Мінск 14:35

Галоўным вынікам адыходзячага года прадстаўнікі дэмпартый называюць “зачыстку” палітычнага поля

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 29 снежня 2023 г.

Фота: БелаПАН

Галоўнай падзеяй для дэмакратычных партый у адыходзячым 2023 годзе стала “зачыстка” палітычнага поля ад няўгодных улады гульцоў. Разам з тым юрыдычная ліквідацыя структур не прывядзе да іх сыходу з актыўнай палітыкі. Такое меркаванне выказалі апытаныя “Позіркам” прадстаўнікі партый.

Сёлета ўлетку і ўвосень было скасавана 11 палітычных структур, як апазіцыйныя, так і “лішнія” праўладныя: Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, Беларуская  патрыятычная партыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, партыя “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”, Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды, Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада”, Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”.

На пачатку верасня стала вядома, што праўладная Беларуская аграрная партыя знаходзіцца ў працэсе самаліквідацыі, у спісе зарэгістраваных палітычных сіл яе няма.

Перарэгістраваны Камуністычная партыя Беларусі, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, якія падтрымліваюць рэжым. Акрамя таго, зарэгістравана максімальна лаяльная Аляксандру Лукашэнку партыя “Белая Русь”.

У канцы 2022 года Лукашэнка заявіў, што на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасць якіх “адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і знешняй палітыкі”. У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які зрабіў больш жорсткімі патрабаванні да палітычных сілаў і абавязаў усе існуючыя партыі прайсці працэдуру перарэгістрацыі.

АГП: Улада адчувае хуткі канец, таму шалее

“Галоўны выклік, з якім сутыкнулася наша партыя, — гэта яе юрыдычная ліквідацыя, — заявіў у каментары “Позірку” выконваючы абавязкі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў. — Гэтая ліквідацыя праводзілася варварскімі, недапушчальнымі метадамі. З намі не сталі нават размаўляць на гэтую тэму, не тое што абмяркоўваць. Улада правяла нейкія слуханні, круглыя сталы, на якіх прысутнічалі тыя, хто ніякага дачынення да партыйнага жыцця не меў”.

Паводле слоў Шанцава, прадстаўнікі АГП не сталі звяртацца ў суды, каб “даказаць ісціну і аднавіць справядлівасць”, паколькі “бісер перад свіннямі не раскідваюць”.

Шанцаў адзначае, што палітычныя рэпрэсіі бліжэй да канца года ўзмацніліся. “Ствараецца ўражанне, што ўлада адчувае хуткі канец і таму шалее. А што ёй рабіць, калі колькасць нязгодных не змяншаецца, а рапартаваць свайму начальніку і пераконваць насельніцтва трэба ў адваротным?” — заявіў палітык.

Нягледзячы на тое, што ў 2023-м партыя апынулася “ў небывалай да гэтага часу сітуацыі”, яна, паводле слоў суразмоўцы, працягвала дзейнасць. АГП цяпер займаецца партыйным будаўніцтвам і за мяжой. Ужо створана вільнюская гарадская арганізацыя, з’явіліся прадстаўніцтвы ў Бельгіі, Польшчы, Украіне.

“На жаль, застаецца ў зняволенні лідар партыі Мікалай Казлоў, іншыя нашы аднапартыйцы”, — канстатаваў палітык.

БСДП (Грамада): У краіне поўны юрыдычны калапс

“Дзейнасць Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) на тэрыторыі Беларусі цалкам спыненая, — заявілі “Позірку” ў палітструктуры. — Цяпер мы не можам удзельнічаць у выбарчых кампаніях ад яе імя, вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты”.

Разам з тым сябры партыі, якія знаходзяцца ў бяспецы, “працягваюць несці сцяг беларускай сацыял-дэмакратыі”.

Паводле слоў прадстаўніка партыі, які пажадаў застацца ананімным, у адыходзячым годзе БСДП (Г) працавала на захаванне юрыдычнага статусу партыі: “Адбылося некалькі судоў, аднак усё беспаспяхова, бо ў краіне поўны юрыдычны калапс, альбо, як кажуць некаторыя эксперты, прававы Чарнобыль”.

Дасягненнем года ў партыі лічаць прыняцце ў партыю еўрапейскіх сацыялістаў (PES — Party of European Socialists) у статусе назіральніка: “Мы шмат гадоў дамагаліся гэтага і дачакаліся станоўчага рашэння. Гэта яшчэ адна міжнародная пляцоўка, дзе будзе гучаць і абмяркоўвацца тэма Беларусі з удзелам саміх беларусаў”.

БХД: Спецслужбы спрабавалі ўнесці раскол у кіраўніцтва

“Галоўным выклікам адыходзячага года сталі новыя рэпрэсіі ў дачыненні да яе сябраў”, — заявіў “Позірку” адзін з лідараў беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў Дзяніс Садоўскі.

Ён адзначыў, што на працягу адыходзячага года спецслужбы “спрабавалі ўнесці раскол у шэрагі кіраўніцтва партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”: “Былі атакі з боку КДБ на Вольгу Кавалькову і Алега Аксёнава“.

Паводле слоў Садоўскага, у 2023 годзе было важна працягваць падтрымку палітвязняў, а таксама актывістаў, вымушаных з’ехаць за мяжу.

“Мы па-ранейшаму прытрымліваемся хрысціянска-дэмакратычных каштоўнасцяў і ўдзельнічаем у розных грамадзянскіх кампаніях. Напрыклад, змагаемся за даступнасць беларускай мовы ў польскіх школах”, — адзначыў палітык.

Дасягненнем ён назваў таксама далучэнне да БХД новых людзей.

Як адзначыў суразмоўца, важным аспектам застаецца міжнароднае супрацоўніцтва, у прыватнасці “адсочванне сітуацыі з палітвязнямі, у тым ліку з адным з лідараў БХД Паўлам Севярынцам“.

Падзяліцца: