Мінск 22:35

Вячорка: Пра змякчэнне еўрапейскіх санкцый, у тым ліку брытанскіх, гаварыць зарана

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

На адыходзячым тыдні ў Лондане адбыўся другі раўнд кансультацый паміж прадстаўнікамі ўрада Вялікабрытаніі і беларускіх дэмакратычных сіл.

Брытанскую дэлегацыю ўзначальваў дырэктар дэпартамента Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі знешнепалітычнага ведамства (FCDO) Крыс Алан, беларускую — галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Як паведамлялася, бакі “абмеркавалі развіццё сітуацыі ўнутры Беларусі і выклікі, з якімі сутыкаецца беларускае грамадства ва ўмовах рэпрэсій, якія працягваюцца“.

“Асаблівая ўвага” была нададзеная становішчу палітзняволеных, працягу палітычнага пераследу і неабходнасці захавання міжнароднага ціску на рэжым.

Таксама абмеркаваныя пытанні бяспекі, рэгіянальная абстаноўка, роля Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны, рызыкі ў сувязі з мілітарызацыяй Беларусі.

Больш падрабязна пра кансультацыі і агулам пра цяперашнюю палітыку Лондана на беларускім кірунку распавёў “Позірку” Франак Вячорка.

“Глыбыня супрацы з Вялікабрытаніяй цяпер нашмат большая, чым тры-чатыры гады таму”

Што было запланавана на першых кансультацыях летась 21 сакавіка і на якой стадыі знаходзіцца выкананне?

— Быў рэалізаваны шэраг праектаў па падтрымцы незалежных СМІ. Вялікабрытанія выдзеліла сродкі на незалежную журналістыку. Адбылося некалькі хваляў абмену у рамках стыпендый John Smith Trust, Chevening Scholarship. Вялікабрытанія супольна з дэмакратычнымі сіламі арганізавала шэраг івэнтаў у рамках АБСЕ і іншых міжнародных арганізацый. Прынятыя індывідуальныя санкцыі супраць злачынцаў рэжыму.

Была пастаянная палітычная камунікацыя, і не толькі з нагоды дзён салідарнасці і вызвалення палітвязняў.

Можна сказаць, што, у прынцыпе, глыбыня супрацы з Вялікабрытаніяй цяпер нашмат большая, чым тры-чатыры гады таму. Сапраўды ўражвае тое, як брытанцы займаюцца беларускай тэматыкай, тое, што ў FCDO прызначаны чалавек, адказны за Беларусь, тое, як дапамагае брытанская амбасада ў Вільнюсе.

Офіс Святланы Ціханоўскай знаходзіцца на пастаяннай сувязі з Вялікабрытаніяй, у прыватнасці, дыпламатычны дарадца Дзяніс Кучынскі вядзе рэгулярную працу. Гэта паказвае, наколькі ў нас шчыльныя і даверлівыя стасункі.

Канешне, нам хацелася б яшчэ больш і праектаў супольных рэалізаваць, і каб больш падтрымкі для СМІ і грамадзянскай супольнасці было. Але ў Вялікабрытаніі ёсць абмежаванні, у тым ліку праз скарачэнне бюджэту дапамогі за мяжой, таму магчыма не ўсё. Аднак Вялікабрытанія прынамсі сваімі палітычнымі магчымасцямі робіць максімум таго, што ў дадзеных умовах можа рабіць. Безумоўна, пасля цяперашніх кансультацый мы маем шмат новых ідэяў наконт таго, што можна рэалізоўваць далей.

“Ціск змушае рэжым вызваляць людзей з турмаў”

Якімі ёсць цяпер падыходы Лондана да палітыкі ў дачыненні да рэжыму і дэмсілаў з улікам амерыканскага “трэку” і галасоў аб неабходнасці змякчэння санкцый?

— Мы шмат абмяркоўвалі бяспекавую сітуацыю і пытанні санкцый і, канешне, вызваленне палітычных вязняў. Мы даносім сваё бачанне, што цяпер амерыканцы вядуць гуманітарны трэк, выцягваюць людзей і трэба вітаць гэтыя намаганні. Але гэтыя вызваленні не былі б магчымыя без ціску — без ціску Еўрапейскага саюза і Вялікабрытаніі. Таму што гэта якраз і змушае рэжым вызваляць людзей з турмаў.

Зараз я не бачу кантэксту і нагоды для перагляду ці змены палітыкі, таму што гэтая палітыка паслядоўная, прынцыповая. Ёсць стратэгія, якую Еўрасаюз і Вялікабрытанія рэалізуюць. І збольшага пазіцыя Вялікабрытаніі супадае з пазіцыяй Еўрапейскага саюза. Пра змякчэнне еўрапейскіх санкцый, у тым ліку брытанскіх, гаварыць зарана, пакуль рэпрэсіі працягваюцца і палітыка рэжыму застаецца як яна ёсць.

Як ставіцца Лондан да меркавання Ціханоўскай, што Штаты — паліцэйскі добры, а Еўропа — злы?

— Мы, канешне, абмяркоўвалі і ролі краін, і падтрымку палітвязняў. Зараз так падзеленыя ролі, што амерыканцы вядуць непасрэдна самі перамовы і выцягваюць людзей з турмаў, у тым ліку замежных грамадзян, нашых палітычных вязняў, актывістаў, журналістаў. А еўрапейскія краіны надаюць дапамогу рэпрэсаваным і прымаюць на сваёй тэрыторыі.

Палітыка ЗША, якія вядуць дыпламатычныя размовы, падмацоўваецца тым, што Еўропа трымае цвёрдую пазіцыю, патрабуе больш трывалых, доўгатэрміновых пераменаў.

“Нагадваць, што Беларусь — гэта не страчаны кейс”

Ці разумее Лондан, што, нягледзячы на падзеі на Блізкім Усходзе, фокус не павінен змяшчацца і з Беларусі?

— Канешне, зараз у цэнтры ўвагі міжнароднай палітыкі Блізкі Усход, Іран, Украіна. Ясна, што Беларусь — гэта не першая лінія міжнародных праблем і замежнай палітыкі для Вялікабрытаніі, але сам факт наяўнасці кантактнай асобы ў FCDO, актыўнай працы амбасады ў Вільнюсе, кансультацый з дэмакратычнымі сіламі паказвае, што Вялікабрытанія хоча і імкнецца займаць больш актыўную пазіцыю. Наша задача — нагадваць пра Беларусь, тлумачыць, што Беларусь — гэта не страчаны кейс і што Беларусь — не толькі праблема гуманітарная, але і бяспекавая. У тым ліку ў інтарэсах Вялікабрытаніі, каб Беларусь была незалежнай, суверэннай, дэмакратычнай дзяржавай. Паўтару: наша задача — утрымліваць Беларусь на парадку дня. Кансультацыі ў Вялікабрытаніі і стратэгічныя кансультацыі з Еўрасаюзам у Бруселі, што адбыліся 6 сакавіка, дазваляюць нам “зверыць гадзіннікі” і вярнуць фокус на Беларусь.

Важна, што кансультацыі — гэта афіцыйны фармат. Нават калі многія рэчы, якія агучваюцца, — і пра культуру, і пра медыя, і пра дыяспару — вядомыя, усё адно добра, калі яны фіксуюцца ў такім афіцыйным фармаце дзвюмя дэлегацыямі. Мы абазначаем прыярытэты, тое, што хвалюе адно аднаго, і даем нейкія апдэйты. Мы прывезлі з сабой у Лондан дастаткова шмат эксклюзіўнай інфармацыі. Нашыя эксперты з iSans, з BelPol прэзентавалі ацэнку бяспекавай сітуацыі менавіта ў кантэксце мілітарызацыі Беларусі. Думаю, што для брытанскага боку гэта было карысна.

“Ёсць складанасці са знаходжаннем беларусаў у Вялікабрытаніі”

Якія праблемы ў беларусаў у Вялікабрытаніі прама зараз, і наколькі бакі прасунуліся да іх вырашэння на кансультацыях?

— Быў прадстаўнік дыяспары Мікалай Пачкаеў з Асацыяцыі беларусаў Вялікабрытаніі, які агучыў праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы. Канешне, ёсць праблемы з атрыманнем дакументаў тымі, у каго пратэрмінаваны пашпарт. Ёсць складанасці са знаходжаннем у Вялікабрытаніі, шмат хто праз недахоп актуальных дакументаў вымушаны пакінуць краіну.

Але большасць дыяспары даўно знаходзіцца там.

Гаварылі ў тым ліку пра ўключэнне дыяспары у розныя брытанскія праграмы, пра супрацу з іншымі нацменшасцямі і дыяспарамі. Мікалай Пачкаеў зрабіў вельмі добры агляд беларускіх ініцыятыў і арганізацый. Тут жа знаходзіцца і Беларуская бібліятэка і музей імя Скарыны, і беларуская царква, і некалькі таварыстваў, якія працуюць у Вялікабрытаніі больш за 70 год.

Сапраўды, гэта выдатны кейс арганізацыі дыяспары, у якой яднаюцца старэйшыя мігранты і тыя, хто прыехаў пасля 2020 года.

Ці плануецца новы візіт Ціханоўскай у Лондан?

— Так, мы плануем візіт у Лондан і збор там альянсу груп за дэмакратычную Беларусь у парламентах еўрапейскіх краін улетку гэтага года. Канешне, будзе фокус парламенцкі, але таксама, спадзяемся, і ўрадавы, каб зрабіць паўнавартасны візіт. Гэта асабліва актуальна цяпер, калі мяняецца сітуацыя вакол Беларусі, мяняюцца стасункі з Украінай. Усё гэта стварае новую дынаміку вакол нашай краіны.

Калі адбудуцца наступныя кансультацыі?

— Яны звычайна праводзяцца раз на год, таму хутчэй за ўсё чарговыя адбудуцца праз год. Але цягам гэтага года паспрабуем арганізаваць працу ў рабочых групах, па тых напрамках, на якія ў тым ліку не хапіла часу для абмеркавання падчас апошніх кансультацый.

Падзяліцца: