Мінск 13:20

Ведай сваё. Як беларускія гісторыкі ператварылі піва ў каву

Віктар Якубаў
Фота: Беларускі моладзевы хаб

Першая лекцыя праекта “Кава з гісторыкам” адбылася ў Беларускім моладзевым хабе ў знакавую для Беларусі дату — 25 сакавіка 2022 года. Апошняя на сённяшні момант, 27-я лекцыя прайшла сёлета ўлетку, у былым ужо памяшканні хаба на плошчы Канстытуцыі ў Варшаве. 24 з 27 лекцый даступныя ў “Ютубе” на запыт “Кава з гісторыкам”.

Пра тое, як нарадзіўся і развіваўся праект, пра яго аўдыторыю і планы на будучыню “Позірк” паразмаўляў з яго фундатарамі Віктарам Якубавым і Аляксеем Лукашэвічам.

“Вырашылі распавядаць пра невядомыя факты з жыцця вядомых людзей”

Калі і як быў створаны праект “Кава з гісторыкам”?

Віктар Якубаў: Праект быў прыдуманы летась увесну. Аляксей тады прыйшоў працаваць у Беларускі моладзевы хаб, а я, знаходзячыся на навуковай стажыроўцы ў Варшаве, шукаў варыянты, каб зрабіць нешта карыснае для мясцовай беларускай эміграцыі. І мы прыйшлі да ідэі зладзіць нейкія выставачныя лекцыі, каб гуртаваць людзей на пляцоўцы і папулярызаваць гісторыю Беларусі. Распавядаць, якая сітуацыя была ў нашых продкаў раней і як гэта можа быць звязана з сучаснасцю.

Вельмі шмат пытанняў і праблем, якія існавалі раней, нейкім чынам дзяды вырашылі. У Беларусі на дваравых сустрэчах ды і зараз просяць: “Ну ты ж гісторык, распавядзі нам, што будзе далей”. Людзі часта праводзяць непасрэдныя аналогіі паміж сучаснымі і нейкімі мінулымі падзеямі і спрабуюць на правераным досведзе планаваць будучыню.

Я не спецыяліст па гісторыі ХХ стагоддзя, прафесійна займаюся больш раннім перыядам, часамі Вялікага княства Літоўскага, гэтаксама як і большасць іншых калег, якіх я прыцягнуў да рэалізацыі праекта: Андрэй Радаман, Андрэй Мацук ці Мікола Волкаў. Потым мы запрашалі іншых навукоўцаў, якія прыехалі сюды, у тым ліку ўцекачоў ад рэжыму Лукашэнкі. Кожны браў тую тэму, якая яму была бліжэй.

Паколькі ў Беларускім моладзевым хабе пачаткова не было неабходнага абсталявання, першыя трансляцыі мы ўвогуле запісвалі на тэлефон. Потым, калі ў хаба з’явілася тэхніка, пачалі свае запісы выкладаць у інтэрнэт, і зараз на “Ютубе” можна знайсці 24 запісы “Кавы з гісторыкам”.

Бо адна справа, калі ты нешта расказваеш жывой аудыторыі, умоўна 20 прысутным, але ж такая інфармацыя павінна даходзіць і да больш шырокага кола гледачоў, у тым ліку ў Беларусі, таму з дапамогай Беларускага моладзевага хаба мы і запісвалі сустрэчы. Спадзяюся, што мы здолеем нейкім чынам аднавіць праект, бо попыт ёсць, людзям гэта цікава.

Аляксей Лукашэвіч: Пачынаючы праект, мы намагаліся расказаць пра гісторыю больш простымі словамі і прыводзіць прыклады гістарычных падзей, пра якія нельга прачытаць у падручніках ці іншых кнігах па гісторыі.

На самой справе, калі мы прыдумалі праект, яго першай рабочай назвай было “Піва з гісторыкам”, але адразу ўзнікла пытанне, дзе мы гэта піва будзем піць, куды запрашаць людзей. А я ў той час ужо працаваў у Беларускім моладзевым хабе, і мы вырашылі, што гэта добрае месца, але ж там усё культурна, і вось так “Піва з гісторыкам” ператварылася ў “Каву…”.

Гісторыкі сапраўды ведаюць шмат цікавых рэчаў, якія не ведаюць іншыя людзі, бо вывучаюць дадатковыя дакументы, крыніцы. І на першым этапе мы зачапіліся менавіта за гэту ідзею, вырашыўшы распавядаць пра нейкія асабістыя лісты, невядомыя факты з жыцця вядомых людзей. Ужо пазней, на гэтай базе, праводзячы паралелі з падзеямі таго часу, склаліся грунтоўныя лекцыі. Я ўвесь час спрабаваў данесці камандзе гісторыкаў, што патрэбна падаваць гісторыю у фармаце “вайна, амурныя прыгоды і рок-н-рол беларускіх князёў” — тое, што найбольш цікава людзям, але пакуль не атрымалася.

В.Я.: Проста навукоўцы не ўмеюць ды і не хацяць рабіць цікавыя рэчы, яны “лупяць” сваю занудную, але праўдзівую навуку (смяецца).

Фота: Беларускі моладзевы хаб

“Часам было бачна, што людзі нічога не ведаюць пра сваю гісторыю”

— Ці была зваротная сувязь з аўдыторыяй? На вашу думку, яна была падрыхтаванай, з пэўнымі ведамі пра гісторыі Беларусі?

В.Я.: Усё адбывалася прыкладна так: анансавалася нейкая тэма, прыходзілі людзі, якім яна была цікавая. Выступаў лектар, і пасля пачыналася дыскусія з тымі, хто прыйшоў і хто падключаўся да нас у інтэрнэце. Людзі ставілі пытанні, і, на жаль, часам было бачна, што яны нічога не ведаюць пра сваю гісторыю. Школьныя падручнікі яны прайшлі вельмі даўно, калі ўвогуле іх чыталі. Гэта на самой справе бяда, але радавала тое, што людзі прыходзілі, глядзелі трансляцыі, задавалі пытанні, і гэта дае надзею.

— Ці былі гістарычныя спрэчкі?

В.Я.: Дастаткова складана спрачацца, калі не валодаеш матэрыялам…

А.Л.: Але былі сітуацыі, калі на нашы лекцыі прыходзілі іншыя гісторыкі, задавалі класныя пытанні і пачыналася цікавая дыскусія. Фармат сустрэчаў быў розны: спачатку выступаў гісторык, і пасля гэтага былі пытанні непасрэдна да яго, а потым да адказу на пытанні далучаліся прысутныя калегі дакладчыка. Карацей, эксперыментавалі.

— Што больш за ўсё цікавіла людзей? Якія перыяды, гістарычныя падзеі?

В.Я.: Тут пытанне ў тым, што мы на сваіх лекцыях шлі “ад гісторыкаў”. Зараз у Варшаве шмат тых, хто займаецца менавіта Вялікім княствам [Літоўскім]. Ёсць некалькі спецыялістаў па XIX стагоддзі, але іх было не так лёгка прыцягнуць да лекцый, гэта ўсё рабілася больш “на асабістых сувязях”. Самі яны да нас не звярталіся, як гэта, напрыклад, рабілі некаторыя іншыя ўдзельнікі праекта. А так былі, скажам, знаёмыя знаёмых. Былі, напрыклад, гісторыкі, якіх у Беларусі выкінулі з працы і яны рэальна сумавалі без аўдыторыі.

А.Л.: Калі зазірнуць у статыстыку запісаных сустрэч, то мы бачым, што цікавая тэма і апісанне — найлепшы шлях да павялічэння колькасці праглядаў. Большасць нашых запісаў збірала больш за тысячу праглядаў. А ў топе дагэтуль знаходзіцца Мікола Волкаў, які распавядаў пра замкі Беларусі — больш за 3,5 тыс. Дарэчы, звыш 60% глядзелі трансляцыі ў Беларусі. Гэта вельмі крута. У самім хабе сярэдняя колькасць наведвальнікаў складала 15-20, а максімальна было, мабыць, 35 чалавек. Таму запіс сустрэчы і выклад яго ў агульны доступ — правільны крок дзеля пашырэння ведаў пра сваю гісторыю.

Фота: Беларускі моладзевы хаб

“Запісаць грунтоўны, структураваны цыкл лекцый па гісторыі Беларусі”

— Ці будзе працяг?

А.Л.: З аднаго боку ёсць гісторыкі, якім гэта цікава і якія хочуць працягваць лекцыі. Мы з Віктарам нават за гэты час праехалі па некалькіх польскіх гарадах і зладзілі выступы ва Ўроцлаве, Познані і Шчэціне.

Як праектны менеджар магу сказаць, што на такія рэчы цяжка знайсці фінансаванне.

Зараз мы працуем над складаннем серыі лекцый, умоўна кажучы, ад протабеларусаў, узнікнення плямёнаў, каб распавясці людзям, адкуль наогуле з’явіліся беларусы, да ХХ стагоддзя.

Дагэтуль у нас былі нейкія разбітыя лекцыі, без гістарычнага таймінгу. Мы, ўмоўна кажучы, пераскоквалі з аднаго перыяду ў другі ў залежнасці ад таго, які спецыяліст быў даступным у той ці іншы час і г.д.

Задача навукоўцаў у гэтай сувязі — скласці спіс гісторыкаў, з якімі можна было б запісаць грунтоўны, структрураваны цыкл лекцый па гісторыі Беларусі. Большасць з іх нам вядомая. Але яны знаходзяцца не толькі ў Польшчы, але і ў Літве, Швецыі, Вялікабрытаніі… І каб прыехаць да іх ці запрасіць іх у Варшаву, патрэбна фінансаванне.

Вы мяркуеце, гэта будзе нешта новае ці, умоўна кажучы, “Кава з гісторыкам-2”?

А.Л.: У любым выпадку “Кава з гісторыкам” будзе працягвацца, але мы плануем ўжо іншы падыход у падачы матэр’яла. Гэта будзе больш якасны медыйны фармат, дзе кожная лекцыя будзе распланавана па часе і зместу. Кожны выпуск плануем не больш за гадзіну, бо часам гісторыкаў было цяжка спыніць і лекцыі зацягваліся да дзвюх гадзін і нават больш (усміхаецца).

В.Я.: Ёсць шмат гістарычных даследванняў, вельмі свежых, пра якія ведае толькі вузкае кола спецыялістаў і якія зараз можна прачытаць толькі ў спецыяльных навуковых выданнях ці зборніках тэзісаў канферэнцый. Звычайныя людзі такога і блізка не чыталі. Ёсць жаданне данесці гэтыя закрытыя веды да як мага большай колькасці людзей.

А.Л.: Мы паглядзелі, што беларуская гісторыя, глыбокія акадэмічныя даследванні знайшлі свайго гледача і слухача. Таму працягу “Кавы з гісторыкам” быць.

І мы насамрэч зацікаўлены працаваць далей і з Беларускім моладзевым хабам, і з іншымі, і не толькі ў Варшаве, бо наша задача — ахапіць як мага шырэйшае кола аўдыторыі.

* Партнёрскі матэрыял

Падзяліцца: