Мінск 19:17

Ідэолагі загаварылі пра пагрозу праявы “негатыўных асабістых якасцяў“ ва “ўмовах інфармацыйнай вайны”

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 19 жніўня 2025 года ў 17:50

Віктар ІВІЦКІ

Ілюстрацыя: zhabinka.by

Пра пагрозу фармавання і праявы “негатыўных асабістых якасцяў“ ва “ўмовах інфармацыйнай вайны“ гаворыцца ў метадычках, падрыхтаваных для членаў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп да чарговага “адзінага дня інфармавання“.

“Сацыяльная зайздрасць, агрэсіўнасць, нецярпімасць“

Штомесячнае ідэалагічнае мерапрыемства пройдзе 21 жніўня пад дэвізам “Адукацыя і навука — рухаючыя сілы развіцця грамадства і дзяржавы”.

Матэрыялы традыцыйна падрыхтаваныя ў НДІ тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання пры прэзідэнце для працы ідэолагаў, прапагандыстаў і чыноўнікаў з трыма мэтавымі групамі — інтэлігенцыяй, моладдзю і рабочымі.

У метадычках, прызначаных для інтэлігенцыі і рабочых, адзначаецца, што “ў нашай краіне выхаваўчая праца разглядаецца як складовая частка нацыянальнай сістэмы адукацыі”. Для моладзі выхаваўчай рабоце нададзеная большая вага: яна названая “найважнейшым складнікам нацыянальнай сістэмы адукацыі“.

На сустрэчах з моладдзю прапануецца данесці, што “ў Беларусі ва ўмовах інфармацыйнай вайны ўзнікла пагроза фармавання негатыўных асабістых якасцяў асобы: сацыяльная зайздрасць, агрэсіўнасць, нецярпімасць у адносінах да процілеглых поглядаў, меркаванняў, нізкі ўзровень культуры зносін і іншыя“.

У матэрыялах для сустрэч з рабочымі і інтэлігенцыяй “негатыўныя асабістыя якасці“ прадстаўленыя ўжо як данасць (“пастаянна ўзнікаюць пагрозы праявы негатыўных асабістых якасцяў асобы, якая фармуецца“).

Пры гэтым ідэолагі не тлумачаць, у дачыненні да каго ёсць пагроза праявы негатыўных якасцяў — апанентаў рэжыму альбо яго прыхільнікаў.

Эксперт: Слоўны туман замест прамога абмеркавання рэпрэсій

“У гэтых метадычных указаннях рэальныя палітычныя працэсы пераназываюцца ў абстрактныя “пагрозы фармавання негатыўных якасцей асобы“, — адзначыў у каментары “Позірку” старэйшы аналітык праекта Media IQ Паўлюк Быкоўскі.

На яго думку, гэта тыповы маніпулятыўны прыём размывання значэння дэнатата (тое, што пазначаецца, маецца на ўвазе. — “Позірк”.) — ствараецца слоўны туман, у якім замест прамога абмеркавання палітычных рэпрэсій і абмежавання свабод аўтары звяртаюцца да псеўданавуковых псіхалагічных катэгорый, што дазваляе легітымаваць рэпрэсіўныя дзеянні кіруючага рэжыму.

“Згодна з леташнім даследаваннем Media IQ аб каштоўнасцях беларускіх СМІ, такая стратэгія адпавядае выяўленай у дзяржСМІ схільнасці да кансерватыўных каштоўнасцяў, мілітарысцкай рыторыкі і акцэнту на бяспецы і стабільнасці як асноўных каштоўнасцях“, — сказаў Быкоўскі.

Канстатаваўшы, што метадычныя ўказанні адаптаваныя для розных мэтавых груп, эксперт звярнуў увагу на адрозненне паміж “пагрозай фармавання“ і “пагрозай праявы“. Гэта “не толькі адлюстроўвае эвалюцыю ўспрымання праблемы самой уладай, але і дэманструе дыферэнцыраваны падыход да мэтавых аўдыторый“.

“Першая фармулёўка, адрасаваная моладзі, выкарыстоўвае эўфемізацыю: праблема ўяўляецца як патэнцыйная, што зніжае крытычнасць сітуацыі. Другая фармулёўка, для больш шырокай аўдыторыі, ужо прызнае рэальнасць “праяў”, паказваючы на ўсведамленне ўладай маштабу сацыяльных праблем”, — лічыць аналітык.

“Ключавым маніпулятыўным прыёмам” ён назваў “маўленчую тактыку апраўдання праз знешняе мэтапакладанне — класічны прыклад стратэгіі rally around the flag (яднанне вакол сцяга)“. “Інфармацыйная вайна, якую развязаў знешні супастат”, становіцца ўніверсальным тлумачэннем унутраных супярэчнасцяў. “У выніку ўнутрыпалітычны крызіс ператвараецца ў пытанне “нацыянальнай бяспекі“, крытыкі ўлады аўтаматычна становяцца “памагатымі ворага“, а рэжым здымае з сябе адказнасць за стварэнне атмасферы нецярпімасці”, — адзначыў Быкоўскі.

Уніфікацыя мыслення пад выглядам выхаваўчай работы

Паводле яго слоў, сацыялагічныя звесткі пацвярджаюць эфектыўнасць гэтага фрэйму (мадэлі, структуры): “Нават сярод незадаволеных грамадзян захоўваецца падтрымка “моцнага лідара“, паколькі альтэрнатыва ўяўляецца як “хаос“ або “знешняе кіраванне“.

“Гэтая стратэгія вонкавага апраўдання дапаўняецца праекцыяй уласных недахопаў на грамадства”, — сказаў эксперт.

“Асабліва паказальная, — мяркуе ён, — маніпуляцыя праз спіс негатыўных якасцяў у “праблемнай моладзі“: “сацыяльная зайздрасць, агрэсіўнасць, нецярпімасць да процілеглых поглядаў“. Гэтыя характарыстыкі дакладна апісваюць паводзіны самой улады ў адносінах да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Адбываецца класічная праекцыя ўласных метадаў на грамадства — прыём ad hominem, пры якім замест аналізу сістэмных праблем палітычнай сістэмы фокус ссоўваецца на нібыта існуючыя дэфекты “праблемнай моладзі“. Паказальны фрагмент аб “нецярпімасці да процілеглых поглядаў“: улада, якая сістэматычна душыць любое іншадумства, абвяшчае праблемай менавіта “нецярпімасць“ грамадзян да афіцыйнай ідэалогіі”.

Тэрмін жа “выхаваўчая работа“, на перакананне Быкоўскага, функцыянуе як эўфемізм “для абазначэння ідэалагічнай апрацоўкі і прымусовай уніфікацыі мыслення”. “Паводле даследавання Media IQ, дзяржСМІ ўваходзяць у кластар з высокімі традыцыйнымі каштоўнасцямі і нізкімі каштоўнасцямі самавыяўлення, што азначае сістэмнае задушэнне крытычнага мыслення і індывідуальнасці. Незалежныя сацыялагічныя даныя паказваюць эфектыўнасць такой апрацоўкі: нават сярод “расчараванай аўдыторыі” больш за палову “цалкам” або “часткова“ давяраюць прэзідэнту, нягледзячы на агульную незадаволенасць сістэмай”, — адзначыў аналітык.

На яго думку, механізм стэрэатыпізацыі моладзі як патэнцыйна небяспечнай групы, схільнай да “негатыўных праяў“, стварае ідэалагічнае абгрунтаванне для прэвентыўных рэпрэсіўных мер і ўзмацнення кантролю над адукацыйным працэсам. “Маладая, адукаваная аўдыторыя імкнецца да каштоўнасцяў самавыяўлення, якія дзяржСМІ сістэматычна душаць, што тлумачыць такое ўспрыманне моладзі як “праблемнай“ групы“, — заявіў Быкоўскі.

“З пункту гледжання інфармацыйнай вайны, якую згадваюць самі аўтары, гэты тэкст уяўляе сабой узор дэзінфармацыі праз інверсію прычын і следства, — мяркуе ён. — Сацыяльныя праблемы, спароджаныя аўтарытарнай палітыкай, прадстаўляюцца як знешнія пагрозы, якія патрабуюць дадатковага дзяржаўнага ўмяшання”.

Падзяліцца: