Віктар ІВІЦКІ, аглядальнік “Позірку”

З 13 па 15 лютага адбудзецца 62-я Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы (MSC). Пяты год запар у ёй возьме ўдзел беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.
Ключавы пункт праграмы яе візіту на форум — удзел у дыскусіі “У цэнтры ўвагі — Беларусь”, якая пройдзе ў другі дзень, 14 лютага.
Як адзначыў у каментары “Позірку” галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, ці не ўпершыню беларускае пытанне ўключана ў асноўнае меню MSC.
Цягам апошняга года Беларусь — як рэжымная, так і дэмакратычная — адначасова і набывала, і страчвала суб’ектнасць. Рознанакіраванасць забяспечылі галоўным чынам тры сусветныя гульцы: ЗША, Украіна і Расія.
З прыходам да ўлады ў Злучаных Штатах Дональда Трампа Аляксандр Лукашэнка стаў для афіцыйнага Вашынгтона “глыбокапаважаным прэзідэнтам Беларусі” (штопраўда, гэта не тычыцца Кангрэса, ды і шмат хто ў атачэнні самога Трампа не раскідваецца такімі эпітэтамі) і нават на нейкі перыяд — часткай перамоўнага працэсу ЗША і Расіі па Украіне з бонусным тэлефанаваннем амерыканскага кіраўніка Лукашэнку перад сустрэчай з Уладзімірам Пуціным у Анкорыджы і нядаўнім запрашэннем у “Савет міру”. У адкрытую фазу перайшлі кантакты Вашынгтона і Мінска наконт вызвалення палітвязняў, якія пачаліся яшчэ пры Джо Байдэне. Вынікі вядомыя.
На гэтым фоне стасункі ЗША з беларускімі дэмакратычнымі сіламі хаця і не абнуліліся, уявіць сабе сустрэчу Трампа з Ціханоўскай, якую ў свой час прымаў Байдэн, пакуль немагчыма.
У сваю чаргу Расія дадала Мінску вагі размяшчэннем (або словамі аб размяшчэнні, бо расследавальнрікі з BelPol у яго не вераць) на беларускай тэрыторыі ракетнага комплекса “Орешник”.
Украіна ж літаральна ў апошні месяц павярнулася да беларускага рэжыму задам, а да дэмсіл перадам. Ацэнкі не толькі знешняй, але і ўнутранай палітыкі Лукашэнкі з боку прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага сталі прыкметна больш жорсткімі (“белы шпіц Лукашэнкі мае больш правоў, чым беларускі народ”). 25 студзеня ў Вільнюсе ён упершыню сустрэўся з Ціханоўскай не “на нагах” і запрасіў яе ў Кіеў.
Усё гэта адбываецца на фоне імкнення Трампа як мага хутчэй завяршыць вайну ва Украіне, каб з нейкім пазітыўным багажом ісці на восеньскія прамежкавыя выбары ў Кангрэс, на якіх яму пагражае фіяска. Ён з рознай ступенню моцы цісне на Кіеў і пры гэтым з рознай ступенню прыязнасці ставіцца да Масквы.
Беларусь у геапалітычных разліках Вашынгтона ці наўрад займае вялікае месца. У той жа час у вачах Украіны і агулам Еўропы (за вядомымі выключэннямі ў выглядзе Венгрыі і Славакіі) гэта важны інструмент у руках Крамля, і гэты інструмент трэба нейтралізаваць, бо дамовіцца з Лукашэнкам (“не злаваць дзеда”) не атрымліваецца. Беларуская тэрыторыя застаецца вольным плацдармам для расійскай арміі, які нясе пагрозу не толькі для суседзяў (не трэба забывацца і на мігранцкі крызіс, які пакуль сцішыўся з-за халоднай і снежнай зімы), але і для геаграфічна больш далёкіх краін Захаду.
Да таго ж нічога да лепшага не змяняецца ўнутры Беларусі, дзе махавік рэпрэсій, як ровар, і не думае тармазіць: бо спыніцца — і сістэма, на перакананне рэжыму, адразу паваліцца.
У гэтай сітуацыі беларускія дэмакратычныя сілы, якія маюць аб’ектыўна абмежаваны ўплыў на рашэнні буйных гульцоў, выкарыстоўваюць усе дасяжныя пляцоўкі, каб данесці пазіцыю тых, хто супраць ролі Беларусі як цацкі ў чужых руках.
Франак Вячорка распавеў “Позірку”, з чым прыехалі дэмсілы сёлета ў Мюнхен.
Выклікі-2026: Украіна, Грэнландыя, Блізкі Усход, Іран, Беларусь
— Поруч з давоскім форумам Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы з’яўляецца адным з найбольш значных форумаў у свеце. І менавіта ад Давоса, які быў месяц таму, і Мюнхена многія чакаюць адказу на пытанне, што можа прынесці 2026 год. І па Украіне, і па Грэнландыі, і па Блізкім Усходзе, і па Іране. Мы спадзяемся, што і таксама па Беларусі.
Сёлета Беларусі будзе прысвечана дастаткова шмат увагі, і гэта вялікая заслуга ўсёй дэмакратычный супольнасці. Калі не памыляюся, упершыню на MSC менавіта ў асноўнай праграме будзе панель, прысвечаная нашай краіне. Возьмуць удзел амерыканскі сенатар, літоўскі міністр замежных справаў. Вялікая, насычаная праграма ў самой Святланы Ціханоўскай: акрамя гэтай панелі больш за дзесяць сустрэчаў, больш за 15 інтэрв’ю.
Таксама будзе некалькі сайд-івэнтаў, прысвечаных Беларусі. Яны арганізаваныя з удзелам Офіса Святланы Ціханоўскай, экспертных цэнтраў. Апроч Ціханоўскай возьмуць удзел былыя палітвязні. На адным з мерапрыемстваў у суботу, 15 лютага, выступіць Марыя Калеснікава (дыскусія “Як зноў зрабіць дэмакратыі вялікімі”. — “Позірк”.). Удзельнікам форуму зарэгістраваны таксама Сяргей Ціханоўскі.
На фінальнай панелі форуму выступіць беларуская журналістка Ганна Любакова. Гэта вельмі прэстыжна і магчымасць данесці беларускі парадак дня да міжнароднай аўдыторыі. Чым больш Беларусі, тым лепш для нашай справы.
Прасоўваць Беларусь праз аспект бяспекі
— Для нас самае важнае — утрымаць Беларусь на парадку дня, асабліва калі вырашаецца лёс Украіны і ўсяго рэгіёна. Мы прасоўваем менавіта Беларусь праз аспект бяспекі, што гэта не толькі гуманітарны крызіс, але і бяспекавы, які сыходзіць ад рэжыму Лукашэнкі. Без дэмакратычных зменаў Беларусь заўжды будзе пагрозай для Літвы, Польшчы — усіх краін НАТО. Таму трэба комплексна вырашаць пытанне. Павінна быць стратэгія па Беларусі.
Мы прывезлі шэраг дакументаў, якія будзем прэзентаваць, пра ўдзел рэжыму ў вайне, у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, па інструментах прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці, “чырвоную паперу”, red paper, па бяспецы Беларусі ў кантэксце еўрапейскай бяспекі. Бо тут будзе вельмі шмат і міністраў абароны, і генералаў, для якіх Беларусь — малавядомы кейс, які трэба зрабіць вядомым.
Дээскалацыя без страты незалежнасці
— У нас ёсць таксама дакументы па бачанні, як Беларусь можа спрыяць дээскалацыі сітуацыі, але пры гэтым не страціла незалежнасць, бо для нас, як і еўрапейскіх партнёраў, ключавое — менавіта незалежнасць. З аднаго боку, вырашыць гуманітарны крызіс, вызваліць людзей, спыніць рэпрэсіі, з іншага — выцягнуць Беларусь з лап Расіі.
Калі мы прыязджалі ў Мюнхен першы раз чатыры гады таму, тут было мала разумення, што такое Беларусь. Цяпер гэтае разуменне ёсць, але нам патрэбныя практычныя супольныя крокі, стратэгія разам з заходнімі партнёрамі.
Важна, што будзе гучаць голас былых палітвязняў: і Сяргея Ціханоўскага, і Марыі Калеснікавай, якія прайшлі праз катаванні, каб яны маглі асабіста распавесці пра лукашэнкаўскі рэжым знутры.
Гэта таксама магчымасць звярнуць увагу на Беларусь. Калі ў свеце так шмат крызісаў, гэта вельмі важна.
Спыніць Расію
— Думаю, што цэнтральнай лініяй многіх дыскусій будзе — як спыніць Расію. Мы тлумачым, што Беларусь — таксама ключ да гэтага. Мы бачым актыўнасць Службы знешняй выведкі Расіі, пагрозы, якія сыходзяць ад расійскіх чыноўнікаў, палітыкаў, дыпламатаў. Яны ўхапіліся за Беларусь, за яе горла і не хочуць ніякіх зменаў у нашай краіне. Але гэта не справа Расіі вырашаць будучыню Беларусі. І мы хацелі б, каб свет бачыў Беларусь не як лукашэнкаўскі рэжым, падначалены Пуціну, а як народ, які хоча жыць у свабодзе. Нам гэтыя ўяўленні, гэтыя адчуванні трэба сфармаваць.
Падсвятляць дзеянні Лукашэнкі
— Мы радыя, што будзе шмат мерапрыемстваў з украінцамі. І вельмі важна, што прэзідэнт Зяленскі, украінскае кіраўніцтва пачалі шмат увагі надаваць Беларусі менавіта ў кантэксце бяспекі.
Наша задача таксама — паказаць ваенныя прыгатаванні, звязаныя з “Орешником” і расійскай ядзернай зброяй. Гэта не блеф, гэта сапраўды рызыка, таму што ў Беларусі створана інфраструктура, небяспечная для многіх еўрапейскіх сталіц. І нават калі няма гэтых ядзерных боегаловак і саміх ракет “Орешник”, гэта не значыць, што яны не могуць там з’явіцца, таму што інфраструктура пад гэта збудаваная.
Лукашэнка зараз нібыта ў цені, незаўважны, ён спрабуе неяк прапятляць, але нам трэба падсвятляць тое, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі. Таму што гэта не толькі пра незаўважную такую экспансію Расіі, але і пра нарошчванне вайсковага патэнцыялу, вайсковай прысутнасці, якая пагражае і самім беларусам, і Еўропе агулам.
***
З праграмы візіту Святланы Ціханоўскай ў Мюнхен:
удзел у дыскусіі “У цэнтры ўвагі — Беларусь”, сустрэча з маладымі лідарамі MSC, прадстаўнікамі НАТО, віцэ-прэм’ерам — міністрам замежных спраў Чэхіі Пятром Мачынкай, вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Фолькерам Цюркам, дэпутатамі Еўрапейскага парламента;
інтэрв’ю: The Times, The Telegraph (Вялікабрытанія), Rzeczpospolita (Польшча), Dagens Nyheter (Швецыя), CBS News, Politico (ЗША), Die Welt (Германія).



