Мінск 19:34

Рыжычэнка: На эканамічную трансфармацыю спатрэбіцца 6 млрд еўра

Аглядальнік "Позірку"
Аліса Рыжычэнка
Фота: "Позірк"

Рэформы павінны разглядацца як частка або механізм працэсу, які дазволіць правесці эканамічную трансфармацыю ў новай Беларусі, лічыць Аліса Рыжычэнка, якая чатыры месяцы таму стала прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінета па эканоміцы і фінансах.

Рыжычэнка — аўтар стратэгіі развіцця эканомікі Беларусі ў перыяд дэмакратызацыі і посттранзітнага аднаўлення. “Позірк” абмеркаваў з распрацоўшчыцай дакумент перад яго афіцыйнай прэзентацыяй у Варшаве.

Спачатку — выбар кірунку, потым — выбар рэформаў

— Стратэгія была распрацаваная ўжо ў сярэдзіне кастрычніка: да майго ўступлення на пасаду былі пэўныя напрацоўкі і ідэі. Фактычна неабходна было аформіць іх у адзіны дакумент, правесці кансультацыі з экспертамі і зразумець, як гэта далей рэалізоўваць.

Што ўяўляе сабой дакумент, хто дапамагаў яго рыхтаваць?

— Гэта — стратэгічнае бачанне эканамічнага развіцця Беларусі ў будучыні пасля дэмакратызацыі. Гэта— канцэптуальна новы фармат, таму што раней былі розныя напрацоўкі пакетаў і прапаноў рэформаў.

Я ішла ад адваротнага. Першапачаткова распрацоўвалася стратэгія таго, як павінна развівацца, у якім кірунку рухацца беларуская эканоміка. І ўжо зыходзячы з гэтага распрацоўваліся рэформы.

Над дакументам агулам працавала я самастойна, гэта мае ідэі. Калі праца была завершана, адбыліся кансультацыі з акадэмічным і адміністрацыйным дырэктарамі даследчага цэнтра BEROC Львом Львоўскім і Паўлам Данейкам.

9 снежня ў Варшаве вы праводзіце прэзентацыю стратэгіі. Што будзе далей?

— Пасля прэзентацыі запланаваны закрыты круглы стол, куды будуць запрошаныя эксперты па адукацыі, па эканоміцы. У наступным будуць прыцягвацца спецыялісты ў галіне энергетыкі, “зялёнай” эканомікі. Канкрэтна пад гэтую стратэгію будзе распрацоўвацца асобны пакет рэформаў.

Стратэгія прадугледжвае ўкараненне еўрапейскіх стандартаў, і для гэтага нам патрэбныя як раз спецыялісты па еўрапейскім эканамічным праве. Мы павінны ведаць, як гэта функцыянуе ў Еўрасаюзе.

Вельмі важны досвед Малдовы і Украіны, таму што яны зараз праходзяць усе гэтыя працэсы, у паскораным фармаце там укараняюцца еўрапейскія стандарты, таму хутчэй за ўсё будуць прыцягвацца эксперты з гэтых краін.

Я ўжо сустракалася з кіраўніком Цэнтра Мізэса, які жыве ў Кіеве, беларускім эканамістам Яраславам Раманчуком. Ёсць дамоўленасць, што ён таксама возьме ўдзел у кансультацыі.

Будуць прыцягвацца і іншыя еўрапейскія эксперты. У прыватнасці, аб рэформе Нацыянальнага банка плануем кансультавацца з прадстаўнікамі Аўстрыйскага нацыянальнага банка.

Тры кіты“ для эканамічнага рыўка

Што з’яўляецца стрыжнем стратэгіі? Да досведу якіх краін вы звярталіся?

— Дакумент грунтуецца на трох асноўных пунктах: адукацыя, навука і тэхналогіі. Лагічна пераймаць досвед краін, паспяховых менавіта ў гэтых галінах. У дадзеным выпадку гэта Эстонія, Ірландыя, Ізраіль, Сінгапур. Гэта краіны, якія сталі стартап-нацыямі, уклалі велізарныя інвестыцыі ў адукацыю, развіццё навукі і тэхналогій і атрымалі эканамічны эфект.

Вядома ж, вельмі важны і досвед Польшчы, бо яе эканоміка на сённяшні дзень мае найбольшыя тэмпы развіцця ў Еўропе. У прыватнасці, прывабны яе досвед у падаткаабкладанні.

Чым для вас з’яўляецца эканамічная трансфармацыя?

— Гэта выбар напрамку развіцця. Умоўна, мы можам выбраць развіваць прамысловасць і сельскую гаспадарку, як было раней у Беларусі. А можам выбраць зусім іншы шлях, які будзе стымуляваць сам сабе.

Гэта значыць, мы інвестуем і развіваем пэўныя вобласці, і дзякуючы ім развіваецца ўжо ўся эканоміка.

Якія пераўтварэнні неабходныя новай Беларусі?

— Вельмі важна правесці рэформу дзяржаўных закупак, каб выключыць карупцыю. Акрамя таго, грунтуючыся на досведзе іншых краін, можна чакаць, што гэта дазваляе знізіць дзяржвыдаткі на 20-30%.

Акрамя таго — рэформа дзяржпрадпрыемстваў, падатковая рэформа. Рэалізацыя энергетычнай рэформы дазволіць паменшыць эканамічную залежнасць ад Расіі.

Лічбавізацыя дзяржорганаў на базе сістэмы блокчэйна дазваляе скараціць да 1 млрд еўра ў год дзяржвыдаткаў якраз на чыноўнікаў. Гэта з аднаго боку. З іншага — дазваляе бізнесу эканоміць грошы і час на афармленне рознай дакументацыі.

І, натуральна, укараненне ў заканадаўства еўрапейскіх стандартаў абароны правоў уласнасці, інвестыцый.

Такія рэформы дазволяць зэканоміць рэсурсы, якія можна будзе перанакіраваць ужо на рэформу адукацыі і навукі.

Беларускі кіраўнік увесь час заяўляе, што ў краіне ўсё добра з адукацыяй і ніякія рэформы не патрэбныя. Пры гэтым ён часта крытыкуе навукоўцаў за адсутнасць прарываў. Адукацыя і навука — ключавыя напрамкі ў вашай стратэгіі. Што прапануеце?

— Рэфармаваць трэба і школы, і ўніверсітэты. Сцісла, са школьнага ўзроўню дзяцей трэба навучаць англійскай мове, крытычнаму мысленню, лічбавым навыкам, прадпрымальніцтву.

Прапануюцца паралельныя рэформы універсітэтаў і навукі. У маім уяўленні Акадэмію навук трэба ліквідаваць, таму што навука не можа працаваць у адрыве ад бізнесу і адукацыі.

Сутнасць такая: ліквідаваць Акадэмію навук, але пры гэтым стварыць даследчыя цэнтры і лабараторыі пры універсітэтах. Каб навука працавала непасрэдна пры ВНУ і студэнты маглі атрымліваць практычны досвед непасрэдна на месцы. І таксама пры ўніверсітэтах ствараць цэнтры, якія будуць злучаць навуку і бізнес, даследчыя распрацоўкі.

Любыя перамены першапачаткова выклікаюць пэўныя страхі. Найбольш схільнае да іх старэйшае пакаленне. Што чакае гэтую катэгорыю грамадзян?

— Пенсійная сістэма ў Беларусі працуе паводле прынцыпу фінансавай піраміды. Нам трэба пераходзіць, прынамсі для пачатку, на змешаную сістэму. Яна будзе ўключаць у сябе афіцыйную пенсію з боку дзяржавы, гэта значыць базавую пенсію на ўзроўні 30-35% сярэдняй зарплаты (сёння — 36%). Але пры гэтым уводзіць назапашвальную пенсію сумай 9-12% заробку і добраахвотную частку пенсіі.

Менавіта пенсійная рэформа стане добрай асновай рэформы, закліканай развіваць фондавы рынак. Як раз пенсійныя фонды з’яўляюцца аднымі з асноўных пулаў, якія фармуюць доўгатэрміновы інвестыцыйны капітал на гэтых фондавых рынках. Таму што яны інвестуюць у пенсійныя сродкі, каб іх прымнажаць.

Адной з галоўных тэм апошняга часу стала павышэнне платы за камунальныя паслугі.

— ЖКГ — хворы мазоль на назе дзяржавы. Цяперашняя сістэма дзяржаўнай ЖКГ абсалютна непразрыстая, няма ніякага эканамічнага абгрунтавання тарыфаў.

Відавочна, што людзі павінны мець права выбіраць пастаўшчыка паслуг, які прапануе больш высокую якасць або больш нізкі кошт.

“Рэсурсы для рэформаў будзе ствараць сама эканоміка“

Для падрыхтоўкі такога сур’ёзнага дакумента відавочна неабходная статыстыка. Аднак Белстат даўно ўжо засакрэціў шэраг важных звестак. Наколькі гэта ўскладняла працу?

— Адсутнасць поўных даных стварала сур’ёзныя абмежаванні. Аднак трэба разумець, што беларуская статыстыка, нават адкрытая, не заўсёды адпавядае рэальнаму становішчу спраў.

Заўсёды можна выкарыстоўваць звесткі міжнародных арганізацый, МВФ, Сусветнага банка, Еўрастата, адкрытыя даныя гандлёвых партнёраў Беларусі, у тым ліку Расіі. У прынцыпе, статыстыка, так, яна закрытая, але ёсць велізарнае мноства альтэрнатыўных крыніц, дзе можна па крупінках сабраць суцэльную карціну.

Трэба разумець, што стратэгія — гэта не табліца з 500 радкамі, з дакладнымі разлікамі і формуламі. Гэта больш пра архітэктуру інстытутаў, пра тое, куды і якім шляхам мы ідзем. Гэта ў тым ліку паэтапная дарожная мапа, якая ўключае ў сябе не толькі лічбы.

Замежныя партнёры даўно абяцаюць 3 млрд еўра для правядзення эканамічных рэформаў. Ці хопіць гэтай сумы?

— Неабходна разумець, што абяцаныя 3 млрд — гэта сродкі не толькі на эканамічныя рэформы. Яны павінны пайсці агулам на дэмакратычныя змены ў Беларусі.

На сённяшні дзень на трансфармацыю, якая прадугледжана маёй стратэгіяй, неабходна каля 6 млрд еўра, гэта значыць удвая больш.

Дзе збіраецеся знайсці тое, чаго не хапае?

— Стратэгія прадугледжвае, што пэўныя змены будуць прыносіць эканамічную выгаду, пра што гаварылася вышэй. Сёння ніхто не кажа, што мы павінны праводзіць эканамічныя рэформы выключна за грошы міжнародных партнёраў.

Мая стратэгія прадугледжвае варыянт, калі сама эканоміка шляхам трансфармацыі стварае рэсурсы, неабходныя для рэформаў.

Зразумела, ніхто нам не перашкаджае пасля прыняцця гэтай стратэгіі і распрацоўкі канкрэтных эканамічных рэформаў ісці дамаўляцца з міжнароднымі партнёрамі аб выдзяленні крэдытаў, аднаразовай або пастаяннай дапамогі.

То бок галоўнае — мець разуменне, колькі нам трэба сродкаў, каб распрацоўваць дарожныя мапы з міжнароднымі партнёрамі і ўжо мець папярэднія дамоўленасці.

“Прадпрыемствы пачнуць закрывацца задоўга да таго, як мы пачнём эканамічную трансфармацыю“

Яшчэ адным балючым пытанням для некаторых грамадзян з’яўляецца раздзяржаўленне і прыватызацыя. Як яно павінна вырашацца?

— Нам у любым выпадку неабходная прыватызацыя, таму што няма ніякага эканамічнага сэнсу захоўваць стратныя прадпрыемствы.

Для пачатку ўсе дзяржактывы павінны быць падзеленыя на катэгорыі. Першая — стратэгічныя інфраструктурныя актывы, куды мы можам аднесці энергетыку, транспарт. Ёсць выдатны прыклад у Аўстрыі. Усёй энергетычнай інфраструктурай валодае дзяржава, аднак пастаўшчыкі ўсе прыватныя і рынак велізарны. І ніводны пастаўшчык, нават калі ў яго будзе найвялікшая доля на рынку, не зможа манапалізаваць энергетычную сістэму, таму што інфраструктура яму не належыць.

Канкурэнтныя вытворчыя прадпрыемствы могуць быць прыватызаваныя, але пры гэтым на абсалютна празрыстых умовах, якія будуць вызначаны загадзя.

Для хранічна стратных прадпрыемстваў, якія можна назваць зомбі, ці наўрад мы знойдзем пакупніка. Іх трэба альбо рэструктурызаваць, альбо пачынаць працэс кіраванага закрыцця. Такія прадпрыемствы аддаюцца ў прыватныя рукі без якіх-небудзь умоў.

У маёй стратэгіі прадугледжаны праграмы перанавучання людзей, якія працуюць на такіх прадпрыемствах.

Мы не можам пазбегнуць прыватызацыі. Я ўпэўненая, што закрыццё прадпрыемстваў пачнецца задоўга да таго, як мы пачнём эканамічную трансфармацыю. Гэта ўжо пачалося. І Лукашэнка, і дзяржпрапагандысты ўжо крычаць: колькі можна ўтрымліваць стратныя прадпрыемствы за кошт дзяржбюджэту?

У святле падзей апошніх гадоў ці павінна ўводзіцца забарона на ўдзел у прыватызацыі Расіі і азіяцкіх аўтакратый?

— Пытанне допуску да прыватызацыі інвестараў з Расеі ці азіяцкіх аўтакратый вельмі тонкае. Паўстае пытанне не эканамічнай эфектыўнасці, а нацыянальнай бяспекі.

Магчыма, калі будзе гаворка ісці аб ключавых актывах, павінны дзейнічаць жорсткія фільтры аж да прамой забароны. Трэба падыходзіць вельмі асцярожна, узважана і на першае месца ставіць нацыянальную бяспеку.

“Амністыя капіталу не азначае, што трэба заплюшчыць вочы на эканамічныя злачынствы“

Ці прадугледжваецца амністыя капіталу? Калі так, то ў якой форме?

— З аднаго боку, нам сапраўды трэба вярнуць грошы і людзей у легальнае поле. А тым больш што на працягу апошніх дзесяцігоддзяў сегмент ценявой эканомікі ў краіне значна вырас. У нас незразумелая сістэма падаткаабкладання. Узровень падатковых, сацыяльных і страхавых выплат вельмі высокі, больш за 50% прыбытку (у Еўропе ў сярэднім — 30-35%).

Мне здаецца, вельмі важна дакладна разумець, што існуе шырокі пласт прадпрымальнікаў, якія былі вымушаныя працаваць у гэтай сістэме. А ёсць людзі, якія сталі прадпрымальнікамі, таму што самі стварылі гэтую сістэму пад сябе. Гэта значыць, яны з’яўляліся творцамі гэтай сістэмы, непасрэдна датычныя да карупцыі, буйных крадзяжоў, схем абыходу санкцый і г.д.

Для гэтых катэгорый павінен быць абсалютна розны падыход. Але зноў жа трэба разумець, па-першае, што амністыя не можа быць кулуарнай, гэта павінна быць празрыстая сістэма. Па-другое, гэта часовы падыход. Ніхто не збіраецца ў далейшым заплюшчваць вочы на эканамічныя злачынствы.

Што прапануецца зрабіць, каб прадпрымальнікі пачалі працаваць выключна “па-беламу”?

— На першым этапе трансфармацыі будуць прадугледжаныя механізмы, закліканыя вярнуць людзей у легальнае поле. У тым ліку за кошт зніжэння падатковых ставак. Пасля першых паўтара года такой трансфармацыі колькасць падатковых паступленняў будзе павялічвацца за кошт вяртання людзей у легальнае поле і развіцця бізнесу.

Прапаганда заяўляе, што, калі б улада не выстаяла ў 2020 годзе, апазіцыя ўжо б прадала ўсю краіну “дзядзьку Сэму“. Маўляў, памятаеце, як у 1990-я хлеба не хапала? Ці не стане рэалізацыя вашай стратэгіі шокавай тэрапіяй для новай Беларусі?

— Гэта не будзе шокавая тэрапія, таму што гэты тэрмін нарадзіўся, калі зусім былі іншыя ўмовы эканамічнага развіцця і эканамічнай базы ў розных краінах.

Наша трансфармацыя прадугледжвае зусім іншыя механізмы, і назваць гэта шокавай тэрапіяй немагчыма, таму што мы ідзем не адны ў гэтую трансфармацыю.

Мы ў любым выпадку будзем мець дамоўленасці з міжнароднымі партнёрамі аб падтрымцы. У нас будзе канкрэтны план і механізмы рэалізацыі кожнай рэформы, у тым ліку ахоўныя механізмы.

Працоўныя месцы будуць цалкам новымі паводле свайго прызначэння. Калі сёння дзяржслужачыя перакладаюць паперкі з аднаго стала на іншы, то ў новай Беларусі нам неабходныя людзі, якія будуць дата-аналітыкамі, якія ўмеюць працаваць з лічбавымі сістэмамі. Гэта зусім новай якасці працоўныя месцы, на якіх будуць ствараць зусім іншы прадукт.

Падзяліцца: