Мінск 19:42

Сястра Калеснікавай: Вестак ад Машы няма 434 дні

Таццяна Хоміч (злева) і Марыя Калеснікава
Фота: асабісты архіў Таццяны Хоміч

Чацвёрты дзень нараджэння сустракае за кратамі Марыя Калеснікава — сябра Каардынацыйнай рады, кіраўнік выбарчага штаба Віктара Бабарыкі, якая стала адным з сімвалаў беларускага пратэсту 2020 года. 24 красавіка ёй споўнілася 42.

Палітзняволеная, асуджаная на 11 гадоў пазбаўлення волі, знаходзіцца ў гомельскай жаночай калоніі ў рэжыме інкамунікада: блізкія не ведаюць пра яе нічога ўжо 434 дні, яна ізаляваная ад іншых зняволеных, не атрымлівае ні лістоў, ні перадач.

“Позірк” паразмаўляў з сястрой Калеснікавай Таццянай Хоміч. Паводле яе слоў, апошні ліст ад Марыі блізкія атрымалі 15 лютага 2023 года.

— Навін ад Марыі па-ранейшаму няма? Можа, да вас даходзіць нейкая інфармацыя ад тых, хто знаходзіўся з ёй у калоніі і выйшаў раней?

— На жаль, навін няма, сувязі з Машай няма, нейкіх прарыўных навін — няма. Сітуацыя ранейшая. Нядаўна сапраўды з’явілася інфармацыя, што стан здароўя Машы пагаршаецца. Але нейкіх падрабязнасцяў, што гэта, з чым звязана, лечаць ці яе там наогул — няма. І няма магчымасці праверыць гэтую інфармацыю.

Дакладна вядома, што Маша ўвесь гэты час, ужо больш за год, знаходзіцца адна ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу — спецыяльнае памяшканне, у якім змяшчаюцца асуджаныя на пазбаўленне волі, пераведзеныя ў парадку спагнання за злосныя, на думку адміністрацыі, парушэнні ўстаноўленага парадку адбыцця пакарання ў папраўчых калоніях. — “Позірк”.). Яна не ў атрадзе з усімі.

ПКТ знаходзіцца ў асобным будынку. Нават калі Машу кудысьці выводзяць, яе суправаджаюць некалькі супрацоўнікаў адміністрацыі, яны заўсёды побач з ёй, таму магчымасці нейкай камунікацыі ні ў яе, ні з ёй няма. Таму інфармацыя пра яе з’яўляецца, толькі калі кагосьці змяшчаюць у ПКТ побач з ёй. Або людзі бачаць здалёк, як Машу суправаджаюць кудысьці, напрыклад у медчастку, або, магчыма, чуюць, што яна прысутнічае ў тым жа будынку. З гэтай прычыны ўся інфармацыя пра яе атрывачная.

— Ці робяцца спробы выходзіць на кіраўніцтва гомельскай ПК-4, каб атрымаць нейкую інфармацыю пра Марыю і яе стан?

— Такія спробы былі, але ў калоніі не паведамляюць ніякую дадатковую інфармацыю, камунікацыя з імі наогул не дае ніякіх тлумачэнняў. Яны нават не пацвярджаюць інфармацыю, што Маша знаходзіцца ў ПКТ, хоць гэта вядомы факт, што яна не ў атрадзе, не працуе, не бачыцца з іншымі.

— Ці прымаюць для яе перадачы?

— У прынцыпе, любыя перадачы трэба ўзгадняць з самім зняволеным. І з-за адсутнасці камунікацыі атрымліваецца, што гэтай магчымасці таксама няма, хоць нават умовы ўтрымання ў ПКТ прадугледжваюць, што Машы дадзена права два разы на год (раз у паўгода) на бандэроль вагой два кілаграмы. Гэта максімум, які прадугледжваецца ва ўмовах утрымання ў ПКТ, але нават гэтыя два кілаграмы мы ніяк не можам ёй перадаць.

— Ці ёсць, на ваш погляд, нейкія спосабы падтрымкі Марыі і іншых палітвязняў, якія знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада, нават ва ўмовах абсалютнай ізаляцыі?

— У гэтай сітуацыі важна працягваць казаць пра Машу і іншых палітвязняў. Асабліва пра тых, з кім наогул няма сувязі: Віктара Бабарыку, Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка. Неабходна працягваць пастаянна ўздымаць гэтае пытанне і даваць зразумець, у тым ліку беларускім уладам, што людзі пра іх памятаюць. Улады дамагаюцца менавіта таго, каб на іх забыліся, яны хочуць зрабіць так, каб усе думалі, што палітвязняў у краіне няма. Мы павінны процідзейнічаць гэтаму, казаць пра гэта, дзяліцца інфармацыяй пра іх са знаёмымі, у сацыяльных сетках. І дзень нараджэння Машы — якраз такая нагода, калі асабліва варта нагадаць і пра яе, і пра тое, што яна зрабіла ў 2020 годзе, якую ролю адыграла.

Вельмі важна працягваць казаць пра гэта, у тым ліку на міжнародным узроўні. Я раблю гэта ўвесь час: кажу пра Марыю і іншых беларускіх палітвязняў. Неабходна, каб заходнія краіны, якія прысутнічаюць у Беларусі, пастаянна звярталі ўвагу ўладаў на палітвязняў, прасілі і патрабавалі розным тонам, нагадвалі б ім, не давалі забываць.

Нават у выпадку інкамунікада варта працягваць пісаць палітвязням лісты. Гэта таксама будзе даваць зразумець адміністрацыям калоній, самім уладам, людзям, праз якіх праходзяць гэтыя лісты, што на палітвязняў не забыліся — нават калі лісты не дойдуць да адрасатаў. Гэта тое, чаго дамагаюцца ўлады — забыцця палітвязняў. Яны хочуць таксама, каб самі палітвязні ўпалі духам, на іх ажыццяўляецца такім чынам псіхалагічны ціск.

— Марыя Калеснікава здаецца чалавекам, якога немагчыма зламаць. Але прайшло шмат часу, яна знаходзіцца ў ізаляцыі. Ці магла яна ўпасці духам?

— Я вельмі спадзяюся, што не. Цяпер самае галоўнае, каб Маша фізічна і псіхалагічна не падала духам, каб старалася максімальна захаваць сваё здароўе, каб ёй і астатнім надавалі медыцынскую дапамогу — і гэта зноў жа тое, пра што варта пастаянна казаць. Трэба патрабаваць, каб палітвязням надавалі медыцынскую дапамогу, нават калі яны не паведамляюць пра гэта публічна, нават калі няма сувязі. Цяпер у зняволенні больш за 30 палітвязняў у цяжкім стане. Вядома пра шэсць выпадкаў смерцяў, тры з якіх здарыліся за апошнія чатыры месяцы.

Я вельмі спадзяюся, што Маша нават у такіх умовах зможа захаваць сябе. Мне складана сказаць, што я ўпэўненая ў гэтым. Гэта дае мне сілы.

Я ведаю, што Маша і сёння, і кожны дзень думае пра нас. Учора перачытвала яе лісты. Я ведаю, што ёй там, вядома, цяжка. І яна цяжка перажывала ўвесь гэты час, гэта відавочна. Думаю, яна ўспамінае напэўна, як мы святкавалі яе дні нараджэння, гэта заўсёды было альбо сям’ёй, альбо з вялікай кампаніяй сяброў. Машы заўсёды прыносілі вельмі шмат кветак. Яна — цэнтр прыцягнення для абсалютна розных, вельмі цікавых, таленавітых людзей з усіх сфер: мастацтва, бізнесу, ІТ.

Вельмі спадзяюся, што гэта апошні дзень нараджэння, які Маша будзе святкаваць у зняволенні.

Заклікаю ўсіх працягваць падтрымліваць палітвязняў: як бы цяжка нам ні было, ёсць людзі, якім цяпер цяжэй. Гэта можна рабіць, звяртаючыся ў ініцыятывы падтрымкі палітвязняў. Такая дапамога не абавязкова павінна быць публічнай. Можна пісаць лісты, дзяліцца ў сваіх сацсетках інфармацыяй. Нават калі здаецца, што гэта нейкая дробязь і нікому не трэба. Насамрэч гэта вельмі трэба кожнаму з нас, і гэта трэба родным палітвязняў.

Даведка “Позірку”:

Марыя Калеснікава была спікерам і кіраўніком выбарчага штаба былога старшыні праўлення “Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Пасля затрымання экс-банкіра далучылася да каманды Святланы Ціханоўскай і стала адной з прадстаўніц Аб’яднанага штаба разам з Веранікай Цапкала, жонкай яшчэ аднаго прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Валера Цапкалы.

Калеснікава была выкрадзена 7 верасня 2020 года ў Мінску і разам з яшчэ двума членамі Каардынацыйнай рады, Антонам Раднянковым і Іванам Краўцовым, гвалтоўна дастаўлена на беларуска-ўкраінскую мяжу для выправаджэння з краіны. Аднак, парваўшы свой пашпарт на памежным пераходзе і выскачыўшы з аўтамабіля, Калеснікава перашкодзіла спецаперацыі сілавікоў. Была затрымана, 12 верасня яе перавялі ў СІЗА Жодзіна.

6 верасня 2021 года ў Мінгарсудзе пасля месяца разгляду крымінальнай справы былі вынесеныя прыгаворы Марыі Калеснікавай і юрысту Максіму Знаку. Суддзя Сяргей Епіхаў прызнаў іх вінаватымі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі), ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім). Калеснікава была прыгаворана да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

24 снежня 2021 года Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу і пакінуў прысуд Калеснікавай і Знаку без зменаў.

11 студзеня 2022 года Калеснікаву перавялі ў гомельскую ПК № 4.

Калеснікава ўнесеная ў спіс асоб, “датычных да тэрарыстычнай дзейнасці” і “пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.

У лістападзе 2022 года Калеснікаву экстранна прааперавалі ў Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, куды яе даставілі ў цяжкім стане. У палітзняволенай дыягнаставалі перытаніт (запаленне брушыны), які стаў ускладненнем прабадной язвы.

Падзяліцца: