Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 9 ліпеня 2025 года ў 08:17

У сістэме каардынат беларускай улады і прапагандысцкага аппарату, які яе абслугоўвае, тэма правоў чалавека займае асаблівае месца. Іх практычна поўная адсутнасць — галоўная прэтэнзія дэмакратычных краін да нязменнага рэжыму. Адпаведна рубяжы абароны ад “вонкавага ўплыву” — эшаланаваныя і звілістыя. Адзін з іх — крытыка Мінскам самой сістэмы правоў чалавека, якая нібыта сябе зжыла.
Прававы эрзац
Мінск фактычна падмяніў паняцці, называючы правамі чалавека яго базавыя патрэбы — у ежы, працы, зарплаце. А тое, што пад правамі чалавека разумее Захад, — лічыць буржуйскай блазнотай, якая падрывае “традыцыйныя каштоўнасці”.
Тон задае архітэктар рэжыму. “Сёння ўжо ніхто не сумняваецца, што асноўнай мэтай гэтага ашалелага шантажу з’яўляецца не барацьба за нейкія міфічныя правы чалавека“, — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў кастрычніку 2024 года з нагоды дзейных санкцый, якія ўводзіліся ў тым ліку з прычыны фальсіфікацыи вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў.
“Я лічу, што правы чалавека — гэта перш за ўсё права на жыццё. І вось вакол жыцця чалавека мы павінны стварыць усё, перш за ўсё бяспеку для жыцця гэтага чалавека. Гэта права на працу, гэта права на нармальны заробак, каб ён мог, гэты чалавек, мы яму павінны дапамагчы, каб ён мог аплаціць камунальныя паслугі і пракарміць сваю сям’ю“, — разважаў Лукашэнка ў кастрычніку 2012 года на прэс-канферэнцыі для расійскіх журналістаў.
У тым жа рэчышчы выказваўся ён і пазней. Напрыклад: “Калі ў цябе не будзе права на жыццё, на зарплату, на працу, тады выказвайся як хочаш, атрымлівай любую інфармацыю, а карысці ад гэтага будзе мала. Я заўсёды стаўлю на першае месца паводле ранжыру правоў чалавека права на жыццё. Гэта найбольш каштоўнае” (у кастрычніку 2013 года кіраўнікам СМІ краін СНД). Або: “Што тычыцца сапраўдных правоў чалавека — права на жыццё, на працу, на годную заработную плату, на ахову здароўя, адукацыю і іншае, — у нас што, гэтыя праблемы ўпушчаныя? Не” (у жніўні 2021 года падчас “Вялікай размовы“ з ім) і г. д.
Лукашэнка, зрэшты, дапускае наяўнасць іншых правоў, але дае зразумець, што іх выкананне будзе ацэньваць ён сам, замыкаючы на сабе яшчэ і абавязкі амбудсмена: “У нас хоць і няма такой непасрэднай пасады, я заўсёды кажу: толькі тады будуць выконвацца правы чалавека — права на годнае жыццё, на працу, адукацыю, ахову здароўя, атрыманне інфармацыі, свабоду СМІ, свабоду слова і г. д. (усе трэба бачыць правы чалавека), калі галоўным інспектарам па выкананні правоў чалавека будзе прэзідэнт“ (у лютым 2017 года падчас прывядзення да прысягі новага суддзі Канстытуцыйнага суда).
Наяўнасць у краіне палітвязняў, само сабой, таксама адмаўляецца, маўляў, няма ў Крымінальным кодэксе такіх артыкулаў. Апошні раз гэтае сцвярджэнне прагучала 22 чэрвеня з вуснаў старшыні КДБ Івана Церцеля (“няма палітычных зняволеных, няма такой катэгорыі“). Па іроніі лёсу, ён як раз казаў пра вызваленне 14 чалавек, большая частка якіх (11, паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна“), у тым ліку Сяргей Ціханоўскі, была асуджаная як раз з палітычных матываў.
Зрэшты, часам праваднікі генеральнай лініі рэжыму прагаворваюцца, як, напрыклад, калумніст “СБ. Беларусь сегодня“ (былая “Советская Белоруссия“) Андрэй Мукавозчык, які ў ліпені 2023 года назваў лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, які знаходзіцца ў няволі, “палітзэкам“.
Агулам праблему правоў чалавека ўлада для сябе такой не лічыць (як мінімум публічна). І ў гэтым яе паўтарае прапаганда. “Ды свабоды ў краіне столькі, што Захаду і не снілася. Што яны такія незадаволеныя? Думаеце, Лукашэнка ім не падабаецца? Заходнія палітыкі баяцца, што іх людзі паглядзяць на беларусаў, на парадак у нашай краіне, на моцную прэзідэнцкую руку і слова, якое мае вагу, на барацьбу з карупцыяй і таксама так захочуць. А заходнія палітыкі ім гэтага даць не могуць“, — разважала прапагандыстка тэлеканала “Беларусь 1“ Ксенія Лебедзева ў студзені 2025 года, пасля афармлення Цэнтрвыбаркамам чарговай “перамогі“ Лукашэнкі на “выбарах”.
Яшчэ далей (і раней) пайшоў у кастрычніку 2023 года дырэктар — галоўны рэдактар выдавецкага дома “Беларусь сегодня” (“Советская Белоруссия”) Дзмітрый Жук: “Калі вы пачулі словы “правы чалавека”, пасля якіх ідуць нейкія апавяданні пра вашу радзіму — Беларусь, ведайце — гэта вораг нашай дзяржавы”.
Па сутнасці гэта было развіццё пасылу цяпер нябожчыка міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, які ў інтэрв’ю тэлеканалу “Еўраньюс“ у красавіку 2021 года наўпрост прызнаў, што дзеля самавыратавання ад пратэстуючага народа рэжым правамі чалавека грэбаваў: “І калі ў гэтай сітуацыі на шалі пакласці лёс краіны і тыя рэчы, пра якія вы кажаце, уключаючы правы чалавека, то я перакананы, кіраўніцтва любой краіны выбрала б захаванне незалежнасці, дзяржаўнасці і суверэнітэту сваёй краіны. Менавіта так і паступілі ўлады Беларусі“.
Карацей, “часам не да законаў”, як адкрыта выказаўся Лукашэнка ў верасні 2020 года, у разгар пратэстаў.
Але ўсё ж уладам даводзіцца рэагаваць на знешнія раздражняльнікі (“заходніх палітыкаў”) і на міжнародных пляцоўках выбудоўваць мудрагелістую філасофію, з аднаго боку, пра нейкі асаблівы беларускі шлях да прававой дзяржавы, а з другога, што сістэма правоў чалавека ў заходнім разуменні сябе зжыла. Іншымі словамі, улада спрабуе хоць неяк абгрунтаваць наяўнасць у насельніцтва адзінага права — права на бяспраўе.
У ліпені 2022 года прадстаўнік Беларусі на мерапрыемстве “Пекінскі форум па правах чалавека“ (сама назва — ужо альтэрнатыўная рэальнасць) намеснік міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч (цяпер амбасадар у Ватыкане) прапанаваў “весці гаворку аб дэсакралізацыі канцэпцыі правоў чалавека ў міжнародных адносінах як утопіі, якая не паддаецца рэалізацыі на практыцы“. Паводле яго версіі, “міжнароднае вымярэнне канцэпцыі правоў чалавека не толькі не спрыяе глабальнаму дасягненню мэтаў устойлівага развіцця [ААН], але і, наадварот, рэальна тармозіць яго“.
І ён жа, Амбразевіч, у лютым 2024 года на сесіі Савета ААН па правах чалавека заявіў, што Беларусь “будзе развіваць правы чалавека эвалюцыйным шляхам“.
Нагадаўшы пра нядаўняе на той момант 75-годдзе з дня прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, дыпламат адзначыў, што дэкларацыя разам з двума наступнымі пактамі “была прыгожай спробай сфармуляваць адзіны стандарт, якому павінны адпавядаць усе народы, каб запанаваў мір і гармонія як унутры краін, так і паміж імі“.
“Аднак палітычнае жыццё ў розных дзяржавах апынулася нашмат складаней і разнастайней, чым ідэалы на паперы. Кожны народ вырашае свае праблемы сваімі метадамі і забяспечвае магчымасці развіцця асобы і ўсяго грамадства, як і баланс іх інтарэсаў з дапамогай свайго гістарычна вызначанага набору крытэрыяў і інструментаў”, — сказаў дыпламат.
Паводле слоў Амбразевіча, змены ў Канстытуцыі былі прынятыя на рэферэндуме 2022 года метадам прамой дэмакратыі: “Мы ўзмацнілі ролю парламента. Мы ствараем свой самабытны інстытут народаўладдзя — Усебеларускі народны сход (які фармуюць усе тыя ж чыноўнікі. — “Позірк”.) з канкрэтнымі паўнамоцтвамі ў стратэгічных сферах нашага жыцця. Усё больш актыўную ролю ў беларускім грамадстве адыгрываюць палітычныя партыі (якіх пасля зачысткі партыйнага поля ўсяго чатыры, і ўсе праўладныя. — “Позірк”.). Усё ідзе так, як вызначае беларускі народ: устойліва, паступова, эвалюцыйным шляхам”.

Тры хітрыкі на экспарт
У выступах Амбразевіча сабраныя разам тры асноўныя тэзісы па тэме правоў чалавека, якія прасоўвае беларуская прапаганда, адлюстроўваючы чыноўнікаў альбо ствараючы нешта ў рамках зададзенай імі генеральнай лініі.
Тэзіс першы: універсальных правоў чалавека не існуе, гэта ўтопія, кожная дзяржава мае права ўстанаўліваць уласныя стандарты і прытрымлівацца іх.
Тэзіс другі: Захад не мае права навязваць свае “мадэлі” захавання правоў чалавека, таму што сам з’яўляецца іх злосным парушальнікам.
Тэзіс трэці: Беларусь пастаянна ўдасканальваецца ў пытанні захавання правоў чалавека.
Варта адзначыць, што ў кастрычніку таго ж года артыкуляваныя ім пасылы Амбразевіч развіў у праграме АНТ “Маркаў. Нічога асабістага”. Дыпламат назваў Беларусь краінай з “нашмат больш справядлівай палітычнай сістэмай, чым у пераважнай большасці краін“. Паводле яго слоў, гаворка ідзе не пра “ўсеагульную ўраўнілаўку“, а пра тое, што ў краіне “кожнаму чалавеку створаны ўмовы, каб ён меў свой шанец вырасці ў развітую асобу, атрымаць канкурэнтаздольную адукацыю, годную працу і жыць годна”.
Прапагандысцкія СМІ асядлалі тэзіс нумар два (“Захад не мае права навязваць свае “мадэлі“ захавання правоў чалавека, таму што сам з’яўляецца іх злосным парушальнікам“), бо яго “даказаць” лягчэй за ўсё. Тым больш што ім ахвотна дапамагаюць у гэтым улады: 24 чэрвеня знешнепалітычныя ведамствы Беларусі і Расіі апублікавалі другі сумесны даклад “Аб сітуацыі з правамі чалавека ў асобных краінах“, які складаецца з 1.850 старонак. Пад крытыку трапіла 38 краін Еўропы, у тым ліку Малдова, Украіна і не прызнанае ў Мінску і Маскве Косава, а таксама Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя, ЗША, Японія.
Найбольш увагі ў дакуменце нададзена “адкрыта нацысцкаму рэжыму, які ва ўсім ідзе за сваім ідэалагічным натхняльнікам з нацысцкай Германіі і на гэтым шляху здзяйсняе незлічоную колькасць найгрубейшых і сістэматычных парушэнняў правоў чалавека ва ўсіх сферах грамадскага жыцця”. Такім “рэжымам” аўтары дакладу назвалі ўлады Украіны, сумесную агрэсію супраць якой яны пачалі 24 лютага 2022 года.
Што тычыцца беларускай прапаганды, то сітуацыя ва Украіне традыцыйна выкарыстоўваецца ёю як падстава для ўсхвалення Лукашэнкі, без якога Беларусь нібыта апынулася б у такім жа становішчы. Вобразна кажучы, гэта больш не пра правы чалавека, а пра “мудрага лідара“. “Правадыр Беларусі. Яго місія на зямлі — не даць сюды прарвацца цемру, бядзе, смерці, не даць гэтым моцным свету гэтага, гэтым дзецям д’ябла напіцца яшчэ і беларускай крыві“, — гэта, напрыклад, з калонкі ТБ-прапагандыста Рыгора Азаронка ў “Мінскай праўдзе“ напярэдадні мінулага дня незалежнасці.
Гл. матэрыял па тэме: Інтэграцыя прапагандыстаў. Як беларускія дзяржСМІ кансалідаваліся з расійскімі ў адзіным парыве ачарніць Украіну
Мішэнямі беларускіх праўладных рэсурсаў з’яўляюцца таксама Польшча і Літва, якія далі прытулак значнай колькасці беларусаў пасля падзей 2020 года і з’яўляюцца найбольш паслядоўнымі крытыкамі рэжыму Лукашэнкі, прычым другая нават звярнулася ў Міжнародны крымінальны суд з просьбай расследаваць яго канкрэтныя дзеянні.
Гэтыя дзве краіны разам з Латвіяй атрымліваюць сваю порцыю крытыкі за “здзекі“ з “няшчасных уцекачоў” (па сутнасці нелегальных мігрантаў), якія спрабуюць трапіць у ЕС, які іх нібыта сам і паклікаў.
“Факты жорсткага абыходжання з уцекачамі ў Літве, Латвіі, Польшчы сталі штодзённасцю. На межах жанчын і дзяцей труцяць сабакамі, мужчын калечаць, забіваюць. Генацыд мігрантаў ухвалены кіраўніцтвам ЕС і заканадаўча замацаваны. Рэалізацыя генацыду ўскладзена на памежнікаў і вайскоўцаў краін Балтыі і Польшчы. На Захадзе нікога не бянтэжыць, што тое, што адбываецца, падобна на элементы нацысцкіх планаў “Ост“, “Барбароса“. Бо генацыд падаецца як абарона ЕС ад гібрыдных нападаў Расіі і Беларусі“, — пісаў Азаронак у студзені 2025 года, суправадзіўшы тэкст загалоўкам “Літва, Латвія і Польшча — тэрыторыя чацвёртага рэйха?” і карцінкай, за якую, будзь ён апанентам улады, даўно быў бы прыцягнуты да адказнасці (гл. скрыншот). Дарэчы, спасылкі на дакумент, які замацоўвае генацыд, у паведамленні прапагандыста чамусьці няма.

І ўжо дакладна тыя беларусы, якія не маюць ці не хочуць мець доступу да альтэрнатыўных крыніц інфармацыі, не даведаюцца, як беларускія сілавыя ведамствы збіраюць групы ўцекачоў і з ужываннем фізічнага гвалту прымушаюць іх штурмаваць, напрыклад, загароды на мяжы з Польшчай. “Няўдачнікі”, якія вярнуліся назад на месца збору, зноў жа церпяць фізічнае пакаранне. Прапаганда ж беспарадкі на мяжы падтрымлівае: “Калі ўцекачы ў нас легальна — у нас не можа быць да іх прэтэнзій. І калі яны затым спрабуюць штурмаваць мяжу — гэта іх рашэнне. І гэта праблема Еўропы, якая да сябе ўцекачоў паклікала, а калі гэта перастала быць модным — кінула“ (Ігар Тур, АНТ, люты 2023 года).
Адным з рупараў праўладнай прапаганды з’яўляецца тэлеграм-канал “Наша граница” (амаль 4 тыс. падпісчыкаў на момант падрыхтоўкі матэрыялу). Напрыклад, летась у жніўні гэты канал прадэманстраваў зламаныя і разбітыя мабільныя тэлефоны бежанцаў. Пры гэтым фізічны гвалт над праціўнікамі Лукашэнкі, калі ламаюцца не толькі тэлефоны, але і жыцці, абслуга рэжыму альбо замоўчвае, альбо адмаўляе, альбо горача ўхваляе ў залежнасці ад кантэксту. Традыцыйным гопніцкім стылем тут адрозніваецца Азаронак: “Так, я адчуваю вострую непрыязнасць, якая пераходзіць у нянавісць, пагарду і агіду да сацыяльнай групы, якую можна пазначыць як “змагары, бчбанутыя, лібералы, падзаходнікі, здраднікі, ублюдкі, быдла, поскудзі, ваніты беларускага народа, кончаныя подлыя пачвары”. Гатовы паўтарыць гэта на любым судзе. І распальваць гэтую нянавісць на ўсіх кірмашах” (красавік 2023 года).
Бульба, якая зламала стабільнасць
Ёсць у беларускіх прапагандыстаў і іншыя прэтэнзіі да суседзяў, якія ўваходзяць у ЕС: маўляў, не толькі мігрантаў лінчуюць, але і з уласнага насельніцтва здзекуюцца.
14 красавіка 2025 года Андрэй Мукавозчык заявіў на СТБ, што “даходы літоўцаў з большага атрыманыя, дадзеныя ім датацыямі з Брусэля”. “Бо Літва, як і астатнія прыбалтыйскія тыгры-лімітрофы, яна ад Еўрасаюза кожны год атрымлівае прыстойныя грошы. Не такія, вядома, велічэзныя, як Польшча, але і немцы, і французы, і астатнія спраўна папаўняюць літоўскі бюджэт. Без гэтых датацый Літва даўно б вымерла цалкам, а не, як цяпер, на траціну. За што, чаго ўжо тут хаваць, і адпрацоўвае, то злосным гаўканнем, служачы гаспадарам той Моськай, якая брэша на слана, то старанна працуючы кропкай G Еўропы. Прычым ім ужо не сорамна і самім так называцца. То працуючы мясцовасцю, тэрыторыяй, палігонам, на балотах якога, калі амерыканскія салдаты раптам патопнуць, даводзіцца аб’яўляць нацыянальную жалобу, а то ж пакараюць гаспадары“, — працягнуў свае развагі “эксперт“.
“І з усіх радасцяў жыцця толькі пажраць і застаецца. А свайго смачнага таксама ўжо, пачытай, не засталося. Усё больш хімічнае, еўрапейскае. Вось і пруцца нармальныя літоўцы да нас, выкарыстоўваючы наш бязвіз. А іх урад трымае іх за штаны абедзвюма рукамі. Вось і выходзіць, што смачна ядуць літоўцы тут, у нас, у Беларусі, а ўсё астатняе робяць там, у сябе, на балотах“, — сказаў на заканчэнне Мукавозчык. Пра тое, што беларуская эканоміка выжывае толькі за кошт расійскай, ён сціпла змаўчаў.
І наконт смачна паесці ў Беларусі сёлета вельмі гучная няўвязачка выйшла. Падвёў галоўны, эталонны, сакральны прадукт — бульба, якая асмелілася стаць дэфіцытам і дыскрэдытаваць рэжым у вачах сусветнай супольнасці. Тут ужо прапаганда адцягнулася на сваіх, якія наважыліся ў “ціктоках“ заявіць права на здаволенне голаду, хоць, як было адзначана вышэй, гэтую базавую патрэбнасць ўлада залічвае да правоў чалавека.
Шырока разышоўся крык Азаронка і яшчэ аднаго прапагандыста СТБ Яўгена Пуставога, якія абурыліся абурэннем грамадзян: “Беларусы, прачынайцеся! Хопіць глядзець на цэннікі, колькі каштуе бульба і якіх яна памераў!” — “Ды хоць па 20, блін! Задзяўблі са сваёй бульбай! Абы жэрці і жэрці і толькі ныць з гэтай нагоды!“ (12 траўня 2025 года).
Перамыкаючы тумблер кан’юнктуры
Цяпер звернемся да тэзіса нумар адзін (“універсальных правоў чалавека не існуе, гэта — ўтопія, кожная дзяржава мае права ўстанаўліваць уласныя стандарты і прытрымлівацца іх”).
Тут тумблер беларускай прапаганды перамыкаецца: замест крытыкі патрэбныя пазітыўныя прыклады. Гэта значыць каб закальцаваць: паколькі заходняя дэмакратыя = аўтарытарызм, то аўтарытарызм = сапраўдная дэмакратыя. І першы тут, вядома ж, Кітай.
“Сакрэту дружбы Беларусі і Кітая“ прысвяціў Ігар Тур выпуск сваёй праграмы “Прапаганда“ на АНТ у сакавіку 2023 года, адразу пасля дзяржаўнага візіту Лукашэнкі ў Пекін.
“У самой філасофіі такіх краін, як шматвяковы Кітай, як пераемнік Персіі Іран, як арабскі свет, які наогул калісьці даўно вучыў цывілізаванаму жыццю варвараў з Еўропы, якія аддавалі перавагу не мыцца гадамі ў знак салідарнасці, вось там сяброўства цэніцца вышэй за ўсё“, — захоплена заявіў прапагандыст пасля таго, як працытаваў словы кітайскага лідара Сі Цзіньпіна пра кітайска-беларускае сяброўства.
У сумеснай беларуска-кітайскай заяве, прынятай па выніках візіту Лукашэнкі ў Пекін у лютым — сакавіку 2023 года, дакладна прапісана: “Бакі сышліся ў меркаванні, што шлях развіцця дэмакратыі і правоў чалавека, які адказвае патрэбам народа, неабходна вызначаць на аснове рэалій канкрэтнай краіны, недапушчальныя спробы прымянення падвойных стандартаў у пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека, а таксама ўмяшання ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў на падставе дэмакратыі і правоў чалавека. Бакі выказваюць сур’ёзную заклапочанасць спробамі абмяжоўваць суверэнныя правы іншых дзяржаў самастойна вызначаць напрамкі свайго палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага развіцця ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі Статута ААН. Бакі падкрэслілі важнасць кансалідацыі намаганняў па супрацьдзеянні неправамерным аднабаковым прымусовым мерам і ціску на суверэнныя і незалежныя дзяржавы“.
Там жа гаворыцца, што Кітай “падтрымлівае намаганні Беларусі ў захаванні палітычнай стабільнасці і эканамічнага развіцця, выступае супраць любога ўмяшання звонку ва ўнутраныя справы Беларусі пад якой бы там ні было падставай“.
У снежні 2023 года ў праграме “Азаронак. Наўпрост” яе аўтар на пару з праўладным палітолагам Андрэем Лазуткіным вырашыў на прыкладзе Кітая прасунуць пасыл, што рэпрэсіі і аднапартыйная сістэма і ёсць рухавік прагрэсу. “Адзінства ідэалогій і сучасныя геапалітычныя рэаліі дыктуюць нам неабходнасць дружбы і супрацоўніцтва з Кітаем. <…> І ў Канстытуцыі ў іх запісана, што яны працягваюць, развіваюць марксізм, ленінізм, сталінізм і ідэі Маа Цзэдуна і Дэн Сяапіна. <…> Яны там Маркса “Капітал” чытаюць, працы Леніна. Яны там вывучаюць, калі ж здохне імперыялізм. Але пры гэтым, што вельмі важна, кітайцы працуюць у глабалізме. <…> Яны вырываюцца наперад. <…> Растлусцеўшы амерыканец не будзе працаваць столькі гадзін на такую зарплату, як сціплы, працавіты кітайскі камуніст, таму Кітай вырваўся на першыя пазіцыі“, — заявіў Азаронак.
Рэмарку Лазуткіна, што КНР “вельмі добра аналізуе наш досвед, досвед перабудовы, што потым было, нават дурню зразумела, як гэта ўсё дрэнна заканчваецца“, прапагандыст працягнуў тэмай падаўлення кітайскімі ўладамі пратэстаў у 1989 годзе: “У 89-м годзе на плошчы Цяньаньмэнь ліберал і рэфарматар Дэн Сяапін выкаціў танкі і намазаў мясцовых змагароў на гусеніцы гэтых танкаў. <…> У тым ліку т. зв. кітайскіх лібералаў, <…> кітайскіх перабудоўнікаў вельмі сур’ёзна ўжо таварыш Сі закатаў у асфальт“.
“Для іх наш рэжым больш зразумелы, прадказальны, з намі, вядома, з задавальненнем працуюць“, — дапоўніў Лазуткін. Яшчэ б: незадаволены — у асфальт, як у 2020-м.

Два крокі назад пад выглядам кроку наперад
Да трэцяга названага намі тэзіса (“Беларусь пастаянна ўдасканальваецца ў пытанні захавання правоў чалавека”) прапаганда звяртаецца куды менш. У асноўным калі гэта тычыцца змены выбарчага заканадаўства альбо правядзення канстытуцыйных рэферэндумаў. Далейшае цэментаванне рэжыму падаецца як удасканаленне ў пытанні захавання правоў чалавека.
Прынятая ў 1994 годзе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь “больш за чвэрць стагоддзя гарантавала стабільнасць, але час ідзе, і ўлада гатовая рэагаваць на запыт грамадства на перамены“, — такімі словамі распачала вядучая праекта “Пытанне нумар адзін“ на канале “Беларусь 1“ Наталля Брэвус выпуск 2 кастрычніка 2021 года, галоўным героем якога стаў старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч.
“Трэба мяняцца — дык давайце гэта рабіць спакойна, канструктыўна, без рэвалюцый. Рэвалюцыі ўжо занадта дорага абыходзяцца людзям”, — заклікала яна за 2,5 месяца да таго, як 20 студзеня 2022 года быў прызначаны рэферэндум аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, якія, як адзначалася на пачатку матэрыялу, улада разглядала як рух у кірунку дэмакратызацыі грамадства.
Рэферэндум адбыўся 27 лютага 2022 года і ўвесь час падаваўся ўладамі менавіта як крок да мірнай дэмакратызацыі, якую, маўляў, так хоча беларускі народ.
На тэлебачанні ў самых розных фарматах пераконвалі гледача, што Усебеларускі народны сход — “гэта той самы дэмакратычны інстытут, які дае грамадзянам найшырэйшыя паўнамоцтвы на ўдзел у справах дзяржавы“ (цытата вядучага тэлеэфіру на канале “Беларусь 1“ Сяргея Лугоўскага ў дзень рэферэндуму).
Па радыё казалі пра ўнікальную інавацыйную сістэму мадэлі кіравання і “апошнюю кропку“ для “беглай апазіцыі“, пасля якой “ужо практычна нічога нельга будзе зрабіць, таму што гэта будзе голас народа”. “І ўваленне калектыўнага Захаду не варта чакаць — будзе ўсё наадварот. А чаму? Таму што ў еўрапейскіх краінах і ЗША рэферэндумы па такіх пытаннях не праводзяцца. І наша палітычная традыцыя для іх чужая. У іх шматлікія важныя пытанні вырашаюцца без меркавання народа — уступленне некаторых краін у НАТО, напрыклад“, — заявіў у эфіры першага канала Беларускага радыё ў кастрычніку 2021 года загадчык аддзела Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Мікалай Шчокін (да сваёй смерці ў снежні 2022 года таксама вёў калонку ў “СБ. Беларусь сегодня”).
У праграме “Галоўны эфір“ на “Беларусь 1“ 30 студзеня 2022 года той жа Шчокін сцвярджаў, што ў працэсе абмеркавання змяненняў у Канстытуцыю быў задзейнічаны “кожны другі грамадзянін, а можа, і ўсё нават“; такім чынам, улады “паказалі ўзор дэмакратычнай працэдуры”.
Калі абстрагавацца ад усіх хвалебных од, то можна канстатаваць, што да рэальна “дэмакратычных“ пераўтварэнняў абноўленага на рэферэндуме 2022 года тэксту Асноўнага закона можна аднесці хіба што вяртанне нормы аб двух прэзідэнцкіх тэрмінах. На ўсялякі выпадак палітыку, які сыходзіць з пасады прэзідэнта, далі пажыццёвыя гарантыі імунітэту.
Наўрад ці можна аднесці да дэмакратычных пераўтварэнняў такія новаўвядзенні, як замацаванне інстытута шлюбу як выключна саюза паміж мужчынам і жанчынай або выключэнне з Канстытуцыі нейтральнага статусу краіны. Хоць першае, вядома, прапагандысты падавалі як умацаванне “традыцыйных сямейных каштоўнасцяў”.
Наколькі “ўдасканалілася” Беларусь у пытанні захавання правоў чалавека, мы даведаемся досыць хутка: 3 лістапада 2025 года ў Жэневе яна павінна будзе прайсці чацвёрты цыкл Універсальнага перыядычнага агляду Савета ААН па правах чалавека (вынікі трэцяга цыкла, які краіна праходзіла ў 2020 годзе, можна знайсці тут).
Беларускія ўлады ўзялі за правіла крытыку недахопаў, якія выяўляюцца пры прадстаўленні падобных дакладаў, у першую чаргу заходніх краін. Яшчэ ёсць трохі часу, каб паспрабаваць выправіць тое, што яшчэ можна выправіць у галіне захавання правоў чалавека ў самой Беларусі, каб “паказаць прыклад“ іх “узорнага выканання“.
Эксперт: не “свой шлях”, а свядомая дэвальвацыя ўніверсальных правоў
“Што тычыцца сцвярджэнняў аб розных падыходах да правоў чалавека — гэта не новая ідэя. Гэты аргумент выкарыстоўваўся і выкарыстоўваецца аўтарытарнымі рэжымамі па ўсім свеце, каб апраўдаць унутраныя рэпрэсіі“, — адзначыў у каментары “Позірку“ юрыст праваабарончага цэнтра “Вясна“ Павел Сапелка.
Паводле яго слоў, у беларускім кантэксце гаворка ідзе не пра “свой шлях“, а пра свядомую і сістэмную дэвальвацыю ўніверсальных правоў і свабод, прызнаных міжнароднай супольнасцю, замацаваных у абавязковых для Беларусі дакументах. “Наогул улады імкнуцца пазбягаць згадкі пра правы чалавека. Але калі яны не маўчаць, то спрабуюць прадставіць правы чалавека як ідэалагічную катэгорыю, інструмент знешняга ціску, хоць у рэальнасці гаворка ідзе пра базавыя гарантыі годнасці, свабоды і бяспекі, якія дастасавальныя да ўсіх без выключэння“, — падкрэсліў Сапелка.
Ён канстатаваў, што дзяржаўная прапаганда “мае сваю аўдыторыю і знаходзіць водгук — асабліва ва ўмовах, калі альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі блакуюцца і абвяшчаюцца экстрэмісцкімі (чым крыміналізуюцца), а крытычнае мысленне душыцца“. “Аднак ва ўмовах татальнай цэнзуры і рэпрэсій амаль немагчыма казаць аб устойлівасці яе эфектаў: практычна немагчыма дакладна вымераць, наколькі шырока і надоўга ўкараняецца навязваемы наратыў“, — адзначыў эксперт.
Таму, падкрэсліў ён, нават калі частка грамадства “часова прымае такую рыторыку“, гэта “не можа змяніць сутнасці таго, што адбываецца: у Беларусі груба і масава парушаюцца фундаментальныя правы, і замяшчэнне тэмы размовай аб праблемах у іншых краінах — гэта спроба адвесці і рассеяць увагу, але не ліквідаваць праблему”.
Ці працуе яшчэ агульнапрынятая канцэпцыя правоў чалавека? Праваабарончы цэнтр “Вясна” адказвае станоўча: “У парадыгме, калі ў цэнтры ўсяго стаіць кожны канкрэтны чалавек са сваім сусветам, у першым шэрагу каштоўнасцяў знаходзяцца яго чалавечая і асабістая годнасць. Гэта і робіць канцэпцыю важнай і прымяняльнай як для кожнага асобнага чалавека, так і для грамадства агулам“.