Мінск 12:44

“Дакладна не мапед, верталёт ці самалёт”. Беларусы ў сацсетках пішуць пра дрон над Мінскам

Аглядальнік "Позірку"
Момант падзення дрона на аўтамабіль у Мінску 29 ліпеня 2025 года
Відэазапіс: прэс-служба СК / стопе-кадр: "Позірк"

Пра пралёт над Мінскам глыбокай ноччу беспілотніка пішуць 23 сакавіка шматлікія карыстальнікі сацыяльных сетак. Праверыць інфармацыю магчымым не ўяўляецца, афіцыйнага каментара ад МНС або іншых профільных ведамстваў няма.

Аднак актыўнасць “безназоўных” профіляў, падобных на ботаў, якія пераконваюць людзей у тым, што яны не могуць ведаць, як гучыць баявы дрон, наводзіць на пэўныя думкі.

“Позірк” прааналізаваў інфармацыю з сацыяльных сетак і не выключае, што дрон, які выбухнуў мінулай ноччу ў Літве, той самы і ёсць.

Першыя паведамленні, што над Мінскам уначы чулі дрон, з’явіліся раніцай. Знайсці відэазапіс ці фота не ўдалося, што цалкам зразумела: адзін з карыстальнікаў напісаў адкрыта, што за такое “кіно” ў Беларусі можа пагражаць некалькі гадоў турмы.

Вербальнае ж абмеркаванне ў сацсетках ідзе даволі жвава, людзі дзеляцца ўражаннямі і страхамі, а таксама спрабуюць спрачацца ці то з ботамі, ці то з іншымі “гаспадарамі на зарплаце“, якія вельмі заўзята кінуліся пераконваць сведак таго, што адбылося, у тым, што над горадам лётала што заўгодна, але не дрон.

Сігналы з Гродна, Мінска, Магілёва

Паводле паведамленняў відавочцаў, пасля гадзіны ночы па беларускім часе гук, падобны на беспілотнік, чулі ў Магілёве. Прыкладна пасля дзвюх гадзін ночы яго ўжо чулі над Мінскам, затым — ужо ў Мінскім раёне. Пасля 3:30 пра гук “мапеда” ў небе паведамілі гродзенцы.

Гук, падобны на беспілотнік, у Мінску быў чутны ў розных раёнах, гэта значыць дрон (калі гэта быў ён) ляцеў над горадам на працягу нейкага часу. Так, яго чулі ў раёне вуліцы Веры Харужай, Якуба Коласа, на Каменнай Горцы, у раёне парку Чалюскінцаў, Акадэміі навук, Уручча.

Людзі паведамляюць, што гук быў рэзкі, гучны, нарастаючы, “ні на што не падобны”, многія чулі “магутны гул”, гэта быў “дакладна не мапед, самалёт ці верталёт”. Зрэшты, адзін з карыстальнікаў якраз заўважыў, што адчуванне было такое, быццам “мапед праляцеў па небе”.

Пры гэтым некаторыя карыстальнікі пераконваюць сведак загадкавай начной з’явы ў тым, што тыя “не могуць ведаць, як гучыць дрон” і што над Мінскам начамі лётае верталёт МНС. Аднак карыстальнікі ўпэўненыя, што справа не ў верталёце, які начамі правярае цеплатрасы — да гэтага мінчане ўжо прызвычаліся і гук верталёта вызначыць здольныя.

Іншыя карыстальнікі высмейваюць спалоханых каментатараў, паведамляючы аб спакойнай ночы без старонніх гукаў, жартуюць пра Карлсана і нават НЛА. Не выключана, што збіць напал і астудзіць галовы ў каментары закліканы штатныя супрацоўнікі, якія сочаць за сацыяльнымі сеткамі.

Ці можна пераканаць людзей, што яны чулі? Асабліва, калі некаторыя былі сведкамі леташняга надзвычайнага здарэння з дронам, які ўпаў у раёне вуліцы Матусевіча, і дакладна памятаюць той гук, адзначаючы, што і цяпер ён быў аналагічным.

Больш за тое, у 4:04 па мінскім часе камера відэаназірання зафіксавала выбух дрона на лёдзе возера ў Варэнскім раёне Літвы, а ён як раз мяжуе з Гродзенскай вобласцю. Ды і па часе падыходзіць. Ва ўмовах маўчання беларускіх службаў застаецца спадзявацца на расследаванне, якое пачалі літоўскія ўлады. Першыя высновы, як чакаецца, будуць абвешчаныя раніцай 24 сакавіка на пасяджэнні Камісіі па нацыянальнай бяспецы, якую склікае прэм’ер-міністр Інга Ругінене.

Дроны над Украінай і Расіяй

Гэтай ноччу Расія і Украіна, ужо традыцыйна для гэтай вайны, абмяняліся дронавымі атакамі. Украінскія маніторынгавыя каналы на працягу ўсёй ночы паведамлялі аб баявых варожых дронах, якія ляцелі над тэрыторыяй краіны.

23 сакавіка авіякампанія “Белавія” затрымала два рэйсы. Абмежаванні былі звязаныя з атакай украінскіх дронаў на паўночным захадзе Расіі. Пецярбургскі аэрапорт “Пулкава” быў зачынены з вечара нядзелі, яго праца аднавілася толькі раніцай у панядзелак. Дроны атакавалі нафтавы порт Прыморск, дзе загарэліся рэзервуары. Паводле інфармацыі расійскага боку, было збіта каля 70 БПЛА.

Дроны над Беларуссю. Новая рэальнасць “мірнага неба“

Пакуль Аляксандр Лукашэнка распавядае пра тое, як важна мірнае неба для Беларусі, ставячы сабе гэта ў заслугу, баявыя дроны становяцца новай рэальнасцю для краіны. Ацаніць маштабы таго, што адбываецца цяпер, немагчыма праз асцярожнасць беларусаў. Людзі не робяць фота, не запісваюць відэа, мала пішуць у сацсетках, імкнуцца не ўнікаць у тое, што адбываецца, і абмяркоўваць яго толькі з тымі, каму давяраюць. Аднак нават пры такой акуратнасці інфармацыя трапляе ў інтэрнет: ад сведак, мясцовых СМІ або гаваркіх чыноўнікаў.

Так, 14 сакавіка каля пасёлка Рассвет Добрушскага раёна (Гомельская вобласць) аб падзенні невядомага беспілотніка паведаміў рэгіянальны інтэрнэт-рэсурс “Флагшток”. Паводле яго інфармацыі, гэта здарылася “пасля абеду”.

“На месца прыбыла міліцыя і перакрыла рух па трасе Гомель — Навазыбкаў да прыезду групы размінавання. Да вывазу дрона на трасе ўтварылася доўгая чарга з аўтамабіляў, была спыненая праца АЗС “Беларуснафта“, дзе таксама сабралася чарга“, — гаварылася ў публікацыі.

Пасля “беспілотнік быў вывезены, а рух адноўлены”.

“Каля 15:30 і 16:00 жыхары Добруша пачулі <…> асобныя выбухі. Верагодна, сапёры падарвалі дрон недалёка ад горада“, — выказала здагадку выданне, падкрэсліваючы, што тып БПЛА і яго прыналежнасць “застаюцца невядомымі”.

Напярэдадні аб раненні жанчыны праз падзенне “ўчора ці пазаўчора” (11 ці 12 сакавіка) на тэрыторыі Беларусі БПЛА заявіў сам Лукашэнка: маўляў, гэта быў украінскі дрон, выведзены са строю расейскай устаноўкай РЭБ.

“Флагшток” раней паведамляў, што мінімум адзін расійскі беспілотнік быў збіты беларускімі вайскоўцамі над Гомелем 26 лютага.

Аб выяўленні 20 сакавіка абломкаў беспілотнага лятальнага апарата паведамляла дзяржаўнае гомельскае раённае выданне”Маяк”. БПЛА самалётнага тыпу быў знойдзены памежным нарадам у лясным масіве каля пасёлка Чаплін (Гомельскі раён).

Сцвярджаецца, што мадэль беспілотніка “не ўстаноўленая”, “нумар вытворчасці праглядаецца”.

За 2025 год у Беларусі размінавана каля 520 дронаў, кожны трэці — баявы, заявіў 18 сакавіка ў інтэрв’ю прэс-службе ўнутраных войскаў (УВ) МУС намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы УВ Мікалай Карпянкоў. Адкуль у Беларусь прылятаюць дроны, Карпянкоў не патлумачыў.

Агулам сёлета ў лютым “Флагшток” зафіксаваў не менш за чатыры выпадкі залёту ў паветраную прастору Беларусі дронаў, як мяркуецца, расійскіх. У студзені адзначана восем выпадкаў, калі расійскія дроны заляталі на тэрыторыю Беларусі.

У снежні 2025 года не было ніводнага пацверджанага факту перасячэння беларускай мяжы, у лістападзе іх было чатыры.

У кастрычніку 2024 года на тэрыторыю краіны ў чарговы раз заляцеў расійскі БПЛА, паводле не пацверджанай на той момант інфармацыі, дрон іранскай маркі “Шахед“ мог зваліцца ў Калінкавічах. Беларускія ўлады ніяк не каментавалі інцыдэнт, аднак КДБ затрымаў жыхарку Калінкавічаў, якая зняла надзвычайнае здарэнне на відэакамеру.

Дрон на Матусевіча

Адной з найбольш рэзанансных падзей мінулага года стала падзенне дрона ў Мінску, якое нарабіла столькі шоргату, што ўладам давялося не толькі прызнаць факт надзвычайнага здарэння, але і змайстраваць па факце крымінальную справу з ярка выяўленым украінскім следам.

Каля 2:00 29 ліпеня 2025 года дрон урэзаўся ў дом у Фрунзенскім раёне сталіцы, упаў на прыпаркаваны аўтамабіль і выбухнуў. Прыкладна праз гадзіну пасля з’яўлення інфармацыі ў СМІ Міністэрства абароны прызнала факт падзення беспілотніка.

“Дзяжурнымі сіламі па СПА каля 2 гадзін ночы 29 ліпеня ў паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь быў знойдзены і спынены палёт неапазнанай паветранай цэлі — парушальніка парадку выкарыстання паветранай прасторы, ідэнтыфікаванай як БЛА, — гаварылася ў паведамленні ваеннага ведамства. — У выніку ўздзеяння на яго сродкаў радыёэлектроннай барацьбы 02:33 БЛА ўпаў у раёне дома 72 па вул. Матусевіча г. Мінска“.

Тое, што здарылася, стала шокам: яшчэ ніколі вайна ва Украіне не была так блізка для ўсіх, і мінчан, і самога Лукашэнкі, які падтрымлівае ў ёй Крэмль і рэзідэнцыі якога размешчаныя не так далёка ад месца надзвычайнага здарэння.

Незразумела, што лётала над Беларуссю ўначы 23 сакавіка. Магчыма, профільныя ведамствы адрэагуюць на шуміху ў “экстрэмісцкіх” СМІ і апусцяцца да каментара. Пакуль жа застаецца толькі дадумваць і думаць пра тое, наколькі прывідная бяспека ў Беларусі і на якой парахавой бочцы знаходзяцца людзі, якія, самі таго не жажаючы, сталі саўдзельнікамі вайны.

Падзяліцца: