Мінск 21:12

У Вільнюсе адзначылі пятую гадавіну пачатку масавых пратэстаў у Беларусі

Фота: "Позірк"

9 жніўня, Позірк. Угодкі масавых пратэстаў, якія распачаліся ў гэты дзень пяць гадоў таму пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, адзначылі 9 жніўня ў Вільнюсе прадстаўнікі беларускай дыяспары.

Мітынг на Лукішскай плошчы ў цэнтры літоўскай сталіцы сабраў каля двухсот чалавек. Удзельнікі прыйшлі з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі, некаторыя — са сцягамі Літвы, Украіны, Еўрасаюза; разгарнулі плакаты і транспаранты.

Фота: "Позірк"

Вядоўцы акцыі нагадалі, што ў 2020 годзе прыхільнікі перамен, напоўніўшыся пачуццём “годнасці і салідарнасці” выйшлі на вуліцы, каб “сказаць сваё “не” рэжыму” Аляксандра Лукашэнкі. Беларусы Вільнюса, якія прыйшлі на мітынг, захавалі ў сабе гэтыя пачуцці, перакананыя арганізатары.

Адзначыўшы, што сярод удзельнікаў акцыі шмат тых, хто прайшоў праз зняволенне, вядоўцы нагадалі, што ў няволі па-ранейшаму “застаюцца тысячы людзей”. “Але тое, што мы сёння тут, даказвае, што мы думаем пра іх, памятаем пра іх і будзем іх вызваляць”, — прагучала з імправізаванай сцэны.

Фота: "Позірк"

Запрошаная да мікрафона экс-палітзняволеная, блогер Вольга Такарчук запэўніла прысутных, што ўсё, што адбылося пяць гадоў таму, не было марным, заявіла, што 2020 года даў усім беларусам “шанец на лепшую будучыню, на будучыню новых пакаленняў — дзетак, унукаў”.

“Я прашу вас не апускаць рукі, — звярнулася яна да ўдзельнікаў мітынгу. — Нам трэба вызваліць усіх, хто цяпер у турмах. Нам трэба вызваліць нашу краіну, каб мы маглі вярнуцца дадому, каб мы маглі пачаць будаваць нашу новую Беларусь”.

Фота: "Позірк"

Вядомы літоўскі блогер, актывіст, валанцёр на вайне ва Украіне Жыльвінас Світоюс падтрымаў беларусаў у іх барацьбе за свабоду, падкрэсліўшы ролю мовы, якая робіць людзей тымі, хто яны ёсць. “Усім беларусам, якія прагнуць свабоды, волі для сваёй краіны, трэба рабіць усё, каб кожны <…> ведаў, што вы ёсць, што вы ўвесь час робіце тое, што вас набліжае да свабоды”, — падкрэсліў спікер.

Вядоўцы пагадзіліся са Світоюсам у тым, што беларуская мова робіць беларусаў беларусамі, а таксама з’яўляецца падмуркам для незалежнай і вольнай краіны. Адзначыўшы, што беларусы “ваююць з ардой” — маючы на ўвазе Расію — ужо тры стагоддзі, трапляюць пад вынішчэнне, але “прарастаюць, як жыта праз камень”, яны канстатавалі, што выжываць дапамагае “код продкаў”, які захоўваецца ў людзях.

Фота: "Позірк"

Было заяўлена, што беларусаў “не забіць і не вынішчыць”, пакуль яны “размаўляюць на беларускай мове, спяваюць свае песні, праводзяць свае абрады і прытрымліваюцца сваіх звычаяў”. Адна з такіх традыцый, нагадалі вядозцы, — карагоды, якія беларусы вадзілі нават тады, калі ў 2020 годзе супраць іх выступілі “ўзброеныя каты”.

Пасля гэтага калектыў беларускага этнацэнтра “Світанак”, які працуе ў Вільнюсе, зацягнуў удзельнікаў акцыі ў вялікі карагод.

У сваю чаргу экскурсавод, даследчыца беларускіх вязняў ГУЛАГу, экс-палітзняволеная Валерыя Чарнаморцава сярод іншага заявіла, што мірны характар пратэстаў 2020 года, на яе думку, не дазволіў “зачысціць Беларусь”, зрабіць яе часткай Расіі і, магчыма, распачаць поўнамаштабную вайну РФ супраць Украіны раней, чым гэта адбылося.

Фота: "Позірк"

Пасля мітынгу ўдзельнікі акцыі, расцягнуўшы вялікі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг і дзяржаўны сцяг Літвы — накіраваліся калонай да беларускай амбасады, каля якой ўжо шмат гадоў знаходзіцца мемарыял ахвярам рэжыму Лукашэнкі.

Падзяліцца: