Media Solidarity Belarus: Дапамагаем журналістам, якія, нягледзячы на вялізныя рызыкі, працягваюць рабіць сваю працу
Прэзідэнцкія выбары 9 жніўня 2020 года назаўжды змянілі аблічча Беларусі. У імкненні задушыць усё, што не маршыруе строем, улада абрынула рэпрэсіі на незалежныя СМІ. Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая працуе ў выгнанні, за кратамі ўтрымліваюцца 34 супрацоўнікі мас-медыя.
Нягледзячы на пераслед, у т.л. павальнае прызнанне на радзіме “экстрэмісцкімі фармаваннямі”, незалежныя СМІ працягваюць працу — і не толькі за мяжой, інфармуючы суайчыннікаў і свет пра падзеі, што адбываюцца ў краіне.
Пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца журналісты, і падтрымку свабоднага слова “Позірк” на ўмовах ананімнасці паразмаўляў з каардынатарам праграмы дапамогі беларускім незалежным СМІ Media Solidarity Belarus.
“У Беларусі не было бронекамізэлек трэцяга класа, якія абараняюць ад гумавай кулі”
— З чаго пачыналася ініцыятыва дапамогі незалежным медыя, бо глабальных збораў пасля выбараў 2020 года і так было шмат?
— Ініцыятыва з’явілася як рэакцыя на запыты незалежных журналістаў, якія ўбачылі, што фонд BySol стаў выплачваць стыпендыі, у тым ліку дзяржаўным журналістам, гатовым прызнаць свае памылкі. Хтосьці з калег задаў пытанне ў сацсетках: “Акей, а што рабіць незалежным журналістам, якія зведвалі нашмат большую небяспеку — і фізічную, і псіхалагічную, арышты, працуючы ў такім рэжыме часам дзесяцігоддзямі?” То бок, калі ты 20 гадоў працаваў на БТ і раскаяўся, атрымліваеш 1,5 тыс. еўра, якія першапачаткова абяцаў BySol, а калі ты незалежны, то — “грошай няма, але вы трымайцеся”.
Так з’явілася каманда, звязаная найперш з фондам ByHelp, а таксама з іншымі арганізацыямі, якія падтрымліваюць медыя ў Беларусі. Мы пачалі працу 7 верасня 2020 года і задалі пытанне, што можна зрабіць на хвалі салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю пасля выбараў. Ішлі данаты, за іх тады не пераследавалі, і мы аб’явілі асобны збор з вельмі канкрэтнай мэтай, якая з тых часоў у прынцыпе не мянялася, толькі яе асобныя прыярытэты.
— Якія прыярытэты былі на пачатку працы?
— Першы запыт паступіў на сродкі абароны: шлемы, “бронікі”, накаленнікі, налакотнікі. Гэта было актуальна ў першыя месяцы пасля выбараў: многія рэдакцыі не думалі, што давядзецца асвятляць падзеі пад кулямі. У Беларусі, напрыклад, не было бронекамізэлек трэцяга класа, якія абараняюць ад гумавай кулі, і мы рэагавалі на канкрэтныя патрэбы.
Другім артыкулам збораў сталі стыпендыі, якія пакрываюць страту даходаў, калі журналіст аказваўся на “сутках”. Як мы памятаем, часта гэта было 15 сутак, якія затым ператвараліся ў 30. І калі журналіст быў фрылансерам, працадаўца пры ўсім жаданні не мог выплаціць яму ганарар. Гэта ўдарыла па многіх журналістах, асабліва ў рэгіёнах, і нашай мэтай стала выплаціць хоць нейкае кампенсаванне, калі людзі былі выключаныя з прафесіі праз рэпрэсіі. Гэта распаўсюджвалася і на калег, якія пацярпелі фізічна або псіхалагічна, якія маглі пацвердзіць, што ў іх была траўма, выгаранне, посттраўматычнае стрэсавае расстройства; а таксама на тых, за кім сталі больш паляваць — напрыклад фатографаў і відэографаў. Калі можна было давесці, што ёсць часовая страта даходаў, звязаная з рэпрэсіямі, то журналісты таксама мелі права на такую дапамогу.
“Пасля 24 лютага 2022 года журналісты, якія з’ехалі ва Украіну, звярнуліся да нас паўторна”
— Што змянілася ў 2021 годзе, калі незалежныя медыя фактычна абвясцілі па-за законам?
— Ужо ў 2020 годзе мы разумелі, што людзям, жыццё або бяспека якіх знаходзіцца пад пагрозай у сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю, можа спатрэбіцца рэлакацыя за межы Беларусі. З моманту атакі на tut.by у траўні 2021 года стала зразумела, што гэта будзе найбольш важным кампанентам нашай працы. Было вырашана, што праграма не вывозіць і не аплочвае транспартныя выдаткі. Але калі чалавек сам альбо з дапамогай іншых праграм апынуўся за мяжой і яму патрэбная пачатковая падтрымка, напрыклад для арэнды жылля, медыцынскіх паслуг, куплі нейкіх базавых рэчаў, стыпендыя магла выплачвацца. Шмат хто пасля 24 лютага 2022 года звярнуўся да нас паўторна, таму што іх першым месцам рэлакацыі была Украіна.
Яшчэ адным пунктам стала падтрымка ўстойлівай працы рэдакцый. У 2020 годзе большасць беларускіх незалежных медыяў лічыла, што іх сайты заблакуюць часова. Але блакаванне не толькі не знялі, але і значна пашырылі. У той жа час СМІ не хацелі залежаць ад донарскай падтрымкі, многія сур’ёзна пераарыентаваліся на атрыманне даходаў ад рэкламы. Асабліва важна гэта было для невялікіх мэдыя. Мы прадугледзелі невялікую, кропкавую дапамогу, каб адзін-два месяцы падтрымаць тры-чатыры ключавыя заробкі, пакуль рэдакцыя вырашыць, як яно пераарыентуе сваю бізнэс-мадэль. Такая дапамога надавалася вельмі выбіральна і па рэшткавым прынцыпе.
“Мы паказалі паспяховы досвед надання дапамогі”
— Пра якія сумы дапамогі за мінулыя тры гады можна казаць, і ў чым па-ранейшаму ёсць патрэба?
— На жаль, амаль праз тры гады неабходнасць у нашай рабоце па-ранейшаму ёсць. З верасня 2020-га па ліпень 2023 года выплачана 584.053 еўра. Падтрымана 410 заявак — агулам гэта больш за 500 журналістаў, бо некаторыя заяўкі былі ад рэдакцый. У сярэднім дапамога склала 1.168 еўра на чалавека, але варта ўлічваць, што сем’і атрымлівалі больш, а некаторыя журналісты — менш.
У вельмі рэдкіх выпадках, такіх як паўторная рэлакацыя, мы маглі дапамагаць аднаму і таму ж чалавеку некалькі разоў.
У нейкі момант да нас сталі звяртацца людзі, якія жадалі стварыць новы СМІ. У нас была рэпутацыя механізму, які вельмі хутка працуе і гаворыць з журналістамі на зразумелай мове. Мы адмаўлялі, калі нельга было давесці, што чалавек пацярпеў ад рэпрэсій за журналісцкую дзейнасць ці ўвогуле быў журналістам. Некалькі разоў на нас выходзілі нейкія тэлеграм-дзеячы, якія проста рэкамендавалі адзін аднаго, але было дакладнае адчуванне, што рэкамендацыі напісаны пад капірку. Трэба было ўсіх верыфікаваць, каб не дай бог не прапусціць невялікія тэлеграм-медыя, якія рэальна працуюць.
Наш галоўны прынцып: мы дапамагаем журналістам, якія, нягледзячы на вялізныя рызыкі, працягваюць рабіць сваю працу, і дапаўняем многія міжнародныя і нацыянальныя праграмы. Мы не арганізацыя, нам не трэба здымаць офіс, займацца складаным дакументазваротам.
— Пасля 24 лютага 2022 года знаходзіць дапамогу для беларускіх незалежных медыяў стала складаней?
— Калі пачалася вайна ва Украіне, мы вырашылі, што не будзем актыўна выкарыстоўваць “Фэйсбук” ці іншыя крыніцы атрымання дапамогі, зрабілі паўзу і звярнуліся да міжнародных арганізацый: “Глядзіце, пасля Беларусі здарыўся Афганістан, пасля — Украіна, і ў вас не будзе часу верыфікаваць, хто стукаецца з Беларусі і каму варта дапамагчы, а каму не абавязкова”. Паказалі ім паспяховы досвед празрыстай працэдуры разгляду заявак, вылучэння дапамогі, зваротную сувязь, і гэтага было дастаткова, каб атрымаць падтрымку мандатнай дзейнасці нашай ініцыятывы.
Мы не можам закрываць рэгулярную патрэбу журналістаў у тэхніцы, але ведаем, што ёсць іншыя арганізацыі, якія могуць гэта рабіць, асабліва калі тэхніку пастаянна канфіскоўвалі. Для нас купля дарагой камеры азначае, што мы не выплацім дзве-тры стыпендыі.
“Псіхалагічнае здароўе вельмі важнае для працягу працы медыя”
— Як змяніліся медыя пасля выгнання з Беларусі і пачатку вайны?
— З пачаткам вайны ва Украіне не трэба было ў чарговы раз нагадваць незалежнаму беларускаму медыясектару, што ён суверэнны і незалежны, які інфармуе аб тым, што адбываецца, якому давяраюць чытачы. Беларускія незалежныя медыя гэты іспыт здалі. Апытанні ў пачатку вайны паказалі, што беларусы масава не прынялі напад Расіі на Украіну, хаця былі пад уздзеяннем той жа прапаганды, што і расіяне. Медыя прадэманстравалі, што робяць якасны кантэнт і іх трэба падтрымліваць. Таму лішні раз пераконваць некага падтрымаць беларускія ініцыятывы нам не прыйшлося.
— Што актуальна для медыя ў 2023 годзе? На што накіроўваецца дапамога?
— У 2023 годзе, у параўнанні з папярэднімі, паступіла менш заявак, і гэта звязана з тым, што рэдакцыі змаглі крыху перабудавацца, людзі знайшлі сябе ў іншых краінах. Ёсць тыя, хто пераязджае з Грузіі ў Польшчу, нехта выязджае з Беларусі альбо адчуў пагрозу ў Арменіі ці Казахстане. Аднак узрасла колькасць запытаў на дапамогу ў аплаце медыцынскіх паслуг. Вылучаем невялікія сумы, да 400 еўра, калі людзі могуць даказаць, што маюць патрэбу ў падтрымцы псіхатэрапеўта за мяжой. Мы лічым, што псіхалагічнае здароўе журналіста, рэдактара ці эсэмэмшчыка вельмі важнае для працягу працы медыя.
Таксама паступаюць запыты на праграмы медыцынскай рэабілітацыі, дыягностыку. Шукаем магчымасці падтрымаць журналістаў, якія не зведалі крымінальны пераслед або не былі прызнаныя палітвязнямі, але пасля некалькіх гадоў пратэстаў і вайны жадаюць разабрацца са сваім здароўем і заставацца ў страі.
Цяпер наша каманда плануе дыялог з дыяспарамі, з медыя, каб у нейкі момант пачаць збор сродкаў на падтрымку незалежных СМІ як важнай часткі беларускага грамадства. Пакуль мы сапраўды не вызначыліся з ідэяй, але будзем да яе вяртацца.
“Патэнцыйная крыніца дапамогі СМІ — іх аўдыторыя”
— Магчымасцяў зарабляць у выгнанні ў медыя значна менш. Што рабіць у такой сітуацыі, як выжываць, каб застацца ў прафесіі?
— Ініцыятыва Media Solidarity Belarus — гэта салідарнасць калег з калегамі. Мы ніколі не зможам пакрыць запатрабаванні беларускага медыясектара для пастаяннай працы, у тым ліку ва ўмовах выгнання. Для гэтага найперш варта размаўляць з такімі сіламі, як офіс Святланы Ціханоўскай. Наколькі нам вядома, ён заўсёды падкрэслівае ў сваіх міжнародных кантактах неабходнасць падтрымкі незалежных беларускіх медыя ва ўмовах выгнання і рэпрэсій. Бізнес-мадэль немагчыма пабудаваць ва ўмовах вайны, таму варта гаварыць з буйнымі фондамі, якія займаюцца дабрачыннасцю, каб яны не забываліся ўключаць беларускія медыі ў свае прыярытэты.
Калі вам падабаецца праца журналістаў і вы думаеце, што можаце дапамагчы, звярніцеся да іх і спытайце, як гэта зрабіць. Таму што яшчэ адна вялікая патэнцыйная крыніца дапамогі СМІ — іх аўдыторыя, якая жыве і ў Беларусі, і за мяжой. Магчыма, гэтая ўзаемадапамога выйдзе на новы якасны ўзровень.