be
Arrow
Мінск 21:21

Андрагогіка, альбо Педагогіка для дарослых. Як ствараецца “Нацыя лідараў” і чаму ў наш час важная самаадукацыя

У кастрычніку 2024 года “Позірк” упершыню пазнаёміў чытачоў з праектам “Нацыя лідараў”, які дапамагае беларусам працягваць развіццё ў актуальных для іх сферах, павышаць узровень ведаў і навыкаў, неабходных для пабудовы свайго жыцця і шчаслівай будучыні сваёй краіны.

У разгар набору на чарговы семестр адукацыйных курсаў, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай дзейнасці “Нацыі лідараў”, “Позірк” пагутарыў пра развіццё праекта з кіраўніцай яго прадзюсарскага цэнтра Марынай. Сёння прадстаўляем першую частку размовы.

Каб паспяваць за жыццём, вучыцца трэба ўвесь час

Час паскараецца з неверагоднай хуткасцю. Мы з вамі апошні раз размаўлялі паўгода таму, і за мінулы перыяд шмат што выглядае па-іншаму. Як паспець за падзеямі, якія веды запатрабаваныя?

Вельмі важна вызначыць для сябе прыярытэты. Бо сачыць за ўсім не атрымліваецца, гэта збольшага толькі “разганяе” трывожнасць.

Усе мы жывём у свеце такога імклівага развіцця тэхналогій, што кожную раніцу можаш прачынацца з адчуваннем, што не паспеў. Гэта часам і дэзарганізуе, і фруструе. Тут нам шмат што трэба зрабіць найперш з ўяўленнямі пра саміх сябе. І ў гэтым сэнсе важная рэч адукацыя і самаадукацыя, асабліва калі гаворка ідзе пра дарослых.

Многія з нас сфарміраваныя трошкі іншым часам і маюць адчуванне, што адукацыя даецца раз і назаўжды. Што вось я хадзіў ва ўніверсітэт, атрымаў дыплом і гэта на ўсё жыццё. А жыццё насамрэч такое, што трэба ўвесь час вучыцца, каб паспяваць за ім, не адчуваць сябе “анахранізмам на дзвюх ножках”, быць канкурэнтаздольным, разумець сучасныя трэнды. Вучыцца новым тэхналогіям, мовам, “скілам”.

І вось гэты стан “вечнага студэнта” не дае чалавеку закарузець, парасці імхом і лічыць, што ён ужо ўсё ведае. Насамрэч вельмі файнае адчуванне не губляць гэтую дзіцячую здольнасць захапляцца, чапляцца за нешта цікавае, ставіць шмат пытанняў, няхай сабе і чаціку GPT, пра тое, як гэты свет уладкаваны, што пачытаць і г.д.

Цяперашні час не толькі можа ўвесці ў фрустрацыю ён дае вялікую колькасць магчымасцей назапашваць веды. Не трэба, як раней, ісці ў бібліятэку, замаўляць кніжку і чакаць, пакуль табе яе прынясуць.

Зараз у цябе ёсць усё, і самае галоўнае жаданне зрабіць гэты крок да ведаў.

Найцікавейшае пачынаецца, калі закохваешся ў настаўніка

— Усё больш месца ў беларускай адукацыі займае ідэалогія, “патрыятычнае выхаванне”, усё менш месца для творчасці, ініцыятывы, індывідуальнасці ды і ўласна ведаў. На якія выклікі беларуская адукацыя — сярэдняя і вышэйшая — ужо не ў стане адказаць? Якія вы тут бачыце тэндэнцыі?

Тое, што адбываецца ў сістэме фармальнай адукацыі ў Беларусі, безумоўна, выклік для нас усіх у будучыні. Гэта найперш кадравыя праблемы: таленавітыя, дасведчаныя настаўнікі, выкладчыкі проста вымываюцца, выціскаюцца з сістэмы фармальнай адукацыі.

Усё найцікавейшае ў школе пачынаецца, калі ты закохваешся ў настаўніка. Калі перад табой чалавек, у якога гараць вочы, ён гэтым здатны заразіць іншых. Гэта тое, пра што вы спыталі: індывідуальнасць, творчы падыход, нестандартныя заданні. Увага да чалавека, які сядзіць перад табой, калі ты ўспрымаеш яго як суб’екта, які мае права і на сваё меркаванне, і на памылку.

Самая вялікая праблема, што такіх людзей усё менш. І мы рэальна маем фармальную адукацыю, дзе людзі заціснутыя, дзе яны выконваюць правілы і дзе яны прадукуюць для будучыні такіх самых людзей, якія могуць дзейнічаць толькі паводле шаблонаў.

І гэта страшна ў тым сэнсе, што час патрабуе абсалютна іншага: крытычнасці мыслення, крэатыўнасці, здольнасці працаваць у нестандартных умовах, здольнасці да міждысцыплінарнасці…

Цяпер мы ніякім чынам не можам паўплываць на тое, што адбываецца ў Беларусі ў сферы фармальнай адукацыі. Але мы можам выкарыстоўваць нефармальную адукацыю, а “Нацыя лідараў” арганізацыя, якая працуе менавіта ў гэтай сферы, як эксперыментальную пляцоўку для напрацоўкі досведу, механізмаў, фарматаў, якія можна будзе выкарыстаць для рэформы беларускай адукацыі.

І гэта фарматы, якія можна ўжываць ужо зараз, каб дапамагаць беларусам, дзе б яны ні знаходзіліся, у іх самаадукацыйным памкненні.

Пра “зверку гадзіннікаў” у Берліне

— Дарэчы, напрыканцы верасня “Нацыя лідараў” узяла ўдзел у Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Берліне. Якія аспекты і тэндэнцыі закраналіся, пра што трэба задумвацца, на чым больш канцэнтравацца?

Важна, что на Кангрэсе даследчыкаў усяго некалькі гадоў таму наогул з’явілася секцыя адукацыі. А сёлета мы ўпершыню ініцыявалі асобную секцыю нефармальнай адукацыі.

У яе межах сабраліся вельмі розныя людзі, з аднаго боку, прадстаўнікі ўніверсітэцкай супольнасці, з другога гэта практыкі у самых розных сферах. Нам важна, каб арганізацыі, якія прадстаўляюць сектар нефармальнай адукацыі, бачылі адна адну і размаўлялі між сабой. Каб выпрацоўвалася нейкае агульнае бачанне, ішло абмеркаванне тэндэнцый: пра што павінна быць нефармальная адукацыя сёння, як і хто мусіць гэтым займацца. Каб мы маглі дзяліцца досведам, узмацняць адно аднога. Каб у выніку дарослы чалавек, які вырашыў, што для жыцця крытычна важна нечаму павучыцца, атрымаў веер прапаноў. Вельмі важна, каб гэта была менавіта беларуская адукацыя, а не, напрыклад, расійскі кантэнт.

Дарослы чалавек вельмі прагматычны

Падчас навучання вельмі важнай ёсць форма падачы матэрыялу. Адукацыя для дарослых патрабуе больш даступных, больш зразумелых формаў. Якія ўжываеце методыкі ці, можа, хітрыкі?

Мы не проста займаемся адукацыяй для дарослых, мы займаемся анлайн-адукацыяй, і гэта гісторыя трохі больш складаная. Бо калі ты бачыш людзей непасрэдна, знаходзішся фізічна ў групе, то, мне здаецца, гэта больш камфортная, больш звыклая псіхалагічная сітуацыя, у якой чалавек здатны ўспрымаць веды, а не лезці паралельна ў тэлефон, бо ён сядзіць за камп’ютарам на вэбінары і можа адначасова рабіць яшчэ некалькі спраў.

Мы імкнёмся трымаць руку на пульсе. Ёсць галіна ведаў, якая называецца андрагогіка — педагогіка для дарослых, і ўласна там шукаюцца спосабы дагрукацца да дарослага челавека, у якога мільярд абавязкаў, але які вырашыў, што яму яшчэ трэба павучыцца.

Абсалютна зразумела, што веды без практыкі нікому не патрэбныя. Дарослы чалавек вельмі прагматычны, ён мусіць зразумець, як тое, што яму распавядаюць, адразу ж прыкласці да свайго жыцця.

Мы выкарыстоўваем розныя фарматы, нават проста каб не было сумна, каб челавек меў магчымасць успрымаць інфармацыю так, як яму камфортна. У нас ёсць відэалекцыі кароценькія і не вельмі. Калі чалавек не з’яўляецца “візуалам”, яму можна прапанаваць аудыё. Ёсць канспекты, дзе можна вылучаць і крэсліць.

Вельмі важная рэч вэбінары, бо ў адукацыі дарослых, апроч таго, што мусіць быць самаматывацыя, патрэбна і сацыялізацыя, каб вакол цябе было асяроддзе якое, напрыклад, таксама лянуецца альбо ў якога таксама “няма часу”. Каб чалавек не толькі мог абмеркаваць тэму, але і пабачыць, што ў кагосьці нешта атрымалася, каб меў гэты “чароўны пендзель”, дадатковую матывацыю “і я змагу”. Мы стараемся гэтую пляцоўку для людзей ствараць і падтрымліваць.

І, безумоўна, дадатковыя матэрыялы, бо хочацца задаволіць розныя патрэбы: і людзей, якія хочуць толькі пазнаёміцца з тэмай, і людзей, якія хочуць у ёй “пакапацца”.

Гэта ўсё мусіць быць даступна, практыкаарыентавана, рознафарматна. І па гэтым шляху мы ідзём ад курса да курса, прыдумляючы новыя “фішачкі”, або робячы “чэленджы”, накшталт такіх, які быў у нас на курсе “Экашлях”. Ён называўся “21 звычка за 3 тыдні”, калі кожны дзень ты дадаеш нейкую новую экалагічную звычку ў сваё жыццё, а калі жывеш не адзін, то і ў жыццё сваёй сям’і. І, глядзіш, свет зробіцца трошкі чысцейшым. Сартаваць смецце, выбраць “правільную” лямпачку і г.д.

Палепшыць жыццё праз атрыманыя на курсах веды

— Восень асацыюецца з пачаткам новага навучальнага года. З чым уступіла ў гэты адукацыйны сезон “Нацыя лідараў”?

Для дарослых мы прапануем некалькі рознаўзроўневых адукацыйных магчымасцей.

Можна пачаць са знаёмства з адукацыйным блогам. Гэта вельмі карысная рэч, калі ты разумееш, што ў цябе нешта “чэшацца”, нечага хочацца, нешта не задавальняе, але незразумела што. Знаёмства з рознымі артыкуламі, даследаваннямі, рэкамендацыямі кніг ці фільмаў, курсаў (нашых або нашых партнёраў) можа навесці на думку: вось яно!

Ужо стартаваў набор на нашы курсы, і ў першым семестры гэта сем патокаў. Чалавек можа на месяц ці два вельмі шчыльна паглыбіцца ў тэму, якая яго зацікавіла, і паспрабаваць праз атрыманыя веды, якія прымяняюцца на практыцы, трошкі памяняць сваё жыццё, палепшыць яго.

Таксама ў нас працуюць клубы, і, калі чалавек гатовы праяўляць ініцыятыву, калі ёсць тэма, якая яму баліць, ён можа далучыцца да клуба і самастойна ладзіць там сустрэчы з іншымі, дакрануцца да жывой чалавечай супольнасці, якая падзяляе твае інтарэсы.

З цікавага, што мы рыхтуем на мяжы восені і зімы, адукацыйная праграма для правайдараў адукацыі, і мы будзем працаваць з ініцыятывамі, якія хочуць нешта рабіць на полі адукацыі, але не ведаюць як. Мы будзем разам вызначаць гэта.

Кожны не аднойчы адчуваў: увесь дзень нешта робіш, а на выхадзе — нічога не бачыш. Ні асалоды, ні задавальнення, ні вынікаў.

Бясплатны курс “Мэта. План. Вынік”, на які да 12 кастрычніка ўключна ідзе набор — якраз пра тое, як расставіць прыярытэты, скласці працоўны план і рухацца да мэтаў без выгарання.

Гэты курс марафон, дзе кожны дзень ты можаш рабіць сваё пры падтрымцы аднадумцаў. Можаш весці дзённік, нават дзяліцца ім з іншымі. Гэта выбудаваная сістэма, якая дазваляе прыярытэзаваць свае задачы, пачаць жыць сваё жыццё ў адпаведнасці са сваімі ўласнымі каштоўнасцямі. Не “што ад мяне хочуць 380 маіх працадаўцаў”, а “што я хачу”, як я хачу бачыць сваё жыццё, паспрабаваць гэтае жыццё пабудаваць, каб была не толькі адна праца, а праца і што-небудзь яшчэ.

І паколькі ты робіш гэта не адзін, ёсць большай верагоднасць разабрацца з хаосам, у які часта ператвараецца жыццё, паспрабаваць яго трошкі ўпарадкаваць, узяць пад кантроль.

Па ўсіх пытаннях “Нацыя лідараў” гатовая адказаць праз электронную пошту [email protected] або тэлеграм-бот https://t.me/nationofleaders_bot. Фармуляр тут.

Далучыцца да “Нацыі лідараў” можна таксама:

у “Тэлеграме” — t.me/nationofleaders_channel

у “Інстаграме” — instagram.com/nationofleaders_insta/

у “Фэйсбуку” — facebook.com/nationofleaders.org

у “Ютубе” — youtube.com/channel/UCjK4cecItrRTAorGbx8y1-w

у “Саўндклаўд” — soundcloud.com/nationofleaders

Падзяліцца: