Мінск 13:55

“100–120 млн долараў штогод”. BelPol — пра ўзбагачэнне сям’і Лукашэнкі за кошт “Прэзідэнцкага спартыўнага клуба”

Нязменны старшыня "Прэзідэнцкага спартыўнага клуба" Дзмітрый Лукашэнка
Крыніца: BelPol Скрыншот: "Позірк"

Рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне “Прэзідэнцкі спартыўны клуб”, якім шмат гадоў нязменна кіруе сярэдні сын Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый, з’яўляецца сродкам узбагачэння сям’і беларускага дыктатара. Схемы, якія выкарыстоўваюцца для гэтага, — “карупцыя ў чыстым выглядзе”. Пра гэта гаворыцца ў фільме-расследаванні аб’яднання BelPol, выпушчаным 11 траўня на ютуб-канале арганізацыі.

“Прэзідэнцкі спартыўны клуб” (“ПСК”) быў заснаваны ў 2005 годзе. На сайце арганізацыі гаворыцца, што яна займаецца “арганізацыяй маштабных спартыўных спаборніцтваў, развіццём спартыўнай інфраструктуры, дабрачыннасцю і выплатай імянных стыпендый”. Пры гэтым праект з’яўляецца некамерцыйным.

Паводле заключэння BelPol, зробленага па выніках расследавання, у рэальнасці спортклуб — “інструмент для ўхілення ад выплаты падаткаў і легалізацыі хабараў, якія атрымліваюць дыктатар Лукашэнка і члены яго сям’і”.

У фільме прыводзяцца даныя як аб сумах сродкаў, якія атрымлівае “ПСК”, так і аб іх крыніцах.

14 дэпазітных рахункаў, мільёны долараў і еўра

У пачатку апавядання BelPol звяртае ўвагу на аўдытарскую справаздачу аб дзейнасці спортклуба за 2012, 2013 і 2014 гады. З дакумента вынікае, што за гэты перыяд сума разлічанага падатку на прыбытак “ПСК” склала адпаведна 19,8 млрд, 16,7 млрд і 17,7 млрд рублёў.

Разлічыўшы з дапамогай стандартнай стаўкі падатку (18%) поўны прыбытак арганізацыі, расследвальнікі ўстанавілі, што ў 2014 годзе ён склаў 98,2 млрд недэнамінаваных рублёў — каля 8 млн долараў. Па той жа формуле ў 2012-м было 110 млрд рублёў (12,8 млн долараў), у 2013-м — 92,8 млрд (9,8 млн).

У фільме таксама гаворыцца, што ў 2015 годзе спортклуб меў 14 дэпазітных рахункаў, адкрытых у “Беларусбанку” і “Белінвестбанку”. Практыка адкрыцця такіх рахункаў рэгулярная ў “ПСК”, вынікае з відэакадраў.

BelPol паведамляе, што 20 ліпеня 2020 года, “менш, чым за месяц да прэзідэнцкіх выбараў”, аб’яднанне заключыла дзве дамовы з “Беларусбанкам” аб размяшчэнні валюты на дэпазітных рахунках. У адным выпадку гаворка ішла пра 1 млн 450 тыс. еўра, у іншым — пра 26 млн долараў.

“Крыніца, якая ў мінулым мела дачыненне да “ПСК” і кансультавала нас пры правядзенні расследавання, выказала здагадку, што выяўленыя намі сумы можна смела памнажаць як мінімум на пяць. Паводле яго слоў, 100–150 млн долараў — гэта мінімум, які мог знаходзіцца на рахунках “ПСК” у банках толькі толькі Беларусі”, — адзначаюць аўтары.

Пры гэтым у фільме некалькі разоў робіцца акцэнт на тым, што па распараджэнні Аляксандра Лукашэнкі РДГА “Прэзідэнцкі спартыўны клуб” вызвалена ад выплаты падаткаў, гэта значыць “сумы налічаных падаткаў застаюцца ў распараджэнні арганізацыі для вырашэння сваіх статутных задач”.

“Тата сваім распражэннем вызваляе фірму сына ад падаткаў. Карупцыя? У чыстым выглядзе карупцыя”, — заяўляецца ў расследаванні.

Нерухомасць, падкантрольныя фірмы, адмінрэсурс

“Адкуль у спортклуба даходы?” — задаюцца пытаннем аўтары, адзначаючы, што “схемы ўзбагачэння сям’і дыктатара настолькі чорныя, што самая цёмная ноч на фоне іх выглядае сонечным днём”.

Далей паведамляецца, што ва ўласнасці аб’яднання знаходзіцца “шэраг будынкаў і збудаванняў на тэрыторыі Мінска”, якія “атрыманыя ад дзяржавы, натуральна, на бязвыплатнай аснове”.

Гаворыцца пра будынак плошчай 2.065 квадратных метраў па адрасе вул. Кальцова, 112 і будынку плошчай 513 кв. м па вул. Варанянскага, 35.

“Таксама “ПСК” мае плошчы ў “Мінск-Арэне” (пр. Пераможцаў, 111) і крытым лядовым катку Палаца спорту (пр. Пераможцаў, 4а). Імі клуб распараджаецца па сваім меркаванні, спрытна здабываючы прыбытак ад арэнды і не толькі арэнды”, — сцвярджае BelPol.

Характэрна, што асноўнымі арандатарамі гэтых плошчаў названыя кампаніі, заснавальнікамі якіх з’яўляецца непасрэдна спортклуб. Такім чынам, як заяўляецца, “ПСК” “перакладае грошы з адной сваёй кішэні ў іншую”, “павялічваючы на паперы выдаткі <…> фірмаў і зніжаючы іх падатковую базу”. Пры гэтым частка прыбытку гэтых юрыдычных асоб выводзіцца на рахункі спартыўнага клуба ў выглядзе дывідэндаў, якія не абкладаюцца падаткамі.

Гаворка ідзе пра кампаніі “Клуб тэніса”, “Спорт груп”, “АТВ-ТЭХ”, “Першая ўзорная друкарня”.

Крыніца: PelPol Скрыншот: "Позірк"

Заснавальнікам “Спорт груп”, паводле звестак расследвальнікаў, з’яўляецца Дзяніс Курдэка — хакеіст каманды Лукашэнкі і штатны супрацоўнік “ПСК”.

Больш падрабязна распавядаецца пра “Першую ўзорную друкарню” і “АТВ-ТЭХ”.

Першая з 2013 года “зарабляе грошы для клана Лукашэнкі”, займаючыся “пячаццю поўнага цыклу” і “вытворчасцю папяровай і кардоннай упакоўкі: ад этыкетак да скрынак”. Звяртаецца ўвага на багатую кліенцкую базу прадпрыемства, куды ўваходзяць кандытарскія фабрыкі “Камунарка”, “Спартак” і “Слодыч”, піваварная кампанія “Крыніца”, Завод пеністых вінаў, брэсцкі і гомельскі лікёра-гарэлачныя заводы і інш.

“Толькі ў 2024 годзе друкарня закупіла кардона для ўпаковак на суму каля 6,2 млн рублёў. Гэта дае агульнае ўяўленне аб абароце сродкаў кампаніі”, — гаворыцца ў фільме.

Як паведамляецца, этыкетачную паперу “Першая ўзорная друкарня” закупляе ў Аўстрыі праз польскую фірму-“пракладку” Carta Coat Leonid Elbaum. На канец лістапада 2024 года па гэтай схеме было пастаўлена паперы на 281,2 тыс. еўра.

Уладальнікам Carta Coat Leonid Elbaum з’яўляецца Леанід Эльбаум, які мае грамадзянства Польшчы і Беларусі.

“З улікам таго, што этыкетачная прадукцыя <…> забароненая да паставак у Расійскую Федэрацыю, простымі словамі — знаходзіцца пад санкцыямі, у нас узнікае вялікае пытанне: а ці не датычны грамадзянін Эльбаўм да абыходу санкцый у інтарэсах Расіі? Нешта нам падказвае, што гэта менавіта так”, — адзначае BelPol, заяўляючы аб планах звярнуцца з гэтай нагоды ў “адпаведныя органы польскай рэспублікі”.

“Казачныя грошы” прыносіць сям’і Лукашэнкі “АТВ-ТЭХ”, сцвярджаецца ў расследаванні. Асноўным відам дзейнасці кампаніі з’яўляецца “распрацоўка і вытворчасць бланкаў для каштоўных папер і дакументаў з пэўнай ступенню абароны, а таксама спецыяльных матэрыялаў для абароны іх ад падробкі”.

“Сродкі абароны, вырабленыя гэтай фірмай, выкарыстоўваюцца ў кожным пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, у кожнай таварна-транспартнай накладной, у кожнай акцызнай марцы на кожным пачку цыгарэт, у кожным дыпломе і атэстаце дзяржаўнага ўзору. <…> Грошы, заробленыя на дзяржзамовах, ідуць не ў дзяржбюджэт, а наўпрост у кішэню Лукашэнкі і яго ненаеднага сямейства”, — падкрэсліваюць аўтары.

Паводле іх слоў, падкантрольны сям’і Лукашэнкі бізнес працуе з вялікім прыбыткам за кошт адміністрацыйнага рэсурсу. З яго дапамогай кампаніі “атрымліваюць поўную загрузку вытворчых магутнасцяў”, закупляюць “танную сыравіну ад дзяржпрадпрыемстваў і сыравіну з Еўропы, з пастаўкамі якіх у іншых прадпрыемстваў могуць узнікаць складанасці”, а таксама маюць іншыя прэферэнцыі.

“Па такіх жа прыкладна схемах”, як сцвярджаецца, працуюць Іншыя бізнесы, заснавальнікам якіх з’яўляецца спортклуб. У іх ліку называюцца “Універсітэцкія традыцыі”, “Фан-Спорт” (валодае аздараўленчым комплексам “Вячоркі”), “Гольф-Клуб”, “РыэлтПСК”, гандлёвы дом “Бабруйскаграмаш”.

“Так званая спонсарская дапамога”

Яшчэ адным спосабам папаўнення рахункаў спортклуба з’яўляецца, паводле заключэння BelPol, “так званая спонсарская дапамога”, вызначаная як “схема атрымання хабараў і адкатаў”.

“Практычна кожная буйная фірма з высокім узроўнем даходаў рэгулярна папаўняе рахункі “ПСК” буйнымі сумамі <…>. Гэтая сітуацыя выдатна праглядаецца на прыкладзе групы кампаній “Тапас”, якая належыць былому гульцу хакейнай каманды Лукашэнкі Паўлу Беламу. Кожная фірма, якая ўваходзіць у групу кампаній “Тапас”, плаціла хабар дыктатару ў выглядзе спонсарскай дапамогі яго спартыўнаму клубу”, — падкрэсліваецца ў расследаванні.

Узамен, як удакладняецца, “Тапасу” выдзяляюцца смачныя кавалачкі зямлі ў Мінску для будаўніцтва элітных жылых комплексаў і бізнес-цэнтраў”.

Па такім жа ўзаемаразліку “добраахвотныя ўнёскі” клубу рэгулярна робяць “кашалькі Лукашэнкі” — прадпрымальнікі, набліжаныя да яго сям’і. “Яны атрымалі свае бізнесы ад сям’і альбо атрымалі магчымасць зарабляць ад сям’і, за што штогод уносяць ахвяраванні “ПСК”. Гэта іх плата за магчымасці, прадастаўленыя Лукашэнкам”, — тлумачаць аўтары.

У такую дзейнасць, паводле іх даных, ўцягнутыя бізнесмены, якія “ўваходзяць у структуру “ПСК”, Сяргей Цяцерын, Аляксей Алексін, Аляксандр Шакуцін, Мікалай Варабей, Аляксандр Зайцаў, Павел Тапузідзіс, Аляксандр Машэнскі, Юрый Чыж, Яўген Баскін і многія іншыя.

Пры гэтым спіс датычных да клуба “добраахвотных спонсараў” засакрэчаны, ім “аддадзеныя пад кантроль прадпрыемствы, акцыі альбо створаныя ўмовы для камфортнага вядзення бізнесу”.

Адзначаецца, што ўдзел у такіх схемах не застрахоўвае прадпрымальнікаў ад апалы, што адсочваецца на некаторых прыкладах. Прыйшоў час, гаворыцца ў фільме, і “ў Чыжа забралі ўсё”, а “Тапас” ад Белага перайшоў да таксама хакеіста [экс-кіраўніка хакейнай федэрацыі, цяпер членау Савета Рэспублікі Дзмітрыя] Баскава“. “Прыйшла пара расстацца з актывамі і <…> Шакуціну, у якога забралі “Амкадор”, — паведамляюць расследвальнікі.

Варта заўважыць, што ў 2023 годзе незалежныя СМІ паведамлялі пра затрыманне Белага, пасля сыходу з хакейнай каманды Лукашэнкі яго камерцыйныя справы прыйшлі ў заняпад. 28 лютага гэтага года партал “Люстэрка” паведаміў аб продажы з аўкцыёну (магчыма, за даўгі) маёмасці адной з кампаній, якая ўваходзіць у структуру “Тапаса”.

Машэнскі “сядзіць на двух крэслах адначасова”

У расследаванні таксама звяртаецца ўвага на двух членаў цэнтральнага савета “Прэзідэнцкага спартыўнага клуба”. Гаворка пра згаданага прадпрымальніка Машэнскага і спартыўнага функцыянера, былога першага намесніка старшыні Беларускай федэрацыі футбола (у 2011–2019 гадах) Сяргея Сафар’яна.

На бізнесмене, уладальніку групы кампаній “Санта”, акцэнт, мяркуючы з усяго, зроблены ў сувязі з тым, што ён не знаходзіцца пад санкцыямі, а таксама, як паведамлялі раней СМІ, часта наведвае Польшчу.

Машэнскі, як адзначаецца, “сядзіць на двух крэслах адначасова”: санкцыйныя абмежаванні на яго не распаўсюджваюцца, у той жа час ён удзельнічае ў дзейнасці “ПСК” і нават візуе дакументы клуба.

“Азначае гэта тое, што Машэнскі <…> з’яўляецца кашальком рэжыму Лукашэнкі <…>, — падкрэслівае BelPol. — Нагадаем, што “ПСК” знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, так што Машэнскі — гэта не проста паспяховы бізнесмэн, якому па-чартоўску шанцуе. Шмат у чым удалыя здзелкі, выйграныя тэндэры… Першапрычына [гэтага] ляжыць у банальным: ён частка сістэмы “ПСК”.

Сафар’ян, як паведамляецца, “з 2013 года быў намеснікам старшыні цэнтральнага савета “ПСК”, а таксама ўваходзіў у рэвізійную камісію гандлёвага дома “БелАЗ”, “за што атрымліваў пэўныя ўзнагароджанні”.

У фільме гаворыцца, што да сакавіка 2023 года на Сафар’яна ў Польшчы была зарэгістраваная кампанія Marteen. “Цяпер камерцыйная дзейнасць кампаніі прыпыненая. Аднак чамусьці ў Польшчы, а не ў шчаслівай Беларусі, пражывае яго сын [Іван Сафар’ян], у якога таксама ёсць фірма — Diva Express, ад асобы якой ён выдаваў бацьку даверанасць ажыццяўляць прадстаўніцтва ад кампаніі ў Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі. Акрамя гэтай фірмы, ёсць і іншая — Delikasa”, — паведамляюць аўтары.

“Чым займаюцца гэтыя фірмы? Матацыкламі ў прамысловых маштабах”, — заяўляецца ў расследаванні.

“Грошы, якія выдзяляюцца маладым спартсменам, — смяхотныя”

Згадваецца і статутная дзейнасць спортклуба: “стыпендыяльная праграма падтрымкі таленавітай моладзі” і “адкрыццё некалькіх спартыўных пляцовак”. “Але ўсё гэта — толькі фікцыя для замыльвання вачэй, — кажуць аўтары. — Сумы, якія выдзяляюцца на падтрымку моладзі, — смяхотныя”.

“Каб не быць галаслоўнымі”, прадстаўнікі BelPol прыводзяць дакументы, з якіх вынікае, што ў 2021 годзе “ПСК” “з панскага пляча” выдзеліў “цэлых 900 рублёў” на падрыхтоўку да спаборніцтваў двух юных біятланістак у Магілёве і 450 рублёў “з той жа фармулёўкай” — пачаткоўцу-спартсмену ў Нясвіжы (Мінская вобласць).

“Гэта плявок у твар маладым спартсменам, асабліва на фоне дапамогі Белтэлерадыёкампаніі ў 2021 годзе на суму 40 тыс. рублёў і 55 тыс. у 2022-м”, — праводзяць параўнанне аўтары.

Крыніца: BelPol Скрыншот: "Позірк"

У цэлым, як сцвярджаецца, спортклуб валодае дастатковымі сродкамі, каб дазваляць сабе вялікія пакупкі і выдаткі. У фільме распавядаецца аб набыцці арганізацыяй пісьмовага набору за 3 тыс. долараў, а таксама “дарагушчага” сувеніра “Мяжа”, “залатых маёрскіх пагонаў”, “залатога пісталета” і “залатога рамяня”. Кошт вырабаў з золата не ўдакладняецца.

Таксама распавядаецца, што ў 2022 годзе “Прэзідэнцкі спартыўны клуб” набыў за 182,9 тыс. еўра прэміяльны мікрааўтобус “Мэрсэдэс” V300D з “максімальнай камплектацыяй”.

“Мы ўжо маўчым пра паездкі [прадстаўнікоў клуба і яго кіраўніка Дзмітрыя Лукашэнкі] у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і адпачынак у прэміяльных гатэлях”, — падкрэсліваюць расследвальнікі.

Штогод, паводле ацэнак BelPol, сям’я Лукашэнкі “атрымлівае праз “ПСК” каля 100–120 млн долараў чыстага прыбытку”. Гэтыя грошы “асядаюць на рахунках у замежных банках”, заключаюць аўтары фільма.

Падзяліцца: