Мінск 13:41

У Беларусі цяпер нават каўбаса можа быць прызнаная “экстрэмісцкім фарміраваннем” — Стрыжак

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 1 красавіка 2024 года

Фота: "Позірк"

За першы квартал 2024 года фонд салідарнасці BySol сабраў каля 200 тыс. еўра. “У параўнанні з папярэднім годам мы фіксуем рост ахвяраванняў”, — заявіў “Позірку” сузаснавальнік фонду Андрэй Стрыжак.

Сумы менш, ахвярадаўцаў больш

Галоўнае дасягненне, паводле яго слоў, — “павелічэнне колькасці людзей, якія робяць данаты, і колькасці плацяжоў”. Зараз BySol адзначае зніжэнне сярэдняй сумы ахвяравання, а кампенсаваць гэта можна толькі “ростам колькасці данатараў”. “Мы актыўна імкнемся павялічыць магчымасці ў гэтым кірунку”, — сказаў Стрыжак.

“Колькасць данатаў у нас вырасла на 24,5%, а новых падпісчыкаў — на 16,5% [у параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года]. Калі казаць у абсалютных лічбах, то за першы квартал мы фіксуем роўна 5 тыс. карыстальнікаў (данатараў)”, — адзначыў суразмоўца.

Нямала падпісчыкаў, падкрэсліў Стрыжак, пералічваюць сродкі на пастаяннай аснове.

“Напрыклад, у 2023 годзе на нашы зборы адгукнулася больш за 20 тыс. чалавек. Калі мы гаворым пра тых, хто аформіў падпіску праз наш сайт альбо праз пляцоўку на Patreon і плаціць рэгулярна, — то гэта каля 300 чалавек”, — паведаміў сузаснавальнік фонду.

Падпіска — “істотная падтрымка арганізацыі”, яна дае “прыкладна 6,5 тыс. еўра штомесяц”. “Мы пачалі актыўна развіваць наш Patreon, і цяпер там у нас каля 100 падпісчыкаў і каля 1.000 долараў штомесяц”, — сказаў Стрыжак.

Нагрузка на эвакуацыйную службу ўзрасла

Паводле яго інфармацыі, у 2024 годзе павялічылася колькасць збораў для людзей, эвакуяваных з Беларусі.

“Служба эвакуацыі пачала працаваць з большай колькасцю кейсаў, хоць іх ніколі не было мала, — канстатаваў сузаснавальнік фонду. — Улічваючы, што на пачатку года прайшла вялікая аблава на сваякоў [палітвязняў], гэта прывяло да росту выпадкаў, калі выязджаюць цэлыя сем’і, якія раней падтрымлівалі сваякоў у зняволенні, таму што ўсе яны былі так ці інакш задзейнічаныя ў праграме дапамогі і іх у выніку могуць усіх перасаджаць”.

У якасці прыкладу суразмоўца прыводзіць выпадак Ірыны Такарчук, мамы блогера, былой палітзняволенай Вольгі Такарчук. Жанчыну ўзялі пад варту паводле артыкулаў 3612 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса, хоць яна “проста дапамагала дачцэ, калі яна сядзела, а ў выніку сама стала палітзняволенай”.

Сітуацыя складаная, эвакуацыя працуе, гэтай працы, паводле слоў Стрыжака, “дастаткова шмат”, “адпаведна і шмат падобных збораў”.

Сілавікі плятуць сеткі

Суразмоўца адзначае, што сілавікі, як і раней, спрабуюць шукаць “нейкія сеткі”, а “калі іх знайсці не ўдаецца, іх пачынаюць прыдумляць”.

“Выстаўляюць абвінавачванні людзям, якія не заўсёды супадаюць з тым, што было напраўду, — адзначае Стрыжак. — Я свядома апускаю факт, што людзей наогул судзяць за каўбасу. Фактычна каўбаса прызнаная “экстрэмісцкім матэрыялам”, “экстрэмісцкім фарміраваннем” і людзі вымушаныя ісці за яе ў турму”.

Актывіст звяртае ўвагу на ўзмацненне сёлета тэндэнцыі, калі сілавікі “спрабуюць аб’яднаць людзей, зусім не звязаных паміж сабой, у злачынную групу”. Дзеля гэтага яны ствараюць “ілюзорныя сеткі, якія ўключаюць сваякоў палітвязняў”, якіх “актыўна “дручаць” цяпер наогул за ўсё, што можна”.

“Напэўна гэта не апошняя такая гісторыя, — лічыць Стрыжак. — Сілавікі паказваюць, што любяць прайсціся па прафесійных групах. Не так даўно такая сітуацыя ўзнікла ў архітэктараў”.

На думку суразмоўцы, такая актыўнасць працягнецца: будуць выбіраць мэтавыя аўдыторыі, арганізоўваць “павальныя аблавы” і знаходзіць “няшчасных людзей, на якіх можна павесіць абвінавачанне, а потым закрыць у турмах”.

“Па-першае, гэта “зорачкі” для сілавікоў, па-другое, любая група людзей, аб’яднаная якімі-небудзь інтарэсамі, так ці інакш мае даволі разгалінаваныя працоўныя кантакты”, — канстатуе Стрыжак.

На думку суразмоўцы, у падобным фармаце дзеянняў сілавікам “лягчэй прыдумляць нейкія “групоўкі”, таму што людзі так ці інакш маюць зносіны, досыць нефармальныя, у працоўных чатах, могуць абмяркоўваць у тым ліку палітыку”.

“Калі людзей затрымліваюць, глядзяць іх працоўныя чаты, знаходзяць там якія-небудзь мемы, інфармацыю, якая ацэньвае бягучую сацыяльна-палітычную абстаноўку ў краіне, усіх адразу пачынаюць “закрываць”, — кажа Стрыжак. — Адпаведна потым з’яўляюцца справаздачы, што “выявілі, абясшкодзілі, знайшлі, прадухілілі”. Класічная сістэма справаздачнасці, якая ламае чалавечыя жыцці”.

Праз “выбары Лукашэнкі” другая палова года будзе вельмі напружанай

Сузаснавальнік фонду адзначае, што “ўвесь мінулы год і гэты” на свабоду выходзяць палітвязні, якія атрымалі ў 2020 годзе “досыць невялікія” тэрміны, калі параўнаць з “сённяшняй практыкай”.

Цяпер, паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна” і праваабарончай кааліцыі агулам, у месцах пазбаўлення волі блізу 1.400 палітвязняў, плюс прыкладна 1.600, якія мелі гэты статус і выйшлі на волю альбо атрымалі статус былых палітвязняў ужо на волі.

“Гэта толькі тыя, пра каго вядома, і мы бачым, што і гэтыя лічбы працягваюць расці. Фактычна расце наша мэтавая аўдыторыя”, — канстатуе Стрыжак.

“Адпаведна, — працягвае суразмоўца, — растуць выдаткі на іх рэсацыялізацыю, рэабілітацыю, медыцынскую дапамогу. Дзеля гэтага мы сумесна з ByHelp, фондам КДЖ (“Краіна для жыцця”. — “Позірк”.), Dissidentby стварылі службу гуманітарнай дапамогі. Мы каардынуемся ў гэтых пытаннях, імкнемся не дапусціць крыжаваных выплат, каб больш эфектыўна выкарыстоўваць рэсурс”.

Пры гэтым праца будзе “не толькі з малымі фарматамі, калі закрываюцца персанальныя зборы”, але і з вялікімі: “народныя амбасады” ў кааліцыі са службай гуманітарнай дапамогі абвясцілі глабальную эстафету, падчас якой будуць адпрацаваныя “розныя механізмы і тэхналогіі, што дазваляюць прыцягнуць увагу да пытанняў беларускіх палітвязняў”.

“Не толькі дыяспара, але і карэнныя жыхары краін, дзе яна мае медыйную ўвагу, могуць працаваць з медыясферай і быць нашымі прыхільнікамі, ім неабыякавая сітуацыя ў Беларусі”, — адзначае Стрыжак.

Пры гэтым, падкрэслівае ён, “нейкія актыўнасці” рыхтуе не толькі дэмакратычная супольнасць, але і ўлады ў Мінску.

“Набліжаюцца выбары Лукашэнкі — свядома не называю іх выбарамі прэзідэнта. Улічваючы яго традыцыю не даседжваць свой тэрмін да канца, пэўна яны будуць праведзены крыху раней, таму другая палова 2024 года будзе вельмі напружанай. Перадвыбарчы перыяд, на жаль, у нашай краіне заўсёды адзначыцца хваляй рэпрэсій, і наўрад ці гэтым разам будзе выключэнне “, — мяркуе Стрыжак.

Падзяліцца: