Мінск 19:30

У Беларусі пяты год хаваецца фін, якога вышуквае Інтэрпол — БРЦ

Мінск
Архіўны відэазапіс: ютуб-канал "Путешествие с высоты" / стоп-кадр: "Позірк"

20 траўня, Позірк. У Беларусі пяты год хаваецца фінскі бізнесмен Арта Калеві Аўтыё (Autio Arto Kalevi), якога вышуквае Інтэрпол, паведамляе Беларускі расследавальніцкі цэнтр (БРЦ).

Аўтыё з’яўляецца фігурантам фінскай карупцыйнай справы Моладзевага фонду (Nuorisosäätiö) — няўрадавай арганізацыі, што валодае тысячамі кватэр, у якіх жыве каля 5 тыс. маладых фінаў без уласнага жылля.

Іншыя фігуранты справы асуджаныя ў Фінляндыі, Аўтыё ж у сувязі з карупцыйнымі абвінавачваннямі выстаўленыя прэтэнзіі на суму больш за 30 млн еўра.

Як высветліў БРЦ, мужчына мае дачыненне да таго, што з 2015 года фонд пачаў інвеставаць у элітную нерухомасць па-за межамі Фінляндыі, у асноўным у Эстоніі, набываючы нерухомасць па завышаных коштах. Розніцу ў цане ўдзельнікі схемы, як адзначаецца, прысабечвалі.

У асноўным элітныя кватэры фонд набываў у прэстыжным раёне Таліна — на пляжы Пірыта. Грошы на гэта бралі ў банках пад заклад маёмасці, якой валодаў фонд.

У рамках гэтай схемы фонд не толькі браў крэдыты, але і сам іх выдаваў — у прыватнасці эстонскай кампаніі Pirita Holding. У 2015 годзе арганізацыя пазычыла ёй 12,1 млн еўра. На гэтыя грошы Pirita Holding набыла ўчастак у Таліне ў сваёй матчынай кампаніі — Brave Capital. У 2018 годзе Brave Capital прадала “дачку” Моладзеваму фонду за 5 млн еўра, і зямля апынулася ва ўласнасці фонду.

Пасля серыі падобных фінансавых маніпуляцый у бюджэт Моладзевага фонду вярнулася каля 1,5 млн еўра з выдадзенага Brave Capital крэдыту на 12,1 млн еўра.

Дзяржаўны Цэнтр фінансавання і развіцця жылля Фінляндыі, які часткова аплачваў дзейнасць фонду, даведаўшыся пра такія інвестыцыі, адразу запатрабаваў іх спыніць. Новае кіраўніцтва заспела фонд на мяжы банкруцтва, хаця яшчэ ў 2018 годзе яго актывы ацэньваліся ў 50 млн еўра.

БРЦ высветліў, што ў Беларусі Аўтыё ажаніўся, пражывае ў цэнтры Мінска. У 2018 годзе ён зарэгістраваў у Мінску ТАА “Ампліён Траст”, страты якога за 2021 і 2022 гады склалі 43 тыс. рублёў (на той момант больш за 16,6 тыс. долараў). Акрамя таго, у 2022 і 2023 гадах Міністэрства па падатках і зборах зафіксавала запазычанасць “Ампліён Траст” перад бюджэтам. Кампанія таксама вінная мінскаму аўдытарскаму ТАА “Бэйкер Цілі Бел” больш за 5 тыс. рублёў (тады звыш 2 тыс. долараў).

Паводле даных крыніц БРЦ, у 2019 годзе Аўтыё набыў у Рызе 14 аб’ектаў нерухомасці амаль на 12 млн еўра. У Літве ў яго 16 кампаній, 15 з іх — філіялы эстонскіх фірм, адна мае брытанскія карані.

Яшчэ адна дзейнасць Аўтыё, якая прыцягнула ўвагу еўрапейскіх праваахоўнікаў, — азартныя гульні. У 2019 годзе ён прайграўся на турніры покернай зоркі Патрыка Антоніуса ў Таліне. У агульнай складанасці з 2015 па 2019 год Аўтыё пакінуў у талінскіх казіно каля 6 млн еўра.

Увесну 2023 года Аўтыё быў асуджаны ў Эстоніі за ўхіленне ад выплаты падаткаў і незаконнае захоўванне зброі — пісталета з глушыцелем. Падатковая гэтай краіны запатрабавала спагнаць з яго амаль 2 млн эўра. Мужчына пайшоў на здзелку з судом і прызнаў віну ў большасці абвінавачанняў. Гэта дазволіла яму скараціць суму выплаты амаль у 10 разоў. Прызначаны тэрмін пазбаўлення волі — 2 гады і 8 месяцаў — зрабілі ўмоўным.

У самім судовым працэсе Аўтыё ўдзельнічаў па відэасувязі, знаходзячыся ў Мінску.

Знаходжанне Аўтыё ў Беларусі зрабілася магчымым, паколькі Беларусь не падпісала з Фінляндыяй двухбаковае пагадненне аб экстрадыцыі злачынцаў, адзначае БРЦ.

Адметна, што ўжо сёлета Аўтыё зможа без перашкод вярнуцца ў Хельсінкі — у снежні 2025 года скончыцца 10-гадовы тэрмін даўніны дзеяння падазрэнняў у здзяйсненні злачынстваў, звязаных з Моладзевым фондам.

Прадстаўнік аб’яднання былых сілавікоў BelPol Уладзімір Жыгар адзначыў, што такія людзі, як Аўтыё, становяцца аб’ектамі інтарэсу ўладаў: “На мяжы ставіцца адзнака пра яго прыбыццё, далей кантралююцца яго перамяшчэнні, і ў адзін цудоўны момант да яго прыязджаюць людзі ў цывільным і запрашаюць на размову. Натуральна, адмовіцца ад такой размовы чалавек не можа”. “І яму прапануюць, скажам так, узаемавыгадную супрацу. Ён можа знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, яго не чапаюць, а ён, напрыклад, займаецца інвестыцыямі, дапамагае знаходзіць шчыліны для абыходу санкцый”, — сказаў прадстаўнік ByPol.

Беларускія ўлады бачаць у замежніках, што ўцяклі ад закона, магчымасць “выкарыстаць іх грошы, сувязі, магчымасці і веды”, лічыць Жыгар.

Самы высокапастаўлены з вядомых грамадскасці замежнікаў — былы прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў. Мінск ігнаруе запыты генпракуратуры Кыргызстана аб выдачы Бакіева, які атрымаў палітычны прытулак у Беларусі ў 2010 годзе, а на радзіме завочна прыгавораны ўжо да некалькіх працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі па справах, звязаных з карупцыяй. Палітык атрымаў беларускае грамадзянства.

У апошні час Мінск і Бішкек вядуць перамовы пра перадачу Бакіева Кыргызстану, заяўляў у сакавіку агенцтву “Кабар” дзейны кыргызстанскі кіраўнік Садыр Жапараў.

“Што да Курманбека Бакіева, па ім вядуцца перамовы. Нам кажуць: “Калі не пасадзіце, то гатовыя яго перадаць”, — сказаў палітык у кантэксце адказу на пытанне, звязанага з чуткамі пра прыезд у Кыргызстан старэйшага сына Бакіева Максіма, прыгаворанага ў роднай краіне да пажыццёвага зняволення.

Аналагічная сітуацыя з экс-прэм’ерам Сапарам Ісакавым, які знаходзіцца ў вышуку, — у Мінску, паводле сцвярджэння Жапарава, кажуць: “Калі не пасадзіце, гатовыя перадаць хоць сёння”. У Бішкеку, сказаў ён, “думаюць над гэтым”.

Падзяліцца: