У польскай сталіцы 13 красавіка адбылося ўручэнне першай беларускай музычнай прэміі ў эміграцыі “Uwaga!”.
Арганізатарамі выступілі былы дырэктар зачыненага ў 2022 годзе мінскага клуба “Графіці” Аляксей Ажогін і журналістка, вядомая радыёвядучая Марына Савіцкая.
У склад журы ўвайшлі арганізатары канцэртаў, музычныя журналісты, заснавальнікі канцэртных пляцовак. Яны выбралі пераможцаў у дзесяці намінацыях. Галоўным чынам пад увагу бралася дзейнасць беларускіх музыкантаў і культурных менеджараў у Польшчы летась.
Пасля ўзнагароджання “Позірк” задаў некалькі пытанняў Марыне Савіцкай.
— Ці можна казаць, што беларускіх музыкантаў у эміграцыі становіцца ўсё больш?
— Я думаю, што так. Таму што людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі, не маюць магчымасці выступаць. А для іх гэта часта важна, і яны хочуць нармальна плюс-мінус жыць, займацца творчасцю. І таму сапраўды ёсць адчуванне, што ўсе пачынаюць пераязджаць, галоўным чынам у Польшчу. Але ёсць у нас яшчэ музыкі ў Літве, у Амстэрдаме і г.д.
— Што можно сказаць пра жанравую разнастайнасць музыкі ў эміграцыі?
— Калі гаварыць пра прэмію, галоўным чынам тут быў прадстаўлены рок. Хаця не толькі. Тая ж Ketevan, якая шмат чаго ў розных накірунках рабіла: гэта і соўл, і джаз. Яна апошнім часам сыходзіць у электронную музыку. У намінацыі “Падзея года” ў нас перамог фэст “Варушняк”, які не з’яўляецца рокавым. Ну і, у прынцыпе, музыкі ўсё больш сыходзяць у той бок — электронны.
— З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца беларускія музыканты за мяжой, акрамя агульных: праца, жылле, легалізацыя?
— Калі мы кажам пра музычныя гурты, то нярэдка здараецца, што частка калектыву пераехала, а частка не. І спроба наладзіць жыццё ў замежжы, знайсці, напрыклад, новых інструменталістаў — гэта складана яшчэ і ў псіхалагічным плане. Плюс музыкі, калі знаходзяць за мяжой новых удзельнікаў гурта, быццам бы крыху адчуваюць віну за тое, што не дачакаліся беларускіх артыстаў. Але ж не кожны гатовы і хоча з’яжджаць [з Беларусі], таму гэта адноснае пытанне.
Таксама адзначу раскіданасць прыхільнікаў па свеце. Ёсць аўдыторыя ў Гданьску, Познані, Уроцлаве і г.д. Яна ўжо не настолькі сканцэнтраваная ў сталіцах, як гэта было ў Беларусі. Адпаведна, ты не можаш зладзіць адзін вялікі канцэрт у Варшаве. Табе даводзіцца ездзіць па розных кутках і пакрысе збіраць аўдыторыю. З іншага боку, ты нармальна можаш ездзіць з канцэртамі.
— А якія можна назваць плюсы ў эміграцыі для артыстаў?
— Досвед іншай краіны. Магчымасць і правакацыя таго, што ты знаходзішся ў іншай краіне, з іншай мовай — пашырэнне далягляду. Гэта прымушае цябе вучыць нешта новае, узбагачаць сябе.
Кампазіцыі пачалі пісацца на набалелыя тэмы — псіхалагічны стан, уласна эміграцыя. І тут быццам бы прыхільнікі могуць сябе адчуваць у гэтым больш зразумелымі з боку артыстаў. Умоўна, Лявон Вольскі, прадстаўляючы свой праект “Эмігранты”, адчувае тое ж самае, што і просты слухач.
Таксама адзначу блізкасць артыстаў да аўдыторыі на мерапрыемствах, дзе можна наўпрост да іх звярнуцца і паразмаўляць. Я некалькі такіх водгукаў чула, і гэта мяне ўразіла.
Намінацыі прэміі “Uwaga!” і пераможцы:
— “Песня года” — “Emigrant Song” гурта “Leibonik”;
— “Альбом года” — “Там” гурта “Leibonik”;
— “Дабрачыннасць года” — анлайн-марафон салідарнасці з палітвязнямі “Нам не ўсё адно” 29 ліпеня 2023 года, у якім узялі ўдзел беларускія музыкі;
— “Клуб года” — пляцоўка “Scena Chmielna” у Варшаве;
— “Падзея года” — перыядычны прымеркаваны да народных святаў фэст “Варушняк” у Варшаве;
— “Адкрыццё года” — гурт “Kurwadziki” з Беластока;
— “Пераадкрыццё года” (аднаўленне дзейнасці ў эміграцыі) — Сяргей Пукст;
— “Выканаўцы года” — Аляксандр Памідораў і Ketevan;
— “Гурт года” — “Дай дарогу!”.