Мінск 19:15

З нябёсаў на зямлю. Якую ролю будзе цяпер адыгрываць першая беларуская касманаўтка

Фота: Раскосмас

Раніцай 6 красавіка на зямлю вярнуўся спушчальны апарат касмічнага карабля “Саюз МС-24 ” з беларускай Марынай Васілеўскай, расіянінам беларускага паходжання Алегам Навіцкім і амерыканкай Лорай О’Хара.

Першыя двое правялі ў экспедыцыі 14 сутак, амерыканка — 204.

Цяпер у былой бортправадніцы “Белавія” Васілеўскай пачынаецца новае жыццё — быць часткай ідэалагічнай машыны. На заканадаўчым узроўні гэта ўжо забяспечана.

Пад лупай прапаганды

Як прапагандысты будуць выкарыстоўваць гэты палёт, можна было пераканацца яшчэ да старту карабля. 21 сакавіка ў прамым эфіры на тэлеканале “Беларусь 1”, калі чакаўся запуск “Саюза”, на экраны вывелі недвухсэнсоўнае — “Космас наш!” Да няшчасця для дзяржвяшчальнікаў, “свята” ў той дзень не адбылося.

“Улада будзе выкарыстоўваць палёт вельмі актыўна, паколькі гэта павышае яе статус, адцягвае ад астатніх падзей”, — такое меркаванне ў каментары “Позірку” выказаў палітычны аналітык, гісторык Аляксандр Фрыдман.

“Прапагандысты ўмеюць гэта рабіць. Тым больш гэта падзея неардынарная. Думаю, што піка мы яшчэ не дасягнулі. Пасля вяртання Васілеўская будзе знаходзіцца ў цэнтры ўвагі дзяржаўнай прэсы, адбудзецца сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам, хутчэй за ўсё яе ўзнагародзяць”, — прагназуе суразмоўца развіццё падзей.

Так, ўзнагароджанне будзе, тут не варта сумнявацца. Іншае пытанне — чым?

Ведаючы прыхільнасць кіраўніка да савецкіх рытуалаў, нельга выключаць, што ў краіне з’явіцца 14-ы Герой Беларусі, бо ў СССР менавіта званнем Героя Савецкага Саюза ўдастойвалі касманаўтаў, якія вярнуліся з арбіты.

Ну і, вядома, будуць імпрэзы. Дастаткова ўспомніць, як сустракалі чэмпіёнаў і прызёраў алімпіяд, каб не сумнявацца: улада і тут падрыхтавала святочны сцэнар.

“Апагеем, думаю, будзе 12 красавіка, калі адзначаецца Дзень касманаўтыкі, — мяркуе Фрыдман. — Сёлета ён у Беларусі будзе адзначацца не проста як агульнасавецкае свята, а як частка сучаснай беларускай гісторыі”.

“Аб прыкладным жа значэнні палёту Васілеўскай разважаць даволі складана. Улада толкам не паведамляе, чым яна займалася на МКС, якія праводзіла — калі наогул праводзіла — эксперыменты”, — звяртае ўвагу аналітык.

Скрыншот: трансляцыя тэлеканала "Беларусь 1"

“Гаварыць пра Беларусь як касмічную дзяржаву — перабор”

26 сакавіка падчас рабочай паездкі ў Ашмянскі раён (Гродзенская вобласць) Лукашэнка заявіў: “Мы паціху “лапці” скідаем і апранаем нармальны абутак. Каб ніколі пра вас не казалі пасля мяне, што вы лапцёжнікі. Не, мы касмічная дзяржава, і гэта мы зрабілі дзякуючы таму, што праводзілі правільную палітыку, прабачце за нясціпласць”.

Падобныя выказванні пра “дзяржаўнасць” прагучалі не ўпершыню. Да прыкладу, 13 лістапада 2020 года ў інтэрв’ю лаяльным палітычным аглядальнікам Беларусі і замежжа Лукашэнка заявіў, што пры ім краіна “стала чальцом клуба касмічных і атамных дзяржаў”. А за тыдзень да гэтага, 7 лістапада, наведваючы Беларускую АЭС, — што “ў найцяжэйшых умовах пасля распаду Савецкага Саюза, калі па талонах і купонах дзялілі кавалак хлеба і каўбасы ў Беларусі, мы сталі ў шэраг з касмічнымі дзяржавамі, разам з нашымі братамі-расіянамі”.

“Называць Беларусь касмічнай дзяржавай — вядома ж, перабор, — перакананы Фрыдман. — Ну так, пабывала беларуска ў космасе, але і да гэтага ж у космас лёталі беларусы (Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак, Алег Навіцкі. — “Позірк”.)”.

Акрамя таго, адзначае суразмоўца, касмічны палёт бортправадніцы “Белавія” — гэта не беларускі праект, а ўсяго толькі ўдзел у расійскім, у якім сама РФ дэманструе, што менавіта яна тут адыгрывае дамінантную ролю.

“У Беларусі — абсалютна дапаможнае значэнне. Вядома, прапаганда будзе крычаць і называць сябе касмічнай дзяржавай, але, паўтаруся, гэта — мякка кажучы, перабольшанне”, — падкрэслівае аналітык.

Пуга і пернік

Напярэдадні старту Васілеўскай Лукашэнка выдаў указ “Аб статусе беларускага касманаўта”, у якім акрамя льгот прапісаныя абавязкі і пакаранні.

Згодна з дакументам, касманаўт страчвае льготы ў выпадку здзяйснення адміністрацыйных правапарушэнняў, якія кваліфікуюцца як “парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў” (арт. 24.23 КаАП), “распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць” (арт. 19.11 КаАП), “прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі” (арт. 19.10 КаАП).

Таксама ільготы будуць скасаваныя пры здзяйсненні “цяжкага або асабліва цяжкага злачынства” альбо “злачынства экстрэмісцкай накіраванасці”.

Ва ўдакладненні да ўказа гаворыцца, што пад злачынствамі экстрэмісцкай накіраванасці разумеюцца злачынствы, названыя ў п. 2 заўвагі да арт. 3611 КК.

На думку Фрыдмана, здзіўляцца тут няма чаму, паколькі Лукашэнка “разглядае касмічную сферу як дзяржаўны праект, а значыць, павінны быць і дзяржаўныя людзі”, з Васілеўскай “відавочна будуць рабіць беларускую Церашкову”.

Цяпер 87-гадовая Валянціна Церашкова ў 1963 годзе стала першай жанчынай, якая паляцела ў космас. У 2020 годзе як дэпутат Дзяржаўнай Думы РФ прапанавала папраўку да Канстытуцыі, якая дазваляе прэзідэнту Уладзіміру Пуціну ісці яшчэ на два тэрміны.

Менавіта савецкі “сцэнар Церашковай”, лічыць гісторык, і будуць рэалізоўваць у Беларусі — толькі ў лакальным фармаце.

Прапагандыст, у нядаўнім мінулым супрацоўнік беларускай амбасады ў РФ, цяпер дэпутат ПП НС Аляксандр Шпакоўскі не хавае сапраўднага прызначэння касмічнай эпапеі
Скрыншот: тэлеграм-канал ПП НС

“Я нешта не знайшоў у біяграфіі Васілеўскай, што яна замужам, — адзначае суразмоўца. — Верагодна, і гэты фактар будзе задзейнічаны. Стварылі ж у Савецкім Саюзе сямейную пару касманаўтаў Церашкова — Нікалаеў (Андрыян Нікалаеў — трэці савецкі касманаўт. — “Позірк”.). І паколькі у Беларусі касманаўтаў няма, то можна і з якім-небудзь вядомым прапагандыстам. З яе будуць ляпіць героя, не сумняваюся”.

Церашкова ездзіла па ўсім СССР, Васілеўская будзе ездзіць па Беларусі. Яна будзе кшталту талісманам рэжыму, упэўнены Фрыдман. “Але паколькі гэта не палітычная фігура, а інструмент, з яго можна будзе зрабіць вельмі многае. Гісторыя будзе раскручвацца яшчэ доўга”, — прагназуе аналітык.

Ён не выключае, што Васілеўская зробіць палітычную ці грамадскую кар’еру.

“Калі адбіралі кандыдатаў на палёт, улада кіравалася ў тым ліку крытэрыем палітычнай лаяльнасці, старанна праверыўшы і прэтэндэнтак, і іх асяроддзе. Думаю, канчатковы выбар зрабіў сам Лукашэнка”, — мяркуе Фрыдман.

У Беларусі, якая скочваецца да таталітарызму, ужо самыя нязначныя пасады дазволена займаць толькі лаялістам. “Нават апалітычнасці быць не можа, тым больш у гэтым выпадку”, — падкрэслівае эксперт.

Лукашэнка наведвае Васілеўскую перад палётам
Фота: sb.by

Дык касманаўтка ці турыстка?

28 красавіка 2001 года пачалася новая вяха ў заваяванні касмічнай прасторы. У той дзень амерыканскі мультымільянер Дэніс Ціта ў якасці першага касмічнага турыста адправіўся на МКС, адкуль вярнуўся 6 траўня.

Пасля першапраходцы Ціта было яшчэ 13 чалавек, сярод якіх і адна жанчына — амерыканка персідскага паходжання Анушэ Ансары, якая злятала ў космас у 2006 годзе.

Такія палёты калі яшчэ і не сталі звычайнай з’явай, то ўжо не выклікаюць вялікага здзіўлення.

Пасля паспяховага старту карабля з Васілеўскай ў сетцы некаторыя назіральнікі пачалі яе менавіта так і называць — касмічная турыстка. На думку Фрыдмана, рабіць гэта ўсё ж не варта: “Яе рыхтавалі, у праграме палёту, мабыць, была нейкая навуковая праца”.

Стэла "Беларусам — героям космасу" ў Мінску
Фота: НАНБ

Гэта не адмяняе таго, што Васілеўская — “палітычная фігура, дзяржаўны праект”, якім рэжым “будзе выхваляцца, таму што ён быў для яго псіхалагічна, прапагандысцкі і палітычна важным”.

9 верасня 2018 года ў Мінску на вуліцы Касманаўтаў была адкрыта шасціметровая стэла “Беларусам — героям космасу”. На ёй выбітыя профілі трох ураджэнцаў Беларусі: Клімука, Кавалёнка і Навіцкага.

Ці знойдзецца на ім месца профілю Васілеўскай, ці яе ўдастояць персанальнага знака?

Гл. таксама па тэме:

Просто космос. Лукашенко поставил спикером генерала КГБ и требует от космонавтов идейной преданности (на рускай мове)

Падзяліцца: