Віктар ІВІЦКІ, аглядальнік “Позірку”
Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 12 ліпеня 2025 года ў 10:15

Агульная рыса недэмакратычных рэжымаў: ім непрыемна глядзецца ў люстэрка. Менавіта таму іх вельмі раздражняюць незалежныя назіральнікі на выбарах, непадкантрольныя сацыёлагі, але перш за ўсё — праваабаронцы, якія ўступаюцца за пакрыўджаных дзяржавай, вядуць улік парушэнняў правоў чалавека і — што раздражняе яшчэ больш — інфармуюць пра гэта міжнародныя структуры і ўрады.
Калі люстэрка непрыемнае, яго трэба завесіць, разбіць, абвясціць крывым. А наўзамен — паставіць сваё, крывое і пераканаць усіх у тым, што яное прамое. У перакладзе з эзопавай мовы на зразумелую: закрыць рот праваабаронцам, якія крытыкуюць парадкі ўнутры краіны, і абвясціць такімі тых, хто парушэнні правоў чалавека бачыць толькі ў “недружалюбных“ краінах.
Побач, натуральна, гатовыя “растлумачыць“ і “дапоўніць” любое пекла падкантрольныя дзяржСМІ. “Позірк” вывучыў некаторыя пасылы дзяржпрапаганды на адрас праваабаронцаў і праваабарончага руху. Але для пачатку трохі “матчасткі”.
Чорная серада
Серада, 14 ліпеня 2021 года, стала чарговым чорным днём беларускага праваабарончага руху. У той дзень былі затрыманыя і змешчаныя пад варту кіраўнікі праваабарончага цэнтра “Вясна“ — старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра рады ПЦ, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч.
Агулам падчас рэйду сілавікоў, паводле звестак самога цэнтра, было затрымана 13 чалавек, у тым ліку двое былых актывістаў “Вясны“. На той час ужо знаходзіліся ў СІЗА сябры арганізацыі Леанід Судаленка (са студзеня 2021 года; 3 гады пазбаўлення волі; выйшаў у ліпені 2023 года, эміграваў, у чэрвені 2024-га завочна асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі), Марфа Рабкова (з верасня 2020-га; адбывае тэрмін 14 гадоў 9 месяцаў пазбаўлення волі), Таццяна Ласіца (са студзеня 2021 года, 2,5 года пазбаўлення волі, выйшла ў верасні 2022 года), Андрэй Чапюк (з кастрычніка 2020 года, 5 гадоў 9 месяцаў пазбаўлення волі, выйшаў у красавіку 2025-га, у траўні эвакуяваны за мяжу).
3 сакавіка 2023 года суд Ленінскага раёна Менска прыгаварыў Бяляцкага да 10, Стэфановіча — да 9, Лабковіча — да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Да таго часу Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру за 2022 год, але ніякага ўражання на рэжым гэта не зрабіла. Больш за тое, апраўдваючы абвінавачанне і вырак, дзяржпрапаганда ператварыла Нобелеўскі камітэт у аб’ект сваіх нападак (пра гэта ніжэй).
Праваабаронцаў улады кусалі даўно, часам вельмі балюча. Праваабарончы цэнтр “Вясна” прапрацаваў у легальным полі толькі шэсць гадоў (1997–2003), але і пасля юрыдычнай ліквідацыі працягваў дзейнасць. У 2011 годзе ўлады вырашылі разабрацца з “Вясной“, арыштаваўшы Бяляцкага (Літва праз недагляд задаволіла запыт Мінска пра яго фінансавыя аперацыі) і канфіскаваўшы офіс, але пагром праваабаронцаў тады не быў татальным. Да гэтай стадыі дабраліся праз 10 гадоў, калі эпізадычныя рэпрэсіі ператварыліся ў сістэмныя.
“Праваабаронца № 1”
Галоўным інспектарам па выкананні правоў чалавека мае быць прэзідэнт, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў лютым 2017 года на цырымоніі прывядзення да прысягі аднаго з суддзяў Канстытуцыйнага суда. “І вы павінны стаць побач са мной, і менавіта мы сілай улады мусім забяспечыць захаванне асноўных правоў нашых грамадзян, нашага беларуса. Вось гэта галоўнае”, — сказаў прамоўца.
Што разумее Лукашэнка пад правамі чалавека, мы ўжо нядаўна разбіралі. Калі ў двух словах — базавыя патрэбы (жыццё, ежа, праца).
Гл. матэрыял па тэме: “Нейкія міфічныя правы чалавека”. Чым апраўдвае прапаганда бяспраўе беларусаў
Для правоў жа чалавека ў іх кананічным разуменні ў Беларусі няма месца. “Толькі не трэба нас вучыць правам чалавека і дэмакратыі. Мы гэтага накушаліся”, — заявіў Лукашэнка ў сакавіку 2023-га ў штогадовым пасланні народу і парламенту. Захад, з яго слоў, павінен лепш на сябе звярнуць увагу: “На сябе паглядзіце. Ведаем, як там рэалізуецца права на жыццё, як душаць пратэсты грамадзянскай супольнасці. Гэта нам — ад Беларусі да Расіі і Кітая — самы час пісаць канцэпцыю абароны правоў простых амерыканцаў і еўрапейцаў“.
Больш за тое, літаральна на днях, 1 ліпеня, на сходзе з нагоды Дня незалежнасці, Лукашэнка абурыўся, што праваабарончыя арганізацыі не заступіліся за яго падчас і пасля масавых акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў на ягоную карысць: “І дзе галасы так званых міжнародных праваабаронцаў, якія шчыруюць за захаванне дэмакратычных правоў і свабод? Іх не чуваць. А ў 2020 годзе ў нас і пасля 2020-га?“
Такім чынам, паколькі ў краіне з правамі чалавека ўсё добра і іх можа абараняць толькі кіраўнік рэжыму, то ніякіх іншых праваабаронцаў быць не павінна. Каб не было сорамна ставіць пад сумнеў чалавечнасць, справядлівасць рэжыму і яго прэтэнзію на вечнае існаванне, іх трэба абвясціць экстрэмістамі, тэрарыстамі, здраднікамі, ашуканцамі, ірвачамі, лайдакамі — нароўні з астатнімі “нядобранадзейнымі“. На падставе таго, што “ўсе гэтыя нібыта эколагі, праваабаронцы, псеўдажурналісты спрабавалі знішчыць дзяржаву” (цытата са штогадовага паслання Лукашэнкі народу і парламенту ў студзені 2022-га).
Бяляцкі і дыскрэдытацыя “нобеля“
У барацьбе з праваабаронцамі і праваабарончым рухам Лукашэнка можа ўпэўнена абаперціся на свой прапагандысцкі апарат. На гэтай дзялянцы асабліва любяць пасвіцца калумністы газеты “СБ. Беларусь сегодня” (раней афіцыйна, а цяпер ва ўжытку — “Советская Белоруссия”).
ДзяржСМІ проста вывярнула навыварат, калі Бяляцкі быў узнагароджаны Нобелеўскай прэміяй міру, ужо амаль паўтара года знаходзячыся ў зняволенні. Уладальнік “нобеля” ў няволі — гэта заўсёды скандал. Але прапаганда вырашыла дыскрэдытаваць саму прэмію і Нобелеўскі камітэт, які яе ўручае.
“Для публічнага фінансавання, кампенсацыі выдаткаў, аплаты за здраду існуюць прэміі. Нобелеўская прэмія міру, напрыклад“, — пісаў Андрэй Мукавозчык 27 верасня 2024 года ў калонцы “Борзымі шчанюкамі. Для фінансавання сваіх марыянетак, іуд і здраднікаў на Захадзе прыдумана дастаткова розных спосабаў”. Паводле гэтай логікі маці Тэрэза (атрымала прэмію ў 1979 годзе), ААН (2001), МАГАТЭ (2005), Сусветная харчовая праграма (2020) — марыянеткі, іуды і здраднікі. Асабліва нязручна з ААН атрымліваецца: пастаянны прадстаўнік Мінска пры ёй Валянцін Рыбакоў у чэрвені 2024 года назваў арганізацыю “кшталту “маральным компасам“ у дачыненні да незаконных прымусовых санкцый“.
Але Мукавозчык не супакойваецца. З гэтай жа публікацыі: “Пра крымінальніка Бяляцкага памятаеце? Які хвацка — на працягу гадоў! — дзярбаніў тут у нас бабкі міма ўсіх падаткаў, прыкрываючыся абаронай правоў? Заадно і падрыўную сетачку стварыў, шмат людзей з панталыку збіў, а ўжо шкоды краіне нанёс — нямерана, памятаеце? За гэта ён і атрымаў: ад Захаду — нобелеўку, ад нас — тэрмін з канфіскацыяй“. Вось толькі абвінавачанне было самім следствам перакваліфікаванае: з нявыплаты падаткаў на кантрабанду, а гэта “трошкі іншае“.
І гэта была не першая публікацыя “залатога пяра“ “СБ“ (паводле версіі Міністэрства інфармацыі, якое раздае ўзнагароды толькі правераным кадрам) на тэму “нобеля“. “Вырашылі рэцыдывісту падкінуць яшчэ і “нобелеўку міру“ — услед за расійскімі замежнымі агентамі (гэта пра праваабарончае таварыства “Мемарыял”. — В.І.), раз. Менавіта як рэцыдывісту, які не спыніў займацца крымінальшчынай і пасля першага тэрміну, два. І ў якасці проста тых самых грошай, якія не трэба больш вазіць у дыпламатычных партфелях, тры“, — пісаў Мукавозчык 7 сакавіка 2023 года па слядах выраку кіраўніцтву “Вясны“.
І там жа: “А беларусы разумеюць: гэта не “ай-ай-ай, нобелеўскага лаўрэата, як вось рука паднялася, шкада да слёз“ — гэта злачынец атрымлівае тэрмін за парушэнне законаў сваёй краіны. І зоркай яго зрабілі, і нобелеўку яму прысудзілі толькі з адной мэтай: гэтыя яго злачынствы абяліць. Замазаць. Індульгенцыю выпісаць. Не выйшла”.
“Нобель перавярнуўся б у труне, калі б ведаў, што нейкаму фінансаваму злачынцу, які адмываў грошы ў Літве і вазіў у Беларусь, каб частка апазіцыі жыла на шырокую нагу, уручылі прэмію за “выдатны ўнёсак у галіне ўмацавання міру“, — гэта ўжо абурэнне прапагандысткі тэлеканала “Беларусь 1“ Ксеніі Лебедзевай (7 кастрычніка 2022 года).
“Беларусь 1“ выпусціў цэлы фільм “Нобель. Пункт абсурду” (4 траўня 2023 года) — “пра крывадушнасць прэміі і прадажнасць яе лаўрэатаў“. Цырымонія ўручэння названая там “жалобнай вечарынкай-памінкамі па дынамітным каралю Альфрэду Нобелю”. Паводле сцвярджэння аўтара Кацярыны Ціхаміравай, “Вясна” займалася праваабаронай “толькі для адводу вачэй“, а сам Бяляцкі толькі і рабіў, што актыўна пілаваў гранты. Заадно дасталася і лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры — амерыканскаму спеваку Бобу Дылану (2016) і асабліва (што зусім не здзіўляе) беларускай пісьменніцы Святлане Алексіевіч (2015). “Яе пісьменніцкая кар’ера — гэта зборнікі нібыта ўспамінаў ветэранаў вайны, г. зн. беларускіх партызан і воінаў-інтэрнацыяналістаў, прычым у вельмі паршывай і брахлівай інтэрпрэтацыі“, — груба адгукнулася прапагандыстка пра творчасць Алексіевіч.
“Хочаш “нобелеўку“ — абгадзь Радзіму”. <…> Ашуканцы прыбіраюць да рук казачныя сумы. Іх бы на добрую справу, але зарабляюць на тым, што ліюць памыі на сваю краіну і галовы сваіх суайчыннікаў. А бонусам атрымліваюць сусветнае прызнанне, таму што гэта трэба для купкі крывадушнікаў. І хацелася б, каб у гэтым шоў нобелеўскага абсурду была пастаўленая кропка. Але на жаль…”, — выказала незадаволенасць Ціхамірава.

Мяцежнікі, забойцы, дармаеды
Масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Лукашэнка і яго прапагандысцкія “куцюр’е“ называюць “мяцяжом“, “спробай дзяржаўнага перавароту“ і залічваюць праваабаронцаў да непасрэдных арганізатараў і ўдзельнікаў “беспарадкаў“. Настолькі страшныя, бач, людзі, што сваімі справаздачамі і кампенсацыяй штрафаў здольныя вокамгненна расхістаць рэжым, які цэментаваў сябе чвэрць стагоддзя.
Алёна Красоўская, апісваючы ўсё ў той жа “СБ“ пасяджэнне суда па справе “Вясны“ (2 лютага 2023 года), намякнула на нібыта яшчэ больш жахлівыя намеры яе кіраўніка: “Згадваў Бяляцкі і палітыку. Менавіта за яе іх усіх і судзяць, высвятляецца. Ну гэта старая песня, гэтых заўсёды судзяць за палітыку, нават калі яны людзей забіваць збіраліся. Або фінансавалі тых, хто збіраўся”.
Красоўская, дарэчы, у 2010-х гадах пазіцыянавала сябе як праваабаронцу і нават змагла ўладкавацца на працу ў арганізацыю “Платформ Інавэйшн“ Андрэя Бандарэнкі. А ў 2023 годзе, як мяркуюць сапраўдныя праваабаронцы, выступіла сведкай па справе “Вясны“ пад прозвішчам Карповіч.
У тым жа рэчышчы выказаўся і Мукавозчык (5 сакавіка 2023 года): “У гэтыя ж дні вынеслі вырак правым абаронцам — Бяляцкаму і яго падручным Стэфановічу і Лабковічу. Грамадству (беларусам, большасці… і г.д.) зразумела: усё жыццё яны жылі на заходнія грошы. Усё жыццё, не працуючы больш анідзе! А толькі на інтарэсы Захаду — якія з інтарэсамі Рэспублікі Беларусь, як паказаў натурны досвед апошніх гадоў, разыходзяцца кардынальна. Таму суд, у маім адчуванні, — гэта толькі захаванне фармальнасцей у барацьбе з відавочнымі крымінальнікамі. З фінансістамі бунту. З праваднікамі чужых заходніх каштоўнасцяў”.
“Не працуючы больш анідзе“ — абвінавачанне не новае ў дачыненні да нелаяльных. У гэтым выпадку мала таго, што “мяцежнікі“, дык яшчэ і “дармаеды”. Праца ў НДА — і не праца зусім. Вось у станка або ў кароўніку — самае яно. Узгадваецца абурэнне Лукашэнкі, маўляў, апазіцыянеры “нідзе не працуюць — у добрых асабняках жывуць, на добрых аўтамабілях раз’язджаюць“ (3 снежня 2019 года, у парламенце Сербіі). Агулам, і прэзідэнт у краіне павінен быць адзін, і праваабаронца, і палітык.
Да тэорыі змовы (як і Нобелеўскай прэміі) неабыякавы і былы шматгадовы прэс-сакратар Дзяржпагранкамітэта Аляксандр Цішчанка, які цяпер пазіцыянуе сябе “экспертам па нацыянальнай бяспецы“. Ён таксама мае сваю калонку ў “СБ. Беларусь сёння“.
25 верасня 2023 года Цішчанка выдаў тэкст пра былога байца зводнага атрада хуткага рэагавання (САХР) Юрыя Гараўскага, які даў у Швейцарыі паказанні па справе аб “эскадроне смерці“. Паводле версіі аўтара, гэта можа быць звязана менавіта з “нобелем“. “Прызнанні Гараўскага ў якасці дэструктыўнага разварушвання з’явіліся ў 2019 годзе, акурат перад выбарамі ў Беларусі і мяцяжом-2020. А Бяляцкі — адзін з арганізатараў дзяржаўнага перавароту. Супадзенне ці не, але ў 2022 годзе ён становіцца лаўрэатам “нобелеўкі“. І вось узнікае пытанне, а ці не з’яўляецца гэта ўсё звёнамі аднаго ланцуга? Выглядае, што ўсё гэта частка гібрыднай вайны супраць Беларусі. Нобелеўскі фонд ужо даўно з’яўляецца прызавым для беларускіх палітычных дыверсантаў. І прэстыжная прэмія традыцыйна прысутнічае тут як частка здзелкі”, — разгортвае сваю логіку Цішчанка.
Незразумела толькі наконт “дыверсантаў”. Свету вядомы толькі адзін прадстаўнік Беларусі — лаўрэат “нобеля”, якога хоць неяк можна звязаць з палітыкай — Алексіевіч. Хто яшчэ? Можа, фізік Жарэс Алфёраў (лаўрэат прэміі 2000 года), якога Лукашэнка ў спачуванні з нагоды яго смерці ў 2019 годзе назваў “вялікім сынам беларускай зямлі, выбітным навукоўцам нашай эпохі, нобелеўскім лаўрэатам (выдзелена В.І.), вядомым грамадскім дзеячам“? Ці ўраджэнец вёскі Вішнёва Валожынскага раёна, міністр замежных спраў і прэм’ер-міністр Ізраіля Шымон Перэс (1994)?
Не абыходзіцца і без Рыгора Азаронка, штатнага прапагандыста СТБ, які вырашыў, што ён яшчэ і персанальны лекар Бяляцкага: “Яны даюць свае прэміі агентам і ворагам, яны лічаць, што мы павінны неадкладна схіліць галовы перад тым, на каго яны пакажуць сваім гнілым дрыготкім пальцам. Псіх і падрыўнік Бяляцкі будзе сядзець, а прэмію сваю можаце адправіць на рахунак СІЗА“ (праграма “Таемныя спружыны палітыкі”, 8 кастрычніка 2022 года).
Мёд і дзёгаць для міжнародных арганізацый
Стаўленне прапаганды да міжнародных праваабарончых арганізацый наўпрост залежыць ад таго, каго яны крытыкуюць — рэжым ці Захад. Разгледзім “ваганні генеральнай лініі” на прыкладзе амерыканскай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch (HRW).
31 ліпеня 2024 года “СБ. Беларусь сегодня“ капіюе паведамленне РІА “Новости” пра тое, што HRW выкрыла Германію ў садзейнічанні амерыканскім уладам у захоўванні і перадачы “ў тым ліку Украіне” касетных боепрыпасаў. HRW згадваецца ў прамым сэнсе, без двукоссяў: праваабарончая арганізацыя, праваабаронцы. Сухая, нейтральная інфармацыя.
А ўжо праз 13 дзён у праграме “Зразумелая палітыка“ на “Беларусь 1“ выходзіць фільм “Сляпы дазор. Уся праўда пра Human Rights Watch”. “Заходняе крыло свету, калі сітуацыя ў той ці іншай краіне развіваецца не паводле іх сцэнару, уключае катрынку пра правы чалавека. А галоўным вартаўніком становіцца арганізацыя Human Rights Watch”, — без разгону пачаў свой спіч вядоўца — першы намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Сяргей Гусачэнка.
“На паперы і ў “правільных” СМІ — рыцары праўды і міжнароднага права. А што насамрэч стаіць за нібыта добрымі намерамі? Маем толькі факты, высновы рабіць вам“, — працягнуў прапагандыст. Далей доўгі відэашэраг з тытрамі-характарыстыкамі дзейнасці HRW: “Правы на заказ“, “Спонсары “справядлівасці“, “Мільёны ад Сораса“, “Заклікі бамбіць Сірыю“, “Нарыхтоўшчыкі каляровых рэвалюцый“, “Грошы замест прынцыпаў“, “Справаздачы пад капірку“, “Штампы пра Беларусь“, “Праваабаронцы“ на службе Вашынгтона“, “Зброя халоднай вайны“ і г.д.
“Стасункі Мінска і HRW — сапраўды такія ж, як у Беларусі і ЗША“, — правёў паралель Гусачэнка. Тут трэба зрабіць рэмарку. Фільм выйшаў яшчэ да амерыканскіх выбараў і перамогі Дональда Трампа, з якім рэжым спадзяецца знайсці агульную мову. З іншага боку, калі верыць старшыні КДБ Івану Церцелю, які даў інтэрв’ю 22 чэрвеня пасля вызвалення групы палітвязняў (у тым ліку Сяргея Ціханоўскага), непублічныя кантакты паміж Мінскам і Вашынгтонам падтрымліваюцца “ўжо на працягу года, а можа, і больш“ — такім чынам, паралель прапагандыста кульгае. Але гэта так, для гістарычнага кантэксту.
“У розныя гады “дазор” (пераклад англійскага watch. — В.І.) абвінавачваў нас у беспрэцэдэнтных рэпрэсіях і ўшчамленні свабоды слова, прычым такая рыторыка бесстаронняй у двукоссях арганізацыі захоўвалася задоўга да падзей 2020 года, — кажа голас за кадрам. — Арганізацыя пастаянна крытыкуе беларускую выбарчую сістэму і буйныя палітычныя кампаніі ў нашай краіне, як бы яны ні праходзілі. Пастаянна агучвае зацёртыя клішэ ў дачыненні да нібыта зачысткі грамадзянскай супольнасці, катаванняў і пераследу апанентаў, не прад’яўляючы ніякіх доказаў. А яшчэ дзіўным чынам паўтарае фактычна даслоўна старую песню апазіцыйных і экстрэмісцкіх персон (новае словазлучэнне ў лексіконе прапагандыстаў. — В.І.), павальна называючы людзей, якія парушылі закон, палітвязнямі“.
Не спадабалася прапагандыстам і крытыка з боку HRW на адрас Лукашэнкі, які назваў COVID-19 псіхозам.
“Калі ў слове “дазор“ змяніць першую літару, можа атрымацца і ёмістая характарыстыка ўсёй працы (“позор”, з рускай “ганьба”. — В.І.)”, — паспрабаваў пакпіць Гусачэнка. На яго думку, “выснова напрошваецца цалкам відавочная: гэтыя і іншыя праваабаронцы не што іншае як зручны інструмент уплыву, здольны запудрыць мазгі і абгаварыць па ўказцы, калі гэта трэба замоўніку“.
Здавалася б, HRW пасля гэтага адпраўленая прапагандай у бан. Але не. 21 лістапада “СБ“ і “Мінская праўда“ пераносяць з расійскага інфаполя (гэтым разам ТАСС) новае паведамленне аб “правільным“ учынку арганізацыі: “Арганізацыя Human Rights Watch асудзіла рашэнне Байдэна перадаць Украіне супрацьпяхотныя міны”. І зноў “праваабарончая арганізацыя” без двукоссяў, і нават цытата прадстаўніка арганізацыі, якая крытыкуе крок Вашынгтона. А як жа “бесстаронняя ў двукоссях“, “паклёп па ўказцы”? Зноў “няўзавачка”.

Праваабаронцы па разнарадцы
Трымаючы за горла сапраўдны праваабарончы рух, улада запаўняе зачышчанае поле зручным, лаяльным эрзацам. Праваабаронцамі яна называе тых, хто крытыкуе краіны заходняй дэмакратыі, выступае супраць санкцый, за супрацоўніцтва з Мінскам і Масквой. Гэта як мясцовыя кадры, так і замежныя сімпатызанты абодвух рэжымаў.
На ўнутраным фронце дзейнічае, напрыклад, ГОНГО-арганізацыя з гучнай назвай “Сістэмная праваабарона”, якую ўзначальвае заўзяты абаронца Лукашэнкі Дзмітрый Белякоў. У кастрычніку 2022 года ён далучыўся да агульнага хору прапагандыстаў, назваўшы ўзнагароджанне Бяляцкага Нобелеўскай прэміяй міру “прыкладам палітыкі падвойных стандартаў Захаду“.
Для вонкавага спажывання заснаваная “міжнародная праваабарончая прэмія“ “За мір і правы чалавека”, ініцыяваная міжнародным дабрачынным фондам імя Эміля Чэчкі, які беларускае Міністэрства юстыцыі зарэгістравала ў 2022 годзе. Чэчка, нагадаем, гэта польскі салдат, які ўцёк у Беларусь 16 снежня 2021 года, у разгар міграцыйнага крызісу, і які сцвярджаў, што ён і яго калегі масава расстрэльваюць нелегалаў. Перабежчыка прыгрэлі ў Беларусі, а 17 сакавіка 2022 года знайшлі павешаным.
11 лістапада 2024 года прэмія была ўручаная ў Мінску другі раз, а на наступны дзень у беларускай сталіцы адбыўся міжнародны форум “Праблема дэградацыі культуры ў Еўропе, выклікі для Саюзнай дзяржавы”. Пра ўзровень кампетэнтнасці і накіраванасці яго ўдзельнікаў сведчыць цытата з інтэрв’ю, якое дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА ўзяло ў названай праваабаронцам і журналістам Монікі Карбоўскай з Францыі: “Вялікая праблема Еўропы сёння — гэта вайна. Вайна кіеўскага рэжыму супраць Расіі і супраць людзей Данбаса. Гэта самая вялікая праблема ў Еўропе. Яшчэ адна праблема — санкцыі. Усе санкцыі супраць Беларусі, супраць Расіі абсалютна незаконныя”.
Карбоўска, якая мае польскае паходжанне, як вынікае з яе шматлікіх самапрэзентацый у інтэрнэце, вызнае фемінізм, сацыялізм, інтэрнацыяналізм, марксізм, “мір ва ўсім свеце“ і “новую народную Польшчу“.
За правільную рыторыку Карбоўску беларускія дзяржСМІ ўзялі ў ратацыю. 4 сакавіка 2025 года інтэрв’ю з ёй выпусціла “Мінская праўда”. “Я вельмі задаволеная вынікамі выбараў у Беларусі. Думаю, што народ прагаласаваў за Аляксандра Лукашэнку, паколькі ён добры прэзідэнт, які дбае пра суверэнітэт дзяржавы, пра дабрабыт і шчасце людзей. Для мяне ваша рэспубліка — гэта свайго роду цуд, аазіс стабільнасці і роўнасці ў Еўропе, якая пацярпела крушэнне, падарванай вайной, капіталізмам і беднасцю“, — заявіла “праваабаронца“.
У Мінску яна знайшла “атмасферу Варшавы“ часоў свайго юнацтва, крамы, “поўныя цудоўных айчынных тавараў“, “горы ежы ў прадуктовых крамах“, у краіне “пануе адчуванне спакою, якога Еўропа не ведала з 1989 года”.
“Ваша дзяржава не абмінае ўвагай вёскі, лясы і ворныя землі. У Еўропе, у Францыі і Польшчы, наадварот, велізарная колькасць пустак, а ўсе прадукты (выдзелена В.І.) імпартуюцца з Кітая, ЗША і Лацінскай Амерыкі“, — не міргнуўшы вокам, схлусіла Карбоўска.
І яшчэ “адкрыцці“ ад Карбоўскай: “Мафія пранікла ў дзяржаву і захапіла яе. Вось чаму ў Францыі мы пакутуем ад парушэнняў, якіх не зведвалі ніколі ў гісторыі. Гэта і ілжывае незаконнае затрыманне, і адвольнае пазбаўленне волі без суда: ад пракурораў і суддзяў, якія не паважаюць закон. Дзяцей выкрадаюць у іх бацькоў нявызначанымі юрыдычнымі структурамі. Нас катуюць ілжывымі слуханнямі ў ілжывых судах. Францыя разбураная самавольствам мафіі Макрона”.
Нічога не нагадвае?
Дзеля чаго наогул гэтыя доўгія цытаты? Да таго, што, як спачувальна пісала “Мінская праўда“, Карбоўска “была вымушаная бегчы ў Францыю яшчэ ў 1990-я гады, у часы варварскага перадзелу яе радзімы нацыяналістычнымі сіламі“. Што перашкаджае бегчы ў “краіну спакою“ і “атмасферу Варшавы“, да “гор ежы”? У тэксце на гэтую тэму ні пытання ад інтэрв’юера, ані артыкуляцыі намераў ад інтэрв’юяванага. Любіць беларускі рэжым усё ж лепш на адлегласці.
Эксперт: мэта дыскрэдытацыі — знішчыць давер

“Мэта дыскрэдытацыі праваабаронцаў простая — знішчыць давер. Рэпрэсіўнай сістэме выгадна прадставіць абарону правоў чалавека не як прафесійную і незалежную дзейнасць, а як схему ўзбагачэння, палітычную правакацыю або пагрозу стабільнасці“, — заявіў у каментары “Позірку“ юрыст праваабарончага цэнтра “Вясна“ Павел Сапелка.
“Найбольш простыя шляхі — праз спробы выбудаваць просты і зручны для абывацеля шаблон, каб адабраць у праваабарончай працы маральнае вымярэнне, — адзначыў юрыст. — Гэта значыць можна спрабаваць спрачацца з праваабаронцамі пра тое, ці з’яўляюцца злачынствы рэжыму злачынствамі супраць чалавечнасці — і гэта запатрабуе кваліфікацыі, яшчэ раз падыме праблему катаванняў і пераследу. А можна проста галаслоўна адвесці дыскусію ў рэчышча грошай і абвінавачанняў у іх выдаткоўванні: гэта дапаможа замоўчванню інфармацыі пра злачынствы рэжыму і будзе зразумела, закране найгоршыя інстынкты”.
Суразмоўца “Позірку“ таксама адзначыў спробы вывесці на праваабарончае поле ілжывых персанажаў: “Калі прапаганда называе праваабаронцамі толькі тых, хто кажа выключна пра праблемы ў іншых краінах, гэта не проста падмена паняццяў — гэта спроба стварыць ручной, лаяльны інстытут, які імітуе грамадзянскую супольнасць. Любыя форумы і ўхваленыя ўладай ініцыятывы ва ўмовах разгромленай грамадзянскай супольнасці — гэта дэкарацыі, за якімі няма ні аўтарытэту, ні досведу, ні каштоўнасцяў, ані рэальнай працы з ахвярамі рэпрэсій. Яны закліканыя легітымізаваць унутраную палітыку, падмяняючы сутнасць правоў чалавека прапагандысцкім кантэнтам”.
Гэтая імітацыя, вядома, не здольная замяніць сапраўдных праваабаронцаў, падкрэсліў Сапелка. “Але яна можа заблытаць частку аўдыторыі і стварыць ілюзію “альтэрнатыўнага меркавання“. Таму нам важна працягваць незалежную працу, абапірацца на міжнародныя стандарты і рабіць максімальныя намаганні для асветы ў галіне правоў чалавека“, — заявіў юрыст праваабарончага цэнтра “Вясна“.