. Але “мы можам камэнтаваць толькі тое, што бачым ці чуем”.

“Беларускі касцёл на ўзроўні іерархаў не здаў іспыт”
Паводле ксяндза Паўла, дыпляматычныя стасункі паміж Ватыканам і Беларуссю выйшлі на новы ўзровень, бо зусім нядаўна была створаная амбасада Беларусі пры Ватыкане і гэта — прарыў. “Але калі ўлічваць, што сёння ў Беларусі злачынная ўлада і Беларусь акупаваная і ізаляваная і той рэжым, які незаконна трымае ўладу, імкнецца ўсялякім коштам знайсці выйсце на стасункі з Захадам, то, канечне, гэтую амбасаду Мінск разглядае як перамогу”, — зазначае суразмоўца.
Найбольш фундаментальнай праблемай сучаснага беларускага касцёла святар лічыць тое, што ў грамадстве ўсё перамяшалася: праўда і хлусня, дабро і зло, святло і цемра. І ў такой сітуацыі, калі Беларусь спрыяе вайне, калі на гэта працуе эканоміка, а тысячы сядзяць у турмах, перад касцёлам паўстае выклік: як сябе паводзіць? Ксёндз лічыць, што касцёл на ўзроўні іерархаў не здаў іспыт. Але калі просты вернік, які трымаецца запаведзяў, які прыйдзе памаліцца, дапаможа беднаму, занясе перадачу ў турму — “такі касцёл здае іспыты”. “Гэта касцёл у катакомбах, які мы не бачым у СМІ, ён у цярпенні, але жывы і дзейнічае. Кіраўніцтва ж трохі не ў той бок ідзе. Гэта балюча і крыўдна”, — кажа суразмоўца.
На яго меркаванне, нашчадкі будуць запытвацца: чаму маўчалі іерархі, Ватыкан, калі святароў садзілі ў турму?
“Можа, трэба менш цалавацца з прадстаўнікамі ўлады, а больш маліцца і давяраць Хрыстосу”
Чаго патрабуе сённяшні беларускі касцёл? Гнуткасці ці прынцыповасці у стасунках з уладамі? Як і Дзмітрый Прыступа, ксёндз Павел лічыць, што і не тое, і не іншае. “Касцёлу трэба менш звяртаць увагу на ўладу зямную і не думаць, як праяўляць да яе гнуткасць і прынцыповасць, але трэба азірацца на Хрыста. Вось чаго сёння не хапае касцёлу — замала глядзяць на Хрыста. Думаць трэба пра тое, што касцёл — гэта інстытуцыя Божая і Хрыстос у ёй ёсць і ён пра яе будзе дбаць. Але калі хто думае, што сёння, у часы пераследу, важна захаваць найперш інстытуцыі, ён вельмі моцна памыляецца. Той, хто цяпер думае, што будучыня беларускага касцёла залежыць ад яго, ён на сябе ўскладае місію самога Хрыста. Бачыце, да чаго дайшоў чалавек? Святар ці біскуп можа думаць, што будучыня касцёла залежыць ад яго і трэба праяўляць гнуткасць ці прынцыповасць. Не. Тут трэба праяўляць шчырую веру і давер да Хрыста, даверыць яму весці справу. Можа, трэба пайсці ў катакомбы, менш з’яўляцца ў тэлевізары, СМІ, менш цалавацца з прадстаўнікамі ўлады, а больш маліцца і давяраць Хрыстосу”, — прапануе ксёндз Павел.
На пытанне, які папа будзе лепшым для беларусаў, святар заявіў, што выбарам хай кіруе Святы дух, бо кожны чалавек мае свае абмежаванні: “Нават самыя здольныя і таленавітыя, як мы бачым, часам не ў стане ўбачыць з Ватыкана праблемы беларускага народа. Для іх Беларусь, як краіна трэцяга свету, як краіны Афрыкі. Яны перакананыя, што ў Беларусі збольшага ўсё добра: няма голаду, ёсць доступ да пітной вады, мінімальная праца. А ў краінах Афрыкі яшчэ горш. Але яны забываюцца ці не ведаюць, што Беларусь — гэта Еўропа, што ў нас тысячагадовая гісторыя, што беларусы шмат чаго далі ў развіцці Еўропе. Яны проста не ведаюць гісторыю Беларусі”.
Аднак суразмоўца лічыць, што новы папа можа змяніць рыторыку ў дачыненні да Беларусі, бо “ў касцёле Божым усё магчыма, дух святы можа падзьмуць у любы бок”. “Можа, і ў Ватыкане ўбачаць Беларусь, і ўбачаць не толькі Лукашэнку і рэжым і “моцную культуру Расіі”, але і беларускі народ. І згодзяцца, што ён мае права на існаванне, на вольную краіну, на малітву па-беларуску. Чаму не? Калі быў папа, які не чуў і не бачыў енку і катаванняў беларусаў, здзекаў у турмах, але там чулі енк мігрантаў, якія агрэсіўна спрабавалі прарвацца праз польскую мяжу, і іх енкі чулі ў Ватыкане, то можа быць і іншы папа. Які ўбачыць, што ў Беларусі людзі сядзяць у турме за ўчынкі міласэрнасці, за тое, што пісалі лісты вязням, насілі ім перадачы. І хай бы з Ватыкана перадавалі прывітанне не толькі Лукашэнку, але і святару ці верніку, якія сядзяць у турме, у тым ліку за “шпіянаж на карысць Ватыкана і Польшчы”, як гэта было ў выпадку з ксяндзом Генрыхам Акалатовічам”, — пракамэнтаваў ксёндз Павел.
Асабіста ён хацеў бы бачыць на пасадзе пантыфіка-верніка, чалавека, адданага Богу, які будзе мудрым, думаць па-божаму, гаварыць ад сэрца, але так, каб потым не давялося неаднаразова тлумачыць, што яго не так зразумелі. “Каб было больш адназначнасці, а не дыпламатыі”, — падсумаваў святар.

“Пасля 2020 года рамкі дазволенага для касцёла былі істотна звужаныя”
Каталіцкі актывіст Міхась (імя таксама змененае рэдакцыяй з прычын бяспекі) лічыць, што пантыфікат Францішка не быў для Беларусі адмысловым. Шмат якія працэсы ішлі сваім шэрагам: структуры касцёла працягвалі развівацца, былі высвечаныя новыя біскупы, прызначаліся нунцыі, у 2018 годзе адбыўся візыт беларускіх біскупаў ad limina. Міхась нагадаў, што ў 2016 годзе папа прымаў Лукашэнку, але далейшага працягу непасрэдная камунікацыя не атрымала. “Відавочна, на тое былі свае прычыны: тэма канкардату ў гэты пэрыяд амаль зусім не гучала. Святарам з-за мяжы па-ранейшаму трэба было атрымліваць дазвол на служэнне кожныя шэсць месяцаў, храмы не перадаваліся ва ўласнасць, сітуацыя з касцёлам у Бабруйску не варушылася з месца. Пасля 2020 года улады ўвогуле паказалі, на што здольныя адносна каталіцкай царквы ў Беларусі. Таму, на маю думку, за пантыфікатам папы Францішка касцёл развіваўся ў раней акрэсленых рамках і істотных прарываў у развіцці стасункаў з дзяржавай не адбылося. І тут відавочна, што ахвоты толькі з боку Ватыкана было недастаткова”, — кажа актывіст.
На яго перакананне, пасля падзей 2020 года папярэднія рамкі дазволенага для касцёла былі істотна звужаныя. Касцёл у прынцыпе больш ня можа прапаведаваць сацыяльнае вучэнне, не можа палемізаваць з уладамі, вымушаны ісці на нейкія крокі (выказванні, удзел у афіцыйных падзеях, замоўчваць праблемныя моманты), каб не пагаршаць актуальны стан рэчаў. Істотна абмежаваная сацыяльная дзейнасць, шмат якія пачынанні.
З гэтых прычын касцёлу сёння, паводле актывіста, вельмі складана трансляваць маральныя арыенціры, вельмі складана выказвацца, дзейнічаць, падтрымліваць найбольш уразлівых, “убогіх і вязняў”, як “загадваў Хрыстос і пра што шмат казаў папа Францішак”.
Міхась не думае, што пры выбары папы з краіны Афрыкі ці Азіі Беларусь увогуле знікне з фокусу Ватыкана, бо Дзяржаўны сакратарыят мае вялізны досвед супрацоўніцтва з Беларуссю. Таму любы папа, якога выберуць, будзе прыслухоўвацца да сваіх спецыялістаў і дасведчаных людзей.
“Няважна, хто будзе папам у гэтым кантэксце. Самае галоўнае, што ў Апостальскай сталіцы ёсць ужо дастаткова людзей на розных узроўнях, якія цудоўна арыентуюцца ў нашым кантэксце. Гэта натуральны вынік некалькіх дзесяцігодздзяў працы нунцыяў і іх сакратароў у Мінску, візітаў высокапастаўленых прадстаўнікоў Апостальскай сталіцы ў Беларусь, дзясяткаў сустрэч нашых біскупаў і іншых дзеячаў з прадстаўнікамі розных кангрэгацый і Дзяржаўнага сакратарыята, чатыры візіты ad limina. Усё гэта стварыла моцны падмурак экспертызы Ватыкана адносна Беларусі”, — упэўнены каталіцкі актывіст.
Ён не думае, што беларускі католікам варта спадзявацца на нейкія змены ў сувязі з абраннем новага папы, бо “змены павінны адбывацца ў Беларусі”. “Ватыкан можа зрабіць тое, што залежыць ад Ватыкана. Ён не можа зрабіць тое, што залежыць ад саміх беларусаў”, — кажа Міхась.
Суразмоўца мае сумневы, што новы папа зменіць рыторыку ў дачыненні да беларускіх уладаў: “Канфрантацыя не належыць да асноўнага набору інструментаў Ватыкана. Я думаю, будзе працягвацца шлях пазітыўнай дыпламатыі — то бок супрацоўніцтва там, дзе яно магчымае. У сваю чаргу складаныя пытанні, як, напрыклад, пытанне палітвязняў, ніколі не сыходзілі з парадку дня ўзаемаадносінаў Апостальскай сталіцы і афіцыйнага Мінска. Так, іх няма ў публічнай рыторыцы, але яны прысутнічаюць у размовах”.
“Улада ў Беларусі — д’ябальская, пра гэта трэба ясна сказаць”
Ксёндз Андрэй параўноўвае сітуацыю ў Беларусі пасля 2020 года і ў Польшчы ў 80-х. Кажа, што на той момант у Польшчы быў моцны каталіцкі касцёл, былі такія святары, як Ежы Папялушка, кардынал Стэфан Вышыньскі, Караль Вайтыла, які стаў папам Янам Паўлам II. “Яны выйгралі, бо быў моцны падмурак — вера, касцёл. У нас і вернікаў хоць і нямала, але яны меншасць, і касцёл таму таксама не такі моцны. Беларускі касцёл цяпер у такім ціску, што занадта не разгонішся ў той ці іншы спосаб уплываць на ўладу. Калі выбіраць паміж прынцыповасцю і гнуткасцю, я б выбраў для касцёла прынцыповасць. Так, гэта цярпенне, але Хрыстос цярпеў і сказаў, што і мы будзем цярпець. Але і гнуткасць патрэбная, бо ўлада на Беларусі ўвогуле д’ябальская, гэта трэба ясна сказаць, бо людзей садзяць у турмы, катуюць, забіваюць. Не кажучы пра Божыя запаведзі, а хоць бы якія маральныя прынцыпы”, — разважае ксёндз Андрэй.
Ён хацеў бы, каб папам быў абраны чалавек прынцыповы, канкрэтны, які адкрыта скажа пра Беларусь і тое, што там робіцца. Святар назваў краіну “міні-Паўночнай Карэяй” і выказаў думку, што, каб геаграфічна Беларусь не была б у Еўропе, “там сёння з лёгкасцю, на раз-два, расстрэльвалі б людзей”. Разам з тым ксёндз мае сумнеў, што з новым папам зменіцца рыторыка ў дачыненні да беларускіх уладаў. “Бо расейцы наклалі лапу на Беларусь, яна ад іх залежная, таму любому папу будзе цяжка нешта казаць, каб не пагоршыць сытуацыю. Бо беларускія ўлады ўжо праявілі сябе: пасадзілі святароў у турму, забралі Чырвоны касцёл. Тэарэтычна яны могуць і святароў-палякаў выслаць, і касцёлы зачыніць”, — кажа святар.
Ягонае асабістае пажаданне новаму папе: каб гэта быў кансерватар, а не рэфарматар. “Бо Божае слова нязменнае, яно было, ёсць і будзе. А што людзі часам адыходзяць ад веры, дык не таму, што касцёл патрабуе рэформаў. Можа, ён патрабуе вяртання да асэнсаванай сваёй веры і да некаторых рэчаў, якія былі да Другога Ватыканскага сабору (адбываўся у 1962–1965 гадах, ухваліў рэформы каталіцкай царквы, выклікаў крытыку кансерватараў. — “Позірк”.)”, — дадаў ксёндз Андрэй.